- Ну, вось сюрпрыз дык сюрпрыз! - сказала папера. - Цяпер я танчэй ранейшага, i на мне можна пiсаць. Чаго толькi на мне не напiшуць! Якое шчасце!

I на ёй напiсалi цудоўнейшыя апавяданнi. Слухаючы iх, людзi рабiлiся дабрэй i разумней, - так добра i разумна яны былi напiсаны. Якое шчасце, што людзi змаглi iх прачытаць!

- Ну, гэтага мне i ў сне не снiлася, калi я цвiла ў полi блакiтненькiмi кветачкамi! - казала папера. - I цi магла я ў той час думаць, што мне выпадзе на долю шчасце несцi людзям радасць i веды! Я ўсё яшчэ не магу прыйсцi ў сябе ад шчасця! Самой сабе не веру! Але ж гэта так! Сама я тут нi пры чым, я iмкнулася толькi па меры слабых сiл сваiх недарэмна займаць месца! I вось жыццё нясе мяне ад адной радасцi i гонару да другой! Кожны раз, як я падумаю: 'Ну, вось i песеньцы канец', тут якраз i пачынаецца для мяне новае, яшчэ вышэйшае, лепшае жыццё! Цяпер я думаю выправiцца ў шлях-дарогу, абысцi ўвесь свет, каб усе людзi маглi прачытаць напiсанае на мне! Гэтак жа i павiнна быць! Раней у мяне былi блакiтненькiя кветачкi, цяпер кожная кветачка расцвiла цудоўнейшай думкай! Шчаслiвей за мяне няма нiкога на свеце!

Але папера не выправiлася ў падарожжа, а трапiла ў друкарню, i ўсё, што на ёй было напiсана, перадрукавалi ў кнiгу, ды не ў адну, а ў сотнi, тысячы кнiг. Яны маглi прынесцi карысць i падараваць задавальненне бясконца большай колькасцi людзей, чым адна тая папера, на якой былi напiсаны апавяданнi: бегаючы па белым свеце, яна б абшматалася на паўшляху.

'Сапраўды, бясспрэчна, так справа будзе надзейней! - падумала спiсаная папера. - Гэтага мне i ў галаву не прыходзiла! Я застануся дома адпачываць, i мяне будуць шанаваць, як старую бабульку! На мне ж усё напiсана, словы сцякалi з пяра прама на мяне! Я застануся, а кнiгi будуць бегаць па белым свеце! Вось гэта справа! Не, якая я шчаслiвая, якая я шчаслiвая!'

Тут усе асобныя лiсты паперы сабралi, звязалi разам i паклалi на палiцу.

- Ну, можна цяпер i спачываць на лаўрах! - сказала папера. - Не лiшне таксама сабрацца з думкамi i засяродзiцца! Цяпер толькi я зразумела, як след, што ўва мне ёсць! А зразумець сябе самога - вялiкi крок наперад. Але што ж будзе са мной потым? Адно я ведаю - што абавязкова рушу наперад! Усё на свеце пастаянна iдзе наперад, да дасканаласцi.

У адзiн цудоўны дзень паперу ўзялi i кiнулi ў плiту; яе вырашылi спалiць, бо яе нельга было прадаць у малочную крамку на абгортку масла i цукру.

Дзецi абступiлi плiту; iм хацелася паглядзець, як папера ўспыхне i потым па попелу пачнуць перабягаць i згасаць адна за другой гарэзлiвыя, блiскучыя iскрынкi! Вось так дакладна дзятва бяжыць дадому са школы! Пасля ўсiх выходзiць настаўнiк - гэта апошняя iскра. Але, зрэдку думаюць, што ён ужо выйшаў - не i не! Ён выходзiць яшчэ шмат часу пагадзя пасля самага апошняга школьнiка!

I вось агонь схапiў паперу! Як яна ўспыхнула!

- Уф! - сказала яна i ў тую ж хвiлiну пераўтварылася ў слуп полымя, якое ўзвiнулася ў паветра высока- высока, лён нiколi не мог падняць так высока сваiх блакiтненькiх кветкавых галовак, i полымя ззяла такiм асляпляльным бляскам, якiм нiколi не ззяла белая тканiна. Напiсаныя на паперы лiтары ў адно iмгненне заiрдзелiся, i ўсе словы i думкi ператварылiся ў полымя!

- Цяпер я ўзвiнуся прама да сонца! - сказала полымя, быццам тысячамi галасоў адначасова, i паляцела ў трубу. А ў паветры залёталi маленечкiя нябачаныя iстоты, лягчэй, больш лягчэй, чым нават полымя, з якога нарадзiлiся. Iх было столькi ж, колькi калiсьцi было кветачак на iльне. Калi полымя патухла, яны яшчэ раз пратанцавалi па чорным попеле, пакiдаючы на iм блiскучыя сляды ў выглядзе залатых iскрынак.

Дзятва выбегла са школы, за ёй выйшаў i настаўнiк; любата была паглядзець на iх! I дзецi заспявалi над мёртвым попелам:

Азiрнуцца не паспееш,

Як i песеньцы канец!

Але нябачаныя малюпасенькiя iстоты казалi:

- Песенька нiколi не канчаецца - вось што самае дзiвоснае! Мы ведаем гэта, i таму мы шчаслiвейшыя за ўсiх!

Але дзецi не пачулi нiводнага слова, а калi б i пачулi, не зразумелi б. Ды i не трэба! Не ўсё ж ведаць дзецям!

ДЗЯЎЧЫНКА З ЗАПАЛКАМI

Бралася на мароз, iшоў снег, на вулiцы рабiлася ўсё больш i больш цёмна. Справа была вечарам, напярэдаднi Новага года. У гэткi вось холад i цемрадзь па вулiцах блукала бедная дзяўчынка з непакрытай галавой i босымi нагамi. Праўда, яна выйшла з дому ў туфлях, але чаго яны былi вартыя! Неверагодна агромнiстыя, апошняю iх насiла мацi дзяўчынкi, i яны зляцелi ў малюткi з ног, калi яна перабягала цераз вулiцу, спужаўшыся дзвюх карэт, што iмчалi мiма яе. Аднаго туфля яна так i не знайшла, другi ж падхапiў нейкi хлопчык i пабег з iм, сказаўшы, што з яго выйдзе выдатная калыска для яго дзяцей, калi яны ў яго будуць.

I вось дзяўчынка пайшла далей басанож; ножкi яе зусiм пачырванелi i пасiнелi ад холаду. У старэнькiм фартушку ў яе ляжала некалькi карабкоў серных запалак; адзiн карабок яна трымала ў руцэ. За цэлы дзень нiхто не купiў у яе нiводнай запалачкi, яна не ўтаргавала нi гроша. Галодная, азяблая, iшла яна ўсё далей, далей... Шкада было i паглядзець на небараку! Снег густа падаў на яе цудоўныя бялявыя валасы, якiя вiлiся, але яна i не думала пра гэтую прыгажосць. Ва ўсiх вокнах свяцiлiся агеньчыкi, вулiцы дыхалi смажанымi гусьмi; сёння ж быў пярэдадзень Новага года - вось пра гэта яна думала.

Нарэшце яна ўселася ў куточку, за выступам аднаго дома, скурчылася i падцiснула пад сябе ножкi, каб хоць трошкi сагрэцца. Але не, стала яшчэ халадней, а дамоў яна вярнуцца не смела: яна ж не прадала нiводнага карабка, не ўтаргавала нi гроша - бацька прыб'е яе! Ды i не цяплей у iх дома! Толькi што дах над галавою, а вецер, дык так i гуляе па ўсяму жытлу, нягледзячы на тое, што ўсе шчылiны i дзiркi старанна заткнуты саломаю i анучамi.

Ручкi яе зусiм пакалелi. Ах! Адна маленечкая запалка магла б сагрэць яе! Калi б толькi яна асмелiлася ўзяць з карабка хаця б адну, чыркнуць ёю аб сцяну i пагрэць. пальчыкi! Нарэшце дзяўчынка выцягнула запалку. Чырк! Як яна засiпела i загарэлася! Полымя было такое цёплае, яснае, i калi дзяўчынка прыкрыла яго ад ветру жменькай, ёй здалося, што перад ёю гарыць свечка.

Дзiўная гэта была свечка: дзяўчынцы мроiлася, быццам яна сядзiць перад вялiкаю жалезнаю печкаю з блiскучымi меднымi ножкамi i дзверцамi. Як хораша палымнеў у ёй агонь, як цёпла стала малютцы! Яна выцягнула было i ножкi, але... агонь пагас. Печка знiкла, у руках дзяўчынкi застаўся толькi абгарэлы канец запалкi.

Вось яна чыркнула другою; запалка загарэлася, полымя яе ўпала проста на сцяну, i сцяна стала раптам празрыстаю. Дзяўчынка пабачыла ўвесь пакой, накрыты беласнежным абрусам i застаўлены дарагiм фарфорам стол, а на iм смажаную гусь, напханую чарнаслiвам i яблыкамi. Што за пах iшоў ад яе! Лепш жа за ўсё было тое, што гусь раптам саскочыла са стала i, як была, з вiдэльцам i нажом у спiне, так i пабегла, перавальваючыся, проста да дзяўчынкi. Тут запалка пагасла, i перад дзяўчынкай зноў стаяла адна халодная каменная сцяна.

Яна запалiла яшчэ запалку i апынулася пад дзiвоснаю елкаю, куды большаю i прыгажэйшаю, чым тая, якую дзяўчынка бачыла на Куццю, зазiрнуўшы ў акно аднаго багатага купца. Елка гарэла тысячамi агеньчыкаў, а з зелянiны голля выглядвалi стракатыя малюнкi, якiмi ўпрыгожваюць вокны крамаў. Малютка працягнула да елкi абедзве ручкi, але запалка пагасла, агеньчыкi сталi паднiмацца ўсё вышэй i вышэй, i яна пабачыла, што гэта былi ясныя зорачкi; адна з iх раптам пакацiлася па небе, пакiдаючы за сабою доўгi вогненны след.

- Вось нехта памiрае! - сказала дзяўчынка.

Нябожчыца бабуля, якая адна ў цэлым свеце любiла дзяўчынку, казала ёй: 'Калi падае зорачка - нечая душа iдзе да Бога'.

Дзяўчынка чыркнула аб сцяну новаю запалкаю; яркае святло асвяцiла прастору, i перад малюткаю стаяла ўся акружаная ззяннем, такая ясная, светлая, i ў той жа час такая цiхая i ласкавая яе бабуля.

- Бабуля! - закрычала дзяўчынка. - Вазьмi мяне з сабою! Я ведаю, што ты знiкнеш, як толькi пагасне запалка, знiкнеш, як цёплая печка, дзiвосная смажаная гусь i вялiкая цудоўная елка!

I яна паспешлiва чыркнула ўсiмi запалкамi, якiя засталiся i былi ў яе ў руках, - гэтак ёй хацелася затрымаць бабулю.

I запалкi ўспыхнулi такiм яркiм полымем, што стала святлей, чым днём. Нiколi яшчэ бабуля не была такою прыгожаю, такою вялiкаснаю! Яна ўзяла дзяўчынку на рукi, i яны паляцелi разам, у ззяннi i ў бляску, высока-высока, туды, дзе няма нi холаду, нi голаду, нi жаху - да Бога!

У халодны ранiшнi час, у кутку за домам, па-ранейшаму сядзела дзяўчынка з ружовымi шчочкамi i ўсмешкай на вуснах, але мёртвая. Яна замерзла ў апошнi вечар старога года; навагодняе сонца асвяцiла маленькi трупiк. Дзяўчынка сядзела з запалкамi; адзiн карабок амаль зусiм згарэў.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату