- Тады, кажу, iншая справа. Будзем рабiць яе самi!

- А вы ўмееце рабiць?

- Не толькi не ўмею, але нават не ведаю, з чаго яе робяць.

- Дык як жа?

- Для гэтага iснуюць кнiгi. Зараз дамо маланку, - гэта былi такiя тэрмiновыя тэлеграмы, - у Маскву, у 'Кнiгу - поштай' i папросiм, каб яны прыслалi нам адпаведную лiтаратуру.

Простая справа? Зусiм простая. Але вось уявiце сабе, што дужа часта многiя не даацэньваюць ролю кнiгi, пачынаюць адкрываць адкрытыя Амерыкi, замест таго каб праверыць у адпаведным падручнiку: што зроблена папярэднiкамi раней. А тут яшчэ, як на грэх, бывае, што i 'Кнiга - поштай' не заўсёды акуратна адгукаецца на запытаннi. З уласнай практыкi апошнiх гадоў маю факты, калi толькi праз пяць-шэсць месяцаў выконвалiся мае ўласныя заказы адной правiнцыяльнай 'Кнiга - поштай' i то, калi да iх зайшоў жыхар таго горада i настойлiва папрасiў выканаць заказанае... Але ж там - правiнцыяльная арганiзацыя. А я даў тэлеграму ў маскоўскую. Можаце ўявiць сабе, што праз двое сутак на трэцiя прыйшла пасылка з кнiгамi! Каб я ведаў прозвiшча таго добрасумленнага працаўнiка, яго трэба было б адзначыць для ўсеагульнага ведама! Той працаўнiк лiтаральна выратаваў i нашага старшыню, i нашу арганiзацыю, i наш конны транспарт. У пасылцы было шэсць кнiг. Усе яны - капiтальныя, фундаментальныя падручнiкi i тлумачаць, як арганiзаваць вялiкую каламазную вытворчасць, цэлыя заводы. Але адна з iх была самая маленькая, з назвай, надрукаванай на сiняй вокладцы белымi лiтарамi: 'Как самому простейшим способом изготовить колесную мазь'. Каштавала яна ўсяго трыццаць пяць капеек. I гэтая танюсенькая кнiжачка прынесла такую карысць!

Атрымаўшы з пошты пакунак з кнiгамi, на скорую руку перагледзеўшы яго, я адразу пайшоў у кабiнет да старшынi.

- Iван Якаўлевiч! Прыйшлi кнiгi, пачынаем рабiць каламазь.

Мой начальнiк усхваляваўся, ускочыў, хапiў усе кнiгi, пачаў iх гартаць. Я паказаў яму тую, танюсенькую.

- Якiя матэрыялы патрабуюцца для мазi?

- Вада - па-першае.

- Вады маем цэлую раку Яранку.

- Па-другое - вапна.

- Вапны, ронгiнскай, - было там такое паселiшча Ронгiна, ад якога i пайшла назва вапны, - повен склад.

- А яшчэ - паўгудрон.

- Гэтага дабра пазычым на першы раз у МТС. А больш нiчога? Нi масла, нi мёду, нi яек?.. - пачаў жартаваць старшыня.

- Больш нiчога. Для першага разу - бочка, драўляная мяшалка.

Выйшлi ўсёй кампанiяй на дварышча. Прынеслi вядро паўгудрону, вапны. Эмульсавалi мяшалкай ваду з паўгудронам i пачалi, памешваючы, насыпаць у тую эмульсiю вапну. Лiтаральна праз пятнаццаць-дваццаць марудных хвiлiн першы замес быў гатовы.

Сам наш старшыня, не давяраючы нiкому, намазаў восi i колы ў дрожках, запрог каня i пакацiў па горадзе. Вярнуўшыся праз колькi хвiлiн, вясёлы, радасны, ён здалёку закрычаў:

- Браточкi, не пiшчыць!

Што казаць далей? Рабочы, якi прысутнiчаў пры першым замесе, быў тут жа, на панадворку, прызначаны кiраўнiком новага прадпрыемства, яму дадзена пад гарантыю - 'адказваеш галавой!' кнiжачка i двое памагатых.

Праз тыдзень увесь раён быў забяспечаны каламаззю i Яранск пачаў прадаваць яе ў суседнiя раёны, але, што праўда, то праўда, свайго сакрэту нiкому не адкрываў...

Колькi добрых слоў паслана было па адрасу i аўтара той кнiжачкi i людзей, якiя так тэрмiнова i акуратна выканалi заказ на кнiгi!

Сустрэча з лiхiмi людзьмi

Увосень 1934 года тэрмiнова ехаў я з Яранска да Iашкар-Алы. Ехаў я з адным земляком. Было ў нас дзве фурманкi, па адной на кожнага. Пры кожнай фурманцы павознiк. Але дарога такая цяжкая, што магутныя конi ледзьве цягнулi бадай парожнiя калёсы, на якiх былi ўвязаны невялiчкiя куфэркi. Мы iшлi абочынай дарогi, пехатой. Уся наша дарога працягласцю была восемдзесят чатыры кiламетры. А ехалi мы двое сутак. На сярэдзiне дарогi - начавалi.

На другi дзень, калi добра сцямнела, пачалi мы наблiжацца да Iашкар-Алы. Засталося самае гiблае балота, на якiм не так даўно насыпалi высокую дамбу грэблю, а перад ёй, над балацянай рэчкай, - доўгi драўляны мост паставiлi. I вось каля гэтага моста i заселi лiхiя людзi, каб сабраць свой крывавы плён. На наша шчасце, з горада ехаў нейкi чалавек конна. Тыя лiхiя людзi мелiся ссадзiць яго, але ён паспеў уцячы. Параўняўшыся з намi за якi кiламетр ад моста, гэты чалавек хуценька папярэдзiў нас:

- Браткi! Асцярожна! На мосце лiхiя людзi!

Мы адразу спынiлiся. Павознiк мой, чалавек магутнага фiзiчнага складу, выявiў сябе такiм жа магутным баязлiўцам. Адразу ж адшпiлiў рэмень i сказаў, што яму трэба нечага затрымацца ў кустах.

Мой таварыш быў ненамнога смялей майго павознiка. Але затое павознiк майго таварыша - ну, проста герой. Ён толькi запытаўся ў мяне:

- Ты не баiшся?

Я адказаў шчыра:

- Нiкога i нiчога!

- Тады пойдзем так. Я, - кажа той павознiк, - пайду першы, ты за мной, а наш друг, - кiўнуў ён на майго таварыша, - пойдзе за намi. - Тут жа ён адвязаў дарожныя сякеркi - ад свайго i ад майго воза.

Узялi мы з iм па сякерцы i памаленьку кранулiся. Конi iдуць, брыдуць фактычна самi, мы толькi iх панукаем. У той жа час як мага ўглядаемся, што там наперадзе. I вось разгледзелi -чатыры ценi. Стаяць з правага рогу, пры самым пачатку моста. А мы нiбыта нiчога не бачым, iдзём ды на конi:

- Но, косю, но! Хутка адпачываць будзеце... Но!

I вось, калi заставалася метры са два да тых зданяў-ценяў, мой папярэднi кiдаецца ў атаку, не чакаючы нападу. Я за iм. З усяго маху ён б'е аднаго ў бок, скiдвае з грэблi. Я такiм жа чынам збiў другога, i ён пакацiўся з дзесяцiметровай вышынi. Трэцi, мабыць, ад нечаканкi паслiзнуўся сам, пакацiўся за iмi. А чацвёрты толькi гойкнуў:

- Iх тут многа, праклятых! - выскачыў на мост i пабег па мосце, толькi насцiл гудзе. Тым часам конi нашы, не спыняючыся, узышлi на мост самi, колы загрымелi па дрэве. Тут жа з'явiўся мой павознiк. Замацаваўшы свой рэмень на поясе, ён адразу пачаў пытацца:

- Ну, дзе яны? Дайце мне iх у рукi!

Мiмаволi мы ўсе, у такiм страху, пачалi рагатаць. У начной цiшы гэты рогат, пэўна, быў таксама, як зброя. Уцякаючы, злачынцы чулi, безумоўна, яго i, не ведаючы нашых магчымасцяў, ды яшчэ пачуўшы громападобны клiч: 'Дайце мне iх у рукi!' - напэўна, паддалi пэнду.

А ў нас - новая задача: што рабiць далей? Мой павознiк i мой таварыш прапануюць тут спынiцца i чакаць свiтання. Павознiк майго таварыша i я прапануем неадкладна ехаць далей. Гэты сапраўдны герой тлумачыць:

- Мы iх, тых людзей, раздражнiлi, паскiдалi ў балота. Яны пойдуць, прывядуць падмогу i падавяць нас у гэтай глушы...

Паслухаўшы ўсю такую размову, я падаў прапазiцыю: свае рэчы перакладваю на другi воз, а яны няхай застаюцца тут да ранiцы цi да палудня - як хочуць. 'Смельчакi' не згадзiлiся, i мы неадкладна паехалi далей. Прыехалi памаленьку ў марыйскую сталiцу. Вельмi ўсцешылiся, калi з-за павароту зазiхацелi яе агнi i нашы конi пайшлi па брукаваных вулiцах...

Сiнявокая лекарка

Колькi на свеце ёсць сардэчных, добрых людзей, якiя спагадаюць людскому гору, вялiкае яно цi малое, ды iмкнуцца дапамагчы, не чакаючы, калi аб гэтым iх прасiць будуць...

Па тэрмiновай, неадкладнай справе iшоў я аднойчы ад сяла Шэшургi да сяла Мiхайлаўскага на Вятчыне. Тым шляхам цяпер аўтобусы ходзяць. Але ў той час нiякага руху не было. Праедзе, бывала, адна якая фурманка - ды ўсё. Прыблiзна на сярэдзiне маёй дарогi была невялiчкая вёска. Вёска лясная, вельмi акуратная, чыстая. Каля кожнага дома лаўка для адпачынку. Вокны ўсе фарбаваныя, з прыгожымi лiштвамi. Брамы - з разбярскiмi аздобамi рознымi. Адным словам, надта прыгожая вёска.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату