Тут раззлаваўся сын, забыўся пра абяцанне, якое даваў жонцы, пакруцiў вакол пальца пярсцёнак i пажадаў, каб жонка з дзiцем тут жа з'явiлiся да яго; i адразу яны з'явiлiся тут. Але каралева пачала плакаць, бедаваць, сказала, што ён не стрымаў свайго слова, зрабiў iх няшчаснымi.

Ён адказаў ёй:

- Зрабiў я гэта незнарок, я проста забыўся пра нашу дамову, - i пачаў яе суцяшаць усяляк.

Яна зрабiла выгляд, што даравала яму, а сама ў душы затаiла злосць.

Тады ён павёў яе за горад, у поле, i паказаў тую раку, па якой калiсьцi бацька выправiў яго ў падарожжа, паказаў, а тады кажа:

- Вельмi я стамiўся, давай сядзем на зямлю, i я крыху пасплю ў цябе на каленях. - Паклаў ён жонцы галаву на каленi, i яна пачала гладзiць яго па валасах, гладзiла пакуль ён не заснуў. А калi заснуў, каралева зняла з яго пальца пярсцёнак, пасля асцярожна вызвалiла з-пад галавы нагу, але застаўся пад бокам караля чаравiчак каралевы; пасля ўзяла яна на рукi дзiцёнка i сказала пярсцёнку, што хоча вярнуцца ў сваё каралеўства.

Прачнуўся хлапец, бачыць, што ляжыць на беразе адзiн, нi жонкi, нi сына няма i пярсцёнка на пальцы таксама няма, а яму застаўся толькi жончын чаравiчак.

'Вяртацца да бацькоў я не магу, - падумаў ён, - бо яны скажуць, што я варажбiт нейкi; трэба мне як можна хутчэй iсцi адсюль, iсцi да таго часу, пакуль не вярнуся ў сваё каралеўства'.

Ён пайшоў i нарэшце дабраўся да гары; а ля той гары стаяць тры велiканы ды гучна спрачаюцца мiж сабой, як справядлiва падзялiць бацькоўскую спадчыну. Убачылi яны, што iдзе паблiзу хлапец, спынiлi яго ды кажуць:

- Маленькiя людзi кемлiвыя; падзялi мiж намi бацькаву спадчыну. А спадчына гэта складаецца, па- першае, з шаблi, - у каго ў руках будзе яна i хто скажа: 'Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!' - то ўмомант пападаюць усе галовы на зямлю; падругое, з накiдкi, - хто ўскiне яе на плечы, той адразу зробiцца невiдзiмкай; i, па-трэцяе, з пары ботаў, - хто тыя боты абуе i захоча некуды трапiць, то ўмомант апынецца там.

Тады юнак кажа велiканам:

- А вы пакажыце мне тыя рэчы, праверу, цi спраўныя яны?

Далi яму накiдку, накiнуў ён яе на плечы - адразу невiдзiмкай зрабiўся, ператварыўся ў муху. Пасля зноў набыў ранейшы выгляд ды кажа велiканам:

- Накiдка добрая, а цяпер давайце мне шаблю. А яны ў адказ:

- Не, шаблю мы табе не дамо! Бо як скажаш: 'Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!', то паляцяць нашы галовы з плеч, а застанецца галава толькi ў цябе.

Але, урэшце, далi шаблю, атрымаўшы перш абяцанне, што ён праверыць яе сiлу на дрэве. Гэтак ён i зрабiў, i шабля рассекла дрэва, быццам тую саломiнку.

Захацелася яму праверыць боты, але велiканы кажуць:

- Не, ботаў табе не дамо; бо калi ты iх абуеш i захочаш трапiць на вяршыню гары, мы застанемся тут знiзу, i ў нас нiчога з дзяльбой не выйдзе.

- Я гэтак не зраблю, - кажа хлапец.

Тады яны аддалi боты. I вось апынулiся ў яго ўсе тры рэчы са спадчыны, а ён увесь гэты час думаў пра жонку i сына, таму, задуманы, прамовiў: 'Вось бы трапiць на Залатую гару!' - i ўмомант на вачах велiканаў знiк; так была падзелена тая спадчына.

Быў ужо юнак паблiзу палаца; чуе радасныя воклiкi, музыку, а людзi падказваюць яму, што гэта ягоная жонка спраўляе вяселле з iншым чалавекам. Раззлаваўся хлапец ды кажа злосна:

- Хлуслiвая жанчына вакол пальца мяне абвяла. - I ахiнуўся накiдкай, i нябачна ўвайшоў у палац.

Ступiў у залу, а пасярод яе стаiць вялiкi стол, а на стале тым багата розных страваў; госцi ядуць, п'юць, смяюцца, жартуюць. А каралева сядзiць мiж iмi, уся ў прыгожым адзеннi, раскашуе на каралеўскiм троне, а на галаве ў яе золатам зiхацiць карона. Хлапец наблiзiўся да яе, стаў за плячыма, i нiхто яго не бачыць. Калi каралеве клалi на талерку кавалачак мяса, ён працягваў нябачную руку, браў мяса i з'ядаў сам; налiвалi ёй вiна, ён падхоплiваў шклянку i выпiваў; ёй увесь час падкладалi яду, а яна заставалася галодная - i талерка, i шклянка бясследна знiкалi. Яна таму вельмi засмуцiлася, зрабiлася ёй сорамна, тады яна паднялася i пайшла да сябе ў пакой i там заплакала, а ён таксама следам за ёй пайшоў. Скрозь слёзы каралева мовiла:

- Цi не зноў нячысцiк мной завалодаў, няўжо мяне ад яго не выратавалi?

Тады ён грозна спытаў у яе:

- Хiба нiколi да цябе не прыходзiў выратавальнiк? Дык ён i цяпер з табой побач, хлуслiўка!

Ён скiнуў накiдку, адразу зрабiўся бачным, адчынiў дзверы, зайшоў у залу i там гучна абвясцiў:

- Канец балю! Сапраўдны кароль вярнуўся!

Каралi, князi, саветнiкi, якiя за сталом балявалi, пачалi смяяцца, паказваць на яго пальцамi; тады ён грозна мовiў:

- Вы пакiнеце залу цi не?

Яны спачатку намерылiся схапiць яго, нават з-за стала павыходзiлi, але ён выхапiў шаблю i сказаў:

- Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!

I пакацiлiся ўсе галовы на зямлю, i ён застаўся адзiным гаспадаром палаца ды зноў зрабiўся каралём Залатой гары.

СНЯГУРАЧКА

Гэта было ў сярэдзiне зiмы. Падалi сняжынкi, быццам пух з неба, i сядзела каралева ля акна, - рама яго была з чорнага дрэва, - i каралева шыла. Калi яна шыла, заглядзелася на снег i ўкалола iголкай палец, - i ўпалi тры кроплi крывi на снег. I чырвонае на белым снезе выглядала так прыгожа, што падумала яна сама сабе: 'Вось, калi б нарадзiлася ў мяне дзiця, белае, як гэты снег, i румянае, як кроў, i чорнавалосае, як дрэва на аконнай раме!'

I нарадзiла каралева неўзабаве дачку, i была яна белая, як снег, румяная, як кроў, i такая чорнавалосая, як чорнае дрэва, - i празвалi яе таму Снягурачкай. А калi дзiця нарадзiлася, каралева памерла.

Праз год узяў кароль сабе другую жонку. Гэта была прыгожая жанчына, але ганарыстая i пыхлiвая, яна трываць не магла, калi хто-небудзь пераўзыходзiў яе хараством. Было ў яе чароўнае люстэрка, i калi станавiлася яна перад iм i глядзелася ў яго, то пыталася:

- Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

I люстэрка адказвала:

- Вы, каралева, прыгажэй у лясной старане.

I яна была задаволена, паколькi ведала, што люстэрка кажа праўду.

А Снягурачка за гэты час падрасла i станавiлася ўсё харашэй, i, калi ёй споўнiлася сем гадоў, была яна такая цудоўная, як ясны дзень, i прыгажэйшая за саму каралеву. Калi каралева спытала ў свайго люстэрка:

- Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

Люстэрка адказала так:

- Вы, каралева, канечне, прыгожы сабой,

Ды толькi Снягурачка вас засланяе красой.

Спалохалася тады каралева, пажаўцела, пазелянела ад зайздрасцi. Убачыць, бывала, Снягурачку - i сэрца ў яе разрываецца, так неўзлюбiла яна дзяўчынку. I зайздрасць, i фанабэрыстаць разрасталiся, як пустазелле, у яе сэрцы ўсё вышэй i вышэй, i не было ёй з гэтага часу спакою нi ўдзень, нi ўночы.

Тады яна паклiкала аднаго са сваiх егераў i сказала:

- Завядзi гэтую дзяўчынку ў лес, - я больш бачыць яе не магу. Ты павiнен яе забiць i прынесцi мне ў знак доказу яе лёгкiя i печань.

Егер паслухаўся i завёў дзяўчынку ў лес; але, калi ён выцягнуў свой паляўнiчы нож i хацеў было ўжо працяць нi ў чым не вiнаватае сэрца Снягурачкi, тая пачала плакаць i прасiць:

- Ах, мiлы егер, пакiнь мяне жывою! Я ўцяку далёка-далёка ў дрымучы лес i нiколi не вярнуся дадому.

I таму, што была яна такая прыгожая, егер над ёю злiтаваўся i сказаў:

- Так i быць, бяжы, бедная дзяўчынка! I падумаў сам сабе: 'Усё адно там цябе хутка з'ядуць дзiкiя звяры', - i быццам камень звалiўся ў яго з сэрца, калi не давялося яму забiваць Снягурачку.

I якраз у гэты час падбег малады алень, егер яго закалоў, выразаў у яго лёгкiя i печань i прынёс iх каралеве ў знак доказу, што яе загад выкананы. Кухару распарадзiлiся зварыць iх у салёнай вадзе, i лiхая жанчына iх з'ела, думаючы, што гэта лёгкiя i печань Снягурачкi.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату