чарнiцаў, брусьнiцаў, журавiнаў. Туды налева зноў займалася высокая сьцяна стройнага, гонкага лесу, якi цягнуўся пэўна цi не да Перасечана й далей аж за бальшавiцкую мяжу.
Малiньнiк знайшлi хутка. Дзе-нiдзе вiдаць былi жаночыя хусткi й чуваць гоман галасоў. Адно пачалi Бахмачы зьбiраць, калi падыйшлi iз поўнымi кошыкамi Брунiськi.
- Чулi, дзядзечка? - сказала найстарэйшая Мальвiна.
- А што? - падняла галаву Алена.
- Кажуць, лясьнiк пiльнуiць i калi каго бiз талону зловiць, дык ягады адбiраiць.
- А Божа-ж мой! - вохнула Алена.
- А ты вiдзiла яго? - спытаў Пракоп.
- Я дык ня вiдзiла, але-ж людзi, можа, ня брэшуць, - адказала без запыну рослая, загарэлая чарнавалосая дзеўка. Дзьве меншыя сястры ейныя, кропля ў кроплю падобныя да Мальвiны, тулiлiся да старэйшай, як пiскляты да кураводкi. У iх i кошыкi меншыя былi, хоць усе на адзiн лад, зь бяленькага гладзенькага лыка плеценыя. Работа была старанная - кошыкi, як цацы. Гэта майстэрства рук старога бацькi, што зрэдчас адно прыкладаўся да працы ў полi, бо меў на гэта здаровага дзяцюка сына, што даваў усяму рады.
- Ды Бог зь iм, нiхай пiльнуiць, - адказаў Пракоп, каб скончыць гаворку й ля малiны завiхацца. Брунiськi зьнiклi скора, як-бы iх тут зусiм не было. Пракопа й Алену цяпер паглынула прагавiтасьць, каб як найболей назьбiраць.
Шмат дзе малiньнiк сьвяцiўся белымi чаранкамi, але й ягадаў было ўволю. Былi яны пахучыя, смачныя. Збоку чулiся галасы, калi iншыя якiя зьбiральнiкi ў суседзтве былi. Сонца пякло шыi, паволi паўнелi малiнамi кошыкi, птушыная сымфонiя прыемна казытала слых, а духмяны водар ягадаў i краскаў ледзь не п'янiў чалавека. Гэтак незаўважна й у пiльнай працы сплываў час. Ужо, як сказаў-бы Пракоп, кiшкi марша на ўсю йванаўскую гралi, кошыкi былi амаль поўныя, сонца добра пахiлiлася на захад, калi дамоў iсьцi наважылi.
Адно перайшлi пералесак i пачалi паглыбляцца ў дуброву, кiруючыся на сьцежку, як перад iмi, быццам з-пад зямлi, вырас камлюкаваты руды чалавек. На правым плячы трымаў наперавес стрэльбу. Рудыя, непрыязныя вочы борзьдзенька бегалi па Бахмачох i найдаўжэй затрымалiся на кошыках. Бачыў Пракоп гэтага чалавека раней, ды ўсё зводдаль. Цяпер-жа стаяў перад iмi на крокаў пяць, не далей, правая рука - ля замка стрэльбы, левая - у кiшэнi напушчаных на боты портак. Апрануты быў у выцьвiлы вайсковы муньдзiр, на галаве шапка-канфедэратка.
Ззаду за лясьнiком стаяў, шырака адкрыўшы чорны рот iз здаравеннымi iкламi й выпнуўшы язык, вялiкi сабака-ваўчар. Пракоп, прыгледзеўшыся гэтаму камлюкаватаму пану, адразу спанатрыў, што сустрэча гэткая нiчога добрага яму нi варажыла. Алена iнстынктоўна левай рукой сьцiснула вышэй локця Пракопаву правую руку. У гэтым цiску выказалася й перадалася мужу ўся Аленiна трывога. Дзьве пары сялянскiх вачэй улiплi, напружана чакаючы далейшага, у палячка. А той спакойна, як i належылася гаспадару багатага лесу, прамовiў сiпаватым голасам:
- Талоны маеце?
У голасе было пытаньне й пагроза.
- Не, паночку, нi маем. Нi было ў нас грошы купiць iх, - пасьпяшыла з адказам Алена.
- Адкуль вы? - спытаў Бжончэк ужо болей сурова.
- Зь Лiтоўцаў, - адказаў Бахмач.
- Як прозьвiшча?
- Бахмач Пракоп...
Пракоп не на жартачкi затрывожыўся. Зiрнуў на бакi, быццам спадзяваўся ад некага дапамогi. Навокал не было жывой душы.
- Вы ня ведалi, што без талонаў нельга з панствовага лесу зьбiраць ягадаў?
Голас Бжончка павысiўся, пагражаў. Быццам адгадваючы думкi свайго пана, сабака пайшоў наперад, паказелiў рудыя вочы на Бахмачоў.
- Ведалi, але..., - пачаў Пракоп.
- Няма 'але'. Адстаўляйце кошыкi з малiнамi i йдзiце адкуль прыйшлi, а штраф заплацiце пасьля!
Не было сумлеву. Гэта быў загад.
- Паночку, даруйце, мы-ж..., - пачала плаксiвым голасам Алена.
- Маўчаць! Нiякае там 'паночку'! Кажу - давайце малiны! - крыкнуў Бжончэк. Сабака пачаў бурчэць, гатовы скочыць на злоўленых.
Кошыкi з малiнамi вiселi спакойна на руках.
- Зараз, жлобе едэн! Колькi разоў казаць маю! А то застрэлю!
Лясьнiк узяў напагатоў стрэльбу, ляснуў замком i мерыўся на Бахмача. У гэты час Бахмачыха, вiдаць бяз роздуму, з маланкавай хуткасьцю крутанулася наперад, каб засланiць мужа. Правай рукой, каб адхiнуць яе набок, хапiла за рулю стрэльбы. Грымнуў стрэл. Алена ўхапiлася за правы бок вышэй пахвiны й цяжка застагнала. Кошык зь ягадамi, што вiсеў на руцэ, паляцеў вобземлю. Пракоп, кiнуўшы свае малiны, абняў жонку. Алена дрыгала й вяла ў Пракопавых руках.
Усё гэта адбылося так хутка й неспадзявана, што Пракоп, - быццам яму хто добрую аплявуху заехаў - як у ймгле быў, ня ведаў, што рабiць. Алена, цяжка дыхаючы, асела на зямлю.
- Алена, мiленькая, даражэнькая!... - вырваўся балючы голас з Пракопавых грудзей. Прысеў побач, узяў яе правай рукой пад галаву, левай мацаў рану. Аленiна кужэльная кофта была абсмаленая й закрываўленая з правага боку на якую пядзю вышэй пахвiны. Пракоп iз жахам адцягнуў лiпкую ў крывi руку.
- Пракопка, галуб..., галубок мой, - стагнала Алена. - Божачкi, канцы мне, мусiць... ох...
Голас ейны слабеў. У шырака разчыненых вачах адлюстраваўся вялiкi боль i жах.
- Пракопка, глядзi дзетак... ох, Божа... нi спус....
Галава ейная раптоўна ахiнулася назад, i абамлела цела. Пракопаў твар атупеў у зьдзiўленьнi й сполаху. Ня верылася, нiчога ня верылася, што бачыў на свае вочы, што трымаў у руках. Не, гэта не магло быць! Што гэта: сон цi ява? Цяжкое, непарушнае, зь бiцьцём у сэрцы, маўчаньне трывала ня больш сякундаў пятнаццацi.
- Але-э-э-э-на! Але-э-э-э-на! - раўнуў немым голасам Пракоп, скалатнуўшы бязладнае цела. Крык гэты, перанасычаны роспачай, падхапiла й паслала далей дуброва.
- Забi-i-iў! - раўнуў колькi моцы Бахмач. - Людцы добрыя, забiў!
Не памятаючы, што рабiць, паклаў нябожчыцу на траву й, стоячы перад ёй на каленях, падняў галаву. Левай рукой, як звык гэта рабiць у заклапочаньнi, правёў па сваiм твары й вымазаў яго лiпкай крывёю. Вочы блукалi па дуброве, шукаючы лясьнiка. Каржакаваты панок i сабака як пад зямлю канулi.
- Забiў, людцы мае, Алену маю забiў! - лямантаваў голасна Бахмач.
Людзям, што пасьпяшылi на гул стрэлу, крыкi й лямант Бахмача, паказаўся страшны вобраз: на траве, зачырвоненай крывёй i малiнамi, зь перакуленымi побач кошыкамi, ляжала на сьпiне, выцягнуўшыся, мёртвая жанчына. Шырока адчыненыя ейныя вочы, поўныя тупога жаху, застылi поглядам уверх. Ля яе кленчыў, наўзрыд галосячы й захлiпваючыся, утрапёны Бахмач. Плачу не было супыну. Аброслы шчацiнай твар быў вымазаны крывёю. У чырванi сьлёзы рабiлi малыя ручайкi-барозны. А чалавек сядзеў нерухома, зрокам улiпшы ў мёртвы твар жонкi, i ўздрыгваў ад плачу.
Людзi падыходзiлi, паволi абступалi iх. Былi гэта пераважна жанкi й дзеткi. Нема ўпiвалiся вачамi ў гэты вобраз, быццам баючыся турбаваць цiшыню. Дзесь зусiм блiзка загрукатаў у камель дрэва дзяцел. Дыхнуў вецер, i аднастайна, ленна скрыпнула надламанае дрэва.
Пасьля першага ўструсу прыйшла гамонка.
- Гэта хто? Цi нi лясьнiк забiў?
- Застрэлiў, сукiн сын...
- Гэта-ж Алена. Цяжарная. Божачкi мае!
Некаторыя хрысьцiлiся.
- Двух чалавек, лiчы, са сьвету зьвёў...
- Чаму-ж гэта?
- Мусiць, ягады адбiраў, талонаў ня мелi...
- Дык цi-ж то за ягады страляць?
- От погань, ну й нiма-ж на яго кары боскай! За ягады цяжарную бабу забiў!