сустракаўся, гэта што, платанiчнае каханне? Яна ж усё роўна не пачуе тваiх песень у сваёй вёсцы, не даведаецца пра тваё 'каханне'. Цi ты паедзеш да яе па размеркаваннi?
- Вядома, не! - кiнуў гiтару Мiкола. - Як жа я кiну спорт i аўтарскую песню? У вёсцы нiхто ранiцою не бегае - засмяюць! Басейна няма. Мiнулым летам на конкурсе аўтарскай песнi я заняў трэцяе месца... Столькi апладысментаў!
- Згадзiся, што па вялiкiм рахунку ты - шэрасць, - цiха мовiў Антось. - I ў iнтэлекце таксама, нахапаўся вяршкоў, усяго патроху... Аленцы мазгi пудрыш, Вользе такiя вершы прысвячаеш, каб людзей дурыць, маўляў, якое ў яго пакутнае каханне... Калi ты кахаеш тую Вольгу, чаму не едзеш да яе? Дык яна ж у цябе проста фетыш, вобраз, на якi ты працуеш, i ўсё! Цi не так?
- Абставiны не дазваляюць нам быць разам, - уздыхнуў Мiкола. - А Аленку мне проста шкада - яна закахалася, i я не магу груба з ёю абысцiся...
- Ды лепш горкая праўда! Перахварэе, як дзецi вятранкай...
Антось не дагаварыў - у пакойчык зайшоў Сцяпан, у касцюме, расшпiленай куртцы, з вялiкаю поўнаю торбаю.
- Грэчкi прынёс, хлопцы! - гучна вымавiў Сцяпан. - У паход возьмем! Бацька дасць яшчэ тушонкi...
- Вось што значыць быць сынам фермера! - задаволена сказаў Мiкола.
- Ды якi там фермер! - засмяяўся Сцяпан. - Мой бацька на хутары жыве, акрамя мяне двое сыноў жанатых, разам працуюць, вось i багатыя.
- А сястра ёсць? - пацiкавiўся Мiкола.
- Ёсць, малая яшчэ, толькi школу скончыла, але крыху хворая...Вось паеду i я на хутар жыць, не хачу нi ў горадзе эканамiстам працаваць, нi ў калгасе! На хутары лепш жыць, сярод братоў, дружна ў нас, весела! Кожны вечар да бацькi ў хату прыходзяць браты з жонкамi, размаўляем, у карты гуляем...
Мiкола закiваў галавою i заспяшаўся адчынiць дзверы - нехта стукаў. Аслупянеў - побач з Аленкаю стаяла сапраўдная прыгажуня: пшанiчныя валасы выглядваюць з-пад моднага каптурыка, шэрае дэмiсезоннае палiто, доўгi шарф заколаты жоўтаю брошкаю ў выглядзе вялiкага матылька...
- Я - Iрэна! - працягнула дзяўчына руку, i зачараваны, прыемна ўражаны Мiкола пацалаваў яе руку.
Сцяпан заспяшаўся зняць палiто з прыгажунi, акуратна павесiў яго на цвiк. Антось ласкава запрасiў дзяўчат за стол, усмiхаючыся, налiў па кубку гарачай гарбаты.
- Iрэначка, я чуў, што ты iграеш на фартэпiяна, - падсеў да яе Мiкола. - А цi ўмееш ты пiсаць музыку? Вось, напрыклад, на мае вершы...
Ён падаў ёй сшытак. Iрэна асцярожна, кончыкамi пальцаў з вялiкiмi нафарбаванымi пазногцямi разгарнула яго. Пачала чытаць.
- Я праслаўлю цябе, як Петрарка Лауру... - усмiхнулася Iрэна. - А што праслаўляць? - здзiвiлася. - Чалавек - эгаiстычны i недасканалы, няўдзячны... Наш свет поўны цудаў: захад сонца падобны на мора вогненных фарбаў; начное неба ўсыпана зоркамi; лес пранiзаны промнямi сонца... Спеў птушак, кветкi- матылькi... Чалавеку ўсё гэта падараваў Бог, але чалавек губiць прыроду, зямлю, на якой жыве... Мы на першым курсе хадзiлi ў паход па вёсках, i я заўважыла, што вясковыя людзi не бачаць той прыгажосцi, якая акружае iх: дзецi ламаюць дрэўцы, дарослыя па цаглiнцы разбiраюць царкву альбо палац, забруджваюць сажалкi... Гарадскiя, якiя выраслi i большую частку свайго жыцця жывуць на асфальце, так не ставяцца да прыроды...
- Ведаеш, Iрэна, - звярнуўся да яе Сцяпан, - калi ў вёсцы натомiшся ад працы, дык не да гэтага! Так на зямлi напрацуешся, што табе не да любавання прыродаю!
- А цi ведаеш ты гiсторыю сваiх мясцiн? - пацiкавiлася Iрэна.
- Я табе i кажу: нам не да гэтага! Мар'iн хутар, i ўсё! А якая там Мар'я жыла, мне няма справы! Мая мацi як праполе гектар зямлi, буракоў там цi бульбы, дык ёй не да прыгажосцi! Абы да падушкi, i ўсё! Неяк адна жанчына i кажа маёй мацi, што мы, дзецi, не ласкавыя ў яе. А калi той мацi было лашчыць нас, калi працы столькi, подбежкам усё: пакармiла - на поле, пераапранула - i ў хлеў! Яны нават з бацькам разам не спалi, усякiя там пацалункi, мiлаванне, што па тэлевiзары паказваюць, для iх смех, плююцца! Мой брат меншы ажанiўся, дык жонка такая лiслiвая, усё да мужа лезе абдымацца, а мацi сварыцца: сорам, маўляў, як гарадскiя, гультаi!
- Няўжо сорам мужу з жонкаю абдымацца ды цалавацца? - засмяялася Iрэна.
- Ноччу няхай абдымаюцца! - зазначыў Сцяпан. - А то палягуць тэлевiзар глядзець, дык яна руку на яго пакладзе цi сама на плячо да яго лажыцца. А мацi як убачыць, то ганяе! Не жанiх i нявеста ўжо, да вяселля трэба было мiлавацца!
- Ой, а мая сястра з мужам ужо ва ўзросце, дык калi i падурэюць мiж сабою, балуюцца, i дзецi ля iх, усе смяюцца, то ў хованкi гуляюць, а то скачуць па маме з таткам, весела так! - засмяялася Iрэна. - I ў вёсцы жывуць таксама, дваюрадная сястра мая...
- Гэта ўжо блазнота, у нас усё строга! Нiякага балаўства, тым больш з дзецьмi, i блiзка няма такога, каб яны па бацьках скакалi ды з iмi ў хованкi гулялi! У нас больш маўчаць, мужыку з жонкаю няма чаго попусту языком малацiць!
- А сястра мая з мужам неяк аж да дзвюх гадзiн ночы размаўлялi, - не здавалася Iрэна. - I Новы год разам сустракалi, iм i кампанii не трэба...
- У нас такога няма! - махнуў рукою Сцяпан. - Гэта ўсё гарадская блазнота!
Мiкола зарагатаў i плюхнуўся на крэсла побач з Аленкаю.
- Табе, Сцяпаначка, трэба гарачая жанчына! - засмяяўся ён. - Тады i пабалуешся, i пагаворыш! Вось як мы з Аленкаю, таксама да дзвюх гадзiн ночы размаўляем, а то i да ранку!
Ён абняў дзяўчыну i пацалаваў. Антось незадаволена скрывiўся i сказаў:
- А я вось не маю звычкi на ўвесь голас крычаць, з кiм я да ранiцы размаўляю!
- Я i так ведаю, з кiм! - засмяяўся Мiкола. - З Богам, усё малiтвы шэпчаш...
- Нiчога смешнага няма! - умяшалася Iрэна. - Не разумею, чаму вы, усе вясковыя, такiя няверуючыя людзi? Мая сяброўка сказала ў вёсцы, што верыць у Бога, дык смяялiся, маўляў, што гэта за настаўнiца веруючая? Здаецца, вясковыя блiжэй да прыроды, павiнны любiць Бога, верыць у яго, а атрымлiваецца, што гарадскiя больш...
- Неадукаваны чалавек не зразумее Бога, не паверыць у яго, - цiха мовiў Антось. - Тупыя людзi гэта людзi, у якiх душа спiць. Яны ведаюць толькi гарэлку, секс i iншыя задавальненнi для свайго цела, а душа ў iх мёртвая. Вось i ў вёсцы думаюць толькi пра тое, каб працаваць, есцi...
- Ты мне вёску не ганьбi! - строга вымавiў Сцяпан. - Я хоць i ў горадзе вучыўся, хоць гэтыя вашыя культурныя звычкi набыў: 'добры дзень', 'калi ласка', - але калi прыеду дадому, стану такiм, як i быў! Усё гэта нiкчэмнасць - культура ваша! Што яна дае чалавеку? Я хачу быць самiм сабою!
- А я вось хачу паехаць у вёску, каб прывiць людзям культуру! - зазначыла Iрэна. - Без культуры нельга!
- Бяры з сабою Сцяпана! - засмяяўся Мiкола.
- Не, мы будзем з iм сварыцца, - адказала тая. - У нас розныя погляды на жыццё: я дбаю пра духоўнае, а ён пра матэрыяльнае.
Сцяпан засмяяўся, падышоў да Iрэны i пацалаваў яе ў шчаку.
- У вас жа цалавацца нельга! - усмiхнуўся Мiкола.
- Да вяселля можна! - выказаўся Сцяпан i пайшоў адчыняць дзверы. На парозе з'явiлася Галя: вясёлая, радасная, яна выгукнула са шчаслiвай усмешкай:
- Ура! Канец рабства! Я за Анатоля не iду замуж! Iду з вамi ў паход!
I вытрасла з сумкi цэлую кучу папер.
- Маршрутныя карты, меню на ўвесь паход! - выдыхнула, смеючыся. - А таксама - кнiжка-замалёўка для запiсаў прыгод у паходзе!
- Малайчына! - Антось падышоў да дзяўчыны i па-сяброўску абняў яе.
- Калi ласка, жанiх! - усмiхнулася Анатолю работнiца загса, - атрымайце квiтанцыю. Нявеста, запоўнiце, калi ласка, бланк. З правага боку - дадзеныя жанiха, з левага - нявесты!
Маруся ўспыхнула, зачырванелася.
Сеўшы за стол, Анатоль падсунуў пашпарты i бланк да Марусi.
Пакуль Маруся запiсвала дадзеныя Анатолевага пашпарта, той уважлiва разглядваў старонкi пашпарта дзяўчыны. Раптам падскочыў, бы яго пчала ўкусiла, нават войкнуў. Маруся перастала пiсаць. Запытальна