Мова была пра талёны, што трэба было выкупляць ад мяйсцовага солтыса, што тут выступаў як агэнт лясьнiцтва, або ў самай лясьнiчай 'панствовай' канторы ў Гацях. Без талёну нельга было ў скарбовым лесе зьбiраць грыбоў, арэхаў, розных ягадаў. Адзiн талён каштаваў 50 грошаў - паўдня жаночае працы ў лiпавiцкага пана цi ў суседнiм фальварку.
Мяйсцовай лясной дзялянкай загадваў бальшынi вакольных людзей нялюбы руды, каржакаваты колiшнi легiянер Зьдзiсек Бжончэк. Ён, якi лiс, вечна стрыг вушамi й чмыхаў-нюхаў носам. Быў зь яго выдатны службiсты. Калi пойдзеш у лес, не трапляйся яму лепш на вока. Меў двох памочнiкаў, што рабiлi аб'езды. Тыя былi куды лагаднейшыя.
Агульна ў Заходняй Беларусi былi чатыры апiрышчы польскага акупацыйнага апарату: палiцыянт, каталiцкi польскi ксёндз, солтыс i настаўнiк. Для лiтоўскiх i суседнiх быў яшчэ й пяты слуп у васобе пана Бжончыка. На яго баку была ўлада. Ён нават чынiў гвалт над сялянамi, што без дазволу старалiся сарваць якую ягадзiну, арэх цi грыб. А ўжо нiколi не папускаў злодзеям, што якое дрэва высячы паквапiлiся.
Каму-ж гэта не рупiла ў лес! Цяжка нават уявiць Беларуса бязь лесу. У яго самога карэньнi, можна сказаць, ад веку вякоў лясныя. У лесе такое багацьце ўсякага дабра, такое вялiкае й неабдымнае хараство! Але тут вось на дарозе вырас пан Бжончэк, i анi кроку! Ён тут гаспадар!
Аб гэтым усiм думаў Пракоп Бахмач у нядзелю ранiцы. Устаў з пасьцелi цiханька, усьпялiў на сябе зрэбныя порткi, падношаную сiнюю кужэльную сьвiтку й, перш за ўсё, упоцемку стануўшы перад абразамi на покуцi, змовiў раньнюю малiтву.
Бахмачыха чула, што ўстаў муж, але знаку аб сабе, што прачнулася, не падала. 'Нiхай-жа думаiць, што сплю', - падумала. Рыпнулi ў сенцах дзьверы, i Пракоп ступiў на сухi панадворак. Даўно не было дажджу, прыгадаў Пракоп. Нахiнуў пры калодзезi вядро, сьцюдзёнай вадой апаласнуў твар, выцер ручнiком, што вiсеў на плоце.
Ужо золак. Пабляднелi зусiм зоркi на чыстым небе. Неўзабаве будзе вiднець. Трэба, не марудзячы, вывесьцi й напасьвiць па канавах ля дарогi Чарнулю. Там, як сонца на пядзю вышынi з-за балота вызiрне, дык можна будзе падаiць, а тады й у 'казну' па малiны пайсьцi. На сваiм-жа папары каб табе дзе травiнка гэтак усё высахла. Ды й колькi там гэнага папару - як добрай кабеце сесьцi. Гэта во, каб не вадзiў пасьвiць па канавах ля дарог, ля могiльнiку цi дзе трапiцца сьвежае лапiкла травы, то й напарстку не надаiлi-б. А жыць-жа трэба, працаваць трэба. На круглагодняй посьнiцы ногi выцягнеш.
Ледзь дакрануўся Пракоп клямкi варот у хляву, як ад сярэдзiны дайшло да вушэй нiзкае й задаволенае мыканьне. Чарнуля ведала, куды павядзе яе гаспадар - не першыня-ж гэта. Кабылы не было ў хляву, яна начавала за гумном у загарадзi.
Пракоп асьцярожна ступiў босымi нагамi ў хлеў. Саломы на посьцiлку ў гаспадарцы даўно каб табе калiва засталося. Пад нагамi стаяў рэдкi гной. Пракоп закiнуў Чарнулi павадок на рогi, вывёў да карыта й напаiў. На вулiцы затрымаўся ля плоту, нарваў крапiвы й выцер карове запэцканыя гноем бакi й чэрава. Рушыў праз аселiцы ў кiрунку могiльнiка, а там павярнуў на бальшак, што з усходняга боку Лiтоўцаў бег праз чыгунку ў кiрунку Галавачоў, а на поўднi хаваўся ў скарбовым лесе й там лучыўся iз гасьцiнцам. Па ўзбочынах бальшаку мейсцамi было шмат травы. Не марудзячы, Чарнуля пачала скубсьцi, а Пракоп пачаў прыслухоўвацца раньнiм гукам i прыглядаўся, як нараджаецца новы дзень.
Вiднелася. Ужо спынiлi гарлапанiць вясковыя пеўнi, а на зьмену iм прыходзiлi птушкi. Далёка над дубам Архiпам кружыла зграя варонаў. Пакаркаўшы, паляцелi на дзьве вялiкiя сосны, што расьлi на могiльнiку. З Гацяў далятала цяненькае галёканьне й лязгат буфэраў. Пракоп ведаў, што такiя гукi робiць малы паравоз, што безьперапынна соўваецца па чыгунках, зьбiраючы цi раськiдаючы вагоны. З Гацяў выходзiлi тры чыгункi - на захад, усход i поўнач. Станцыя была немалая.
На полi зазьвiнеў першы жаўранак. Дзесь голасна сакатала курыца, рыпелi асьверы, чуваць быў раньнi гоман пастухоў, што гукалi, выганяючы на поле статак. Спачатку надта-ж асьцярожна, потым сьмялей загудзела дуда лiпавiцкага пастыра Хвядоса. Гудкае мэлядыйнае рэха пракацiлася па скарбовым лесе, расплылося ў лiтоўскiх начоўках.
З-за балота павольна выкачвалася чырвоная куля й захварбавала найдальшыя на заходнiм небасхiле кружэльныя пухнатыя хмарынкi. Пракоп, азiраючыся навокал, пабачыў, што дзень нараджаўся цудоўна. Адзiн за адным прыкурвалi вясковыя комiны й паставiлi дымы слупамi ўверх. На Захаруковай лiпе клякаталi буслы. Адзiн зьляцеў, шыбануў колам над балотам i прызямлiўся.
Пракопавы думкi павярнулiся ў iншы бок. Аб тым, што ў сям'i ягонай мае зьявiцца новы маленькi чалавечак, турбаваўся ўжо ня першы раз. Яно даўно навiной спынiла быць. Ужо й суседзi, а найперш за ўсiх тыя найбольш дапытлiвыя пахатухi-сакатухi, ад якiх вачэй нiчога не схаваеш, даўно падсьцераглi й гадалi, цi будзе хлопчык, цi дзяўчынка. Iм што? Языкамi памеляць ды спыняць. От яму, Пракопу, дык мароч галаву. Тутака чатырох апрануць ды накармiць рады не дасi, а пяцёх дык i пагатоў. Хто-б гэта турбаваўся, каб было дзе палюдзку падзарабiць, або - яшчэ лепш - каб быў кавалак зямлi сваёй, варты таго назову. Пракоп - ня зломак, i не гультай: рукi ў яго, як казалi людзi, залатыя.
Не ў багацьцi, выгадзе, цi пяшчотах вырас. Быў сынам дробнага арандатара. Меў старэйшага брата Хвёдара. Перад вайной яшчэ наважыўся Пракоп пашукаць лепшае долi на чужыне ў Пецярбургу. Не павялося й там. Адукацыю меў невялiкую. Пасьля доўгiх стараньняў i прыгодаў, бяз сродкаў да жыцьця, уцёрся неяк у кантору пiсарам. У самым хвасьце паставiлi. Ды мала з таго суцехi было, заробку ледзь на пражыцьцё хапала.
Не азiрнуўся, як пачалася катавасiя, якую пасьля назвалi Першай сусьветнай вайной. Пракоп усё лiпеў ля свайго канторскага столу, ды трывожыўся, што й яго ваенная хваля паглыне й выкiне на нейкi невядомы чужы бераг. На ягоных вачох адбылася лютаўская рэвалюцыя. Пракопу рупiла ўжо дадому да бацькоў, ды ўсё яшчэ занадта моцна кiпеў мястовы кацёл. Цi ня варта пачакаць, пакуль разьясьнiцца? Адылi нiчога не ясьнела. Наадварот: адкуль нi вазьмiся павылазiлi на верх бальшавiкi. Пачалася такая бойня й неразьбярыха, што Бахмач, падмазаўшы пяткi, наважыў раз i назаўсёды разьвiтацца з чужым местам.
Трагiчная неспадзеўка чакала яго ў роднай вёсцы: бацькi памерлi ад голаду й хваробаў, а Хвёдара забралi ў войска, i сьлед па iм прастыў. Дзяцюк застаўся цяпер сам-адзiн, як палец. Нейкi час лындаў- швэндаўся па ваколiцы, пасьля ўцёрся парабкам да лiпавiцкага пана. 'Тут абы вайну пiратрываць, каб якi чорт качаргой нi падчапiў ды на бойню нi пацягнуў, - мяркаваў ён, - а тамака вiдаць будзiць'.
Калi-ж нарэшце ацiхла вайна, агледзеўся панскi парабак Пракоп Бахмач, што за ўсякую цану трэба было-б на якi кусок зямлi ўзьбiцца. Надта-ж рупiла яму на сваiм гаспадарыць. Бацька цэлае жыцьцё на чужых нiвах вунь як папацеў, а як з гэтага сьвету сышоў, дык нi кала, нi двара па сабе не пакiнуў.
Мара аб сваёй зямлi перарасла ў прагу й марыла па начох бяссоньнем. Як-жа яе прыдбаць? За што? Найлепшы спосаб - узяць iз пасагам дзеўку. Вайна прарэдзiла шэрагi вясковых дзяцюкоў, шмат у каго не ставала рук да працы. Дзяўчатаў, якiм замужжа карцiла, было цiмала. Меў Пракоп неблагiя шанцы: з выгляду нiштаваты быў, а калi за якую працу возьмецца, дык яна ў руках аж гарэла. Любасьць глядзець было. Галаву на плячох не для аздобы насiў.
Разгледзеўся Пракоп, узважыў магчымасьцi, памяркаваў ды ўзяў на вока Алену. Даволi-ткi ў iх гладка пайшло, палюбiлiся адразу. Алена мела старэйшую, ужо замужнюю, сястру Кацярыну й бацьку. Кожнай дачцэ ў пасаг бацька кавалак зямлi даваў.
Пайшоў Пракоп у прымы. Прыказка кажа, што прымачы хлеб - сабачы, але Бахмач iзь цясьцём, што ў гадох ужо быў, i з жонкай добра ладзiў. Ды цесьць скора памёр, а Пракоп, разам iз шваграм ягоную спадчыну падзялiўшы, узяўся за гаспадарку. У лiпавiцкага пана на адработак старгаваў дрэва ды пачаў будавацца.
Па суседзтву зь лекаравай сялiбай лёг зруб Пракопавай хаты. Сьцены ўкладалi талакой, а рэшту Пракоп майстраваў сам. Вельмi-ж папацеў ён тады, папанатужыўся. Побач iз будаваньнем трэба было яшчэ за гаспадаркай глядзець ды лiпавiцкаму пану за будаўляны матар'ял адрабляць. Жончына пасажная зямля, апрача гароду, саду ды аселiцы, была пяшчаная, неўрадлiвая. Ды прыказка-ж кажа: доранаму коню ў зубы не глядзяць. Быў Пракоп i гэтым Аленiным пасагам рад. Неўзабаве пачалi гаманiць, што вёска мае на хутары быць парэзаная. У Бахмача нарадзiлiася надзея: калi пачнуць зямлю перамерваць, дык, можа, i яму лепшы кавалак зямлi адрэжуць.
Калi-ж вузкiя палоскi на хутарныя дзялкi пачалi кроiць, дык сталася тое, чаго нi Пракоп, нi iншая вясковая бядота не маглi прадугледзiць: подкупамi каморнiка, што на ўсякiя ласкi быў прагавiты, багацейшыя найлепшую зямлю дасталi. Пракопу адрэзалi пяшчаны клiнок на гэты бок могiльнiку пад чыгунку. Добра, што хаця пераносiцца не загадалi, ды пры хаце гарод, сад i аселiцу пакiнулi.