- Дык што ж вы, гэткiя выдатнiкi, не ведаеце такой простай рэчы? запытаўся ён зноў.

I тады падняў руку адзiн наш хлопец, Амброжы, заiкасты.

- Скажы!

- П-п-п-пух! - выцiснуў ён пры абсалютнай цiшынi ў класе.

Засмяялiся ўсе без выключэння. Бедны Амброжы пачырванеў, збянтэжыўся.

- Сядай, хлопча. А цяпер хто дасць правiльны адказ: чым пакрыта жаба?

Усе паднялi рукi. Адказ задаволiў iнспектара. А для нас, як пасля тлумачыў настаўнiк, гэта быў урок на ўсё жыццё: трэба добра вывучаць усе навукi, каб змагчы самастойна адрознiць праўду ад няпраўды.

Не спакушай двойчы свой лёс

Калi хто-небудзь з нашай сям'i хадзiў з мястэчка Мядзела ў старое Мядзела, дзе была пошта, мядзельскiя крамнiкi прасiлi ўзяць i за адным заходам аддаць на пошту iхнiя грошы, якiя яны пасылалi пад тавары. Грошы былi па тым часе вельмi немалыя: па дзве-тры сотнi рублёў. Мы не адмаўлялiся, бо цяжкага ў гэтым нiчога не было. Але вось здарылася такое.

Мой самы старэйшы брат Ваня, якi з Вiльнi прыехаў на зiмовыя вакацыi, падвязаўшы канькi, накiраваўся на пошту. Па дарозе яго папрасiў адзiн крамнiк, каб ён узяў заадно i адправiў семсот рублёў. Брат узяў i - гайда праз возера. Грошы з торбачкай паклаў за пазуху. Прыкацiў на пошту, не адвязваючы канькоў, заходзiць, кладзе на бар'ер бланк пераводу. Палез па грошы - грошай няма. А грошы, на тыя цэны, - паўсотнi кароў дойных купiць можна. Нi слова не кажучы, выйшаў ён з пошты ды на каньках тым жа следам праз возера. А ехаў ён не па наезджанай дарозе, а па чыстым лёдзе. Праязджае палову дарогi - ляжыць торбачка, грошы ўсе цэлыя. Падняў ён яе ды, не кладучы нiкуды, у руках трымаючы, - на пошту i аддаў у належным парадку, пад квiтанцыю. Прывёз ён квiтанцыю старому Моўшу.

- Дзякуй табе, Ваня, дзякуй!

- Дзякаваць не варта, дзядзька Моўша, але больш нiколi чужых грошай браць не буду.

Ды i расказаў яму пра ўсё здарэнне.

Толькi ад аднаго расказа мама плакала наўзрыд. А ўсёй сям'ёй мы вырашылi так: 'Дзякаваць лёсу, што ён пазбавiў нас ад такога гора. Але не трэба спакушаць свой лёс двойчы'.

Лыжка дзёгцю

Памiраў мой найлепшы сябар Антось Слабковiч. Той самы Антось, з якiм я сядзеў на адной парце ў школе, з якiм плаваў па ўсёй Мястры i нават па Нарачы, з якiм я пералiчыў усе палi былога патаемнага моста памiж мястэчкам i востравам, з якiм абышоў усе баравiковыя палянкi ў прымядзельскiх барах i пушчах, з якiм нават хадзiў на таямнiчае, дзiвосна-прыгожае, але i страшнае Рудакоўскае возера, з якiм, а больш правiльна сказаць - у якога я прачытаў цэлы вялiкi чамадан антыўрадавых, рэвалюцыйных выданняў i пракламацый.

Гэты мой задушэўны сябар Антось ляжаў у вялiкiм пакоi свайго дома, на высокiм тапчане. Тапчан быў засланы коўдрамi змрочных, цьмяных колераў. Толькi пад галавой, адцяняючы ўсю гэтую жалобу - снежна- белая падушка.

У галовах у яго стаялi вялiзныя падсвечнiкi, прынесеныя з касцёла, а ў гэтых падсвечнiках гарэлi васковыя свечы-грамнiцы. Ягоная мацi, удава Эмiлiя Iванаўна, ляжала крыжам на падлозе перад абразом Вастрабрамскай маткi боскай i, толькi паводзячы, як пры сутарзе, рукамi i нагамi, давала знак, што яна яшчэ пакуль жывая сама, што ў яе схуднелым целе яшчэ трымаецца дух.

Суседкi, паапранаўшыся як манашкi - дзве хусткi: чорная зверху, белая пад ёй, - стаялi i сядзелi каля сцен i ўпаўголаса, трымаючы перад сабой кантычкi, спявалi 'Здровась, Марыя'. Усё было зроблена для таго, каб выгнаць невядомую хваробу з гэтага наогул моцнага хлопца. А яна не выходзiла нiяк. Не памаглi тут i дактары, якiя нешта таямнiча сказалi адзiн аднаму, маўляў, 'iнкогнiта', i пайшлi разам з хаты.

Я, сцiпла стоячы збоку, выцiраў кулаком слёзы. Такое гора! Такая жудасная карцiна! Антосеў твар стаў белы, як крэйда найлепшых гатункаў. Толькi пад вачамi ў яго стаiлiся чорна-сiнiя паўкружжы. Рукамi ён iрваў на сабе кашулю, ляскаў зубамi, падкiдваў ногi аж да галавы, нiбыта збiраючыся перакулiцца праз галаву, як гэта мы рабiлi не раз. Пасля зноў, бы звалiўшыся з высокай званiцы, выпростваўся i цiха стагнаў. А людзi прыходзiлi i выходзiлi. Прыходзiлi выказаць сваё спачуванне матцы, хоць якiм добрым словам памагчы беднаму хлопцу.

I вось адчынiлiся дзверы для чарговай вiзiтацыi. Прыйшла старая бабулька з сям'i, у якой было прозвiшча - Звяругi, але дзе былi ледзьве не самыя лепшыя людзi ва ўсiм мястэчку. Пастаяўшы пару хвiлiн каля Антося, яна раптам парушыла ўвесь урачысты ход развiтання з iм i голасна сказала:

- Ды замоўкнiце вы са сваiмi лiтаннямi. Яны тут зусiм не патрэбны. У яго рабакi. Дайце яму бярозавага дзёгцю. Ад сэрца i адыдзе.

Збянтэжаныя кабеты паспрабавалi не згадзiцца са старой.

- Усе дактары сказалi, што ў яго страшная хвароба - 'iнкогнiта', а ты са сваiм дзёгцем лезеш.

- Кажу вам, што ў яго рабакi. Яны пад сэрца i пруць...

Далi Антосю дзёгцю пад нос, не пашкадавалi i ў рот налiць. Паляжаўшы пару хвiлiн - як скочыў наш хворы, ды ў кухню...

Смерць некуды збегла, нiхто яе i не бачыў. Павыносiлi падсвечнiкi, пагасiўшы i сабраўшы грамнiцы. Адсунулi да сцяны тапчан. А па абедзе мы з Антосем плылi праз Мястру ад Старога да Новага Мядзела...

Кажуць, што адна лыжка дзёгцю псуе бочку мёду. Не ведаю, не каштаваў такога мёду. Але што адна лыжка дзёгцю падняла хворага з ложка - бачыў на ўласныя вочы. I жыў ён хто ведае колькi...

Падпольная лiтаратура

У Мядзеле ў 1913 годзе мне давялося ўпершыню пазнаёмiцца з вялiкай колькасцю падпольнай, рэвалюцыйнай лiтаратуры, якая збольшага была надрукавана ў 1905-1906 гадах, у часе першай расейскай рэвалюцыi. Гэта часопiсы, лiстоўкi-пракламацыi, адозвы, плакаты. Яны прыцягвалi ўвагу не толькi зместам сваiм, але i вонкавым выглядам. Многiя з iх былi надрукаваны чырвонай фарбай, многiя - сiняй.

Як жа яны трапiлi ў Мядзела? Родны дзядзька Антося Слабковiча жыў у Пецярбурзе i працаваў там нейкiм дробным службоўцам у акруговым судзе, дзе разглядалiся справы заарыштаваных рэвалюцыянераў. Пасля судоў рэчавыя доказы крамольная лiтаратура - складвалiся ў архiў. Маючы доступ да архiва, гэты дзядзька паступова напакаваў палiтычнай лiтаратурай цэлы чамадан i прывёз яе ў Мядзела. Што яна была ўзята менавiта з архiва - сведчылi пячаткi. Яны стаялi на кожным выданнi.

Якiмi меркаваннямi кiраваўся дзядзька пры гэтым, я не магу ўявiць сабе i сёння. Пакiнуў ён лiтаратуру на гарышчы дома. Антось узяў яе пад сваю руку. Мы з сябрам перабiралiся на чаўне на востраў на возеры Мястра, супраць Новага Мядзела, на Замак, як яго называлi тады. Там, лежачы ў зацiшку, разглядвалi i чыталi тыя выданнi. Самае вялiкае ўражанне на нас зрабiла карыкатура на цара Мiкалая II, якi ў вельмi смешным выглядзе сядзеў на троне. А на другiм выданнi была намалявана пiрамiда, на ёй - царская ўлада: жандармерыя, палiцыя, папы, манахi, розныя падпанкi i, нарэшце, на самым версе царскi трон i сам цар. Ды цi мала было такiх карыкатур!

На многiх лiстоўках надрукавалi тэксты рэвалюцыйных вершаў i песень. Некаторыя з iх мы пазавучвалi на памяць. У адным вершы пра двухгаловага арла быў рэфрэн:

Я нашел, друзья, нашел,

Кто виновник бестолковый

Наших бедствий, наших зол:

Виноват во всем гербовый,

Двуязычный, двухголовый,

Всероссийский наш орел...

Пазней, у студэнцкiя гады, я даведаўся, што гэты верш склаў вядомы паэт В.С.Курачкiн, славуты перакладчык твораў Беранжэ на расейскую мову...

Антось быў старэйшы ад мяне гады на два i даваў мне свае тлумачэннi да многiх малюнкаў i тэксту, - напэўна яны не мелi кнiжнага бляску, але змест iх быў дужа жыццёвы...

У далейшым Антось паказваў некаторыя часопiсы рыбакам з вёскi Качэргi, у якой быў ягоны родзiч. I вось, вiдаць, там знайшоўся нейкi даносчык, якi паiнфармаваў аднаго прадстаўнiка мясцовай улады. Той папярэдзiў нашых бацькоў:

- Пiльнуйцеся! Вашыя дзецi 'красныя' часопiсы цягаюць! Дазнаецца прыстаў будзе кепска!

Пасля гэтага мы свой набытак - рэвалюцыйную лiтаратуру больш нiкому не паказвалi.

Крамольная газета

У апошняга расейскага цара Мiкалая II спыталiся неяк аднойчы, як ён ставiцца да розных нацыянальнасцяў.

Цар адказаў так:

- Падазрона да палякаў, грэблiва да беларусаў i з поўнай пагардаю да жыдоў.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату