тым часам як па той бок мяжы, як на ўсход, так i на захад, культывуюцца самыя заганныя ератычныя вучэньнi, i ўсякi там Гiнц альбо Кунц лiчыць, што лепш выкладае Хрыста, чым ардынаваны на тое слуга Гасподнi.

Гаворыць гэта й глядзiць, шукаючы сьведчньня i падтрымкi, на Лёйхтэнтрагера, якi заўсёды падшпорваў яго на богаўгодныя чыны й часта вяцягваў яго з лужыны; але той падбiрае насьмешлiва губкi й кажа:

- Менавiта таму, мой усехрысьцiянскi дружа, менавiта за гэтыя адмысловыя заслугi ты цяпер чортаў.

I як толькi Айцэн падымаецца, каб запярэчыць, хоць у глыбiнi душы ён ведае, што няшчасны ўкрыжаванец не на тое аддаў сваю кроў, каб увекавечнiць палiцыю i сваё цела, ня дзеля пэрпэтуiраваньня вялiкай моцы ўладаў, як жыд падымае руку й кажа:

- Бог ёсьць свабода, бо вырашае Ён, i нiхто iншы за Яго; калi ж тое праўда, што Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу, хто ж тады адважыцца ўцiснуць чалавечы дух у дактрыны?

I тут Айцэн адчувае, што загнаны ў вугал, ён бачыць танец ценяў ў мiгатлiвым сьвятле й думае, што ўсё гэта маленькiя чарцяняты, якiя цiкуюць за iм з распаленымi ражнамi й вiламi, i ўскрыквае. Але гер тайны радца лёгенька кранае яго пальцамi й кажа:

- Паколькi вы лiчылi сябе мудрым, вы сталiся дурнем, як i пiсаў апостал Павел рымлянам.

Айцэн чуе гэта, i ў яго мозгу, у якiм выслоўi й вершы Сьвятога Пiсаньня закруцiлiся, як маленькiя колцы, яго гэта тузае й падколвае, i ён думае, што чорт падкiнуў яму выратавальную вяровачку, каб ён ухапiўся за яе. Таму кажа:

- Усё яно менавiта так, але што меў на ўвазе апостал, пiшучы гэта? Што чалавек можа iсьцi няправiльным шляхам i ўпадаць у памылкi; цi ж за гэта ён робiцца чортавым i павiнен быць пракляты на векi вечныя? Так, я памыляўся, бо я намагаўся пабудаваць на зямлi царства, якое сутнасьцю падобнае да нябеснага, дзе мае значэньне толькi адна рада i ўсё робiцца паводле адной волi; чалавек не павiнен хацець чынiць, падобна Богу, ён толькi жменька праху.

I паколькi Лёйхтэнтрагер складвае рукi на грудзях i маўчыць, пакуль жыд кiвае так, быццам успамiнае словы, сказаныя iм Iсусу, калi той падышоў да ягоных дзьвярэй, Айцэн падазрае, што ён на правiльным шляху, i калi крыху патрэнiруецца ў самапрынiжэньнi, альбо наогул знойдзе каго-небудзь, на каго мог бы перакласьцi сваю вiну, яму, дадаўшы крыху лёгкай рыторыкi, удалося б пазьбегнуць выраку, якi яму пагражае, альбо, прынамсi, памякчыць яго. Таму кажа далей:

- Item, паколькi чалавек памыляецца, а Бог не, i ўсё iдзе паводле Божага рашэньня, направа, калi гэта так вырашана, альбо налева, калi й на гэта Ягоная воля, дык вынiкае, што ня ўласна чалавек вiнаваты, а Бог; i калi б чалавечая вiна ня клалася не на самаго Бога, дык чаму ж тады Бог паслаў свайго роднага сына, каб той узяў усю вiну на сябе?

- Так што, - кажа Агасфэр, - ergo, закасьцянелыя i зацятыя жыды таксама ня вiнаватыя, тыя, што крычалi Укрыжуйце яго! i Яго кроў на нас i на нашых дзецях!, так, нават мусiлi крычаць Укрыжуйце яго! i наклiкаць i чынiць ўсё самае лiхое й пахiбнае, каб споўнiлася воля Божая? I што, ergo, праклён, якi мяне, Агасфэра, спасьцiг, павiнен быў бы спасьцiгнуць самаго Бога ўва мне, Вечна Вандроўным Жыдзе?

Гер супэрiнтэндэнт бачыць, куды ён залез са сваiм аргумэнтам i што ён будзе глыбей i глыбей засмоктвацца багнай, чым больш ён абтоптваецца, але страх перад пякельным пракляцьцем i вечным агнём пад заднiцай падганяе яго, i ён думае, што Божыя плечы шырокiя, i маё калiўца чалавечай вiны, якую я ўскладу на Яго, Яму плячэй не намуляе, i кажа: 'Вядома!' i 'Так яно й ёсьць!' i, 'еrgo, навошта караць пастуха, калi ён робiць толькi тое, што сказаў яму яго гаспадар?' i, павярнуўшыся да свайго сябра Лёйхтэнтрагера: 'Д'ябал, дзе твая логiка, сатана, дзе твой розум?'

Вострыя бровы Лёйхтэнтрагера падымаюцца, у вачах блiскаюць iскры, бо падлiчыць, колькi будзе два разы па два, ён умее лепей, чым тыя, якiя пакладаюцца на сваю веру й на цудадзействы Бога. Пасьля ён устае й iдзе да палiцы на сьцяне, на якой роўненька стаяць Бiблii Айцэна й iншыя пабожныя старакнiжныя рарытэты, акуратна пераплеценыя, а справа Айцэнавыя ўласныя друкаваныя творы, вялiкае багацьце й гонар аўтара. I бярэ адтуль 'Хрысьцiянскае настаўленьне etc. etc.', выдадзенае ў Шлезьвiгу ў Нiкалаўса Вегенэра, гартае яе, задаволена кiвае й заўважае, што ў творы гаворка йдзе пра prаedestinatio альбо Божае прадвызначэньне, гэтую тэму вы толькi што прадыспутавалi й абгаварылi, i паколькi Айцэн, якому стала горача за вушамi, пацьвердзiў гэта, пытаецца як бы мiж iншым, цi ён i нiхто iншы напiсаў усё, што ў гэтай кнiзе, i паколькi Айцэн, мусiць пацьвердзiць гэта, сябар падыходзiць, трымаючы кнiгу ў руках, назад да стала й разгорнутую кладзе перад Айцэнам, паказваючы пальцам разьдзел i радок, i кажа: 'Чытай!', i паколькi Айцэн толькi мыляе губамi: 'Уголас! Агасфэру таксама цiкава паслухаць'.

I Айцэн мусiць прачытаць тое, што напiсаў у запале сваёй рупнасьцi й што цяпер хацеў бы, каб нiколi так ня думаў, хоць усё гэта было старанна прадумана й пражавана яго добрым доктарам Марцiнусам зь Вiтэнбэрга, а менавiта: 'Такiм чынам, верны, сьвяты, найлюбасьнейшы Бог нiкога не прадвызначаў i не ствараў для грэху й пракляцьця альбо вечнай сьмерцi, а пракляцьце бязбожнага паходзiць зь яго ж самога.'

- 'Зь яго ж самога' - паўтарае гер тайны радца й дадае, скiраваўшы вочы ўгору: - Не з таго там. - Гартае далей i кажа: - Чытай! - I зноў Айцэн мусiць чытаць уголас, i пацьвярджаць, што напiсаў гэта сам, як ён апасаецца, сабе ж вырак, а менавiта:

- 'I Бог сваiм судом караў, i карае ў сёньняшнiя днi асьлеплых i зацятых жыдоў паводле iхняй жа волi й iхняга праклёну; i трэба адзначыць, што Сьвятое Пiсаньне гэтую жорсткую, працяглую кару прыпiсвае ня Божаму прадвызнначэньню, а разбэшчанасьцi й зацятасьцi самiх жыдоў'.

- Разбэшчанасьцi й зацятасьцi самiх жыдоў, - паўтарае Лёйхтэнтрагер, - а што важна й мае значэньне для самiх небаракаў жыдоў, мусiць, павiнна мець значэньне для гера доктара Божай вучонасьцi, такога як ты, дружа Паўль.

- Iдзi, гер супэрiнтэндэнт, - кажа Агасфэр i падыходзiць да камiна, у якiм злосна паблiсквае, - якраз пара ўжо.

- Iдзi, Паўль, - кажа Лёйхтэнтрагер i паказвае яму кiрунак, - мы пойдзем.

У Айцэна калоцяцца каленi; яму хочацца пабыць яшчэ хоць хвiлiнку, яшчэ выпiць вiна, якое так сьвецiцца на стале, але ён ведае, што яму не дазволяць, i ён баiцца, што застране ў комiне, калi яны ўтрох паляцяць празь яго, ён i Лёйхтэнтрагер i Агасфэр, i можа нават тут унiзе звэндзiцца. Але яго сябар Лёйхтэнтрагер, якi раптам устае перад iм увесь у белым, як анёл на карцiнах, i Агасфэр, адзеньне на якiм здаецца як бы са сьвятла, кладуць на яго рукi, амаль пяшчотна, i, быццам адгадаўшы ягоны клопат, Лёйхтэнтрагер кажа, што ня бойся, ня трэба страху й ты будзеш правiльна транссубстанцыяваны. I як што Айцэн усё яшчэ зьдзiўляецца, якiм жа чынам усё гэта можа стацца, ён раптам адчувае, як яму шырока адамкнула рот, як гэта бывае, калi палявы фельчар рве зубы, i чуе, як Лёйхтэнтрагер кажа: - 'Прэч, душанятка, так i так ты ня цаца, а жалю вартая штучка, недабратворная, ня жыўнасная', - i адчувае, як нешта вырываецца зь яго, хоча яшчэ закрычаць да Бога альбо яшчэ да каго, але ня можа гэтага зрабiць.

Праз хвiлiну, калi ў пакой уваходзяць крошка Маргарэтэ й пiсар Калунд, яны знаходзяць бацьку: ён ляжыць каля камiна, задраўшы галаву, страшна вырачыныя вочы ашклянелi, язык вывалiўся з рота.

Агонь у камiне патух, а каля стала, на якiм усё яшчэ чырвона рдзее вiно й сьвецяцца тры келiхi, стаяць боты, якiя крошка Маргарэтэ сьцягнула з ног маладога жыда.

РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЯВЯТЫ Й КАНЕЦ

У якiм рабi прыступае да штурму сьвятога парадку, адбываецца Армагедон i выяўляецца, што апошнiя пытаньнi павiнны застацца без адказу

Мы падаем.

Праз бясконцасьць прорвы, якая ёсьць разам i прасторай i часам i дзе няма нi нiзу нi верху, нi справа нi зьлева, толькi паток часьцiнак, якiя яшчэ не падзялiлiся на сьвятло й цемру, вечны морак. I я бачу рабi й яго руку са знакам раны, рука працягваецца да мяне, i маё сэрца схiляецца да яго.

Ты каешся? кажа ён.

Не, няма ўва мне каяты.

Бо гэта было так велiчна, як страшна гэта нi скончылася, вялiкая Спроба, i павiнна была быць, каб усё акруглiлася i вярнулася да таго, з чаго вынiкла, творыва да свайго стварэньня i Бог да Бога. Але рабi быў богападобны, самы першы й адзiны раз, калi ўзьляцеў на свайго белага рысака й кiнуўся на штурм, у яго вачах полымя, у руцэ двусечны меч справядлiвасьцi й перад iм сьцяг зь iмем, якога нiхто ня ведае, i за iм чатыры цёмныя вершнiкi, той на сернiстым канi, якi называецца Пажар i дастае сваiм лукам да краёў зямлi, i

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×