- А я, - сказала прынцэса, - зразумела: каб быць шчаслiвым, трэба толькi адно - быць шчаслiвым!

Тут прынц працягнуў прынцэсе рукi i зiрнулi яны адно на аднаго з зайздросным замiлаваннем i каханнем. Блаславiў iх мудрэц i сказаў:

- У вашым уласным сэрцы знайшлi вы сапраўдны талiсман! Беражыце яго, i тады злы дух незадаволенасцi нiколi не завалодае вамi!

РУСАЛАЧКА

Далёка ў моры вада сiняя-сiняя, як пялёсткi самых прыгожых васiлькоў, празрыстая-празрыстая, як самае чыстае шкло, толькi вельмi глыбокая, такая глыбокая, што нiякага якарнага каната не хопiць. Шмат званiц трэба паставiць адна на адну, тады толькi верхняя выгляне на паверхню. Там на дне жыве падводны народ.

Але не падумайце, што дно голае, адзiн толькi белы пясок. Не, там растуць незвычайныя дрэвы i кветкi з такiмi гнуткiмi сцяблiнамi i лiсцем, што яны варушацца, нiбы жывыя, ад самага малога руху вады. А мiж галiн ходзiць туды-сюды рыба, вялiкая i маленькая, зусiм як птушкi лятаюць у паветры ў нас наверсе. У самым глыбокiм месцы стаiць палац марскога цара - сцены яго з каралаў, высокiя стральчатыя вокны з самага чыстага бурштыну, а дах увесь з ракавiн; яны то адкрываюцца, то закрываюцца, у залежнасцi ад таго, прылiў цi адлiў, i гэта вельмi прыгожа, бо ў кожнай ляжаць зiхатлiвыя жамчужыны i любая была б цудоўным упрыгожаннем у кароне самой каралевы.

Марскi цар даўным-даўно аўдавеў, i гаспадаркай у яго кiравала старая мацi, жанчына разумная, толькi надта ўжо ганарылася яна сваёй знатнасцю: на хвасце старая насiла аж дванаццаць вустрыц, тады як iншым вяльможам дазвалялася толькi шэсць. У астатнiм жа яна заслугоўвала ўсялякай пахвалы, асаблiва таму, што душы не чула ў сваiх маленькiх унучках - прынцэсах. Iх было шэсць, усе прыгожанькiя, але мiлейшай за ўсiх была самая малодшая, са скурай чыстай i пяшчотнай, як пялёстак ружы, з вачыма сiнiмi i глыбокiмi, як мора. Толькi ў яе, як, зрэшты, i ў астатнiх, ног не было, а замест iх быў хвост, як у рыбы.

Цэлы дзень гулялi прынцэсы ў палацы, у прасторных пакоях, дзе са сцен раслi жывыя кветкi. Расчынялiся вялiкiя бурштынавыя вокны, i ўсярэдзiну заплывала рыба, зусiм як у нас ластаўкi залятаюць у хату, калi вокны адчынены насцеж, толькi рыба падплывала проста да маленькiх прынцэс, брала з iх рук ежу i дазваляла сябе гладзiць.

Перад палацам быў вялiкi сад, у iм раслi агнiста-чырвоныя i цёмна-сiнiя дрэвы, плады iх ззялi золатам, кветкi - гарачым агнём, а сцяблiны i лiсце бесперастанна гайдалiся. Зямля была суцэльным дробным пяском, толькi блакiтнаватым, як сернае полымя. Усё там унiзе адлiвала якойсьцю асаблiвай сiнечаю, - можна было падумаць, быццам стаiш не на дне марскiм, а ў паветранай вышынi, i неба ў цябе не толькi над галавой, але i пад нагамi. У бязветраны дзень з дна вiдаць было сонца, яно здавалася пурпурнай кветкай, з чашы якой лiецца святло.

У кожнай прынцэсы была ў садзе свая мясцiнка, тут яны маглi капаць i садзiць, што хацелi. Адна зрабiла сабе градку для кветак у выглядзе кiта, другой уздумалася, каб яе градка выглядала русалкай, а самая малодшая зрабiла сабе градку, круглую, як сонца, i кветкi на ёй садзiла такiя ж пунсовыя, як яно само. Дзiўнае дзiця была гэта русалачка, цiхае, задуменнае. Iншыя сёстры ўпрыгожвалi сябе ўсякай усячынай, якую знаходзiлi на затопленых караблях, а яна толькi i любiла, што кветкi ярка-чырвоныя, як сонца, там, наверсе, ды яшчэ прыгожую мармуровую статую. Гэта быў цудоўны хлопчык, высечаны з чыстага белага каменя, якi апусцiўся на дно марское пасля караблекрушэння. Каля статуi русалачка пасадзiла ружовую нiцую вярбу, яна пышна разраслася i звешвала свае галiны над статуяй да блакiтнага пясчанага дна, дзе атрымлiваўся фiялетавы цень, якi зыбаўся ў лад гайданню галiн, i ад гэтага здавалася, быццам верхавiна i каранi лашчуцца адно да аднаго.

Больш за ўсё русалачка любiла слухаць расказы пра свет людзей там, наверсе. Старой бабулi давялося расказаць ёй усё, што яна ведала пра караблi i гарады, пра людзей i жывёл. Асаблiва дзiвосным i незвычайным здавалася русалачцы тое, што кветкi на зямлi пахнуць, - не тое, што тут, на марскiм дне, - лясы там зялёныя, а рыба сярод галiн спявае так гучна i прыгожа, што проста заслухаешся. Рыбай бабуля называла птушак, iнакш унучкi не зразумелi б яе: яны ж зроду не бачылi птушак.

- Калi вам споўнiцца пятнаццаць гадоў, - казала бабуля, - вам дазволяць усплываць на паверхню, сядзець у месячным святле на скалах i глядзець на вялiзныя караблi, якiя праплываюць мiма, на лясы i гарады!

У гэтым годзе старэйшай прынцэсе якраз спаўнялася пятнаццаць гадоў, але сёстры былi пагодкамi, i выходзiла так, што толькi праз пяць гадоў самая малодшая зможа падняцца з дна марскога i ўбачыць, як жывецца нам тут, наверсе. Ды кожная абяцала расказаць астатнiм, што яна ўбачыла i што ёй больш за ўсё спадабалася ў першы дзень, - бабулiных расказаў iм было мала, хацелася ведаць як мага больш.

Нiводную з сясцёр не вабiла так на паверхню, як самую малодшую, цiхую, задуменную русалачку, якой даводзiлася чакаць даўжэй за ўсiх. Ноч за ноччу праводзiла яна каля адчыненага акна i ўсё глядзела наверх праз цёмна-сiнюю ваду, у якой плёскала хвастамi i плаўнiкамi рыба. Месяц i зоркi бачылiся ёй, i хоць свяцiлi яны зусiм цьмяна, затое здавалiся праз ваду нашмат большымi, чым нам. А калi пад iмi нiбы плыло цёмнае воблака, ведала яна, што гэта цi кiт праплывае, цi карабель, а на iм шмат людзей, i ўжо, канешне, iм i ў галаву не прыходзiла, што ўнiзе пад iмi прыгожанькая русалачка цягнецца да карабля сваiмi белымi рукамi.

I вось старэйшай прынцэсе споўнiлася пятнаццаць гадоў, i ёй дазволiлi ўсплыць на паверхню.

Колькi было расказаў, калi яна вярнулася назад! Ну, а лепш за ўсё, расказвала яна, было ляжаць у месячным святле на водмелi, калi мора спакойнае, i разглядваць вялiкi горад на беразе: быццам сотнi зорак, там мiгцелi агнi, чулася музыка, шум экiпажаў, гамана людзей, вiднелiся званiцы i шпiлi, званiлi званы. I якраз таму, што туды ёй нельга было, туды i цягнула яе больш за ўсё.

Як прагна слухала яе расказы самая малодшая сястра! А потым, вечарам, стаяла каля адчыненага акна i глядзела наверх праз цёмна-сiнюю ваду i думала пра вялiкi горад, шумны i ажыўлены, i ёй здавалася нават, што яна чуе, як звоняць званы.

Праз год i другой сястры дазволiлi падняцца на паверхню i плыць куды пажадае. Яна вынырнула з вады якраз у тую хвiлiну, калi сонца заходзiла, i вырашыла, што больш дзiвоснага вiдовiшча няма на свеце. Неба было ўсё залатое, сказала яна, а воблакi - ах, у яе проста няма слоў апiсаць, якiя яны прыгожыя! Чырвоныя i фiялетавыя, плылi яны па небе, але яшчэ хутчэй ляцела да сонца, нiбы доўгi белы вэлюм, чарада дзiкiх лебедзяў. Яна таксама паплыла да сонца, але яно апусцiлася ў ваду, i ружовы водблiск на моры i аблоках патух.

Яшчэ праз год паднялася на паверхню трэцяя сястра. Гэта была смялейшая за ўсiх i праплыла ў шырокую раку, якая ўпадала ў мора. Яна ўбачыла там зялёныя ўзгоркi з вiнаграднiкамi, а з гушчару цудоўнага лесу выглядвалi палацы i сядзiбы. Яна чула, як спяваюць птушкi, а сонца прыгравала так моцна, што ёй не раз даводзiлася ныраць у ваду, каб астудзiць свой палымяны твар. У бухце ёй трапiўся цэлы гурт маленькiх чалавечых дзяцей, яны бегалi галышом i плюхалiся ў вадзе. Ёй захацелася пагуляць з iмi, але яны спалохалiся яе i ўцяклi, а замест iх з'явiўся нейкi чорны звярок - гэта быў сабака, толькi ж ёй яшчэ нi разу не даводзiлася бачыць сабаку - i забрахаў на яе так страшна, што яна перапалохалася i паплыла назад у мора. Але нiколi не забыць ёй дзiвоснага лесу, зялёных узгоркаў i прыгожых дзяцей, якiя ўмеюць плаваць, хаця i няма ў iх рыбiнага хваста.

Чацвертая сястра не была такой смелай, яна плавала ў адкрытым моры i лiчыла, што там якраз i было лепш за ўсё: мора вiдаць вакол на вельмi многа мiль, неба над галавой як велiзарны шкляны купал. Бачыла яна i караблi, толькi зусiм здалёку, i выглядалi яны амаль як чайкi, а яшчэ ў моры кулялiся гарэзлiвыя дэльфiны i кiты пускалi з ноздраў ваду, таму здавалася, быццам вакол бiлi сотнi фантанаў.

Дайшла чарга i да пятай сястры. Яе дзень нараджэння быў зiмой, i таму яна ўбачыла тое, чаго не ўдавалася ўбачыць iншым. Мора было зусiм зялёнае, расказвала яна, усюды плавалi вялiзныя ледзяныя горы, кожная нiбы жамчужына, толькi куды вышэйшая за любую званiцу, пабудаваную людзьмi. Яны былi самага мудрагелiстага выгляду i ззялi, быццам алмазы. Яна ўселася на самую вялiкую з iх, вецер развяваў яе доўгiя валасы, i матросы спалохана абыходзiлi гэтае месца далей. Да вечара неба зацягнулася хмарамi, заблiскалi маланкi, загрымеў гром, пачарнелае мора ўзнiмала ўгору вялiзныя ледзяныя глыбы, якiя асвятлялiся ўспышкамi маланак. На караблях здымалi ветразi, вакол быў страх i жах, а яна хоць бы што плыла на сваёй ледзяной гары i пазiрала, як маланкi сiнiмi зiгзагамi б'юць у мора.

Так вось i было: выплывае якая-небудзь з сясцёр першы раз на паверхню, захапляецца ўсiм новым i прыгожым, ну а тады, калi дарослай дзяўчынай можа падняцца наверх у любую хвiлiну, усё становiцца для яе нецiкавым i яна iмкнецца дамоў i ўжо праз месяц гаворыць, што ў iх унiзе лепш, чым дзе, толькi тут i адчуваеш сябе дома.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату