пачакаўшы, ён распазнаў жаўну. А спярша яна здалася яму нейкiм пачварным, пякельным стварэннем. Дзядуля пачаў трэсцi рукой, каб птушка выпусцiла ягоны палец. А яна - нiяк. Мабыць, са страху i сама не можа разявiць дзюбу. Не падумаўшы, што ён робiць, дзед падбег да пня ды сякерай i даў па птушынай дзюбе. Адсек палову дзюбiка, а разам з iм i канец свайго сярэдняга пальца.

Пра гэта ён нам нiколi не расказваў. Але аднойчы iшлi мы разам з iм лесам i адзiн з нас палез рукой у дупло, каб праверыць, што там ёсць. Тады дзядуля i паказаў нам левую руку:

- Бачыце? Быў такi цiкаўны, як вы цяпер. Вось i палец пакалечыў. Не раiў бы i вам без дай прычыны лезцi са сваёй рукой туды, куды вас не просяць...

Зразумела, розныя бываюць дуплы, i не ў кожным абавязкова сядзiць жаўна. Здараецца, што i на змяю натрапiш...

З бацькам

Бацька мой, калi б я ў яго пра што нi пытаўся, нiколi не адмаўляўся даць адказ. Магчыма, таму, што пытаннi мае былi простыя, нескладаныя.

Асаблiва багата пытанняў я даваў яму, калi мы з iм бывалi ў лесе цi на балоце. Пытаўся я тут пра ўсё: пра жыццё звяркоў i птушак, пра паасобныя раслiны, пра тое, якую яны людзям прыносяць карысць. Сам ён, не чакаючы маiх пытанняў, паказваў шкодныя раслiны, папярэджваў не чапаць iх рукамi, не есцi нiколi. Нягледзячы на тое, што я параўнаўча быў малы, бацькавы тлумачэннi засталiся ў маёй памяцi да сённяшняга дня. Чытаючы ў пазнейшыя гады навуковыя, спецыяльныя творы, я знаходзiў, зразумела, непараўнана больш грунтоўныя тлумачэннi, але самы асноўны сэнс мне быў вядомы. Вось некалькi прыкладаў.

Iдзём мы i бачым штабель сасновых бярвенняў. Па бярвеннi ходзяць местачковыя козы i абдзiраюць падкоркавы слой, кашульку белага колеру, ды са смакам ядуць яе. Я пытаюся, няўжо яны галодныя, што ядуць дрэва. Бацька мне тлумачыць, што ў галодныя гады людзi адмыслова нарыхтоўвалi гэты падкоркавы слой сасны, сушылi, таўклi або малолi i выпякалi з яго хлеб. I хлеб не такi ўжо кепскi i водар дужа прыемны. Пазней я прачытаў, што з гэтага матэрыялу ў заводскiм маштабе пачалi здабываць... ванiлiн. Вось адкуль той водар!

Iдзём мы праз балота. Бачым - стрэлкалiст. Не паленаваўся бацька, дастаў пару раслiн, паказаў мне корань, а на iм - як невялiчкiя бульбiнкi, велiчынёй з лясны арэх.

- Пакаштуй, - кажа бацька. - Гэтыя бульбiнкi можна есцi нават сырыя...

Чытаю шмат пасля, што па-за межамi нашай краiны некаторыя народы да сённяшняга дня выкарыстоўваюць гэты караняплод у сваiм меню, сушаць яго, нарыхтоўваюць рознымi спосабамi для зiмы... I багата, багата каштоўных раслiн, дзiкарослых, паказваў мне мой бацька... Яго тлумачэннi не былi вынiкам якой-небудзь ягонай асабiстай мудрасцi. Яны былi вынiкам вопыту папярэднiх пакаленняў нашага народа, шматгадовых назiранняў, вынiкам дасягненняў, да якiх наш народ прыходзiў вобмацкам у цяжкiя перыяды свайго жыцця.

Ай, чорт!

Бацька са сваiм суседам хадзiў час ад часу ў рыбу. Лавiлi брэднем, так званым трайнiком. Трэцiм яны бралi мяне. Хоць гадоў мне не так многа, але ростам я быў роўны з суседам. Апрача таго, умеў добра плаваць. Калi брэдзень заводзiлi на глыбiню, я, стоячы за дзяда, мог лёгка праплысцi за сваiм колiкам i не ўпусцiць рыбу. У рыбу мы хадзiлi выключна звечара i да дванаццатай гадзiны ночы. Сусед быў перакананы, што а дванаццатай гадзiне ночы выходзiць з розных сховiшчаў уся нячыстая сiла: вадзянiкi, русалкi, ведзьмы, - i лепш з iмi не сустракацца.

Пайшлi мы аднойчы ў князеўскую раку, што цячэ ад нашых Стажкоў цераз лугi, якiя называюцца Сутокi.

Заходзiлi мы са сваёй прыладай цiха, лiшне не боўталiся, каб не палохаць рыбу. Лавiлася добра. Пудовыя торбы, якiя вiселi цераз плячо ў кожнага, былi напалову запоўненыя лiнямi, язямi, акунямi. А час наблiжаўся да поўначы. Сусед ужо разы са два нагадваў пра гэта. Бацька, жартуючы, адказваў, што сёння нячыстая сiла выйдзе на гадзiну пазней, бо так у iх гадзiннiк паставiў п'яны загармiстар, местачковы гадзiннiкавы майстар. Бацька прапанаваў абавязкова зайсцi ў затончык, увесь бераг над якiм быў закрыты алешнiкам.

Цiхенька-цiхенька абышлi мы затончык, развёўшы крылы брэдня, i пачалi iх сцiскаць, падводзiць адно да аднаго. У гэты момант памiж крыламi ўзняўся такi лопат, такi гармiдар, затрубiлi нейкiя трубы, можна было напалохацца i вельмi смеламу чалавеку, якi нi ў якую нячыстую сiлу не верыць. Сусед жа напалохаўся страшэнна, што я i адчуў па крылу, якое пачало вiхляцца ва ўсе бакi. У гэты момант мне ў карму нешта стукнула. Я, не пускаючы свайго дзяда, мацнуў рукою i трапiў на нейкiя кiпцюры. Не думаючы доўга, выгукнуў:

- Ай, чорт!

Сусед адразу кiнуў сваё крыло, якое ледзь паспеў перахапiць тата, выскачыў з вады на бераг i адтуль падаў голас:

- Няхай яна затоне такая рыба! Даўно трэба было канчаць!

Тым часам я абмацваў рукою пад вадой сваю здабычу. Урэшце спавясцiў:

- Не, гэта не чорт, а качка.

Сусед тады бултых з берага ў ваду ды пытаецца:

- Адна? А як жа мы будзем дзялiць?

Я засмяяўся:

- Нiяк! Вы ж адмовiлiся ад яе.

Так i выйшла: рыбу мы падзялiлi на тры часткi, а качку я аднёс дадому.

Была гэта не старая качка, а качанятка. Мама падрэзала яму крыльцы. Пасядзела качанятка колькi дзён у хаце. Пачало адразу свойшчыцца, звыкаць да людзей. Мацi стала выпускаць яго на панадворак да курэй, да гусей. Так яно i жыло ў нас да самай восенi. Сусед, праўда, некалькi разоў пытаўся, калi будзем дзялiць качку, але я адмаўляўся. А тут пачалi ляцець птушкi ў вырай: журавы, гусi, качкi... Калi паляцелi качкi, закрычалi з неба, наша Шэрачка, - так мы яе звалi, - спачатку пачала бегаць па дварышчы, тыкаючыся ў плот, у сцены, а пасля ўзнялася на крылле, бо яно адрасло за якi месяц, i падалася да чарады. Мы ўсе стаялi i глядзелi, як Шэрачка знайшла сваiх сябровак у бясконцым небе. Мама наша сказала:

- Свеце мiлы! Як свой да свайго горнецца, як воля вабiць усiх... Здаецца, чаго ёй у нас не хапала, не крыўдзiў нiхто, але ж не - там лепей...

Вясною, калi з выраю птушкi ляцелi, адна качка разы са два над нашай хатай пракружылася. Можа, хворая якая, а можа, i наша Шэрачка прызасталася прывiтаць нас. Хто ж цяпер скажа...

Што расце на жабiнай скуры?

У лiку дзвюх найлепшых школ дарэвалюцыйнай Вiленшчыны была Мядзельская. Дзякуючы шчаслiваму збегу сямейных акалiчнасцей, давялося i мне два гады вучыцца ў гэтай школе. Усе прадметы ў чацвёртым i пятым класах вывучалiся паводле гiмназiчных падручнiкаў. Асаблiва матэматыка i прыродазнаўчыя навукi. Усе вучнi iмкнулiся вучыцца як мага лепш, не заставацца ззаду ад сваiх сяброў. Кожны марыў аб тым, каб пасля гэтае школы пайсцi вучыцца далей. Ва ўсякiм разе ўсiм было добра вядома, што век непiсьменных скончыўся. Усюды, куды не паткнешся, перавагу аддавалi пiсьменным людзям. Адзiн iраз на год, звычайна вясной, прыязджаў у школу з Вiлейкi, з нашага павятовага горада, iнспектар. Такiмi iнспектарамi былi збольшага настаўнiкi гарадскога чатырохкласнага вучылiшча. Былi яны людзi добра адукаваныя, паканчалi настаўнiцкiя iнстытуты або ўнiверсiтэты. Насiлi настаўнiцкую форму: сiнiя сурдуты з пятлiцамi i залатымi гузiкамi. Для нас, вясковых дзяцей, якiя не бывалi далей свайго мястэчка, не бачылi нi чыгункi, нi, тым больш, аўтамашын, а начальства бачылi толькi на пошце - прыезды iнспектара былi вялiкай падзеяй. Усе хвалявалiся: у такiя прыезды строга правяралiся i нашы веды.

Вясной 1914 года стала вядома ў нашай школе, што да нас едзе iнспектар i будзе дакладна праз два днi. Перад гэтым была праведзена вялiкая падрыхтоўка, а больш правiльна сказаць - праверка. Наш настаўнiк бегла сам экзаменаваў усiх вучняў i па ўсiх прадметах. Здавалася, што ведаем мы ўсю праграму на 'выдатна'. Настаўнiк нас папярэдзiў, каб мы не палохалiся, бо ў выпадку чаго сорамна будзе яму, настаўнiку. Школу прыбралi, аздобiлi зелянiнай. Урэшце iнспектар прыехаў. Быў гэта вельмi вясёлы, жвавы, малады яшчэ чалавек. Правяраў ён нас нават з меншай прыдзiрлiвасцю, чымсьцi наш настаўнiк. Спачатку мы крыху хвалявалiся, а пасля другога ўрока асвойталiся i адказвалi дужа добра i спакойна. Iнспектар не ўтрымаўся, каб не сказаць пра ўсё добрае ў нашай прысутнасцi. Такое бывае рэдка.

- Дам я вам яшчэ адно-аднюсенькае пытанне, - звярнуўся iнспектар да нашага выпускнога класа. - Што расце на жабiнай скуры - воўна або пух?!

Калi на кожнае папярэдняе пытанне ўзнiмалася дваццаць - трыццаць рук, дык на гэтае не ўзнялося нi аднае. Мы ўсе задумалiся: нiбыта на жабе, апрача слiзкае скуры, нiчога няма, нi воўны, нi пуху, але ж такi паважны чалавек пытаецца...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату