праз мроiва гадоў i апусьцiла на зямлю дакладна на тое ж самае месца, ля збуцьвелага паркану. 'Гэта ад нэрваў... зараз пройдзе', - прагучаў над вухам таўпiлавы голас i штосьцi халоднае кранулася вуснаў. 'Выпей, адразу палягчэе'. Зубы стукнулi аб край конаўкi i разам з халоднай вадой грудзi напоўнiлiся гнятлiвай тугою: ёй да млосьцi, да сардэчнага болю закарцела кiнуцца ў калодзеж. Яна паспрабавала ўстаць, але Таўпiла схапiў за руку, правёў шурпатай даланёй па валасах, здушана прамовiў: 'Ну чаго ты?.. ну супакойся... цяпер нам немцы не страшныя... зараз пяску наверх насыпем... я яшчэ самасаду нацярушу... у iхных аўчарак ад самасаду нюх зусiм губляецца...' Голас таўпiлавы гучаў глуха, усё адно як з-пад зямлi, потым зусiм ачах i Матруна разьмежыла павекi. Малады цыбаты певень нетаропка хадзiў каля лаўкi, поруч, у цяньку, дзьве рабыя курыцы купалiся ў пяску, кудлаты суседавы цюцька ганяўся за вераб'ямi, а кот Базыль, якi й дагэтуль не пакаштаваў сырадою, адчайна дзёр кiпцюрамi камель старой лiпы. 'Авохцi мне... я ж малако не працадзiла!' - падхапiлася Матруна i хаця ляжаць давялося кароткую хвiлю, званы больш ня бiлi ўвушшу i гарачыя голкi не калолi грудзiну. Жанчына вынесла з прысенку даёнку, плюснула кату сырадою - аблiла пры гэтым кашэчую галаву i, спынiўшы пагляд на высокiм быльнiку, якi кусьцiўся ля дарогi, пакутлiва ўздыхнула. - Толькi што скасiла - iзноў падняўся, - прашапталi вусны i слых iзноўку напоўнiўся ценькiм аднастайным гудам.

Была раная ранiца, калi знадворку зарыпелi калёсы i пракурана закашляў стары Таўпiла. На ўскрайку вёскi, за могiлкамi, немцы зрабiлi лесасеку i сусед шторанку вазiў у Вазярышча бярозавыя пацурбалкi. Праяжджаючы мiма, ён кожнага разу кiдаў некалькi цурбакоў у прыдарожную крапiву i ехаў далей. Цяпер жа Таўпiла спынiў каня i цяжка затупаў пад вокнамi.

- Вось, дзеўкi, немцы выдалi за працу, - прамовiў стары, убiўшыся ў хату i паклаўшы на стол акраец бохана. - Калi паварушыцеся, будзеце есьцi хлеба ўдосыць.

Сусед сьцярожка ляпнуў па кiшэнi, пасля чаго, гэтак жа сьцярожка, выцягнуў адтуль мяшэчак самасаду i зьлёгку патрушчаны грыб. Грыбоў такiх расло процьма ў навакольлi i вяскоўцы лiчылi iх паганкамi.

- Кухар нямецкi на чыгуначнай станцыi за кош маладых паганак поўбоханы дае. Так што хапайце кашы i бяжыце ў поле, зьбiраць гэтыя самыя шампiньзе, цi як iх там немцы называюць... Можа атруцяцца, паскуды!

...Яны iшлi па полi i сястра, якая iшла першай, нечакана войкнула i заскакала, схапiўшыся за пятку: пад яе нагамi, у чэзлай траве, спруцянелай вужакай выгiнаўся калючы дрот. Соня выцiснула з пяткi кроплю чорнай крывi, перакрывiлася ад болю i тут жа падабрала з-пад ног дзьве крамяныя паганкi. Зьбiралi грыбы да самага вечара - Соня скакала па полi, прыпадаючы на правую ногу, - а як прысьпела пара iсьцi да дому, села на купiну i са стогнам прамовiла:

- Не магу ступiць... пятка апухла.

Спачатку Соня скакала поруч, абапiраючыся на плячук, потым давялося цягнуць небараку на сабе; сястра сьцiскала рукамi ейную шыю, здушана плакала i гарачыя Соньчыны сьлязiны казытлiва падалi за каршэнь.

- Зараз, Соня, пацярпi... прыдзем - напаю цябе чаем зь зёлкамi, супакойвала яна сястру i вечаровая палымнiца, што дагарала на захадзе, барвовай плямай расплывалася ўваччу.

Ноччу Сонi стала дрэнна. Прабiтая пятка пасiнела, нага пачала пухнуць i да Соньчынага лобу немагчыма было дакрануцца, такi ён быў гарачы. Яна прыклала да ранкi лiсьцiк трыпутнiку, потым альяс, напаiла сястру адварам зьверабою, але нiчога не дапамагала: сястра марнела на вачах i дзед Таўпiла, якога яна паклiкала ранiшнiм дасьвецьцем, ледзь чутна прашаптаў:

- Лекi патрэбныя... можа быць заражэньне крывi.

'Якiя лекi? Пра што ён кажа? Яшчэ летась усё да апошняга парашку аддалi партызанам', - падумала яна ў тую хвiлiну, а сусед, падхапiўшы з падлогi кошык з грыбамi, раструшчыў абвялымi пальцамi крохкую паганку i дадаў:

- На лесасеку немец прыяжджае... пагаманю зь iм.

Таўпiла падаўся з хаты, яна вышла следам, села, сьцепанаючыся ад ранiшняга халадку, на ганак i заплакала. Сонца з урачыстай павольнасьцю ўзнялося над небакраем, доўгi цень ад калодзежнага асьверу прапоўз ад адрыны да паркану, а яна, ужо бяз сьлёз, усё сядзела на ганку, невiдушча глядзела ў бок Дабранскай гары i страшныя думкi кроiлi сьвядомасць: яна з падступнай злараднасьцю думала пра тое, што Мiцька Дзянiсенка так i не дамогся Сонi. А з Дабранскай гары тым часам увiшным мурашом спаўзала цёмная фiгурка - нехта ехаў на веласiпедзе.

Пазбылася одуму толькi тады, як пачула бразгат веласiпеднага званку: ля весьнiц стаяў малады немец i махаў рукою.

- Зонiа? - запытаўся нечаканы госць i яна кiўнула ў адказ.

Немец неяк дзiўна павёў вачыма, перапытаў: - Ты ест Зонiа? - i толькi тады яна канчаткова ачулася, тыцнула пальцам у бок хаты, дрогкiм голасам паведамiла:

- Соня там... хворая.

Яна даўно ўжо запрыкмецiла гэтага немца - ён часьцяком праяжджаў на веласiпедзе мiма iхнай хаты, кiруючыся з Азярышча на лесасеку - i заўсёды дзiвiлася - як гэта фрыц не баiцца ехаць цёмным лесам. Iншы раз яна сустракала веласiпедзiста, стоячы пасярод двара, той вiтаў яе бразгатлiвым званком, махаў рукою, аднак нiколi не спыняўся. I вось сёньня спынiўся i змучаная бяссоньнем галава не адразу ўцямiла - адкуль малады фрыц ведае сестрына iмя.

Калi яна ўскочыла на ганак i расчынiла дзьверы, немец, якi дагэтуль iшоў сьледам, нечакана спынiўся й пагрозлiва запытаў: - Тыфус?

- Найн, найн... Сястра нагу прабiла, трэцiя соднi ляжыць, - i, каб было больш зразумела, яна паказала пальцам на голую пятку.

У цёмным прысенку яе апанавала дзiўнае насланьнё - на кароткую хвiлю здалося, што немец крануўся ейных клубаў i ад таго насланьня зашумела ўвушшу i сьцягнула скуру на цемi.

Соня ляжала незварушна, з заплюшчанымi вачыма. Немец крануўся краем пальцаў Соньчынага лобу, уражана зацокаў языком, потым зiрнуў на пасiнелую ногу, зацокаў зь яшчэ большай апантанасьцю, а яна стаяла, утрапёная, пасярод хаты, баючыся зварухнуцца i пазбыцца таго салодкага здранцьвеньня, што авалодала целам. I нават калi за госьцем зачынiлiся дзьверы i Соня кволам голасам запытала: 'Хто гэта быў?' - не скранулася зь месца i нiчога не адказала.

Больш у той дзень сястра не прамовiла нi слова. А калi ўвечары яна ўкленчыла перад ложкам i малiтоўна прашаптала: 'Соня, не маўчы, скажы хоць што-небудзь', - сястра расплюшчыла вочы i зварухнула сасьмяглымi вуснамi: 'Павукi, два страшных павукi... паўзуць да нашай хаты...' Соня трызьнiла i халодны жах зiрнуў з усiх цёмных кутоў i яна, ратуючыся ад страшных павукоў, падбiлася пад коўдру i абхапiла рукамi гарачае Соньчына цела.

На золку ў шыбу пастукаў Таўпiла.

- Быў? - запытаўся сусед.

- Быў, - гукнула яна пераселым ад плачу голасам.

- Добры немец, Бэртрамам завуць. Казаў, сын у яго нарадзiўся. Можа, на радасьцях, знойдзе якiх лекаў, - Таўпiла закашляўся i неўпрыкмет, нiбыта чухаючы пераносьсе, змахнуў са шчакi слязiну.

...Толькi на поўгадзiнкi i выбегла яна з хаты - бегала на вёску за жарынкай, каб запалiць у печы, а калi вярнулася, дык убачыла меднiцу ля ложку, а на стале бохан хлеба ды купку зялёных таблетак.

- Дзьве ўжо выпiла... - са стогнам прамовiла Соня i ўпершыню за апошнiя днi пасьмiхнулася.

Адвячоркам Сонi стала зусiм кепска, гаротнiца нават спаўзла ў беспамяцьцi з ложку, але неўзабаве суцiхла i наранiцу ляжала, працятая халодным потам, i штохвiлi прасiла пiць.

- Нiчога ня памятаю, а вось немца запомнiла, - казала Соня, сёрбаючы адвар зьверабою, - выцягнуў з- пад лаўкi меднiцу i пiхае ў яе нагу - паказвае, як трэба парыць. Была б здаровая - зарагатала...

Сястра яшчэ нешта казала, але яна ня слухала: дрыготкая рука сыпала ў меднiцу прынесены немцам парашок, блiскучыя драбочкi фарбавалi ваду ў бурачковы колер i ў глыбiнi сьветлай барвы прывiдна калыхаўся ўсьмешлiвы твар маладога немца.

А дзесьцi праз тыдзень - ад самага ранку - да iх завiтаў Таўпiла i ўпалым голасам паведамiў:

- Усё, дзеўкi, апошнi раз вязу дровы. Немчура партызан баiцца, будуць лес пiлаваць у iншым месцы, блiжэй да Азярышча.

Словы такiя ўсхвалявалi: яна i сама не магла зразумець - чаму абмёрла сэрца, - i толькi калi за Таўпiлам зачынiлiся дзьверы i пад вокнамi зашаргацелi i ацiхлi дзедавы крокi, згадала пра немца. Бэртрам па- ранейшаму штодня езьдзiў на лесасеку i яна кожнага разу з хмельным сумам у вачах паглядала на хлопца,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату