вадасцёкавы жолаб. 'Воля! Я вольная!' - радавалася я i нават забылася, чаго сюды прыбягала.
А мiж тым пачало цямнець, насоўвалася ноч. Я прыстала нанач у старой вежы. Там жылi толькi вартаўнiк ды сава. Спачатку я крыху баялася iх, асаблiва савы - яна вельмi падобная на кошку i акрамя таго ў яе ёсць адна прыкрая загана: як i кошка, сава ласуецца мышамi. Але хто з нас не памыляецца ў жыццi! Гэтым разам памылiлася i я. Сава, як выявiлася, - разважлiвая i адукаваная асоба. Яна шмат чаго пабачыла на сваiм веку, ведала больш, чым вартаўнiк, i амаль столькi, колькi ведаю я. Яе малыя савяняты прымалi ўсялякую жыццёвую недарэчнасць вельмi блiзка да сэрца. 'Не варыце супу з кiлбаснай палачкi, павучала iх у такiх выпадках старая сава, - не шумiце без дай-прычыны'. Старая сава была вельмi ўважлiвай, пяшчотнай мацi. Я адразу адчула да яе давер i нават не пабаялася падаць голасу са сваёй шчылiны. Гэта саве вельмi спадабалася, i яна абяцала мне падтрымку. Нiводнай жывёлiне яна цяпер не дазволiць з'есцi мяне, бо ўжо лепш зробiць гэта сама, калi наблiзiцца зiма i не будзе чаго iншага есцi.
Сава была надзвычай разумнай птушкай. Яна, напрыклад, даказала мне, што вартаўнiк не змог бы трубiць, калi б у яго на поясе не вiсеў рог. А яшчэ важнiчае чалавек, робiць выгляд, што ён не горшы за саву! Але што з яго возьмеш! Суп з кiлбаснай палачкi!
Тут я i папрасiла саву расказаць мне, як той суп можна прыгатаваць. А сава мне растлумачыла: 'Суп з кiлбаснай палачкi - гэта ўсяго толькi прымаўка; кожны разумее яе па-свойму, як сам хоча, i кожны верыць, што яго думкi наконт гэтага найбольш правiльныя. А калi папраўдзе разабрацца, то нiякага супу з кiлбаснай палачкi не бывае'. 'Як не бывае?' - збянтэжылася я. Вось дык навiна! Так, iсцiна не заўсёды прыемная, але ж яна вышэй за ўсё.
Тое самае сказала мне i сава. Падумала я, падумала i ўрэшце зразумела, што калi я прывязу дадому самае высокае, што толькi ёсць на свеце, гэта значыць iсцiну, то гэта будзе куды больш каштоўным, чым нейкi там суп. I я заспяшалася дадому, каб хутчэй паднесцi вам самае высокае i праўдзiвае - iсцiну.
Мышы - народ адукаваны, а мышыны цар тым больш. I ён можа смела браць мяне царыцай, у iмя высокай iсцiны.
- Твая iсцiна - хлусня! - залямантавала мыш, якая яшчэ не паспела выказацца. - Я магу зварыць гэты суп, i звару яго зараз жа!..
V. Як варылi суп...
- Я нiкуды не ездзiла, - пачала апавядаць трэццяя мыш. - А засталася дома, бо гэтак больш надзейна. Няма чаго бадзяцца па белым свеце, калi ўсё можна раздабыць дома. I я вось засталася! Я не набiвалася ў сяброўства да ўсялякага там гнюсу, каб навучыцца варыць суп, не глытала мурашоў i не чаплялася да соў. Я дайшла да ўсяго ўласным розумам... То пастаўце, калi ласка, кацёл на плiту. Вось так! Цяпер налiце вады, ды каб паўней было. Вельмi добра! Няхай вада закiпае, няхай забурлiць белымi струмянямi. А цяпер кiньце ў кацёл кiлбасную палачку... Цi не пажадаеце вы цяпер, ваша светласць, сунуць у кiпень ваш пушысты царскi хвосцiк, каб злёгку памешваць iм суп! Чым даўжэй будзеце памешваць, тым больш наварыстым атрымаецца булён, - гэта ўсё вельмi проста. I не трэба нiякiх прыпраў - сядзiце сабе ды памешвайце хвосцiкам! Вось так!
- А цi нельга даручыць гэту справу каму iншаму? - пытае мышыны цар.
- Не, - адказвае мышка, - нельга. Уся сiла ў царскiм хвасце!
I вось вада закiпела, а мышыны цар прыладзiўся каля катла i выцягнуў хвост, - акурат так, як мышы звычайна здымаюць смятанку з малака. Але як толькi на царскi хвост дыхнула гарачай парай, мышыны цар iмгненна саскочыў на падлогу.
- Ну, быць табе царыцай, - паспешлiва заявiў ён. - А з супам давай пачакаем да нашага залатога вяселля. Вось узрадуюцца тады беднякi ў маiм царстве! А пакуль няхай чакаюць ды смачна аблiзваюцца.
Адгулялi вяселле, ды толькi шмат хто з мышэй, вяртаючыся дадому, незадаволена пабуркваў:
- Ну, хiба гэта суп з кiлбаснай палачкi? Гэта хутчэй суп з мышынага хваста!
Яны лiчылi, што iншыя падрабязнасцi, якiя паведалi тры мышы, былi цiкавымi, але iх, бадай, трэба было расказаць iначай. Калi б пра гэта апавядалi мы, то казалi б вось так i так.
Увогуле, гэта ўжо самая сапраўдная крытыка, а крытыка, згадзiцеся, заўсёды заднiм розумам моцная.
Уся гэта гiсторыя абляцела ўвесь свет, i меркаваннi наконт яе раздвоiлiся; але яна сама ад таго нiколечкi не змянiлася. Наша гiсторыя праўдзiвая ва ўсiх падрабязнасцях ад пачатку да канца, уключаючы i кiлбасную палачку. Вось толькi падзяку за казку лепш не чакаць, усё адно не дачакаешся!
ТАЛIСМАН
Прынц з прынцэсай адзначалi свой мядовы месяц. Яны былi неверагодна шчаслiвыя, i толькi адна думка-развага не давала iм спакою: iм вельмi хацелася ведаць, цi будуць яны гэткiя ж шчаслiвыя ўсё сваё жыццё? Таму i сталi яны марыць пра талiсман, якi засцярог бы iх ад усялякiх нягод у сямейным жыццi. А да гэтага яны шмат наслухалiся пра аднаго чалавека; жыў гэты чалавек у лесе, i ўсе паважалi яго за мудрасць. У любой бядзе i ў любым цяжкiм становiшчы ён мог даць слушную параду. Выправiлiся да гэтага мудраца прынц з прынцэсай i расказалi яму пра ўсё, што смылела ў iх на душы. Выслухаў iх мудрэц i сказаў:
- Iдзiце вандраваць па белым свеце, i калi сустрэнуцца вам шчаслiвыя i ўсiм задаволеныя муж i жонка, папрасiце ў iх квалачак сподняй бялiзны, а калi здабудзеце такi кавалачак, насiце яго заўсёды як талiсман. Гэта надзейны сродак.
Селi прынц з прынцэсай на коней i выправiлiся ў шлях-дарогу; неўзабаве пачулi яны ад людзей пра аднаго вядомага рыцара, якi нiбыта жыў са сваёй жонкай шчаслiвей за ўсiх iншых. Паехалi яны да яго ў замак i пачалi самi распытвацца, цi праўда, што яны так задаволены сваiм жыццём, як сведчыць пра гэта погаласка.
- Усё праўда, - адказалi яны, - толькi адно гора: няма ў нас дзяцей.
Значыць, шукаць тут талiсман не мела сэнсу, i давялося прынцу з прынцэсай выправiцца далей на пошукi шчаслiвых i ўсiм задаволеных мужа з жонкай.
I вось прыехалi яны ў горад, дзе згодна з чуткамi быў адзiн сумленны гараджанiн, якi жыў са сваёй жонкай у згодзе, каханнi i ласцы. Прыйшлi яны да яго i спыталi, цi праўда, што ён гэткi шчаслiвы ў сямейным жыццi, як пра гэта расказваюць.
- Ды ўжо што праўда, то праўда! - адказаў муж. - Жывём мы з жонкай душа ў душу, вось толькi дзяцей у нас зашмат, а з iмi хапае нам клопату i гора!
Значыць, шукаць талiсман i ў яго няма сэнсу, i прынц з прынцэсай выправiлiся далей, усюды распытваючы, цi не чуў хто пра шчаслiвых i задаволеных мужа i жонку. Але такiя нiяк не сустракалiся.
Аднойчы, калi ехалi па палях i лугах, заўважылi яны ля дарогi пастуха, якi весела iграў на жалейцы. I бачаць яны, што да пастуха iдзе жанчына з немаўлём, а другое дзiця, хлапчука, вядзе за руку. Як толькi пастух убачыў жанчыну, ён кiнуўся ёй насустрач, павiтаўся, узяў немаўля i пачаў цалаваць i лашчыць яго. А сабака пастуха скакаў i брахаў ад радасцi, падбег да хлапчука i лiзнуў яго за руку. Мiж тым жонка пастуха дастала гаршчок, якi прынясла з сабой, i сказала:
- Iдзi, бацька, паеш.
Муж сеў на зямлю i пачаў есцi, але першы кавалак ён аддаў немаўляцi, а другi падзялiў памiж хлапчуком i сабакам. Усё гэта бачылi i чулi прынц з прынцэсай. Падышлi яны блiжэй i завялi гаворку з мужам i жонкай:
- Вiдаць, вы самыя шчаслiвыя i задаволеныя на свеце муж i жонка?
- Ды ўжо ж што праўда, то праўда, - адказаў муж. - Дзякаваць Богу. Няма на свеце нiводнага прынца з прынцэсай, якiя былi б шчаслiвейшыя за нас.
- Ведаеце што, - сказаў тады прынц, - дапамажыце нам, вы пра гэта не пашкадуеце! Дайце нам кавалачак кашулi, якую вы носiце на целе!
Пачуўшы гэта, пастух з жонкай неяк дзiўна пераглянулiся. А пастух сказаў:
- Бачыць Бог, мы з радасцю далi б вам не толькi па шматку, але i цэлую кашулю, калi б яна ў нас была. Але ў нашай хаце няма нават нiякай анучы.
Давялося прынцу з прынцэсай выправiцца далей з пустымi рукамi. У рэшце рэшт доўгiя i марныя блуканнi надакучылi iм, i яны скiравалi дамоў. Калi прынц з прынцэсай ехалi мiма хацiны мудраца, яны папiкнулi яго за тое, што ён даў iм такую дрэнную параду, i расказалi пра сваё падарожжа.
Усмiхнуўся на гэта мудрэц i сказаў:
- Няўжо вы i на самай справе змарнавалi час? Хiба не вярнулiся вы дамоў умудроныя вопытам?
- Гэта праўда, - адказаў прынц, - я даведаўся, што шчасце i задаволенасць сваiм лёсам - рэдкi дар на гэтым свеце!