МАЦI-IГУМЕННЯ. Не чапай iх, сястра Ганорыя. Няхай працуюць. (Iзабэле). Сястра Iзабэла, падыдзi. Я толькi што даведалася ад сястры Ганорыi, якая адкрылася мне, як таго патрабуе хрысцiянскi абавязак: было парушана адно са старажытных правiлаў гэтага манастыра, якiя ўжо чатыры стагоддзi не адважваўся зневажаць нiводзiн чалавек. Правiла, паводле якога манашка, перад тым як быць прынятай у лона святога прыстанку, павiнна прайсцi ачышчэнне ад агiды свету i грэшных думак, ачышчэнне праз самапрынiжэнне i самаадрачэнне. У гэты час адзiнае, пра што яна павiнна думаць - слава Божая. У гэты час малiтва - гэта хлеб i сон, i радасць яе. Вера - прытулак яе. Гасподзь - спавядальнiк i настаўнiк яе. Гэты запавет пакiнулi нашаму манастыру настаўнiкi веры. I вось ужо чатыры стагоддзi Невельскi манастыр свята захоўвае яго, таму што цвярдыня яго - не камень, не муры i вежы, але вера. Вера! I вось я даведваюся, што сёння гэты запавет быў парушаны...
СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Праўдзiва, праўдзiва кажу вам, парушаны...
СЯСТРА МАРЫЯ. Мацi-Iгумення...
МАЦI-IГУМЕННЯ. Маўчы. Табе нiхто не даў права гаварыць. Ты сваё ўжо сказала.
IЗАБЭЛА. Мацi-Iгумення, яна проста...
ФIЛIП. Матушка, быць можа сястра Марыя сапраўды...
МАЦI-IГУМЕННЯ. Я прасiла вас быць сведкам, брат Фiлiп. Калi мне спатрэбiцца вашая парада, я папрашу яе.
IЗАБЭЛА. Але Марыя...
МАЦI-IГУМЕННЯ. Ты дзёрзкая. А манастыр - прыстанак пакорлiвых.
IЗАБЭЛА. Я хачу патлумачыць...
МАЦI-IГУМЕННЯ. Што зменяць твае тлумачэннi? Навошта яны? Хiба перада мною табе трэба апраўдвацца? Цi ганарлiвасць прамаўчаць не дазваляе?
IЗАБЭЛА. Але я хачу справядлiвасцi!
МАЦI-IГУМЕННЯ. Што ты ведаеш пра справядлiвасць? Братазабойца адважваецца гаварыць пра справядлiвасць? Каiн папракаў Бога ў нясправядлiвасцi. Не даюць спакою ягоныя лаўры? Бог - гэта справядлiвасць!
IЗАБЭЛА. Але...
МАЦI-IГУМЕННЯ. Ты 'хочаш'. Паглядзiце на яе. Яна 'хоча'. Ты забылася, дзе ты? Зайграла п'емонцкая кроў? Манастыр - не месца для задавальнення ўласных жаданняў.
IЗАБЭЛА. Я...
МАЦI-IГУМЕННЯ. (Стомлена): Памаўчы. Табе няма чаго сказаць. Сястра Марыя, падыдзi...
СЯСТРА МАРЫЯ. Я тут, матушка.
МАЦI-IГУМЕННЯ. Ты саграшыла.
СЯСТРА МАРЫЯ. Так, матушка.
МАЦI-IГУМЕННЯ. Бог лiтасцiвы. Бог даруе таму, хто пакаяўся.
СЯСТРА МАРЫЯ. У iмя Айца, i Сына, i Святога Духа...
МАЦI-IГУМЕННЯ. Ты паспавядаешся брату Фiлiпу, вы ж не адмовiце нам у гэтым, брат?
ФIЛIП. Як можна? Але я яшчэ не гатовы...
МАЦI-IГУМЕННЯ. (Фiлiпу): Хопiць. (Да сястры Марыi). Затым ты пойдзеш у манастырнае сутарэнне i не выйдзеш адтуль тры днi i тры ночы. Там, без хлеба i вады, ты будзеш замольваць свае грахi. Малiтва ачысцiць душу. Самаадрачэнне ўмацуе дух. Малiся, малiся, дачка мая, каб гасподзь не пакiнуў цябе ў сваёй лiтасцi...
СЯСТРА МАРЫЯ. Дзякуй вам, матушка. Дзякуй вам за вашую дабрыню. Дзякуй. (Кланяецца). Век, век не забуду...
МАЦI-IГУМЕННЯ. Iдзi... (Сястра Марыя выходзiць).
СЯСТРА БЕРНАРДА. (Цiха): Ох, што зараз будзе. Памажы нам, святы Селясцiн.
СЯСТРА ГАННА. (шэптам) Толькi б яна адразу скарылася...
IЗАБЭЛА. (цвёрда): Яна не вiнаватая.
СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Ты адважваешся пярэчыць Мацi-Iгуменнi? Паскуднiца!
МАЦI-IГУМЕННЯ. Памаўчы, сястра Ганорыя. (Iзабэле). Сястра Iзабэла, ты ведаеш, што такое пакорлiвасць? Напэўна, часам вельмi цяжка скарыцца сэрцу гордаму i вольналюбiваму, духу моцнаму i ваяўнiчаму. Я разумею, як гэта складана. Больш таго, я ведаю... Ведаю. А вось цi ведаеш ты?
IЗАБЭЛА. Са злом нельга мiрыцца.
МАЦI-IГУМЕННЯ. Добра. Але цi ёсць тое, перад чым ты гатовая скарыцца? Маўчыш? Добра. Я пакажу табе, што такое пакорлiвасць. Падыдзi сюды, сястра Iзабэла. (Iзабэла падыходзiць). Схiлi каленi. (Iзабэла стаiць. Мацi-Iгумення з размаху б'е яе па твары, разбiвае яго ў кроў.) Укленчы! (Iзабэла стаiць. Мацi- Iгумення зноўку б'е яе). На каленi! (Iзабэла апускаецца). Не апускаць вочы! Глядзi на мяне. А зараз цалуй руку. Цалуй руку! (Iзабэла цалуе). Ганорыя, падай ёй руку. Цалуй! Цалуй! (Iзабэла цалуе руку Ганорыi). Ганна, Бернарда, Вентурыя. Пакорлiва цалуй. I ў вочы глядзi, кожнай - у вочы. (цалуе iхнiя рукi). Iаана, падай руку..
СЯСТРА IААННА. Рукi не дам, асы баюся. Аса атрутная ў бутоне ружы.
МАЦI-IГУМЕННЯ. (Iзабэле). Цалуй ёй ногi. Цалуй ногi Блажэннай. (Б'е Iзабэлу па твары. Iзабэла падае. Потым цалуе). Добра. Цяпер устань, сястра Iзабэла. Няма ганарлiвых у Градзе Божым. Ты саграшыла. Бог даруе, як я табе дарую. Я не лепшая за цябе. Прашу i твайго прабачэння. (Падыходзiць да Iзабэлы, кленчыць i схiляецца да яе ног) Люблю цябе. Усiх вас люблю. Усiх шкадую. Памалiся, памалiся Госпаду, i Ён не пакiне цябе.
(Выходзiць. За ёю выходзяць астатнiя манашкi).
СЯСТРА IААННА. (выходзячы) Мяне ўкусiла атрутная аса, мяне ўкусiла атрутная аса...
(Iзабэла выцiрае кроў з твару, яе калоцiць ад бязгучных рыданняў. Яна падае на падлогу, плача, потым устае i выходзiць).
АКТ 2
Сцэна 10
(Заходзiць Iзабэла, кленчыць, молiцца, затым падымаецца i пачынае працаваць. Яна вельмi змянiлася. Стала цiхай i светлай. Заходзяць сястра Вентурыя, сястра Бернарда i сястра Ганна).
СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Глядзiце, глядзiце... Зноў молiцца.
СЯСТРА БЕРНАРДА. Колькi разоў на дзень, i не злiчыць.
СЯСТРА ГАННА. Небарака. З таго самага дня зусiм пакорлiвая стала. Лагодная.
СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Вось так... Быццам бы падмянiлi. Можа, пагутарыць з ёю?
СЯСТРА БЕРНАРДА. Сёстры кажуць, яна цяпер зусiм мала размаўляе. Больш па манастырных справах. А так маўчыць...
СЯСТРА ГАННА. А можа. Усё ж такi паспрабуем? Шкада яе.
СЯСТРА БЕРНАРДА. Ой, наклiчаш на нас бяду.
СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Сястра Iзабэла, сястра Iзабэла. Э-э-э... Надвор'е сёння халоднае.
СЯСТРА БЕРНАРДА. Так, пахмурнае, пахмурнае...
IЗАБЭЛА. Напэўна...
СЯСТРА ГАННА. Табе, пэўна, вельмi халодна вось так, на каленях, на халоднай падлозе гадзiнамi прастойваць?
СЯСТРА БЕРНАРДА. Бязглуздзiцу пытаешся. Вядома, не сонцапёк.
IЗАБЭЛА. Я, вiдаць, перастала адчуваць холад. Гасподзь сагравае мне душу, а душа - цела.
СЯСТРА БЕРНАРДА. (скептычна глядзiць на Iзабэлу) Пэўна ж, у такiм целе душа ледзь-ледзь цеплiцца.
СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Ага. Добра было б усiм так навучыцца грэцца. А чаму з сёстрамi не размаўляеш?
IЗАБЭЛА. Размаўляю. Яны ў мяне пытаюцца, я адказваю.
СЯСТРА БЕРНАРДА. А сама чаму не пытаешся?
IЗАБЭЛА. Працы шмат. Ды ў каго мне яшчэ пытацца, як не ў Бога? I хiба не дзеля Яго я тут?
СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Паслухай, можа, ты Мацi-Iгуменнi спалохалася?
IЗАБЭЛА. Не.
СЯСТРА ГАННА. Дык не бойся, не бойся. Яна пасварыцца i адыдзе. Яна даруе, яна ўсiм даруе. Ты не бойся...
СЯСТРА БЕРНАРДА. (сястры Вентурыя) А рукi, рукi зусiм сiнiя...
СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. (сястры Бернардзе) Так яна нядоўга працягне.
СЯСТРА ГАННА. (сёстрам) Няўжо Мацi-Iгумення не злiтасцiвiцца над ёю?