научному марксизму нужны усердия каждого из нас. Да, нужно проявлять всевозможную бдительность, повторяю - беспощадную бдительность...'

Дрыжыць млосная Пракопава рука, трымаючы набухтырыную Шпунтом шклянку агiднай сiвухi. Зладзейскiя Сабакевiчавы вочы, як кот мыш, пiльнуюць зьняможанага Януковага бацьку, каторага ў халодны пот кiдае. Ён паволi, цяжка ўстае за сталом. Рука апушчаецца й ставiць шклянку на стол, вочы сьвецяцца скрухай i дрыжыць голас малiтвы: 'Сьвятая Апрасiньня Полацкая, Дарагая Правiднiца наша, заступiся за нас!'

Тры постацi застылi пры стале. Цяжкое дыханьне й мёртвае маўчаньне. Мiг - цэлая вечнасьць. 'Я табе, яцi тваю маць, пакажу тваю Апрасiньню!' грымiць разьюшаны, хрыплы бас i шклянка цаляе проста ў цэнтар абраза Прадславы. Як цяжкi мех, бацька асоўваецца на лаву, дрыжаць бледныя вусны.

'...бдительность нужно применять везде и всегда, ибо враг не сдается и не думает сдаваться. Борьба с клерикалами-мракобесами будет длинной и упорной...'

Кагадзе пашырылася ў Лiтоўцах навiна, што чорнабароды Абухаў у Дубовiцкай царкве свае модлы спынiў. Парафiю ўлада асядлала такiмi вялiкiмi 'ўзносамi', што каб няведама якiмi грамадамi ў царкву сьпяшылi й якiя вялiкiя матар'яльныя ахвяры прыносiлi, дык усё ў касматую 'асвабадзiцельную' лапу трапiць, а самому дубовiцкаму сьвятару, быццам, на грыбную полiўку навет ня хопiць. Казалi, што быццам сьвятар з залатым крыжам пры царскiх варотах на тэму такога нефартуннага павароту справы, густа ў чорную бараду чмыхаючы, прасьлязiўся, помачы прасiў. Ды 'узносы', як з гэных гутарак спанатрыць можна было, ня толькi царкоўную, але й Абухаву прыватную маёмасьць учэпiстамi лапамi агарнулi. На дзьвярох Дубовiцкае вялiкi замок побач нейкай урадавай запiскi вiсеў, а сам сьвятар, з пляшкамi блiжэйшае сваяцтва завёў.

'...нужно сообразить, что мракобесы-клерикалы совершенно бессильны без поддержки масс. Задача наша поэтому есть в просвещении...'

Максiм Паўлавiч левай рукой палез пад бараду, расшпiлiў аплiк i пару гузiкаў шэрай, у клетачкi, сьвiткi ды далей шаманiў сiпата-траскучым голасам. Янук зiрнуў на шчэрбiну свайго левага бота. Тарчэлi адтуль рудыя драўляныя цьвiкi. Налезла сьнегу, пальцы нагi варушылiся ў вiльготнай анучы. Бурчэў-наракаў жывот. Можа за пару гадзiн па гэтым марозiшчы дахаты дабярэшся, а там Мiкола з капустай сустрэне. Добра, калi кавалак косткi зь мясам пападзе.

Уздрыгнуўся з дрэмкi ля вакна Мiкiта Пятровiч, зiрнуў на агiтатара з 'народнага абразаванiя', кiнуў вокам на вялiкую белую цыбулiну-гадзiньнiк на руцэ. Каб перапынак скарэй.

'...которые помогают мракобесам, есть везде вокруг вас. Они - ваши друзья, знакомые, ваши родственники. Будьте бдительными и стремитесь с самого начала их разоблачить ибо разоблачение есть первой степенью просвещения...'

Косьцiк ведаў, што рабiў. Ён Януковага бацьку 'мракабеса разаблачаў'. Вось яно што.

'...наши общие интересы, стало быть интересы коммунистической партии, могуиественного советского государства, правительства его и мудрейшего из мудрых отца народов, гениального корифея коммунизма, товарища Сталина, стоят выше интересов семейственных, собственных и прочих...'

Кляса перасеялася. Адыйшлi нафуфырыныя, намаляваныя, пасьвяточнаму апранутыя панкi й паненкi. Недзе мо ў вагонах па дарозе на Сiбiр, цi ў iншым катуху 'нiаб'ятнай' голад i холад iм з павекаў сон зганяе. Там-жа й Верачка-цацанька з галапупымi разам. Божа магутны! У клясе ўважна слухалi гэтага дзiвака сьцiплыя, простыя, даверлiвыя сялянскiя дзеткi. Спачатку было 'асадзi назад' зь сёмай i шостай у пятую. Бальшавiцкая мешалка перамяшала, на новы лад падраўняла. У шостай больш здольныя засталiся, а ў сёмую наплылi сынкi й дачушкi 'васточнiкаў'. 'Народнаўладнiцкая' мешалка прынесла ў клясу лапцi, сукенкi й сьвiткi ў лапiках, розныя транты-абноскi, вожыкамi стрыжаныя галовы. Затаптаная гразёй падлога даўно вады й мыла прасiла. Цяпер-жа адно 'камбедаўцы' вопраткай вырозьнiвалiся.

Званок зь нiзу заврухнуў з дрымоты Мiкiту Пятровiча, а сьмелы шорах выказаў агульную нецярплiвасьць дзяцей. Максiм Паўлавiч на мiг спынiўся ў сярэдзiне няскончанага сказу.

- Жалко, так быстро время пролетело... Пускай. На второй раз продолжим...

Вучнi выходзiлi ў калiдор. Янук стаяў пры вялiкiм вакне, празь незамерзлую сярэдзiну шыбы пазiраў на бель роўнага поля, што з правага боку падбiралася пад дуброву, а зь левага да чыгуначных шляхоў. На станцыi дымiла колькi паравозаў, мясцамi варушылiся вагоны, гэтта блiжэй ужо вырасьлi сьцены вялiкай будынiны, таго 'фазаво'. Там чарнелi ля працы 'фуфайкi'.

- Што-ж ты, Янучок, сягоньнiка такi нiвясёлы?

Стаяла зь левага боку, упрытык да яго пляча. Румяная, пышная, расьцьвiўшая. Вось, здавалася, хутка на пунсовых шчочках зьявяцца ямачкi, гарэзьлiвай усьмешкай загарыцца тварык, а васiлькi, зводзячы й абяцаючы, пацягнуць у краiну хмельнага, кроў грэючага-хвалюючага дурману. Янук, не без намаганьня, адвярнуўся, каб не глядзець на дзяўчыну.

- Ды так сабе... А што мне нiвясёлым няможна быць?

31

Перад зьмярканьнем папусьцiў мароз i ўскатурхаўся свавольнiк-вецер. Лянiва пазабаўляўся сьнежнай трасянкай ля гумнаў, хатаў, на ўхабiнах раскапанага тунэлю гацлага гасьцiнцу, на ўзьлесьсi Гаравацкай пушчы, скалануў Архiпаў чуб. Пачаў арганiзаваць уланаў чартоўскай коньнiцы дый не на сьмех шаржаваць вакол будынкаў. Пасьмялеўшы, сьнежныя, бела-пуховыя буяны джгалi ўздоўж i ўпоперак зусiм адкрытага прастору лiтоўскiх начовак. Вырасталi, iмчалiся на злом галоваў, падалi й зноў паўставалi.

Цi ёсьць што больш велiчнае й захпляючае, чымся завiруха, калi магутная стыхiя iмкне насустрач ночы! Ля гумнаў скрыпяць азяроды, рыпiць у садзе надломаны камель цi галiна, жаляцца скуголяць голыя чубы клёнаў, ля вiльчыкаў засланкай грукоча тая дошка шчыта, каторую 'во трэба прыбiць дабрацца'. Хтось упоцемку вобмацакам лазiць па гарышчы, поўзае па склепе, кешкаецца пад страхой. Асьцярожна прачынi знадворныя дзьверы зь сяней i прыслухайся: гэта вунь магутны тытан схапiў чуб той лiпы, што ў садзе. Ды не, пiльней трымай вуха: гэта ня лiпа ў садзе, Няйнакш так грымiць сам волат Архiп. А мо й не адзiн ён. Мо ў Гараватцы са старых валатовак устала князёва дружына, зыходзiцца на веча, шумiць-гамонiць народ, раiцца як бацькаўшчыну ад напасьнiка баранiць. Чуеш, як вунь iржаць конi, зьвiняць шлёмы й кальчугi, дзiды й забралы? I цi нi клiнок з аздобленай ручкай урэзася-скрыгануў у шчыт напасьнiка? Чуеш гулкiя званы? Яны Гаравацкiх клiчуць. Гасiце-ськiдайце смаляныя вогненныя ядры, не давайце агню да цэнтру дзяржавы дабрацца! Дый не баранiцца, а наступаць вам, бо найлепшай абаронай ёсьць атака. Гудзяць ваенныя рагi, галосяць дуды, зьбягаюцца вартавыя й памежныя зьблiзку й здалёку. На бой, каб даць адпор! А дыханьне ворага прагнае, напорыстае. Гультай- леў пранюхаў здабычу i ўжо на сухадрэвiне першыя груганы зьявiлiся. Будзе гэтта бой вялiкi, сiла народу галовы паложыць. Чуеш, як напiраюць дружыны волатаў? I ня трывожыць цябе хiсткая, зьняможаная рука абаронцы? Трымайцеся, ня дайце ходу цемры, бо за гэтым боем мяжа. Далей нi прасьвету, нi жыцьця, адно на валатоўках вецер хаўтуры адпяваць будзе.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

У Бахмачовай хаце кацiным вочкам лiпеў на дне перавернутага верхам унiз гладыша на стале каганец. Абапёршыся падбародкам на далонi, сядзеў пры стале Мiкола. Ягоныя буйныя, даўно нястрыжаныя валосы навiсьлi над правым вокам. Хлапец матнуў галавой, адкiнуў назад валосы i ўтаропiўся ў маленькае полымя каганца, што варушылася пад подыхам ветру, якi прабiраўся празь сьцены, абкладзеныя звонку кулявой саломай i абсыпаныя кастрай. Блiжэй парогу, ля вялiкай печы, весела хлiпала ў круглай чыгуннай печцы полымя. Печку кагадзе прывалаклi ў хату, паставiлi на цаглiнах i падлажылi пад нiз абшырны кавалак таўстой бляхi, а комiн правялi ў круглую дзiрку цаглянай печы.

Янук паволi сьцягнуў боты, павесiў на шнуры над печкай сушыцца анучы, надзеў туфлi й сеў на зэдлiку ля печкi. Зiрнуў на брызентавую сумку, у якой насiў кнiжкi й сшыткi ў школу, нешта памяркаваў ды лянiва прыжмурыў вочы. Незадаволены Мiколавай капустай, бурчэў жывот. Хлапец раптам устаў, выбег у сенцы й хутка вярнуўся зь вялiкай жоўтай антонаўкай у руцэ. Адкусiў вялiкi кавалак i паволi, смакуючы, пачаў жваць.

- Ужо зьмякчэла? - спытаў лянiва Мiкола.

- Яшчо цьвiрдаватая, алi ўжо есьцi можна, - адказаў Янук.

Абнюхаўшы прыемны пах антонаўкi, Мiкола пацягнуў носам. Яблакi належвалiся на гары ў кастрыцы.

- Хто ведаiць, якiя налета антонаўкi будуць i цi будуць толька, мяркаваў Мiкола. - Такi марозiшча. Пэўня ўсе сады памерзнуць.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату