жа! Цэлых дванаццаць мiль праехала ў бочачцы! I нiякага задавальнення няма ад падарожжа!

- Так, курыца - асоба, вартая ўвагi! - сказала лялька Берта. - Мне таксама зусiм не падабаецца ездзiць па гарадах - то ўверх, то ўнiз! Не, мы пераедзем на дачу ў вёску, дзе ёсць пясочная куча, i будзем гуляць у агародзе з капустай.

На тым i сышлiся.

Субота

- А сёння будзеш апавядаць? - спытаў Яльмар, як толькi Оле-Лукойе паклаў яго спаць.

- Сёння некалi, - адказаў Оле i раскрыў над хлопчыкам свой прыгожы парасон. - Ты вось паглядзi на гэтых кiтайцаў!

Парасон быў падобны на вялiкую кiтайскую чашу, размаляваную блакiтнымi дрэвамi i вузенькiмi мосцiкамi, на якiх стаялi маленькiя кiтайцы i кiвалi галовамi.

- Сёння трэба будзе прыбраць да заўтрашняга дня ўвесь свет! - працягваў Оле. - Заўтра ж свята, нядзеля! Мне трэба пайсцi на званiцу - паглядзець, цi здзьмуў вецер пыл з травы i лiсця. Самая ж цяжкая работа яшчэ наперадзе: трэба зняць з неба i пералiчыць усе зорачкi. Я збiраю iх у свой фартух, але ж даводзiцца нумераваць кожную зорачку i кожную дзiрачку, дзе яна сядзела, каб потым размяшчаць iх на месцах, iнакш яны дрэнна будуць трымацца i пасыплюцца з неба адна за адной!

- Паслухайце ж вы, пан Оле-Лукойе! - сказаў раптам партрэт, якi вiсеў на сцяне. - Я прадзядуля Яльмара i вельмi вам удзячны за тое, што вы расказваеце хлопчыку казкi; але вы не павiнны скажаць яго паняццяў. Зоркi нельга здымаць з неба i чысцiць. Зоркi - такiя ж свяцiлы, як наша зямля, тым яны i прыгожыя!

- Дзякуй табе, прадзядуля! - адказваў Оле-Лукойе. - Дзякуй! Ты - галава прозвiшча, роданачальнiк, але я ўсё-такi старэйшы за цябе! Я стары язычнiк; рымляне i грэкi называлi мяне богам сноў! Я меў i маю ўваход у славуцейшыя дамы, i ведаю, як абыходзiцца i з большымi, i з меншымi! Можаш цяпер расказваць сам!

I Оле-Лукойе пайшоў, узяўшы пад пахi свой парасон.

- Ну, няўжо i нельга выказаць сваю думку! - сказаў стары партрэт.

Тут Яльмар прачнуўся.

Нядзеля

- Добры вечар! - сказаў Оле-Лукойе.

Яльмар кiўнуў яму, ускочыў i павярнуў прадзядуляў партрэт тварам да сцяны, каб ён зноў не ўмешваўся ў размову.

- А цяпер ты раскажы мне казкi пра пяць зялёных гарошын, якiя паявiлiся ў адным стручку, пра пеўневу нагу, якая заляцалася да курынай нагi, i пра цыравальную iголку, якая ўяўляла сябе швейнай iголкай.

- Ну, добрага патрошку! - сказаў Оле-Лукойе. - Я лепш пакажу табе тое-сёе. Пакажу табе свайго брата, яго таксама завуць Оле-Лукойе, але нi да каго ён не з'яўляецца больш чым адзiн раз у жыццi. Калi ж з'явiцца, бярэ чалавека, садзiць да сябе на каня i расказвае яму казкi. Ён ведае толькi дзве: адна з iх такая цудоўная, што нiхто i ўявiць сабе не можа, а другая такая страшная, што... ды не, немагчыма нават i сказаць - якая!

Тут Оле-Лукойе прыўзняў Яльмара, паднёс яго да акна i сказаў:

- Зараз убачыш майго брата, другога Оле-Лукойе. Людзi яшчэ называюць яго Смерцю. Бачыш, ён зусiм не такi страшны, якiм яго малююць. Кафтан на iм вышываны серабром, як твой гусарскi мундзiр; за спiной развяваецца чорны аксамiтны плашч. Глядзi, як ён едзе!

I Яльмар убачыў, як iмчаўся наўскач другi Оле-Лукойе i садзiў да сябе на каня i старых, i малых. Адных ён садзiў перад сабою, другiх - ззаду; але спачатку заўсёды пытаўся:

- Якiя ў цябе адзнакi па паводзiнах?

- Добрыя! - адказвалi ўсе.

- Ну, пакажы! - гаварыў ён.

Даводзiлася паказваць; i вось тых, у каго былi выдатныя або добрыя адзнакi, ён садзiў перад сабою i расказваў iм дзiўную казку, а тых, у каго былi пасрэдныя або дрэнныя, - садзiў ззаду, i яны павiнны былi слухаць страшную казку. Яны трэслiся ад страху, плакалi i хацелi саскочыць з каня, ды не маглi - яны адразу моцна прырасталi да сядла.

- Але ж Смерць - цудоўнейшы Оле-Лукойе! - сказаў Яльмар. - I я нiколькi не баюся яго!

- Ды i нечага баяцца! - сказаў Оле. - Глядзi толькi, каб у цябе заўсёды былi добрыя адзнакi!

- Вось гэта павучальна! - прамармытаў партрэт. - Усё-такi, значыць, не шкодзiць часам выказаць сваю думку!

Ён быў задаволены.

Вось табе i ўся гiсторыя пра Оле-Лукойе! А вечарам няхай ён сам раскажа табе яшчэ што-небудзь.

ЛЁН

Лён красаваў цудоўнымi блакiтнымi кветачкамi, мяккiмi i пяшчотнымi, як крылцы матылькоў, нават яшчэ больш пяшчотнымi! Сонца лашчыла яго, дождж палiваў, i iльну гэта было так карысна i прыемна, як маленькiм дзецям, калi мацi спачатку памые iх, а потым пацалуе, дзецi ад гэтага становяцца больш прыгожымi, прыгажэў i лён:

- Усе кажуць, што я ўрадзiўся на славу! - сказаў лён. - Кажуць, што я яшчэ выцягнуся, i потым з мяне атрымаецца выдатны кавалак тканiны! Ах, якi я шчаслiвы! Напраўду, я шчаслiвейшы за ўсiх! Гэта так прыемна, што i я спатрэблюся на што-небудзь! Сонейка мяне весялiць i ажыўляе, дожджык харчуе i асвяжае! Ах, я такi шчаслiвы, такi шчаслiвы! Я шчаслiвейшы за ўсiх!

- Так, так, так! - сказалi калкi згароды. - Ты яшчэ не ведаеш свету, а мы дык вось ведаем, - бачыш, якiя мы сукаватыя!

I яны жаласлiва зарыпелi:

Азiрнуцца не паспееш,

Як i песеньцы канец!

- Зусiм не канец! - сказаў лён. - I заўтра зноў будзе грэць сонейка, зноў пойдзе дожджык. Я адчуваю, што расту i квiтнею! Я шчаслiвейшы за ўсiх на свеце!

Але вось аднойчы з'явiлiся людзi, схапiлi лён за макушку i выдралi з коранем. Як балюча было! Потым яго паклалi ў ваду, быццам збiралiся ўтапiць, а пасля таго трымалi над агнём, быццам хацелi падсмажыць. Жах, дый толькi!

- Не век жа мы можам жыць для свайго задавальнення! - сказаў лён. Прыходзiцца i пацярпець. Затое паразумнееш.

Але iльну даводзiлася ўжо вельмi дрэнна. Чаго толькi з iм не рабiлi: i мялi, i трушчылi, i трапалi, i часалi - ды проста ўсяго i не запомнiш! Нарэшце ён апынуўся на пралцы. Жжж! Тут ужо мiжволi ўсе думкi ўроскiд пайшлi!

'Я ж так доўга быў невыказна шчаслiвы! - думаў ён у час сваiх пакут. - Што ж, трэба быць удзячным за тое добрае, што выпала мне на долю! Так, трэба, трэба!.. Ох!'

I ён паўтараў тое ж самае, нават трапiўшы на ткацкi станок.

Але вось нарэшце з яго атрымаўся вялiкi кавалак цудоўнай тканiны. Увесь лён да апошняй сцяблiнкi пайшоў на гэты кавалак.

- Але ж гэта ўсё цудоўна! Вось ужо не думаў, не гадаў! Як мне, аднак, шанцуе! А калкi ж усё паўтаралi: 'Азiрнуцца не паспееш, як i песеньцы канец!' Цi шмат яны разумелi, сказаць няма чаго! Песеньцы зусiм не канец! Яна толькi цяпер i пачынаецца. Вось шчасце! Сапраўды калi мне i давялося папакутваць крыху, то затое цяпер з мяне i атрымалася сёе-тое. Не, я шчаслiвейшы за ўсiх на свеце! Якi я цяпер моцны, мяккi, белы i доўгi! Гэта несумненна лепш, чым проста расцi або нават квiтнець у полi! Там нiхто за мной не даглядаў, ваду я толькi i бачыў, што ў дожджык, а цяпер да мяне прыставiлi прыслугу, кожную ранiцу мяне перакладваюць на другi бок, кожны вечар палiваюць з лейкi! Сама пастарша трымала нада мною прамову i сказала, што ва ўсiм акалодку не знойдзецца лепшага кавалка! Ну, цi ж можна быць шчаслiвейшым за мяне!

Палатно ўзялi ў дом, i яно трапiла пад нажнiцы. Ну i выпала ж яму! Яго i рэзалi, i кроiлi, i калолi iголкамi - так, так! Нельга сказаць, што гэта было прыемна! Затое з палатна атрымалася дванаццаць пар... такiх прыналежнасцей туалета, якiя не прынята называць у грамадстве, але ў якiх усе маюць патрэбу. Цэлых дванаццаць пар атрымалася!

- Дык вось калi толькi з мяне атрымалася сёе-тое! Вось якое, было маё прызначэнне! Дык гэта ж проста шчасце! Цяпер i я прыношу карысць свету, а ў гэтым жа ўся i сутнасць, у гэтым жа ўся i радасць жыцця! Нас дванаццаць пар, але ўсё ж мы адно цэлае, мы - тузiн! Вось дык шчасце!

Прайшлi гады, i бялiзна знасiлася.

- Усяму на свеце бывае канец! - сказала яна. - Рада б была паслужыць яшчэ, ды немагчыма - немагчыма!

I вось бялiзну парвалi на рыззё. Яно ўжо было падумала, што яму зусiм надышоў канец, так пачалi яго секчы, камечыць, варыць, адцiскаць... Ды, зiрк яно пераўтварылася ў тонкую белую паперу!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату