- Эй, на каго ты там молiшся?

- Я вокны лiчу... Дзе тваё акно, вызначаю, - наiўна адказала тая з дзiцячай радасцю ў голасе i падышла да яго.

- Як добра, што ты прыйшла! - шчыра ўзрадаваўся Мiкола i падумаў, што з дапамогай гэтай дзiвачкi, якая штовечар тырчыць пад ягонымi вокнамi, ён выжыве Наташу. - Я ўжо па табе засумаваў! Чаму не прыходзiла?

Ён абняў Аленку i заўважыў, што палiто знiзу крыху парванае i зашытае. 'Што, ёй бацькi не дапамагаюць?' - здзiвiўся.

- Я раней прыходзiла, - усмiхнулася Аленка, ледзь паспяваючы за iм. - Але вас з Антосем увесь час дома няма, дзе вы ходзiце?

- Басейн, вячэрняя прабежка, трэнiроўкi, - уздыхнуў Мiкола, - вось i няма часу з дзяўчатамi бавiцца...

Яны падышлi да вахты.

- Гэта са мною! - падмiргнуў Мiкола старэнькаму дзядку-вахцёру i шапнуў Аленцы на вуха: 'Дакументы не здавай! Застанешся...' i пацалаваў дзяўчыну ў шчаку. Аленка была на сёмым небе ад шчасця. Яна з такiм замiлаваннем глядзела на Мiколу, калi яны падымалiся на лiфце на ягоны паверх!

Але як збянтэжылася Аленка, калi ўбачыла ў пакоi ў Мiколы другую дзяўчыну! Тая выкладвала з сумкi прысмакi...

- Знаёмся, Наташа, - мовiў Мiкола, нахабна гледзячы ў твар прыгожанькай дзяўчыне, - гэта Аленка, мая нявеста!

Наташа хмыкнула, скрывiўшы пухленькiя вусны, але да Аленкi падышла i нечакана пацалавала яе ў шчаку.

Мiкола зняў са сцяны гiтару, прапанаваў Аленцы садзiцца на ягоны ложак i сеў побач.

- Песня для цябе, мiлая! - усмiхнуўся Аленцы.

Аленка пачырванела ад нечаканай радасцi.

Не утешайте меня, мне слова не нужны,

Мне б отыскать тот ручей у янтарной сосны,

Вдруг сквозь туман там краснеет кусочек огня,

Вдруг у огня ожидают, представьте, меня!

Мiкола спяваў песню Юрыя Вiзбара:

Милая моя, солнышко лесное...

- Где, в каких краях, встретишься со мною? - падхапiла Наташа прыпеў i запрасiла ўсiх да стала.

Аленка з удзячнасцю пахвалiла кулiнарныя здольнасцi Наташы.

- А вось Мiкола называе мяне дурнiцаю, - паскардзiлася Наташа. - Паўплывай на яго, Аленачка!

- Абавязкова! - усмiхнулася тая.

Мiкола зарагатаў, адхiнуўшыся на спiнку крэсла.

- Паслухай, Мiкола! - загарэлiся вочы ў Аленкi. - Я дапамагу табе знайсцi палаткi ў паход! Мая знаёмая возьме iх у сябе на працы. Спадзяюся, што ты возьмеш i мяне ў паход за такую паслугу?

- Вядома, вазьму, Аленачка! - абняў той дзяўчыну. - I нават у загс! Заўтра прынясi свае паданнi - чытаць будзем!

- Яны ў мяне тут! - ускочыла з-за стала Аленка, хуценька выцягнула з кiшэнi лiсты. - Пачытаць?

- Давай я! - забраў лiсты Мiкола i пачаў чытаць.

...Жыла Дарына з каханым на беразе Чорнага мора. Але словы яго чароўныя больш не вабiлi яе, i тварам яго прыгожым перастала любавацца яна. Блукалi яны з месца на месца, часта сварылiся, бо муж яе не мог знайсцi сабе справы i нiчога не ўмеў рабiць. Уцякла яна ад яго i трапiла да старой вядзьмаркi. Стала жыць у яе ды вядзьмарству вучыцца. I не было ў яе сiлы i грошай вярнуцца да роднай зямлi. Сумавала Дарына па Бацькаўшчыне, як сон, успамiнала сваё дзяцiнства.

I пачула яна аднойчы, што ў мясцiны гэтыя прыехаў князь Вiтаўт са сваёю дружынай. Пабегла яна, каб паглядзець на яго. Дазналася, што ў князя не зажывае рана ад даўняй бiтвы, i папрасiла, каб дазволiлi ёй вылечыць яго. Згадзiўся князь, дапусцiў да сябе маладую вядзьмарку. Лячыла яна яго. Але падалося яму, быццам бачыў ён недзе дзяўчыну.

- Чаму твар свой хаваеш? - вочы ў Вiтаўта пры святле свечкi цёмна-сiнiя, аксамiтныя i глыбокiя, i здаецца Дарыне, у iх такое цяпло i ўтульнасць... - Як завуць цябе? - пытае ўсё ён.

Павекi ў Дарыны заплюшчаныя, яшчэ болей захiнулася яна ў сваю чорную хустку i схiлiла галаву. Не можа назваць iмя свайго.

- Цяпер лепей сябе адчуваю, - кажа князь. - Што хочаш за лекi свае?

Вочы ў дзяўчыны загараюцца, падае долу чорная хустка.

- Дадому! Да зямлi сваёй любай! - шэпча дзяўчына, да грудзей прыцiснуўшы рукi.

Князь узнiмаецца.

- Ты - Дарына?

I твар свой у слязах хавае яна...

- Ай, не наганяйце самоту! - пацягнулася за сталом Наташа. - Давайце лепш вып'ем! Сёння свята... Дарэчы, Аленачка, я працую на пятым маршруце трамвая, прыходзь, калi я ў першую змену, гэта на тым тыднi. Пакатаю! А потым у госцi пойдзем! Я пачастую цябе фаршыраванымi катлетамi на выбар: з грыбамi, з цыбуляй смажанай цi морквай. А яшчэ я смачна раблю рыбу фаршыраваную...

- Ды што ты, як трашчотка! - перабiў яе Мiкола. - Заўжды ў цябе ўсё фаршыраванае: то бульба мясам, то рыба... Вось толькi галава пустая!

- Нiчога! - усмiхнулася Наташа. - Я тваю пiлюлю праглынула, зараз перавару... Смейся, смейся, пакуль весела! Ты ад мяне хутка такi контрудар атрымаеш - заплачаш!

Наташа хiхiкнула i ўзялася з асалодаю есцi цёплыя катлеты з укропам зверху. Мiкола ўключыў магнiтафон i запрасiў Аленку на танец.

Увесь час шаптаў дзяўчыне салодкiя, сакавiтыя, як вiшня, словы кахання. Наташа танцавала адна. Павольна, прыгожа кружылася па пакойчыку ў шчыльна абцягнутых джынсах, у самавязаным узорыстым швэдры.

- Табе час iсцi! - заўважыў ёй Мiкола. - Зараз прыйдзе вахцёр з тваiмi дакументамi!

- Ой, не плач! - працягнула Наташа i прысела на крэсла, узяла ў руку шклянку з недапiтым вiном i павольна пацягнула праз саломiнку.

- У мяне застанецца Аленка! - настойлiва сказаў Мiкола.

- Я не супраць! - усмiхнулася Наташа, сцягваючы праз галаву швэдар.

Яна засталася ў прыгожым танюткiм лiфчыку. Затым павольна зняла джынсы i бухнулася ў ложак.

- Давайце яшчэ вып'ем! - засмяялася Наташа, гледзячы на збянтэжаных Аленку i Мiколу. - На развiтанне, з Аленкай... Зараз Мiкола правядзе цябе дахаты... А потым вернецца да мяне!

- Запомнi! - крыкнуў ёй Мiкола, падышоўшы да ложка. - Я не люблю агрэсiўных, плаксiвых i назойлiвых жанчын!

- З якой кнiгi гэты выраз? - насмешлiва мовiла Наташа. - Мусiць, Дэйла Карнегi цяпер чытаеш? Фiлосаф! Напэўна, ужо дзесяць сшыткаў спiсаў на афарызмы? Iнтэлектуал! Я не агрэсiўная - проста заўсёды гавару праўду! Не плаксiвая - мне твой замуж патрэбен як сабаку пятая нага! У нас дзяўчаты, мацi-адзiночкi, кватэры льготныя атрымлiваюць! Ды я лепш буду мацi-адзiночкай, чым за такога, як ты, пайду! Навошта мне за табою ў вёску ехаць? Я не назойлiвая, я - ветлiвая, павiншаваць цябе прыйшла! I пажартавала я цяпер, скрывiла вусны Наташа ў пагардлiвай усмешцы, - хацела пабачыць, як ты са сваiмi бабамi разбiраешся, калi ўсе разам прыходзяць!

Наташа ўскочыла з ложка, спрытна апранулася i, паслаўшы Мiколу паветраны пацалунак, выйшла з пакойчыка.

- Нарэшце! - з лёгкасцю ўздыхнуў хлопец i прытулiўся вуснамi да Аленчынага пляча. - Я кахаю цябе, - прашаптаў ён дзяўчыне. - Заставайся сёння ў мяне, да ранку... А заўтра, на золку, разам скiруем да возера, на ранiшнi бег...

Пасля саўны Iрэна прыняла масаж. З даўняга часу знаёмая ёй Светачка пляснула ў далонi, калi Iрэна скiнула прасцiну i лягла на масажную кушэтку.

- Як вы пахудзелi! Парайце дыету!

- Дэпрэсiя... - адказала Iрэна. - Лепей быць мажной, але шчаслiвай...

Цела Iрэны разамлела, сагрэлася, i здалося ёй, што стала яна лёгкай-лёгкай i ўзнялася над зямлёю... Як даўно не была Iрэна ў салоне 'Грацыя'! Гэта яе самае любiмае месца, выходзiш адсюль зусiм iншым

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату