- А дзе-ж ён дзеўся?

- Уцёк, мусiць, сабака. Пабаяўся, каб самаго ня прыхлопалi.

- Сабака!

- Панскi цiвун!

Гамонка была цiхая, стрыманая. У кароткiх словах было выказана шмат. Стаялi навокал, прыглядаючыся людзкой трагедыi, ня ведаючы, што далей пачаць. Тыя, што ня зь Лiтоўцаў былi, распытвалiся: а што, а як, а хто?

Чалавек наблiзiўся да Бахмача, паклаў яму руку на плячо.

- Нi чапай яго, нiхай паплачыць, гора вылiiць. Адыйдзiся.

Чалавек адыйшоўся. Доўга цягнулася напружанае маўчаньне. Падыходзiлi новыя людзi, цiснулiся наперад, каб зблiзу кiнуць вокам на Бахмача й забiтую Алену. Жанкi, што ведалi Бахмачоў, далi волю сьлёзам.

Прайшло гэтак мо хвiлiн дзесяць цi болей, а Пракоп усё сядзеў, утаропiўшыся ў мёртвы, ужо бляднеючы жаночы твар, цэлы калацiўся ўздрыгамi. Сьлёзы калацiлiся па замазаным крывёю твары.

Нарэшце падняў галаву, схамянуўся. Глядзеў вакол сябе, быццам стараючыся прыгадаць, дзе ён ёсьць i чаму народ абкружыў яго шчыльнай сьцяной. У натоўпе пачаў некага шукаць вачамi.

- Давайце-ж памагчы чалавеку, - сказаў нехта. - Ня будзiць-жа ён тут у лесе...

- Арсенька, - гукнуў нiзкiм, ледзь чутным голасам Пракоп Пiлiпавага хлапца.

- Што, дзядзя? - адгукнуўся й падаўся наперад басаногi, гадоў дзесяцi, хлапчук.

- Будзь добры, дзетка, падбяжы... тутака нiпадалёк мой Янучок Лазоўскага кароў пасьцiць. Скажы яму, каб папрасiў Лазоўскага сюды каня з каляскай прыслаць.

- Ужо бягу!

Як-бы яго вецер падхапiў, рад услужыць у нядолi, хлапец кiнуўся выконваць Пракопаву прозьбу.

У густой сьцяне людзей iзноў аджыла, спачатку цiхая, пасля галасьнейшая, гамонка. Жаночая рука паволi, пяшчотна, закрыла Аленiны павекi. Нехта перасьцярагаў, каб не тапталi парассыпаных ягадаў. Перасьцярога была позная.

Уверсе ў лёккiм ветрыку гаманiлi кароны дубоў. Цi такое й цi раз яны бачылi. Нямыя сьведкi мiнуўшчыны - калi-б Бог iх голасам узнагародзiў - цiмала чаго цiкавага й жахлiвага расказалi-б аб зьдзеках над гэтым бедным працоўным паняволеным народам.

Унiзе гаманiлi людзi. Абрабаваныя зь зямельных багацьцяў, з плёнаў працы сваiх мазольных рук, заўсёды панiжаныя й уцiсканыя, перад сабой аглядалi жывы й сьвежы вобраз панаваньня 'панства польскага'. Ён, гэты вобраз, якi на розныя лады й кажны пасвойму камэнтаваў, застанецца ў памяцi кожнага праз цэлае гаротнае жыцьцё.

X

Янук iз Тапсiкам пiльна вартаваў, каб каторая карова не скубанула аўса, да мяжы якога падпусьцiў статак. Раз цi два кiнуў вокам у бок загуменьня, дзе паказаўся Лазоўскi зь нейкiм другiм панам - пэўна, таксама асаднiкам. Гэны, гладкi з выгляду, пан прыехаў у Лазоўскага двор яшчэ пасьля полудня, калi вярнулiся асаднiкi з касьцёла. Доўга абедалi. Цяперака, пэўна, Лазоўскага жонка, ейная дачка-гiмназiстка, ды тая другая панi iз сваёй дачкой недзе сядзяць i гамоняць у цяньку ў садзе, а мужчыны выйшлi на поле, каб палюбавацца збожжам. Янук мяркаваў, што Лазоўскi пакажа таму чалавеку сваё жыта, лён, грэчку й iншае. Якую гадзiну цi дзьве будуць валачыцца па полi, Лазоўскi будзе выхваляцца, колькi й куды даў гною, што, калi й дзе сеiў, што там расло летась, ды цi ўрадзiла. Той другi пан прыкiне слова; гэтак, ходзячы й гамонячы, сплывацьме час. Чуў Янук цi адзiн ужо раз i прыглядаўся, як вось так у нядзелю каторы гаспадар зь кiм другiм ходзiць па полi, аглядае сваё дабро, хвалiцца, ганiць цi наракае.

Сочачы кароваў i Лазоўскага, Янук не спасьцярог, як Пiлiпаў Арсень выбег зь лесу. Той ужо быў блiзка, колькi сiлы ў нагах прастуючы на пастуха. Тапсiк спасьцярог хлапца раней, узьняўся на пярэднiя лапы ды мяркаваў, мусiць, цi скочыць на яго з брэхам цi пачакаць-паглядзець, што ягоны гаспадар Янук зробiць.

- Янук, мяне твой бацька прыслаў! - пачаў, спынiўшыся Арсень. Ён так засопся, што ледзь пасьпяваў лавiць паветра.

- Мой бацька? Што такое? Чаго ты так засопся?

- Дай мне духу злавiць, зараз скажу.

- Ну?

- Лясьнiк тваю мамку забiў, застрэлiў тамака ў лесе...

Януку здалося, што не дачуў. Папрасiў паўтарыць. Разглядаў твар прыбеглага хлопца, цi дзе ня знойдзе на iм ценю жартаўлiвае ўсьмешкi. Твар Арсеняў быў такi сур'ёзны, вочы сьвяцiлiся такой вялiкаю шчырасьцю, што пастух не на жартачкi затурбаваўся.

- Ты што... гэта... нi манiш?

Янукоў язык зрабiўся непаслухмянай цяжкой калодай.

- Яй-Богу, дадушы праўдачку кажу, каб з гэтага места нi сышоў! - бiўся той песьцяй у грудзi.

- Як застрэлiў? Чаму? - скалатнуў Янук Арсеня за руку, а нешта пачало душыць яго за горла. Ён бачыў лясьнiка Бжончка - i ў лесе, i ў хаце Лазоўскага - не адзiн раз. Ад людзей чуў аб iм шмат благога й зьнялюбiў яго здалёк. Ужо амаль даў веры Арсеню, што гэны 'падла', як называлi яго навакольныя сяляне, мог застрэлiць ягоную, Янукову матку. Але ўся Янукова йстота пратэставала процi такое ашаламляючае весткi, адмаўлялася прыняць яе.

- За ягады, - тлумачыў Арсень. - Кажуць, што вашы талонаў ня мелi. Ягады хацеў адабраць. Я табе кажу, што чуў, а забiтую тваю матку - дык на свае вочы вiдзiў.

У Янука закружылася пад нагамi зямля. Вомiг зьмянiлася выглядам навакольле. Насамперш, для роўнага й рытмiчнага дыханьня забракла паветра. Памутнелi ў вачох i загойдалiся лес, хутар Лазоўскага, Гараватка. Тое, што душыла за горла, крыху папусьцiла, i па твары пачалi плысьцi гарачыя, буйныя сьлёзы.

- Забiў ма-а-м-му, гы-гы-х!

Арсень стаяў, зрокам верцячы зямлю, i ня ведаў, што рабiць. Правай рукой скуб нагавiцу портак. Нейдзе здалёк, як-бы з другога канца зямлi, пачуў Янук нейкi голас.

- Твой гаспадар крычыць, каровы ў ваўсе, - прыгадаў Арсень. - Я пабягу, адганю.

Янук стаяў, як скамянелы. Усьведамленьне таго, што сталася, адабрала ўсякую волю. Дрыжэў. Дзесь з глыбiнi сьведамасьцi неадчэпны сумлеў падказваў, што ўсё гэта, што прынёс Арсень, магло быць няпраўдай, дурной памылкай.

- От ужо адагнаў, - сказаў вярнуўшыся Арсень. - Бацька твой прыслаў мяне, каб ты папрасiў у Лазоўскага каляскi з канём, каб матку забраць...

- Га?

- Кажу-ж табе, нi марудзь! Бацька прасiў у Лазоўскага каляскi з канём, ды скоранька!

- Добра, ужо йду. Ты пабудзiш з каровамi?

- Пабуду.

- Дык я бягу.

Янук рушыў у той бок, дзе Лазоўскi стаяў iз гладкiм панам. Тапсiк пару разоў брахнуў з уцехi. Адно калi Янук крыкнуў на яго гнеўным голасам, стулiў хвост ды пабег за хлопцам ззаду.

- Ты што гэта кароў нi глядзiш, балване едэн? - сыкнуў Лазоўскi на пастуха, калi той падыйшоў. - Авёс увесь паядуць, пся...

Убачыўшы заплаканы твар, асаднiк не даказаў.

- А гэта што? Чаго сьлiнiш?

Янук стаяў, кулаком выцiраў сьлёзы й ня мог здабыцца на слова.

- Ну, ну кажы! - спанукаў Лазоўскi.

- Маму ў лесе лясьнiк забiў...

- Што? Што?

- Лясьнiк забiў у лесе маму, гы-гы-ых...

- Хто? Пан Бжончэк? Не, гэта немагчыма! Што ты гаворыш, хлопча? Хто табе сказаў?

- Пiлiпаў Арсень прыбег. Вунь за каровамi глядзiць...

- Як? Чаму?

Янук не адказаў. Сьлёзы залiвалi ягоны замурзаны твар.

- Ну, дык што-ж я? - пачаў нецярплiвiцца асаднiк.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату