- Ты-ж, Янучок... мiленькi, ня штурмуй так, памалу, - кволым, ласкавым голасам перасьцярогi спынiла яго дзяўчына.
- Ну не шкадуй, дай-жа ты мне табой нацешыцца! - цьвёрда насядаў Янук, абцалоўваючы ейныя румяныя шчочкi й глыбака, быццам матка, што даўно згубленае дзiця знайшла, заглядаў у шырока адчыненыя, юрлiвыя дзяўчынiны вочы.
- Зажурыўся па мне, Янучок?
- Ага, зажурыўся, Дунечка, моцна, моцна. А ты па мне?
- Ага, мусiць i я.
- Якое гэта такое мусiць? Прызнавайся, так цi не?
- Ну нiхай сабе...
- Нiхай сабе што?
- Зажурылася.
- Вось як. Адразу прызналася-б.
Янук зноў i яшчэ больш раптоўна, чымся раней, насеў на Дунiны вусны. Агарнула яго млявасьць, як некалi ў канюшыне цi тады над рэчкай па дарозе з Глыбокага. П'ючы нэктар каханых вуснаў, Янук зусiм аслабеў, пачаў дрыжэць, але напятая юрлiвасьць усёроўна трымала яго пры Дунiных вуснах. Адчуўшы хлопцавы дрыжыкi, дзяўчына адпiхнула яго.
- Даволi на прывiтаньне. Дый пост цяперака.
- А што ў пост няможна?
Разгарачаны, Янук адчуваў сябе як малы хлопчык, што выцягнуў руку па пульхную аладку й атрымаў ложкай па ёй. Неўзабаве, з намаганьнем, успакоiўся, усьмiхнуўся.
- Ты можа дамоў iсьцi сабiралася? - спытаўся ў Дунi.
- Ды мне не сьпяшыцца. У Клавы бацькоў жыву.
- У iх харчы маеш?
- Ага. Яшчэ да вечара далёка.
Стаялi пры вакне. Сонца вызiрнула з-за хмары. Над соснамi на могiльнiку кружылi груганы й чорнымi, абшырнымi лапiкламi чарнела спад сьнегу поле.
- I ня ўгледзiш як жаваранкi зьявяцца, - сказала Макатунiшка голасам, якi сьветчыў, што думкi яе зусiм ня пры жаўранках былi.
- Ну то расказвай што чуваць, - спанукаў Янук.
- Ты з дарогi, ты першы. Я, сам ведаеш, памалу тутака зь дзеткамi. Працы хапае. А ты на шырокiм сьвеце пабываў, многа перажыў, дык i мне раскажы.
- Я перш за ўсё хачу цябе пра настаўнiцкую працу спытаць, - ня ўступаў Янук. - Многа вучняў маеш?
- Ды хапае. Усяго ў чатырох клясах, мусiць, больш сарака. Было-б i больш, ды некаторыя ня прыходзяць. Знаеш некаторых людзей цямноту...
- I як-жа ты спраўляешся? Вучыш адразу дзьве клясы?
- Першую з трэцяй, а другую з чацьвёртай. Адны маюць цiхiя заняткi, а другiя голасам. Хiба-ж ты прынцып знаеш. Ну неяк iдзе. Ужо крыху руку набiла. Чаго добрага, а працы хапае.
- А як-жа бацькi да цябе адносяцца?
- Цяпер вельмi добра. Можа паспрыяла таму старая Плясьневiчыха, якую зь недахопу кавлiфiкаваных настаўнiкаў былi тут працаваць паставiлi. Дык яна як пачала ўсялякую бязглузьдзiцу ўперамешку з дурнiцамi плесьцi то ня толькi бацькi затурбавалiся, але навет дзецi пачалi зь яе рагатаць. Яна, - як бы табе сказаць? - як-бы грунт для мяне падрыхтавала. Людзi сказалi, што навет Дуня Макатунiшка за яе лепш патрапiць. Праўда, некаторыя гэта так сабе iз кпiнкамi, ведаеш... Але скора пераканалiся, што я, хоць i 'жабоцька нямытая', але настаўнiца нядрэнная.
I Янук запраўды пабачыў на Дунiным сьветлым тварыку задавальненьне, што адбiваецца асаблiвым колерам у людзей, калi яно ёсьць запраўдным доказам усьведамленьня собскае годнасьцi.
- Цiкава, якая зь цябе настаўнiца, - сказаў, падумаўшы, Янук. Хацеў-бы я ў цябе на лекцыi пасядзець.
- Хочаш пераканацца, якая зь мяне настаўнiца? - з выклiкам у вачох спытала Дуня.
- Чаму-ж не...
- Сядайце, Янук Бахмач! - загадала Макатунiшка. - Цяпер я ваша настаўнiца, а вы, Янук Бахмач, мой вучань. Толькi ўмовiмся, што вы будзеце зусiм шчыра й бязь нiякiх жартаў на мае пытаньнi адказваць. Чаму пытаньнi? Калi вы прыгадваеце, - а вы, пэўна-ж, прыгадваеце, Янук Бахмач, бо вашы здольнасьцi мне надзвычайна добра ведамыя, - спадар Васько ў Глыбокiм вучыў нас з дыдактыкi, што пытаньне часта цяжэй сфармуляваць, чым адказаць на яго. Цi-ж ня так?
- Так, спадарычня настаўнiца, - ужо сеўшы, зь вельным сур'ёзным выглядам i скрухай у голасе адказаў Янук.
- Вось так, - пацьвердзiла, усьмiхнуўшыся, Дуня. - А калi так, дык выглядае, што настаўнiка, цi настаўнiцу можна ацанiць паводля iх уменьня ставiць пытаньнi.
- Але.
- Такiм чынам, Янук Бахмач, я буду ставiць вам пытаньнi, а вы на iх будзеце адказваць.
- А на якую тэму?
- На тэму вам наддзвычайна добра ведамую, Янук Бахмач. Цантральнай фiгурай ёсьць вы самi, а тэмай - ваша падарожжа цi прыгоды; дэфiнiцыю можаце даць якую хочаце, - па сьвеце ад таго часу як з родных Лiтоўцаў у сьвет вас панясло. Згода?
- Згода, спадарычня настаўнiца.
Дуня змоўкла, уважна пазiрала на свайго 'вучня', мусiць мяркуючы зь якога боку гульню слоўную пачаць.
- У сваiх адказах вы, Янук Бахмач, будзеце ашчаднымi ў словах, акдазвайце ляканiчна. А пачнем мы з таго, як вы трапiлi ў менскую вязьнiцу. Дык вось, пытаньне: якiм чынам вы, Янук Бахмач, паэт i журналiст, вучань вiленскай гiмназii, настаўнiк пачатковай школы, чалавек, каторы, як у нас кажуць, iз добрай мазгаўнiцай на плячох, ды ў вязьнiцу трапiлi?
- Я-ж не хацеў, спадарычня настаўнiца, яй-Богу не...
- Я не пра гэта пытаюся! - адрэзала настаўнiца, памахаўшы пальцам. Якi гэта дурань у вязьнiцу хоча. Я пытаюся як вы трапiлi?
- Вельмi проста: на менскай чыгуначнай станцыi заграблi тры вагоны спэкулянтаў...
- Вы-ж ня спэкулянт, Янук Бахмач, дык чаму й вас заграблi?
- А яны нiкога там ня пыталiся. Ланцугом, iз зброяй у руках абкружылi вагоны й пагналi.
- Я мяркую, Янук Бахмач, што вы нiчога iз сваей цёмнай прошласьцi ня скрываеце. А калi яно сталася дакладна так, як кажаце, дык чаму тады ўцёк ваш сябра Лявон Загорны?
- Зусiм проста: ён у дзьвярох цяплушкi стаяў, а мяне ў самую сярэдзiну ўцiснулi. Калi пачаўся гармiдар, значыцца Латышы наскочылi, дык ён iм з рук вышмыгнуў, а я ня ўсьпеў.
- Ага. Няхай сабе. I як-жа вам у вязьнiцы паводзiлася?
Янук на мiомант забыўся пра пытаньне, бо быў дзяўчынай захоплены. грабны, гнуткi стан, i пад сiнiм свэтрам поўныя грудзi. Роўны, плаўны крок i адно ў меру цьвёрды, аўтарытэтны голас. Тут i поза, i стрыманасьць, i поўная кантроля сытуацыi. Так, з Дунi можа быць добрая настаўнiца, ня горшая за калiшнюю Раманоўскую.
- Вы, Янук Бахмач, не адказваеце. Паўтараю пытаньне яшчэ раз: як вам у вязьнiцы паводзiлася?
- Пра гэта я мог-бы цэлую кнiжку напiсаць. Як тут, спадарыня настаўнiца, адным словам адказаць? Цi не зашмат жадаеце?
- Пра вашу здольнасьць пiсаць, Янук Бахмач, нам сёе-тое ведама, усьмiхнулася Макатунiшка. - I кнiжкi пiсаць у вадказ на гэтае пытаньне ня трэба. Адкажыце коратка.
- Паводзiлася дрэнна.
- Вось гэта я й хацела пачуць. I што вы ў вязьнiцы найбольш цанiлi?
- Хлеб, волю й чыстае паветра.
- Ага, значыцца ўсё тое, чаго не хапала. Хлеб... Цi гэтым вы даеце мне зразумець, што цяпер вы хатнi, вясковы, разовы хлеб цэнiце больш чымся некалi перад вязьнiцай?