Лiтоўская зямля наагул малаўрадлiвая была. За выключэньнем дна тых начоўкаў, глеба ў бальшынi была то падглiнiстая, то пяшчаная. Што нi пасее на сваiм клiне Пракоп, дык добра, калi апрача насеньня, якiя прыгаршчы зярна зьбярэ. Жыта цi пшанiца -цяненькае, як павуцiньне, i рэдкае ўзыйдзе, у каласку паўтузiна зярняткаў налiчыш. I разжывiся тут як хочаш. Чалавек, завецца, на сваё ўзьбiўся. Гэта во, каб гною чортаву гiбель навалiў, дык, мо, што й вырасла-б. А дзе-ж яго браць?

Так i завязалася зачараванае кола. Калiсь, будучы ў пана парабкам, - дык вядома, што Пракоп на гаспадара рабiў. Цяпер-жа зь яго самога быў нейкi гаспадар задрыпаны, ды ўсёроўна, як i раней, на пана працаваць мусiў: то яму за дрэва, то за зярно пазычанае, то за тое, то за гэнае. Iншым разам так запазычыцца Пракоп, што аж сорамна нагой у панскi двор ступiць. А тутака ўсё коратка, усё йрвецца: як нi вяжы - ўсяго не пазьвязваеш. Дый шчэ й прыбытак у хаце мае быць. Людзi з прыбытку ўцеху маюць. Бахмач-жа ня ведаў, як быць: цi наракаць, цi Богу дзякаваць.

Увiшныя пчолы й чмялi цi мала насмакталiся ўжо нэктару з краскаў на нiвах, а Чарнулiнаму хвасту мухi й аваднi прыспорылi шмат працы, калi Пракоп, яшчэ раз зiрнуўшы на сваю хату й спасьцярогшы, што перастаў курыць комiн, наважыўся дадому йсьцi. Зь вёскi на дарогу выходзiлi людзi. Сьпяшалiся ў Дубовiчы на набажэнства ў царкве. Каталiкi гэтта ня йшлi, бо найблiжэйшы касьцёл быў у Гацях. Ужо званы дубровiцкае царквы клiкалi вернiкаў у сьвятыню.

Бахмачыха Алена скончыла прыбiраць хату, паставiла ў прысак кацёл з варанай бульбай, каб была цёплая для Пракопа, ды аладкi за засланку. Колькi ўжо разоў выглядала праз вакно. Была яна працавiтая й руплiвая. Нiколi не пакладала рук. На ўсiх старалася напрасьцi, наткаць, абшыць, абмыць, дагледзець гаспадарку; яна i з пранiкам, i зь сярпом, за мялiцай i з траплом, яна за прасьнiцай i за кроснамi. Вечная й няўстанная Пракопава спадарожнiца, устойлiвая й трывалкая ў працы, добрая й ласкавая з характару.

Матчына сэрца ныла за дзяцей. Старэйшаму Мiколу не пашэньцiла. Кульгавы, ён ня мог, як iншыя, пайсьцi за плугам цi з касою. Часта дакучала нага. Каб вылекаваць, гаспадаркi iхнай цэлай на пакрыцьцё коштаў хiрургii не хапiла-б.

Колькi разоў раiлiся, што рабiць. Хлапцу ўжо сямнаццаты пайшоў. Калi-б не аплата, на якую Бахмачы не маглi здабыцца, Мiкола даўно пазнаваў-бы нескладаныя хiтрасьцi шавецкага рамёства. Ато дзе-ж гэта: Янук у Лазоўскага цэлае божае лета за статкам ногi абiвае, ну й вазьмi ды аддай iм заробленае, каб Мiколу на шаўца вучыць. Намагаўся Пракоп у вясковага шаўца Пiлiпа цану зьбiць. Той пакуль трымаўся свайго, але Бахмач ведаў, што нiдзе ён ня дзенецца, палагаднее. Тымчасам-жа Мiкола памагаў, што мог, ля гаспадаркi.

Больш супакойная Алена была за Янука. Пацiху некалi пусьцiла сьлязу, як аддавалi яго за пастуха да чужога чалавека. Янук, дзякаваць Богу, вытрымаў, падрос, уздужаў. Алена апошнiм часам пагадзiлася ўжо нават iз тым, што мае яшчэ ў сям'i прыбытак быць. Адылi чакала таго дня з хваляваньнем i неспакоем. Не было нiякiх выглядаў на лепшае. Як гэта рады дадуць?

Не пасьпеў Пракоп увайсьцi ў панадворак, як Алена выбегла ўжо з даёнкай i ўслончыкам.

- Iдзi, там бульбу ды аладкi за засланкай бяры, а малако кiслае ў вялiкiм шчарбатым стаўбуне на палiцы стаiць.

Пракоп прывязаў карову ля карыта з вадой. Алена ўселася на ўслончыку, мокрай шматай старанна выцерла вымя, i першыя нiткi малака спачатку паволi, а пасьля барзьдзей пачалi цурчэць па дне бляшанае, пацямнелае ўжо ад гадоў, цынкаванае даёнкi.

- Вы ўжо елi? - спытаў Пракоп.

- Няўжо-ж цябе ждалi...

- Мiкола кабылу дагледзiў?

- Га? Мусiць-ткi. Ён-жа сваю работу знаiць.

Бахмач абапёрся аб паркан i доўга глядзеў у вагарод, дзе расло варыва, па бакох абсаджанае сланечнiкамi.

- От дожджу трэба на гвалт, - сказаў ён i зрокам кiнуў уверх, быццам чакаючы адтуль нейкага неадкладнага адказу. Ён ужо забыўся, калi галiўся й стрыгся. Паволi чухаў правай рукой патылiцу.

- Гэта-ж агуркi во такiя марныя, каб саўсiм нi павысыхалi. Трэба было Мiколу сказаць, каб палiў, можа ваду з гнаёўкай разьмяшаўшы...

- Сам чаму-ж ня рупiцца?

- От гаворыш як-бы не знаiш усiроўна. Ён дзе зь дзяцюкамi каб на чарку, дык ласы...

Пракоп ня пiў i не палiў. Гэтыя дзьве слабасьцi прышчапiлiся, сам не спасьцярог калi, да сына. Ня мог яму гэтага дараваць, але колькi нi ўпiкаў, нiчога не памагала.

Увайшоўшы ў хату, зьдзеў i павесiў на крук шапку, выдабыў зь печы бульбу й аладкi, паставiў iх на стол. Iз збана на палiцы налiў у глiняную мiску кiслага малака. Сеўшы за стол, перахрысьцiўся й пачаў паволi есьцi. Вялiкi шэры кот цёрся ля босых ног.

Ужо канчаў Пракоп сьнеданьне, калi расчынiлiся дзьверы й паволi, быццам як складзены, у хату ўвайшоў Мiкола. Гэта быў высокi худы дзяцюк. Зьдзеў шапку, павесiў побач бацькавай на сьцяне. Блёнд валосы нядбала рассыпалiся па галаве. Сiнiя вочы супакойна паглядалi на бацьку. Нiчога не сказаўшы, сеў на ўслоне.

Хата мела глiнабiтную падлогу. Ня стала ў Пракопа сродкаў, каб здабыцца на дошкi. Сьцены навокал столу былi паабклейваныя газэтамi, а далей - голыя. На покуцi вiселi тры абразы. На сьцяне, што ад вулiцы, у зашклёных рамках тоўпiлiся сямейныя здымкi. Ля сьцяны стаяў доўгi ўслон, на якiм цяпер сядзеў Мiкола. Побач перагародкi, што ад печы аж да сьцяны аддзяляла два ложкi ў спальнi, стаялi два малыя ўслончыкi. У качарэжнiку ў кутку ля печы прытаiлiся вiлы, качарга, чапяла, памяло й мятла. Ля печы на вялiкай нiзкай i шырокай бярозавай калодзе стаяла драўлянае вядро з вадой, а побач - медзяная, зробленая iз знараднай гiльзы, конаўка. Ля калоды стаяў цэбрык, куды зьлiвалiся памыi. Мухi поўзалi па мокрадзi, лянiва гудзелi на вокнах i на столi. Ля дзьвярэй, што ў сенцы, на сьцяне была шырокая палiца, адкуль Пракоп узяў тое кiслае малако. Палiца была завешаная гафтаванай у васiлькi кужэльнай фiранкай. Вопратка вiсела побач на сьцяне й у вялiкай драўлянай шафе ў куце. Два вялiкiя вокны, застаўленыя вазонамi на падваконьнях, выходзiлi на вулiцу: адно, за сталом - на двор, а другое, крыху меншае, было ў спальнi. Будуючы хату, Пракоп наўмысьля парабiў вялiкя вокны. Калiсьцi ў месьце пазнаў простую праўду, што сьвятло патрэбнае чалавеку ня толькi надворы, а й у хаце. Хата была падмеценая й чыста прыбраная. Алена падбала пра гэта.

- Ну што кабыла? - спытаў Пракоп сына.

- Ды што?

- Паiў?

- Напаiў i даў травы, што ўчора выкасiў.

Пракоп, памаўчаўшы, пасьля сказаў:

- Я з маткай пайду ў казну малiны зьбiраць, а ты наглядай тут за пчаламi; дзень пекны, каб не раiлiся. Пасьля палудня, як сонца пачнець спускацца на захад, павядзi карову напасьцiць.

- Куды?

- Вядзi туды да бальшака. Там травы яшчэ многа.

- А што з пчаламi, калi-б рой?

- Ня думаю, каб яны... Учора вечарам слухаў, ды вясельля нi было. Калi-б што якое, дык знаiш, што рабiць - махнеш венiкам, каб аселi, ды гукнеш каторага доктаравых, каб памог сабраць. Парупся, каб усё чысьцiнька напагатовя стаяла.

Пракоп меў тры вульлi пчолаў i, мусiць, столькi-ж вульлёў стаяла пустых. Паставiўшы стаяк на высокай лiпе за пуняй, пазалетась злавiў рой. Летась у той-жа самы стаяк злавiў другi, дый адна свая сям'я роiлася сёлета, дык ужо тры меў. Любiў Пракоп пчолаў. Шмат чытаў пра iх, практычна пазнаў норавы й жыцьцё. Тое вясельле, аб якiм прыгадваў Мiколу, заўсёды адбывалася ўвечар перад роем. Тады матка цягнула цяненькiм галаском. Было й многа iншых галасоў розных адценьняў, якiх Пракоп жартаўлiва дзялiў на сватоў i дружак. Учора пасьля зьмярканьня ён такога вясельля не падслухаў, дык i супакойны быў, што рою сёньня ня будзе.

Калi Алена перацэдзiла малако, спарадкавала судзьдзё, пабралi плеценыя Пракопам пузатыя кошыкi й накiравалiся на загуменьне. Адтуль мяжой мiж доктаравым i Шпунтовым хутарам мецiлi на Гараватку. Iшлi паволi, разглядалiся.

Няголены, нястрыжаны, у сiняй кужэльнай сьвiтцы й зрэбных портках, босы Пракоп крочыў наперадзе. Быў ён высокi, моцнага складу мужчына. Ростам ледзь не раўнялася зь iм Алена. Першыя маршчыны

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату