ня будзе гэткiм! Але-ж як гэта ўсё Дунi пераказаць?
У гэны момант малы Бахмач адчуў, што дасьведчаньнем дзяўчына была за яго на колькi гадоў старэйшая. Ты паглядзi, аб чым яна гаварыла й зь якой эмацыянальнай сiлай ганьбавала нейчыя ўчынкi! Значыцца, усё гэта было ў ейным асяродзьдзi дзесьцi ў коранi, мусiла перажыць, перацярпець, перадумаць, адно бачачы, як родныя гаруюць. А што-ж ведаў ён, Янук? Процi яе, дык ён горкае дзiця. Куды яму да Дунi!
Макатунiшка абмiнала гаворкi аб каханьнi iншых людзей. Калi-ж даводзiлася, прыкладна ў сувязi з тым, хто ў школе на каго заглядаецца, цi да каго 'падстрэлiваiць', то гаварыла неахвоча, збывала тэму паўсловамi.
Так i павялося, што тэму каханьня Янук i Дуня абмiналi, як змовiўшыся. Янук адчуваў, што патрэбна гэта для добрага сяброўства з Макатунiшкай. Вось i цяпер, седзячы пад бярозай, стругаючы, ён зь вялiкай радасьцю сустрэў дзяўчыну. З выгляду мела яна ўжо поўнае права называцца дзеўкай. Ладна ўвыдатнялiся ў яе прывабныя рысы росквiту раньняга дзявоцтва. Сказаў-бы хто, што яна была ўжо набухнутая й поўная абрысамi свайго хараства пупушка ружы, што вось-вось мела зацьвiцець. I ў гэты дзень на захад сонца, калi вакол пасьмялелi пасьля дзённае гарачынi птушкi, калi ўсё ажывала iз сваёй млявасьцi й пачынала буйнець сокамi сакавiтага летняга росквiту, дзяўчына гэтая здавалася яшчэ больш прынаднай, чым калi ў iншы час.
- Глядзi, Янучок, асаднiкавых каровак, а ня дудкi стругай, - усьмiхнулася дзяўчына, адкiнуўшы завязаны мех i мосьцячыся, каб прысесьцi побач пастуха.
- Каровак гэтых цяперака й дзiця дагледзiць. Вiдзiш вунь, як панажыралiся.
- Добры зь цябе, мусiць, пастух.
- Лацьвей пасьцiць, як ёсьцека на чым. От папасi ты ў нас удома, калi тэй карове хоць ты скапычаную голую зямлю грызi. То табе нi хаханькi. А што гэта ты ў мяшку тарабанiш?
- Адгадай.
Янук падцягнуў да сябе зрэбны парудзелы мех i браўся разьвязаць. Дуня лагодна стукнула яго па руках.
- Нi разьвязывай. А нос нашто?
Янук нахiлiўся над мехам, колькi разоў чмыхнуў носам, цягнучы водар духмянага зельля. Дуня схапiла яго за галаву й пачала таўчы носам у мех.
- Ну, адгадывай скарэй! - падахвочвала, хiхiкаючы.
- Нi адгадаю, лепi скажы.
- А от нi скажу.
- Ну, дык любiць цябе за гэта ня буду.
- I ня трэба, лепшага сабе знайду.
- Толькi-ж паспрабуй! - засьмяяўся Янук.
Настаў нязручны момант. Абодва аблiлiся чырваньню й глядзелi ў бакi, каб не сустрэцца вачамi. Шмат часу пазьней, прыгадваючы гэты момант, Янук пэўны быў, што, яшчэ аб тым ня ведаючы, яны тады ўжо былi закаханыя.
- Дык што? Многа назьбiрала ўжо? - спытаў Янук, каб спынiць нязручнае маўчаньне.
- Нямнога. Алi-ж усё лета наперадзе.
Гамонка не вязалася. Не пра тое хацеў Янук выпытаць дзяўчыну.
- Слухай, Дуня. Цi праўда гэта, што вашая Параска камунiстычныя афiшкi разносiць?
- Якiя?
- Бальшавiцкiя.
- А хто гэта табе казаў?
- Так многа хто гаворыць. Праўда гэта цi не?
- Я яе нi пыталася. Можа, дзе й носiць. Я-ж за ёй нi хаджу й нi падглядаю.
- А яна што робiць цяпер?
- Во цяперака во?
- Ага.
- У лiпавiцкага пана, мусiць, у вагародзе полiць цi што. Чаму пытаiсься?
- Знаiш, каго я ў Гараватцы на Яна вечарам вiдзiў?
- Каго-ж? Чарцей, можа...
- Чарцей, ды такiх, што й ты iх знаiш. Адзiн Шпунтоў Лявон, а другi цi ня быў Косьцiк Сабакевiч. Чуў як Лявон зь некiм гаварыў. А ў гэны-ж дзень каля гацкай царквы бальшавiцкiя афiшкi параськiдалi, дык палiцыя й шпiкi Косьцiка шукалi. Двух-жа на вiчарыня ў Кмiтавых было. Дык Лявон, мусiць, iз Косьцiкам адну руку дзяржыць, а празь яго й твая сястра дастаець. Як ты думаiш?
- Параска каб калi заiкнулася што. Сам знаiш, якая яна дзiўная бываiць...
Янук ведаў, што Дуня разумела пад тым словам 'дзiўная', i далей не пытаўся.
- Што-ж тады Лявон табе казаў? - спытала Дуня.
- А што ён маiць казаць? Нi рад быў, што на мяне наткнуўся. Казаў мне, што нiкому анi слова пра тое, што ў Гараватцы вiдзiў, а то...
- А то што?
- А то, кажыць, нi жывацей. Так i сказаў: нi жывацей. I яшчэ адно, але нi знаю, цi табе прызнавацца...
- Чаму-ж не, кажы! - загарэлася Дуня.
- Раскажыш каму?
- Яй-Богу, не! Дадушы!
Янук зiрнуў у Дунiны вочы й пабачыў там шчырасьць.
- Гэты самы Лявон Шпунт мяне ў Кмiтавых сенцах, скора пiрад тым, як палiцыя прышла, злавiў. Я толька ўбег, а мяне нехта хап! упацёмку, дык я аж спужаўся. А ён мяне тады ў цёмны куток адцягнуў i пытаўся, цi я каму нi расказваў, што яго ў Гараватцы вiдзiў.
- Мусiць, баiцца, каб нi зналi...
- Няўжо-ж што...
- От-жа чорт лазовы. Гэта-ж цяперака добра было-б, каб яго ў цюрму ўпякаць, - сказала Дуня.
- Чаму?
- Ён маiх сясьцёр зьнявечыў. Дык нiхай-бы гнiў там, нiхай-бы вошы заелi падлу!
Дунiн голас шыпеў злосьцю.
- Ты знаiш, што гэта ён?
- А хто-ж? Я-ж нi глухая - чую, як яны гаворуць.
- От яно як.
- Што ты скажаш, Янучок, каб гэта пайсьцi ды палiцыi сказаць? Нiхай-бы ўзялi.
- Божа цябе баранi! Лепi нi чапай заразу. Яшчэ дазнаiцца, дык посьля нi дасьць жыць.
- Чорт яго бяры. От пайду ды й заяўлю.
- Калi ты гэта сур'ёзна, дык я табе нi пазволю.
- Як гэта так?
- Ты-ж мне бажылася, што нiкому слоўца нi пiкнiш, што я табе раскажу.
- Праўда. От лiха, чуць душой нi скрывiла.
IX
Гэны нядзельны дзень пачаўся для Пракопа Бахмача вельмi рана. Учора яшчэ мiж iм i Аленай Бахмачыхай адбылася такая гутарка:
- Схадзiлi-б, можа, заўтра ў малiны? - пачала жонка.
- Куды гэта?
- У казну, куды-ж яшчэ...
Пракоп прамаўчаў. Ён i жонка былi ў саракавых гадох, у самай сiле й росквiце.
- Калi тут, цi заўчорака гэта, вiдзiла вуньдзiка, як Брунiськi дзьве, каждая па вялiкiм кошыку малiн тарабанiлi. А такiя сочныя, вялiкiя, духмяныя. Людзi павызьбiраюць, пакуль мы сабяромся.
Пракоп ведаў, што хаця-нехаця, заўтра ў сьвяты нядзельны дзень трэба будзе йсьцi ў лес па малiны. Трэба якога-ж варэньня, каб хоць на лекi.
- Можна было-б, - адказаў, марудзячы. - А як-жа гэта з талонамi будзiць?
- Абойдзiцца неяк. Дзе-ж грошы...