- Так, спадарычня настаўнiца, запраўды так. Смак хатняга хлеба пазнаеш добра адно тады як добра па сьвеце пагаруеш.
- А што вам, Янук Бахмач, найбольш у вязьнiцы дакучала?
Янук падумаў.
- Вошы, - адказаў.
Дуня спынiлася перад iм, доўга глядзела яму ў вочы й здалося хлопцу, што па сур'ёзным дзявочым твары сьлiзнуў прамень усьмешкi ды з пашкадаваньнем пазiралi на яго вочы-васiлькi.
- I яшчэ што?
- Ну многа чаго, - сказаў абыякава.
Дуня адыйшлася, спынiлася пры вакне й маўчала. Зноў вызiрнула недзе з-за хмары сонца i арэолам асьвяцiла ейныя пышныя валосы.
- Я ня ведаю, Янук Бахмач, - пачаў салодзенькi, крыху грымасьлiва-дакорлiвы голас, - чаму вы гаворыце толькi пра фiзычныя нявыгады. А што-ж пра вашы духовыя перажываньнi? Паэт! Вы-ж павiнны былi глыбока й шмат перажываць i думкi вам дакучалi пэўна ня менш чым недахоп хлеба й чыстага паветра. Пра гэта я хацела пачуць.
Янук зьбянтэжыўся. Як яна зручна падлавiла яго. Сказаць ёй, цi не? Цяпер добры час, але цi мэтазгодна?
Янук устаў.
- Вiншую. Маладзец. I добра мяне падлавiла. Калi так дзяцей вучыш, дык настаўнiца зь цябе добрая.
- Дзякую, Янук Бахмач, - сур'ёзна ранейшым настаўнiцкiм тонам прадаўжала Дуня. - Усё-ж... Зможаце, цi будзеце ласкавы мне адказаць на маё апошняе пытаньне?
- Чаму-ж не. Праўда, гэта ня так проста...
- Ну як можаце.
- Духова я найбольш перажываў i многа, надта шмат перадумаў. А аб'ектамi думак найчасьцей былi двое.
Дуня спынiлася воддаль, запытальна падняла бровы й ўважна пазiрала яму ў вочы. Доўга трывала маўчаньне.
- Мае дзьве любвi, - сказаў цiха й скромна Янук.
- О? Якiя-ж гэта? - зацiкавiлася Дуня.
- Мая бацькаўшчына й мая дзяўчына, - упэўнена сказаў Бахмач.
- Я магла дагадацца, - цiха сказала Дуня.
- I гэтыя дзьве любовi не даюць мне супакою днямi й начамi.
- Аж гэтак? Чаму?
- Адну трэба баранiць... Чую, што на помач клiча. А за другую таксама, выглядае, трэба заступацца, калi ўжо ня позна.
Цяпер Янук пiльна сачыў Макатунiшку. Была зусiм спакойная.
- Думаю, што бацькаўшчына клiча цябе на помач, каб яе баранiць. Патрыятызм твой ведаю. Ну а дзяўчына? Хто яна такая? Якая-небудзь паненка зь Вiльнi? Яна што, думаеш, здрадзiла?
Макатунiшка гаварыла, адвярнуўшыся тварам да вакна й Янук ня мог разгледзець ейнага аблiччча. Усё-ж зьдзiвiўся як умела кантраляваць свой голас. Не магла-ж не зразумець яго.
- Ды не, якая там вiленская паненка... Свой вясковы васiлёк, ды дайшло да мяне, што нейакая там аблiзаная авечка да яе дабiралася, дык баяўся, каб ня выскубла.
Дуня крута павярнулася. Румяны твар. Упёк.
- Ты атрымаў маё пiсьмо, што бацьку твайго прасiла перадаць.
- Так, атрымаў. Дзякую. Усё-ж...
- Я ведаю, што ты ўчора ўжо вярнуўся, - пачала баржджэй гаварыць Дуня. - Мне казалi. I я ня дзiўлюся, што ўжо маглi наплясьцi на мяне... Нейкi там Уладзiк цi iншы пляткар. А ты што, iм верыш?
- Як табе сказаць... нi знаю.
- Дык як хочаш. Сам ведаеш, я перад табой нiколi нiчога ня скрывала. А што да авечкi... Лепш ня будзем.
- Чаму-ж, раскажы. Прыяжджаў-жа, i цi адзiн раз...
- Але, прыяжджаў. I ты добра ведаеш, што ў яго толькi адно ў галаве. Чаму-ж не, магла-б я цябе пазводзiць. Ня бачу патрэбы. Ты можа й падумаў што, хто цябе ведае... Я з такой сям'i... Але, калi ты такое падумаў, дык што я маю табе сказаць? I цi варта? Ты ведаеш мяне. Ня думаю, што мы некалi адно другому прысягалi на вернасьць вечную, але цi нам трэба было? I скажу табе больш, што калi ня бачыш ува мне чалавека, а толькi плоць, дык лепш вочы пратры...
Запанавала доўгае й нязручнае маўчаньне. Янука душыла гарачыня. Загнаў сябе ў тупiк. Запраўды, як мог сумлявацца?
- Дуня, - сказаў цiха.
Яна маўчала.
- Дурань я. Нiколi, да гэтага часу нi прасiў цябе прабачэньня. Але цяпер можа прабачыш?
Гордая i румяная, яна стаякла ўпрытык да вакна. На дварэ шарэла. Зiрнула на ручны гадзiньнiк. I тады Янук наважыўся. Сталася тое так раптоўна, што пасьля, як нi разважай, ня ведаў чаму якраз у гэны момант такая думка яму ў галаве маланкай зазьзяла. П'яны, цi што? Нiколi-ж, запраўды, раней пра гэта ня думаў, Магчыма, што за апошнi год дасьпеў больш, чым здавалася.
- Дуня, - прамовiў цiха i ўзяў яе за руку. - Дуня...
Нешта завязла ў роце. Не хацеў варушыцца непаслухмяны язык. А мо каханьне зусiм галаву замарочыла?
- Дуня, будзь маей жонкай.
Не сказаў, а шапнуў. Можа не пачула? Шалёна бiлася сэрца. Цяпер стаяў упрытык да яе, адчуваў ейнае гарачае дыханьне i яшчэ... як пачалi ўсхвалявана варушыцца ейныя грудзi.
- Янучок, а Божа мой, цi ты знаеш, што ты цяпер сказаў?
- Знаю, Дунечка, знаю, - ужо з большым жарам, але крыху апанаваўшыся, сказаў Янук. - Я прашу цябе замуж.
- Во гэткага дык я ўжо нiколi нi спадзявалася, - сказала даволi холадна, як здалося Януку. - Але не, ты саўсiм сур'ёзна. Яй-Богу так.
Яна высьлiзнула зь ягоных рук, пайшла й села на крэсла за сталом. Доўга маўчалi.
- Але-ж i боцiкi хлёсткiя маеш, - сказаў Янук, абы што сказаць, абы ня было маўчаньня.
- Твой-жа Мiкола адрамантаваў, - адказала Дуня.
З-за сьцен даляталi гукi вёскi, нейкае галёканьне каня з бальшака, а тут, у школьным будынку, панавала поўная цiша; здавалася, што чуваць прыскоранае бiцьцё двух юначых сэрцаў. Янук стаяў пры вакне. Дуня раптам устала, падыйшла да крука на сьцябе, узяла кажушок, задуманая, пазiрала на Бахмача.
Знаеш, Янучок... Што табе сказаць на гэта? Так неспадзявана...
- Дык што?
Дуня адказала не адразу.
- Падумаю. Сам ведаеш, вайна... Як будзем жыць? Гэта нi так проста.
- Дык абяцаеш падумаць? На днях мне скажаш?
- Ты лепш сам добра перадумай, цi гэта ты сур'ёзна.
- Ясна, што сур'ёзна. Хоць мне раптам...
Дуня закрыла яму рукой рот.
- Ня трэба. Падумай. Нiкуды не ўцячэ.
- А ты?
- I я падумаю.
37
- А чаму ты, Антось, у Беларускую Краёвую Абарону не пайшоў? - спытаў Янук Дзеркача, якi выгадна выцягнуў ногi на падлозе таварнага вагону, абапершыся плячмi аб сьцяну. Роўнамерна лякаталi колы вагону i ў змроку ледзь вiдаць было iншых пасажыраў воддаль пры супрацьлеглай сьцяне. Там нейкi дзядзька самагонкай частаваў сваiх спадарожнiкаў. Адно праехалi Будслаў i да Маладэчна й перасядкi на Менск было яшчэ далёка.
- Я, братка, пайшоў-бы, але трэба й палiцыю ў нашых руках дзяржаць. А ў армiю, калi спатрэбiцца,