На ўсё гэта ўказвае i знойдзеная палiц.-обермстр. Гiршам на рабочым стале З.Байфуса запiска невядомага паходжання. Нашы расследаваннi паказалi, што тэкст у запiсцы фактычна паходзiць з Бiблii, г.зн. быў складзены да ўзвядзення памежнай сцяны.

Паколькi да сённяшняй даты З.Байфус нiдзе не аб'явiўся i не знойдзена нiякага следу яго, яго знiкненне з ГДР належыць разглядаць як неабвержна канчатковае. Цi можна тут гаварыць пра яго захоп альбо пра ўцёкi, канстатаваць канчаткова не ўяўляецца магчымым; супроць апошняга сведчыць той факт, што нiякiх дадзеных аб прысутнасцi памянёных на тэрыторыi Федэратыўнай рэспублiкi альбо iншых заходнiх краiн у наяўнасцi няма.

З боку Галоўнага аддз. II В (13) робiцца запыт на рашэнне Мiн,. на прадмет, цi належыць перад тварам мiжнародных аспектаў здарэння падключаць да расследавання I А (27), магч. IV G (4).

З сац. прывiтаннем

Подп.: Пахнiкель, маёр

Гал. аддз. II В (13)

РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ

У якiм вучоны супэрiнтэндэнт фон Айцэн з дапамогай вучэньня пра прадвызначэньне спрабуе ўвiнуцца ад д'ябла, але пры гэтым трапляе ў сетку сваiх жа слоў i сам у трох iпастасях вылятае праз камiн

У старасьцi мы зьбiраем ураджай жыцьця, i калi яно было добрае й падабалася чалавеку, дык ён багаты й дабраславёны, i, слова Божае, як калiсьцi ў такога чалавека як Паўль фон Айцэн, якому слова сам Бог уклаў у вусны, пабожна сыходзiць зь iх. У яго ня толькi выходзiць у сьвет 'Нямецкi зборнiк казаняў' (Deutsche Postille), куды прадумана й старанна ён уключыў усе свае нядзельныя i сьвяточныя пропаведзi, каб ягоныя падначаленыя службовыя браты на будучае ведалi, што й як яны, зь лёгкiмi, мясцова абумоўленымi ariatviones, павiнны гаварыць сваiм авечачкам; ён ня толькi субмiтуе прыхiльнай публiцы сваё 'Хрысьцiянскае настаўленьне, як, зыходзячы з двух пастулатаў хрысьцiянскага вучэньня i веры, пра сьвятую эўхарыстыю нашага любаснага Госпада Iсуса Хрыста, з чыстай праўды Боскага слова, даказваючы шчырую iсьцiну супроць усякага роду сэктаў i аблудаў, можна сьцiпла й бяз прыкрай лаянкi весьцi казань', i сьпешна прысьвячае яго пасьля заўчаснай сьмерцi свайго лiтасьцiвага князя i герцага наступнiку Ёгану Адальфу; не, цэлы сьвет, асаблiва пратэстанцкi, i на чале яго новы герцаг, згодныя, што без намогi й стараньня супэрiнтэндэнта ў Шлезьвiгу з герцагства нiколi ня сталася б царства божага, да якога, кажучы словамi прарока Iсаi, натоўп ля мора навяртаецца.

Iдзе да таго, што й хатняга шчасьця не бракуе. Хоць яго жонка Барбара, пасьля таго як схуднела яшчэ больш i высахла да касьцей i пасьля таго, як ён цьвёрда паабяцаў ёй спатканьне ў iншым, лепшым месцы, шчасна спачыла, але дзецi вырасьлi здаровымi й дзельнымi людзьмi, i нават крошка Маргарэтэ нягледзячы на сваё калецтва дасталася пад вянец зь пiсарам Вольфгангам Калундам, разам зь якiм anno 1610 за забойства iхняга зяця, бургамiстра Клаўса Эсмарха з Апэнрадэ, была пакарна сьмерцю; але гэтага яшчэ Айцэн ня ведае наперад, а яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, якi з прычыны некаторых ведаў мог бы сказаць пра гэта, маўчыць.

Гер тайны радца таксама не памаладзеў; бародка сiвая, акурат як i рэдзенькiя валасы на чэрапе, толькi густыя, востра сагнутыя бровы па-ранейшаму чорныя, крыху аддаючы ў рыжаватасьць. Ён шмат езьдзiць, нiхто ня ведае, куды й зь якiмi гешэфтамi, але сёньня на месцы, быў пры двары, каб разьвiтацца: новым валадарам патрэбны новыя дарадцы, i цяпер ён сядзiць у Айцэнавым пакоi, у камiне гарыць агонь, крошка Маргарэтэ, якая са сваiм Калундам ўсё яшчэ жыве ў доме, каб быць пад рукою ў бацькi, праставiла вiно, бочачку якога прывёз Лёйхтэнтрагер з далёкiх земляў, сказаўшы, быццам яно было сапраўднай крывёй, чырвонага вiна пi чарку да дна.

- Такое самае, - казаў ён, - як i тады ў Вiтэнбэргу, калi я частаваў цябе, i Маргрыт была з намi.

- Ах, - уздыхае Айцэн, - Маргрыт.

- Самыя прыгожыя жанчыны, - кажа Лёйхтэнтрагер, - заўсёды тыя, якiх мы самi сабе ствараем.

- Мiраж, блiзiр, - кажа Айцэн, - чорт выдумаў, чорт i зрабiў.

- Але ж ты кахаў яе, - кажа Лёйхтэнтрагер i ўсьмiхаецца сваёй цiхай, крывой ухмылкай, якая кажа, што за кожным, хто ёсьць, стаiць нехта iншы, а за iм яшчэ нехта цi нешта, i што на сьвеце ногул няма нiчога, нам усё толькi здаецца, а ўсе iсьцiны пакрыўленыя i перакручаныя.

- Яна абдурыла мяне, - кажа Айцэн, - i ўцякла зь жыдам, Агасфэрам, якi быў пахiбаю ўсiх веруючых хрысьцiян.

- I якога ты дазволiў закатаваць кiямi да сьмерцi, - дадае Лёйхтэнтрагер.

Айцэн адпiвае вiна й паляпвае сябра па горбiку.

- Калi б ён быў Агасфэр, сапраўдны, - кажа ён, - якога пракляў наш Гасподзь Iсус i асудзiў на вечнае вандраваньне, дык у яго не дайшло б да сьмерцi, ён весела перанёс бы ўсё i ўцёр бы носа геру прафузу, калi той у канцы саўгануў яму ботам пад бок, каб пераканацца, што ў iм сапраўды не засталося жыцьця.

I ў самы гэты момант у пакой уваходзiць крошка Маргарэтэ й ставiць на стол трэйцi кубак, i калi бацька пытаецца ў яе, што б гэта значыла, бо як бы ён жадаў бачыць за сталом гера Калунда, ён бы ўжо яму паказаў, дык яна з усiм належным рышпектам адказвае, што кубак не для яе Калунда, а для аднаго чалавека, якi толькi што прыйшоў, гэта сябар дома, як сказаў ёй, i тут запозьнены госьць ужо стаiць у парозе, цёмны ў сьвятле камiна, у якiм раптам шалёна замiльгатала полымя, i гер супэрiнтэндэнт закрычаў бы яму, калi б толькi здолеў: Вымятайся прэч, у iмя Айца, Сына й Духа Сьвятога!, але такая слабасьць сталася ў яго чэлесах, i толькi сэрца застукатала ў горле, як тысяча молатаў. Але Агасфэр наблiжаецца да стала, за якiм сядзяць Айцэн i Лёйхтэнтрагер, такi ж малады, як i раней, пры першым разе; малады жыд у плямiстым лапсердаку, чорная ярмолка на кучаравых валасах, ужо вальяжыцца ў крэсьле, вальготна выцягнуўшы наперад ногi, тым часам як крошка Маргарэтэ апускаецца перад iм на каленi й сьцягвае перапэцканыя боты з ног, ступакi якiх закарэлi, як вырабленая скура, ад доўгiх вандровак. Пасьля гэтага ён гладзiць крошку Маргарэтэ па галоўцы й кажа геру тайнаму радцу:

- Мiр з вамi, Лёйхтэнтрагер, а як iдуць справы з вашай працай, i цi ўсё яшчэ пры вас кесарава манэта й пэргамант з надпiсам?

- Мая праца iдзе наперад, - кажа Лёйхтэнтрагер, - гэта вы самi бачыце. I кесарава манэта пры мне, як i пэргамант са словамi прарока, напiсанымi на iм. - I дастае манэту й пэргамант з кiшэнi й перадае Агасфэру, быццам гэта былi няма ладу якiя скарбы.

Айцэну робiцца вусьцiшна, ён быццам бы гэта ўжо раз перажыў. А яго прыяцель Лёйхтэнтрагер ужо хоча ведаць, чаго ён так дрыжыць, цi ж мала ён прапаведаваў уваскрэсеньне зь мёртвых, i вось табе маеш, калi тое сталася, ён палохаецца.

- Але я ня ўцямлю, што за гэтым, - кажа Айцэн, - альбо тут сам жыд у плоцi, альбо ж выпладзень пекла, i гэта мяне так палохае.

Лёйхтэнтрагер налiвае яму вiна й суцяшае.

- Ня бойся, Паўль, - кажа ён, - што йдзе, прыйдзе, i ня ты першы, ня ты апошнi, каго чорт забiрае.

Айцэн прымушае сябе засьмяяцца, хоць яму зусiм не да сьмеху, i пасьля таго як ён адаслаў крошку Маргарэтэ з пакоя, якая даволi такi неахвотна выйшла, ён няцьвёрдым голасам пытаецца, цi ня хоча прыяцель Лёйхтэнтрагер сказаць на поўным сур'ёзе, што ў iм больш д'ябальскага чым проста iмя, Люцыпар; акрамя таго ён, Айцэн, нiколi не схаўрусаваўся б з чортам i пактаў не заключаў бы так, каб ён гэтага ня ведаў, бо такi сатанiнскi дакумант, як яно належыцца, прыпячатваецца крывёю, а тут нiякi чорт ня мае нi права на яго, нi якiх бы там нi было прэтэнзiй да яго.

Тут падымаецца Агасфэр i выпростваецца ў цёмную постаць i разгортвае кавалак асьлiнай скуры, якую даў яму Лёйхтэнтрагер, i чытае напiсанае на iм у тоне, ад якога ў Айцэна кроў у жылах стыне:

- Глядзi, вось Я - на пастыраў, i спаганю авечак Маiх з рук iхнiх i ня дам iм болей пасьвiць авечак, i ня будуць болей пастыры пасьвiць самiх сябе, i вырву авечак Маiх з пашчанак iхнiх, i ня будуць яны ежаю iм.

Айцэн ведае словы, прарок Эзэкiiль гэта той, якога ён сам часта панукаў на добрыя справы, i калi ён пачынае разумець, што Вечны Жыд пасьля яго праходу па 'вулiцы' не вярнуўся б толькi дзеля таго, каб правесьцi зь iм духоўны дыспут, а што тут iдзе пра вечнае жыцьцё, ён абараняецца з усiм запалам i зацята, як толькi можа, i заяўляе, што ён, Айцэн, быў-такi лепшым пастухом, чым нехта ў сваiм гешэфце, i хоць з Богам на вуснах, але ня чужы й сьвецкiм выгодам, бо што ж тут такога; азiрнешся вакол у герцагстве, i гер тайны радца пацьвердзiць: тут пануе найлепшы духоўны парадак, i няма нiкога, хто самахоць ухiлiўся б ад хрысьцiянскага вучэньня, якое руплiва закладзена добрым доктарам Марцiнусам Лютэрам, а сьледам за iм i iм, Яго герцагскай мосьцi вярхоўным iнспэктарам i супэрiнтэндэнтам, i народ пачувае сябе ахаваным у веры,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×