барознамi пайшлi араць ейны яшчэ прыгожы, падоўжаны, зь вялiкаватым носам, твар. Накрытыя завязанай пад бараду паркалёвай хусьцiнкай, дзьве даўгiя касы блёнд валосаў ляглi кругам на галаве. Андарак з даматканага, добра ўжо працёртага паўсуконьнiку, хаваўся пад выпускной сiняй кужэльнай кофтай. Iшла жанчына паволi, за Пракопам цi побач яго, як-бы ўсё мяркуючы, каб крыва не ступiць, цi дарэмна не панатужыцца. За месяцы тры, як прыблiзна вылiчыла, папоўнiцца мае iхная сям'я яшчэ адным чалавекам.
Узьбiраючыся на горб Гараваткi, Пракоп збавiў кроку, каб пасабiць Алене. Прыйшлi да вялiкага крыжа - таго самага, што стаяў над падоўжанай магiлкай вояў зь вялiкае вайны. Як-бы змовiўшыся, затрымалiся, перахрысьцiлiся, ды бяз слова пачалi разглядаць Лiтоўцы й ваколiцу.
Даўно ўжо сьцiх раньнi вясковы гоман. Цяпер вёска драмала. Хто пайшоў у сьвятынi, хто да суседзяў, а хто на поле цi ў лес. Нават жаўранкi рэдка дзе зьвiнелi.
- Калi от так падзяржыць яшчэ бяз дожджу, ды сёлета ў нас скупей будзiць як калi. Насеньня зь нiвы не сабяром, - сказаў Пракоп, трымаючы на воку свой клiн зямлi, што вунь гэт за могiльнiкам падыходзiў аж пад самую чыгунку. Ён iз зайздрасьцю глядзеў на шырокi доктараў хутар, дзе жыта, як iншым разам казаў, 'трубой вярнула, аж услалася'. Вядома, доктар меў чым угнаiць. Тое-ж самае й у другога вясковага багатыра, 'амэрыканца' Сявенькi, хутар якога быў побач бальшака - туды пад Галавачы з гэтага боку чыгункi. Зямля была там цi найлепшая ў вёсцы. Сявенька не дарма выдаткоўваўся на каморнiка. Аплацiлася.
- Каму, казаў той, дык i Бог i чорт сулiць. Людзям нiшчасьця, а яму масьлiнiца, - скончыў Пракоп пра лекара. Алена стаяла моўчкi.
Зянкевiч, якога называлi доктарам, меў цi ня больш шчасьця як розуму. Падчас вайны скончыў фэльчарскi курс, працаваў нейкi час пры шпiталi, быў на фроньце. Пасьлей распазнаў лекавыя вартасьцi зёлак, якiмi асаблiва ўмела карыстаўся мiж мясцовых сялянаў. Быў ён насамперш добрым знаўцам людзей. Ведаў, якое слова i ў якi момант да каго ўжыць. Бывала, прыедзе якая цётка зь цяжкой хваробай. Ён так трапна й умела распытае што трэба, зручна гутарку павядзе, пацешыць, параiць, што гэта больш паможа, чым якiя модныя лекi. З усiмi быў на 'ты', просты й адкрыты, зь нiкога лiшняга ня браў. Калi хто ня меў чым за паслугу адгадзiцца, дык i так было добра. Затое людзей прыходзiла й прыяжджала да яго маса. Усю лекарскую аптэку трымаў у шафе. Недарма Пракоп цi iншыя зайздросьцiлi Зянкевiчу. У хаце быў дастатак, на полi лепш, чым у iншых, радзiла, дый здавалася людзям, што не працаваў так цяжка, як яны.
Калi спусьцiлiся на другi бок Гараваткi й ужо падыходзiлi пад зарасьнiк, што ляжэў ля канавы, сказала Алена:
- Нешта-ж нi вiдаць Лазоўскага кароў. Як-жа там Янучок?
Пракоп разгледзеўся навокал i сказаў:
- Вуньдзiка вiдаць пры лесе ў кустох. Пазашывалiся, пэўне, ў цень.
Падыйшлi да кароваў, што ацярэблiвалiся ля кустоў, лянiва перакiдвалi жованку, хвастамi малоцячы дакучлiвых мухаў i аваднёў. Бахмач гукнуў Янука. Нiхто не адгукнуўся, i Пракоп гукнуў яшчэ раз. Найперш пачулася браханьне Тапсiка, што выбег зь лесу й кулем кiнуўся да Бахмачоў. Ззаду бег Янук. Сабака кiдаўся то да Пракопа, то да Алены, намагаючыся з радасьцi лiзнуць аж у твар.
- Ты-ж гэта дзе бадзяiсься, кароў самiх пакiнуўшы? - лагодна спытаў сына бацька.
- А што-ж iм? Нажорлiся, куды-ж iм, - засопшыся зь бегу, тлумачыў Янук.
- А ты што ў лесе робiш?
- Дык гэта-ж Тапсiк там нейкую нару апароў ды давай лапамi капаць. А я памагаць яму. Ажно нiчога й нi нашлi, пад самы бярозавы корань павяла.
- Барсук, можа, - сказала Алена.
- А вы куды гэта?
- Па малiны йдзем.
- Цi ёсьцiка яны там? Можа, другiя вызьбiралi...
- Ты вiдзiў каго?
- Тры Брунiськi яшчо зраньня пёрлi, а так яшчо некаторых вiдзiў, дык нi пазнаў здалёку.
- Гэтым Брунiськам дык уходу нiма, - прабурчэў Пракоп. - Усё павызьбiраюць. Ну а як-жа ў цябе, што новага?
- Ды нiчагусiнькi. Усё як было, гэдак i ёсьцiка.
У лесе пацягнула вiльготным жыцьцядайным халадком. Дубы, бярозы, хвоi й iншыя дрэвы, змагаючыся ўверсе за доступ да сонца, згусьцiлiся-пераплялiся сваймi чубамi-каронамi. Так густой была страха дрэў, што рэдка дзе сонца ўнiз трапляла. Што дзе расло ўнiзе, выглядала вялае, бледнае. Калi-ж у тэй страсе была якая прагалiна, дык тутака ўнiзе на сонячнай палянцы гусьцелi малыя, пышныя расьцiны й кусты. Гэтта зусiм iншы сьвет, чым на полi. Там чалавек быў млявы, а тут жвавы, жывы. Незьлiчонае птушынае царства голасна славiла вясну й невычарпальныя сiлы вечна зьменнай прыроды. Хацелася прысесьцi, абаперцiся аб камель каторага дуба цi бярозы ды поўнiцца гэтымi жыцьцядайнымi песьнямi, сокамi... Хацелася назiраць крылатых жыхароў лясных гушчаў, што завiхалiся з працай i песьнямi, дзiвiцца-любавацца ляснымi багацьцямi.
Пракоп i Алена йшлi моўчкi, кажны пры сваiх думках. Босыя ногi дзе шалясьцелi падсохлымi леташнiмi лiсьцямi, дзе трашчэлi сухiмi галiнкамi, а дзе тапталi вогкую парудзелую йглiцу. Пасвойму марыў Пракоп. Ён глядзеў на высачэзныя дрэвы-прыгажуны, дый наўгад на вока мерыў, колькi з каторага можна было-б дроваў напiлаваць, якое было-б добрым бервяном на хату, цi шулом у пунi, з каторых танейшых iльга было-б змайстраваць хлёскiя палазы на санi, загнуць дугу цi што iншае. Гэх, каб гэта так дазволiлi яму зь пiлой i сякерай ды адным памочнiкам якi тыдзень цi другi ў лясной гушчы пагаспадарыць! У памяцi сьвежым жыло недалёкае мiнулае, калi за дрэва на будову сваёй малой хаты так цяжка мусiў папацець, папацягацца для панскага дабра.
'Гэта-ж чаго духоў зь цябе ня выцiснуў, скуралуп! - кляў у думках Пракоп. - Ён на той лес нi трудзiўся, нi пацеў, рука ягоная нiколi з мазылём нi браталася; ён, гэны лес яму дарма прышоўся. А тут, калi якое палена адступiў, дык - духi зь цябе вон! - дзень i ноч яму рабi, нi адступiцца!'
Глянь, гэта ня лес, гэта любасьць. Вунь бярозкi-прыгажунькi, як тыя дружкi-маладзiцы на вясельле прыбралiся-выстраiлiся. Дубы-волаты, як тыя мажныя паны мiж дробных мужыкоў, сярод iншых дрэваў раскашэлiлiся. Хвоi гонкiя побач з гладкiмi круглымi бярозамi ўверх пнуцца, за сонца спрачаюцца. А гэта-ж лес увесь i зямля, якую цяпер тапталi босыя, каравыя, парэпаныя ад золi й працы ногi Бахмачоў, усё гэта належала да 'панства польскага'. 'Каб яно галавой налажыла, панства гэткае!' - думаў Пракоп. А вартаўнiком маёмасьцi 'панства' быў ня хто iншы, як той каржкаваты, рудзенькi Бжончэк.
Лясьнiка знаў Пракоп здалёк, чуў аб iм масу нядобрага.
- Лепi нi спатыкаць такое лiха, а як трапiцца на дарозе, дык абмiнуць, казалi пра яго людзi.
Здалёк Бжончэк выдаваўся малым, непагрозьлiвым, нечым нязначным, на што ня варта было браць увагi. Аб iм Пракоп мала калi думаў, хоць хадзiлi слухi, што крыўдзiў злоўленых у лесе. Цяперака-ж гэты самы малы палячок вырас да непазнавальных памераў. Ён тут во мог прытаiцца за каторым дрэвам i нi агледзiсься, як на цябе скочыць, як каршун. Казалi, што меў нюх сабакi, хуткасьць зайца, спрыт лiсы. Цi, можа, гэта са страху перабольшвалi?
Пракоп затрывожыўся. Як-нi-як, прыйшоў ён сюды зьбiраць майно 'панства польскага', не купiўшы ў 'пана солтыса' талёнаў. Аб Пракопавай сумленнасьцi ведалi ўсе: ён каб калi каму дзе вока запарошыў.
Быццам таму, каб пабольшыць Пракопаву трывогу, адазвалася Алена:
- Надта-ж нядобрае я сягоньнiка ўвосьнi вiдзiла.
- А што? - спытаў муж.
- Нiбыта паехалi мы да Данiлы й тамака на лодцы выехалi на возера рыбу лавiць. Ловiм мы гэту рыбу й толька от мелi сетку цягнуць, а мяне, адкуль нi вазьмiся, як падхапiў вецiр ды ў ваду. Пачала я тапiцца, ды ажно прачнулася. Аж спацела ўвосьнi была, так страшна... Рыба - гэта нi на добрае, кажуць...
- Ат, ня веру я сном. Забабоны, казаў той, дый толька, - махнуў рукой Пракоп, каб суняць ня толькi жонку, а й сябе.
- Каб-жа даў Бог, усё добра было. Хто гэта ведаiць...
Iзноў iшлi моўчкi, слухаючы гоман лесу. Выйшлi на пералесак. Дрэвы парадзелi, замянiлiся кустамi. Пракоп ведаў, што тут перад узбалоцьцем, будзе многа малiньнiку. Там дзесь далей плыве ручэй, што пасьля ўпадае ў Бярэзiну. Мейсцамi там сенажацi на паплавох. Для мясцовых-жа людзей - крынiца ягадаў: