усьпею. Цяпер во клiчуць людзей, а тых, што ўжо набралi, таксама, чую, дзяржаць, няма зброi. А калi й ёсьць, якая, дык цi то бальшавiцкая, цi нiякая... Каб армiя была сiльная, дык трэба i артылерыя, i танкi, i самалёты. А тутака гэта брыда бальшавiцкая ўжо на нос лезiць. А як такую баявую армiю падгатовiш, калi сукiны сыны да гэтага часу нам арганiзаваць яе нi пазвалялi? Жарцiкi, колька вунь нашых людзей задарма лягло! Нiхай-бы так раней, скажам, у сорак другiм падпругу папусьцiлi... Тады мы iм, гэтай нячыстай сiле, бальшавiком так паказалi-б, дзе ракi зiмуюць, што iм сам барадаты Маркс нi памог-бы. Цьфу!
Янук ведаў, што Антось у дрэнным настроi й пасьля таго 'цьфу' нi раскатурхаеш яго да гутаркi. Будзе сядзець, маўчаць, адчэпнага буркне. А колькi яшчэ Янук хацеў яго распытацца. I нагода-ж! Як яно так сталася, што абое яны, як прадстаўнiкi ад народу ў Менск на беларускi кангрэс едуць? Праўда, Антось быццам мiмаходам згадаў, што ён i на тым кангрэсе будзе сваё адмысловае заданьне мець, адно ня выявiў характару яго. I ведаў Янук, што калi трэба будзе яму дык даведаецца. Антось заўсёды гаварыў яму ўсё, што трэба было ведаць, але мала больш таго. А калi што надта важнае й тайнае, дык яшчэ й слова зь яго, Янука, браў, абяцаньне такое, што тайнiцы нiкому ня выдасьць. А пра тое адмысловае заданьне, якое меў Антось на кангрэсе мець, тымчасам не сказаў Януку нi слова.
Кагадзе паклiкаў Янука, якi амаль цэлую вясну ў яго пры гаспадарцы працаваў, аграном Падгайскi й сказаў:
- Хочаш, Янук, у Менск паехаць? - спытаў.
- Чаго гэта? - зацiкавiўся хлапец.
Падгайскi коратка расказаў яму пра кангрэс, якi склiкае Беларуская Цэнтральная Рада, што маюць там быць прадстаўнiкi з усяе Беларусi, у тым лiку й ад Гацкае воласьцi. Янук даў аграному яшчэ некалькi пытаньняў.
- А цi я не замалады, каб быць народным прадстаўнiком?
- Табе ўжо васемнаццаць мiнула, значыцца маеш права й выбiраць, i галасаваць. Дый нам важна, каб на кангрэсе зьявiўся наш перадавы нацыянальны актыў. Кумекаеш?
Янук зразумеў з паўслова. Перш за ўсё гэнае 'нам важна' так гучала ў вуснах Падгайскага, быццам ён быў адным з гаспадароў i арганiзатараў таго кангрэсу. А яшчэ важней, што й Янук, вiдаць, згодна Падгайскага й iншых гаспадароў, належаў да 'перадавога нацыянальнага актыву'. Вось як! Бахмач аж падрос.
- А што будзе на кангрэсе, якая праграма?
- Коратка скажу: будуць гаварыць i раiцца пра цяперашняе й будучае беларускага народу. Гэта нешта падобнае, як кангрэс, што быў у сьнежнi 1917 году. Разумееш?
- Але. Толькi мяне цiкавiць, што Немцы дазвол далi. Бо калi параўнаць да таго кангрэсу зь сямнаццатага году, дык ён-жа палажыў пачаткi працэсу, што прывёў да абвешчаньня незалежнасьцi Беларускай Народнай Рэспублiкi. А цяперака, што, таксама будзем гаварыць пра незалежнасьць?
- Надзвычайна трапнае пытаньне, - адказаў Падгайскi. - Вiдаць, што не дарма ў цябе галава на плячох вырасла. Дык вось што... Думаю, што пра незалежнасьць там будуць гаварыць, толька ня ведаю ў якой форме й пра незалежнасьць ад каго. Пэўне-ж, заакцэнтуюць, што хочам i маем права, i пастанаўляем быць незалежнымi ад Польшчы й ад Расеi. Гэта ясна. Пра Немцаў можа й памаўчаць, хоць кожнаму будзе зразумела. Дыпляматыя. Кумекаеш? Напэўна выкажуцца, што спадзяюцца ад Немцаў помачы, каб на ногi стануць.
- Ты-ж сам, здаецца, разумееш сытуацыю. Важна, што цяперака гарачы гiстарычны момант: бачыш, што Немцы падаюць, а заходнiя алiянты даўно высадзiлiся ў Нармандыi й Немцы адступаюць у Францыi на цэлым фронце. А тутака бальшавiкi ўжо пачынаюць цi скора пачнуць летнюю афэнзыву. Скора зьмятуць зь Беларусi ўсё Гiтлерава войска. А мы? Мы мусiм прадаўжаць змагацца з маскоўскiмi акупантамi, маючы свае базы ў лясох i ўсюды, куды нашы караткаватыя рукi сягнуць могуць. I мы мусiм мець нейкую гiстарычную й маральную ды легальную аснову, значыцца за намi мусiць стаяць голас народу. Гэта ўсё адно з другiм вяжыцца. I хоць за стрэламi гарматаў i ваенным гулам можа нейкiя народы й не пачуюць голас беларускага народу, прадстаўнiкi якога цяперака зьбяруцца на кангрэс у Менску, важна, што мы, сыны й дочкi гэтага народу пачуем яго й самi выкажымся. А я пэўна, што на кангрэсе наш народ выкажыцца ўва ўсiх прынцыповых пытаньнях, якiя адносяццада нашай палiтычнай сытуацыi й аформiць нейкую базу, на каторай мы зможам стануць у будучым змаганьнi за незалежнасьць Беларусi.
Янук заўважыў, што звычайна спакойны Падгайскi гаварыў хутка, з натхненьнем, як-бы хацеў канчаткова закончыць палiтычную адукацыю юнака, што даваў яму, калi меў час, цэлую вясну, калi Янук працаваў у яго.
- Коратка гаворачы, братка, - закончыў аграном, - кангрэс ёсьць афармленьнем думак, iмкненьняў, спадзяваньняў i палiтычных плянаў беларускага народу, сьцьверджаньнем ягоных адвечных, Богам даных правоў, на самастойнае жыцьцё. Кангрэс склiкаюць ня Немцы, Палякi цi Маскалi, а мы самi. На яго паедуць найбольш перадавыя й адданыя народу сыны й дочкi Беларусi й будзь пэўны, што яны парупяцца сказаць i зрабiць тое, што трэба. Калi можа ня скажуць абсалютна ўсяго, што трэба было-б, дык скажуць i зробяць самае галоўнае. А гэта надта важна для нас i яшчэ важней будзе для тых, што пасьля нас прыйдуць. Кумекаiш?
I ў часе таго, як паднечаны такой весткай Янук слухаў агранома, якi матываваў патрэбу склiканьня кангрэсу й гаварыў пра яго значэньне, Янук ужо ўяўляў сябе ў Менску. Дзесьцi там, у паперах будзе запiсаны й ягоны голас як аднаго з прадстаўнiкоў ад Гацкае воласьцi, якi, ведама-ж, выкажа й жаданьнi абсалютнае бальшынi жыхароў тае маленькае часткi бацькаўшчыны.
I прыгадалiся яму першыя радкi вершу, якiм некалi дэбютаваў як паэт на сьвяце ўгодкаў 25-га Сакавiка ў Гацях:
Сакавiк ладзiць слаўнае веча,
а ў тэатры гудзе, бы ў вульлi,
пазьяжджалiся зблiзку й з далечы
пасланцы беларускай зямлi.
Цяжка было Януку асвоiцца з думкаю, што i ён возьме ўдзел у такiм гiстарычным зборы. Прыгадаў, як калiсьцi зь вялiкай цiкавасьцю даведаўся ад настаўнiкаў пра Першы Ўсебеларускi Кангрэс, як хваляваўся, чуючы, што нарэшце беларускi народ, пасьля пару стагодзьдзяў Гальготы, знайшоў сiлы, палiтычны розум i мудрасьць, каб паслаць сваiх прадстаўнiкоў у Менск, якiя ня гледзячы на розную злыбяду з боку ворагаў, на правакацыi, на збройную сiлу, пасьля доўгiх разважаньняў пра долю свайго народу, палажылi такiя салiдныя асновы для свайго вольнага дому, а пасьля й абвесьцiлi вольную й незалежную дзяржаву - Беларускую Народную Рэспублiку. I прыгадваў далей Янук як, слухаючы таго-ж настаўнiка-патрыёту, - якi й сам з дрыжачым ад хваляваньня голасам апавядаў, як наляцела з усiх бакоў нячыстая хэўра, каб раськiдаць фундамант пачатага беларускага дому, - балела яму сэрца й сьлёзы залiвалi вочы. I вульканам кiпела злосьць. Найбольш нясьцерпным было ўсьведамленьне бясьсiльнасьцi. Яшчэ поўбяды, каб гэта была бясьсiльнасьць адно ягоная, Янукова. Але з гэных лекцыяў гiсторыi ясна вiдаць было, што бясьсiльным быў цэлы народ. Якая ў такой сытуацыi цана адно самой дэклярацыi пра незалежнасьць?
Зь лекцыяў гiсторыi ў школе й чытаньня мастацкае гiстарычнае лiтаратуры Янук ведаў, што незалежнасьць народу й самастойнасьць дзяржавы здабываецца крывёю, ахвярамi, мукамi, цярпеньнямi. Беларусь мусiла-б мець свакго ваеннага волата нейкага Калiноўскага, што згуртавваў-бы ўсе перадавыя сiлы, паставiў-бы на ногi армiю ўзброеных i добра кiраваных людзей. Толька тады льга было-б прагнаць Наскалёў i Палякаў у свае загарадкi, ачысьцiць родную зямлю ад паразiтаў i злыдняў ды аддаць уладу ў рукi разумных i дбайлiвых пра дабро народу людзей, каб зазьзяла на пагвалчаных i прасякнутых прыгонным потам i нявiннай крывёю нiвах так жаданая дый нiколi, здавалася, недасяжная вольнасьць.
I далей Янук разважаў параўнаньнямi. Тыя ў сямнаццатым годзе зьехалiся на кангрэс i хаця разагналi iх бальшавiцкiя цiвуны, пасьля сабралiся ў чыгуначнай майстроўнi, выбралi Раду Беларускае Народнае Рэспублiкi, што пасьля й абвесьцiла незалежную дзяржаву. Езавiтаў, як гаварылi на тых самых лекцыях гiсторыi, спрабаваў арганiзаваць войска, але яму не ўдалося шмат зрабiць, проста часу не хапiла. Усё-ж Беларусы тады змаглi палажыць хоць фармальныя падвалiны пад незалежнасьць. А цяпер? Ведаючы азьвярэлых гiтлераўцаў, што могуць зрабiць на кангрэсе ў Менску цяперашнiя прадстаўнiкi, у тым лiку й ён сам? Беларуская Цэнтральная Рада iснуе з ласкi Немцаў. Нялюдзкi акупант, каторы агнём i зброяй вынiшчыў столькi беларускiх вёсак, жыўцом спалiў так шмат нявiнных людзей, цi-ж гэты акупант будзе лiчыцца зь нейкай свабодна выказанай народнай воляй?
Чым больш Янук разважаў пра тое катастрафальнае становiшча, тым больш турбаваўся. Пабачыўшы