А калi няма, дык прыйдзе. Я падыходжу i жадаю ўсiм добрага ранку. Я паведамляю iм важныя навiны дня - пра асла Мялецiя, якi ўчора адвечарку сарваўся з прывязi i пабег у Туркуванню следам за манернай аслiчкай, пра скiслае вiно дзядулi Хрыста, пра Папаламбрэну, якая нарабiла ляманту на ўвесь квартал з-за гурка, што купiла ўчора на базары ў гандляра зелянiнай. Гурок той быў i малы, i горкi, як асiнавая кара.

16. Але хто ж гэты пан Нехта? Сафiст, палiтык, вершаплёт. З тых, хто лiчыць сябе ўсёведным i ганарыцца сваiм уменнем хлусiць. Я прымушаў iх шалець. Не таму, што хацеў здавацца лепшым за iх. Якая рознiца - быць першым цi апошнiм мiж апошнiмi, што ўяўляюць сябе першымi? Я iх душыў, як душаць блашчыц, бо не iмкнёмся ж мы палепшыць блашчыц i выратаваць ад iх суседзяў цi будучыя пакаленнi элiнаў. Толькi адзiн воўк, як сцвярджаюць, змог перавыхавацца i стаць богабаязным, адмовiўся есцi жывую плоць i еў толькi вараную траўку, па якую зрання хадзiў на базар.

Што ж да вас, мала чаго вартых плебеяў, то, акрамя жалю, я да вас нiчога не адчуваў. Нi розум ваш, нi сэрца, нi справы не належаць вам. Вы адчуваеце, думаеце i робiце тое, што выгадна Ваўку. Ваўкi давялi вам, што, па справядлiвасцi i паводле волi божай, iм наканавана есцi чалавечыну, а вам вараную гароднiну, дый то, калi знойдзецца.

17. Сафiсты! Якая велiч! Яны прыходзiлi здалёку. Высокiя, таўстыя, задаволеныя. Як людзi, што аб'ездзiлi паўсвету, яны за якi-небудзь тыдзень рабiлiся сапраўднымi, прыроднымi афiнянамi. Апранутыя ў чырвоныя мантыi, абсыпаныя залатымi зоркамi, завiтыя i нафарбаваныя перад люстэркам, яны ступалi няспешна i паважна, нiбы цары, абапiраючыся на свае разныя посахi з навершам са слановай косцi. Яны лiчылi нас правiнцыяламi, а хiба ж мы iмi не былi? Чужы акцэнт надаваў iх прамовам пявучасць i слодыч. Так нязвыклае маўленне тонкiх вуснаў i лёгкая касавокасць чуллiвых вачэй робяць жанчын яшчэ больш прывабнымi i жаданымi. Кожнае iх слова грымотна гучала ў вашых вушах, быццам гэта мянялы спрабавалi манеты на каменi, але вы нават не iмкнулiся адрознiваць сапраўднае ад фальшывага. Пегас iх рыторыкi ўзнiмаў вас да бясконцых вышынь iх узнёсласцi, а ваша сэрца, быццам Пентэлейская пячора, падвойвала i патройвала рэхам iх прамовы. Губляючы глебу пад нагамi, вы напрыканцы страцiлi i самiх сябе, ператварыўшыся ў ценi падземнага царства. Варта толькi мне было ў iх спытаць: 'А цi ёсць у вас палiтычныя правы, каб гэтак гарлапанiць?' - як вiдовiшча адразу псавалася. I з вышыняў, дзе вы луналi, вам даводзiлася ляцець старчака на каменне i разбiвацца, нiбы чарапахам старога Эзопа. Хiба ж можна было мяне цярпець?

18. Што ж да мяне, дык свае палiтычныя правы я запiсаў на старых сандалях. Я нiколi не хадзiў галасаваць, каб выбраць злодзея, якi будзе абiраць мяне, i ката, якi мяне прыкончыць. Я гэтак пытаўся ў сафiстаў, каб раззлаваць вас, а мне пасмяяцца. Сафiстам добра плацяць. Пяць мiн, пяцьдзесят з паловай цяперашнiх драхмаў! Значыць, iхняя мудрасць вартая такiх грошай! Па кошце пазнаецца вартасць тавару. Свае бедныя веды я раздаваў дарма, але нiхто iх не прымаў. Гэта значыла, што яны былi нiкуды не вартыя. Але гэта значыць i нешта iншае: калi я так настойлiва, з такой упартасцю, з пагрозай для свайго жыцця прапаноўваў iх вам, значыць, мне плацiў нехта з вашых ворагаў. Прапаганда! Славяне мне плацiлi, каб я разладзiў дзяржаўны механiзм iдэалогii. Ды калi я змог паздзекавацца з усёведання вашых вялiкiх сафiстаў, гэта не значыць, што я меў рацыю, але гэта значыць, што я быў куды хiтрэйшы i больш здольны за iх. Я мог зрабiць белае чорным. Знак часу! Вывертамi слоў i здрадай вы растапталi само паняцце 'правасуддзе' i ўсклалi ўсю вiну на мяне. Маўляў, я сваёй iронiяй i сваiм вучэннем пахiснуў у душах грамадзян усялякi давер да законаў.

19. Значыць, я таксама быў адным з сафiстаў. Каб жа я iм быў! Мне шкада, што, здзекуючыся з iх тэатральнай рыторыкi, я наносiў удар i па iх вялiкiх iсцiнах. Калi ж я ўрэшце дамогся, каб вы iх выгналi, я пачаў разважаць над iх прамовамi. Якая збянтэжанасць узнiкла тады ў маёй душы! Як шкада, што я не паспеў раскрыць сваю душу свету да таго, як вы схаваеце яе пад сажнем зямлi. У канцы сваёй прамовы я ўсё-ткi высыплю на вас скарпiёнаў, што даўно вярэдзiлi маё сэрца.

20. А вось наблiжаецца i пайтык. Наперадзе яго блiскучыя вочы, а ззаду ён сам. Перш чым паставiць нагу, ён мацае зямлю вачыма - гэтак жа як мул мацае дошкi на мосце. Ён не-не ды i пакерхае, каб на яго звярнулi ўвагу. З намi некалькi яго сяброў. Мы вiтаемся, i ён падыходзiць. Ён шчыра i моцна цiсне нам рукi. Вось такою дужаю рукою ён трымае стырна карабля. Ён нас любiць i ахвяруе сабою дзеля нас! Дзеля нас ён запускае руку ў гарадскую скарбонку i дзелiцца з намi, дзеля нас ён топча законы i радуе нас. Ён навучыў нас даваць iлжывыя клятвы ў судзе i не трымаць свайго слова ў гандлi. Раз ён патрэбны нам, то ён i вялiкi стратэг. Калi салдаты перамагалi, ён праслаўляўся, але калi яны цярпелi паразу, на iм гэта не адбiвалася. Ён не быў вiнаваты. Вiнаватыя былi... пазней я вам скажу, хто быў вiнаваты. I калi ён здаваў войска ворагу, i калi ён прадаваў крэпасць, i калi ён першы ўцякаў з поля бiтвы, хто ж мог асмелiцца абвiнавацiць яго? Ён жа сам быў грамадскi абвiнавачвальнiк. А калi я адводзiў яго ўбок i казаў яму проста ў вочы: 'Пане Фёдар, якi ж ты мярзотнiк!' - вочкi яго, нiбыта мышкi, напалоханыя катом, хавалiся ў глыбокiя норкi. Ён быццам костку праглынаў. Якi пан Фёдар? Лiкон i Анiт яго iмя.

21. Справа адразу ж набывае iншае адценне. Яго хаўруснiкi i сябры ўжо закасалi рукавы i краем вока назiраюць, чакаючы знаку. Але ён не такi ўжо i дурны. Ён робiць выгляд, што прымае мае словы за жарт, i гучна рагоча. Ведаеце чаму? Ён пазiрае на мае мускулiстыя рукi, якiя правучылi ўжо шмат каго. Да таго ж вакол мяне сабралася шмат людзей, гатовых стаць на мой бок. Яны не фiлосафы i не мае сябры, гэта такiя самыя нягоднiкi, як i ён сам, яго палiтычныя працiўнiкi. Смеючыся, ён са сваiмi адыходзiць, думаючы сам сабе: 'Пачакай, я табе гэта яшчэ папомню'.

22. Найбольш хiтрыя сярод iх iмкнуцца дагадзiць мне, каб я iх не лаяў. Яны абвясцiлi мяне 'вялiкiм фiлосафам' i слалi мне дамоў розныя падарункi: чырвоныя яйкi i пiрагi на Вялiкдзень, парсючкоў на Каляды, торбачкi з маналадскiм сырам у лютым, пелапанескiх перапёлак у лiпенi, а на мой дзень нараджэння - рыбу, iнжыр, бутлi з вiном i кветкi. Я ўсё адсылаў назад, хоць Ксантыпа i крычала, што я дурань, што з мяне ўсе смяюцца. Хай iдуць да д'ябла! Яны хацелi заткнуць мне рот. Я не мог падабраць слоў. Аднойчы адзiн важны пан прыслаў мне двух сташасцiдзесяцiмесячных рабоў - негрыцянят, якiя нi слова не ведалi па-грэчаску. Чорныя да бляску, з перламутравымi зубамi, залатыя бранзалеты i завушнiцы. 'Зрабi iх фiлосафамi', - пiсаў ён. Я загарнуў iх у кавалкi прасцiн (яны прыйшлi голыя) i адправiў iх назад. Чым бы я iх кармiў? Пра гэтае здарэнне ведае шмат хто. У той дзень усхадзiўся ўвесь Каланакi. Жыхары павылазiлi са сваiх лавак i хат i тоўпiлiся абапал вулiцы, каб пабачыць, як негрыцяняты шыбуюць уздоўж вулiцы, узяўшыся за рукi... I што ж вы думаеце? Наплялi, што, маўляў, Сакрат прагнаў iх, бо хацеў белых рабоў!

23. Перыкл, пачуўшы пра мяне такiя размовы, папрасiў Аспазiю запрасiць мяне ў палац. Яна прыслала па мяне, Алкiвiяда. Цi ж мог я адмовiць прыгожаму юнаку i важнай панi? Я пайшоў да iх, думаючы ўсчаць сварку. Але што я iм нi казаў, яны нi слова не запярэчылi. А калi я напаў на 'Алiмпiйскага Зеўса' за рамантычнае плявузганне, якiм запоўнены эпiтафii, ён пакiваў сваёй шылаватай лысiнай i перавёў размову на тое, каб я прайшоўся сваiм языком па ягоных ворагах i расказаў колькi непрыстойных показак.

А Аспазiя рагатала i гладзiла сваiмi боскiмi лiлейнымi пальчыкамi вось гэты драны плашч, цiхенька шэпчучы: 'Здымi ты яго, сябра, я яго табе зацырую'. Мяне прынялi з вялiкай пашанотай i слухалi з вялiкай увагай i захапленнем. Але не праз гэта я не аблаяў Перыкла. Ён даў мне слова, што зробiць усё, каб паладзiць з пелапанесцамi i скончыць вайну. Цяпер я разумею, што ён смяяўся з мяне. Ён адзiны, хто за ўсё жыццё ашукаў мяне. Каб ён жыў, ён бы ўсё яшчэ ваяваў. Улада i вайна не могуць адно без аднаго. Здаецца, я адышоў ад тэмы... Старэчая балбатлiвасць... Даруйце мне...

24. А паэты? Пiфii мужчынскага роду, якiя размаўляюць з багамi, як старыя сваякi. Зграбныя, млявыя, яны, кiваючыся, праходжваюцца туды-сюды i сеюць наўкола водар парфумы i звонкi смех, потым раптоўна спыняюцца, каб, вытрашчыўшы вочы, пазiраць на зоры сярод белага дня. У гэтую хвiлю да iх спускаюцца анёлы божыя i запрашаюць iх на Алiмп Дурасцi. Там яны п'янеюць, а тут прарочаць. Манiяй вершаў яны вызваляюць нас ад мiтуснi. Яны надаюць вечнасць усяму, да чаго дакранаецца iх подых. Дзякуючы iм свет робiцца лепшым i на зямлi пануюць душа i Бог. Ну возьмем хоць бы Мiлета. Калi яны траплялiся мне на вочы, я вiтаў iх такiмi словамi: 'Прывiтанне табе, салодкая Марыка!' i на мяне злавалi i яны, i iхнiя сябры. Але вось усё пайшло наўскасяк, i Марыка-Мiлет стаў маiм першым абвiнаваўцам i смяротным ворагам.

25. Дарэчы, на мяне пiсалi з'едлiвыя эпiграмы, якiя абышлi i Крым i Рым. Дайшло да таго, што Арыстафан, адзiны, хто варты называцца паэтам, бо быў мiзантроп i стары казёл, вывеў мяне ў п'есе, i я стаў галоўным героем у 'Воблаках'. Народ смяяўся, пакуль мяне не вымусiлi стаць на крэсла, каб лепей разгледзець. З таго часу я стаў 'славутым' чалавекам. Пра мяне гаварыла ўся Грэцыя. Пасля прадстаўлення сябры забралi мяне, i мы пайшлi ў шынок адзначыць маю славу. Мы ж, вядома, набралiся да пасiнення i спяялi процьму ўдалых песень. Толькi на досвiтку я вярнуўся дамоў. Я iшоў на дыбачках, каб мяне не пачула

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату