мружылася ад сонечных блiскаў, што йгралi на веласiпедных колах i гулкае сэрца кожны раз абмiрала, сьцiснутае, як здавалася, нечымi цёплымi далонямi. Сэрца абмёрла i цяпер, i сасьмяглыя вусны ледзь чутна прашапталi: - Немцу падзячыць трэба... - i сястра Соня, ступiўшы левай нагой на падлогу, згаджальна кiўнула галавой.
Перад тым, як панурыцца ў лес, бальшак добры кiлямэтар пнуўся пад гару, густа парослай алешнiкам i там, у кустах, яна й вырашыла дачакацца Бэртрама. Чакаць давялося нядоўга, бо не пасьпела яна ўбiцца ў алешнiк, як на дарозе суха зашамацелi веласiпедныя скаты i пачулася таропкае шамаценьне - гэта бiлася аб лiстоту руля Бэртрамавай стрэльбы. У першае iмгненьне яна не магла зварухнуцца ад хваляваньня, а калi, нарэшце, зварухнулася i выкулiлася з кустоў, дык ледзь ня зьбiла немца з ног i той, крутнуўшы руль, заехаў пярэднiм колам у прыдарожную канаву. Пакуль небарака выцягваў веласiпед на дарогу i папраўляў зьбiтую набакiр пiлётку, яна блытана распавяла, што сястра, дзякуючы лекам, амаль ачуняла, ступае на хворую ногу i просiць шаноўнага пана сёньня ж зайсьцi ў адведкi. Тлумачэньне давялося паўтарыць, яна нават прайшлася, прыпадаючы на левую ногу, дэманструючы, як ачунялая Соня ўпраўляецца па гаспадарцы i немец, гойкнуўшы: - Зонiа! - махнуў рукой спачатку ў бок лесасекi, а потым, дробна перабiраючы пальцамi, у бок вёскi.
Дахаты яна бегла нацянькi, спатыкаючыся на кожным кроку i маракуючы - чым яшчэ можна пачаставаць госьця. Стол быў падрыхтаваны ад ранку - на стале, у вадзiнай ацалелай талерцы, грувасьцiлiся кiславатыя папяроўкi, на сурвэцiне ляжаў парэзаны тонкiмi лустамi хлеб - Таўпiла прынёс поўбоханы за сабраныя паганкi, - а ў печы смажылася цэлая патэльня сьвiнога сала, якое яна выменяла падчас Соньчынай хваробы на бацькавы шынель. Але чагосцi ўсё ж такi не хапала i вось, чарговым разам спатыкнуўшыся, яна ўгледзела цэлую плойму летнiх апенек, якiя кусьцiлiся на пнi i сьпехам стала зьбiраць iх у хвартух.
...Грыбы сквiрчэлi i стралялi тлушчам, калi ля весьнiц бзынкнуў веласiпедны званок. Яны з Соняй разам падхапiлiся, пачалi выхоплiваць адна ў адной ашкалёпак люстэрка, абцягнулi гаматныя, прапахлыя цьвiльлю сукенкi, нарэшце паправiлi валасы на скронях i застылi ў нерухомасьцi.
Немец увайшоў не адразу: доўга тупаў у прысенку, зь лёккiм шоргатам пашнарыў рукою па сьценцы, шукаючы дзьверы, нарэшце адчынiў iх i таксама зьнерухомеў.
Першай ачулася Соня. - Праходзьце, праходзьце, - гукнула яна госьцю, госьць пераступiў парог, паставiў у кут карабiн i, ня ведаючы - чым заняць рукi, стаў расшпiльваць, а потым зноў зашпiльваць верхнi гузiк мундура.
Iм бы адразу пайсьцi да стала, тым больш, што немец павёў носам i прыклаў далонь да вуха, жартаўлiва прыслухоўваючыся да сквiрчэньня тлушчу на патэльнi, але замест таго ўсе трое паселi ў кухнi i Соня пачала звонкiм голасам апавядаць як яна ляжала, ледзь жывая, а Бэртрам, задзершы калашыну, паказваў як трэба парыць ногу.
- Iа, iа, - задаволена кiваў немец, штохвiлi пацiраючы рукi i калi сястра заскакала на левай назе, ляпнуў у далонi i гучна прамовiў: - Брава, Зонiа!
Госьць гаманiў зь сястрою, абодва весела сьмяялiся i сьмех гэты казытлiва адбiваўся пад пахамi. Яна сядзела ў здранцьвеньнi, ня ведаючы - як уплiшчыцца ў размову, а калi сабралася з духам i хацела запытацца - цi сапраўды прычыняюць лесасеку, азалелы язык пралепятаў нешта зусiм iншае: - Сына як назвалi?
Немец спачатку не зразумеў, але Соня хуценька растлумачыла, паказаўшы рукамi - як мацi гушкае дзiця.
- Ага-а... Как назфалi... Лётар, - прамовiў госць, прасьвятлеўшы з твару, палез у нутраны кiшэнь, зьбiраючыся нешта паказаць, ды так i застыў з прыцiснутай да грудзiны рукою.
Знадворку грукнула, хтосьцi ўвалiўся ў прысенак i на парозе, навалiўшыся плячом на вушак, паўстаў Мiцька Дзенiсенка. Iмгненьне Мiцька стаяў, утаропiўшыся на пакатую Бэртрамаву сьпiну, а што было потым - яна ня бачыла: захiнула твар даланямi. I адразу ж цяжка здрыганулася падлога, пранiзьлiва крыкнула Соня, страшна вылаяўся Мiцька.
- О-от с-сука, на нашых дзевак галiшся? Зараз, б-ля, зьвяжам ды ў сральнi ўтопiм... Канавальчык... вяроўку!
На кароткi мiг яна адарвала ад вачэй сапрэлыя далонi: Бэртрам ляжаў тварам долу, а Мiцька Дзянiсенка тыцкаў яму ў патылiцу рулей карабiну.
- Што ён вам зрабiў? Адчапiцеся ад яго! - крыкнула скрозь сьлёзы Соня i тут жа вiскнула, атрымаўшы кухталя.
- Сала смажыце, п-посьцiлкi нямецкiя... Нас дык салам нiколi не частавалi!
Каб ня чуць мацюгоў, яна зацiснула вялiкiмi пальцамi вушы i затрэслася ад бязгучнага плачу. У той мiг яна прагла аднаго: згiнуць, зьнiкнуць, правалiцца ў апраметную.
Хоць i зацiскала вушы, але пачула, як хтосьцi грукнуў у шыбу i здушана крыкнуў: - Немцы ў вёсцы!
Толькi краем вока глянула на сьвет, уражаная гэтым крыкам, i потым усё жыцьцё дакарала сябе, што не схавала ў той момант вачэй. Бэртрам разьвiтаўся зь ёю дакорлiвай усьмешкай. Проста пасьмiхнуўся аднымi вуснамi i зьнiк у прысенку, атрымаўшы прыкладам у сьпiну. У прысенку пасыпалiся долу глiняныя глякi, парахня сыпанула з гарышча, i валацуга Мiцька, стукнуўшыся плячом аб вушак, азiрнуўся i здушана прагугнеў:
- А з вамi яшчэ разбярэмся.
Сьцiснуўшы даланямi прыадкрыты рот, яна з жахам глядзела ў вакно. Па таўпiлавым гародзе, у бок лесу, беглi трое: Канавальчык з трафэйным веласiпедам на карку, Мiцька Дзенiсенка з двума стрэльбамi ў руках i Бэртрам з узьнятымi да гары рукамi.
- Падумаў, што гэта мы яго... зацягнулi ў пастку, - заплакана прастагнала сястра i ўсе гукi зямныя аддалiлiся, ператварылiся ў аднастайны шум i малады немец iзноў пасмiхнуўся ёй аднымi вуснамi, але ня зьнiк у прысенку, а так i застыў, нерухомы i штосьцi халоднае кранулася твару i дзесьцi над самым вухам прагучэў асiплы таўпiлавы голас: 'Матруна, чуеш, уставай...' Яна разьмежыла павекi i ў твар ёй пырснулi халоднай вады.
- Падымайся, хутчэй... схаваць трэба, пакуль нiхто ня бачыў...
Яна паспрабавала ўстаць, але здолела толькi падпаўзьцi да парога.
- Забiлi... забiлi, сволачы... на маiм агародзе. Пабеглi, дачушка, пакуль нiхто ня бачыў. А то ж спаляць вёску.
Дзед Таўпiла схапiў за плечы, падняў на ногi, i яна, не ўтрымаўшыся на ватных нагах, iзноў асунулася на падлогу.
- Уставай, йо... адзiн не сьцягну! - нягучна, але страшна выдыхнуў сусед i гэта вярнула сiлы.
... Немец ляжаў тварам да неба, раскiнуўшы рукi, i здавалася, што ён прылёг адпачыць на ўзьмежку таўпiлавага гароду.
- Ну, дачушка, дапамагай, пацягнем да калодзежу, - сусед падхапiў немца пад пахi, працягнуў пару мэтраў, упаў на каленi.
- Можа жывы? - пралепятала яна не сваiм голасам.
- Як жа, жывы... мазгi толькi цякуць, - буркнуў сусед i кiўком галавы загадаў цягнуць немца да калодзежу: - Давай, пакуль немцы не наляцелi!
Бэртрамава рука была цёплай i млявай. Не азiраючыся, яна пацягнула немца па ўтравелых разорах i зусiм ня чула, што ёй казаў дзед Таўпiла.
- Усё з-за мяне, - задыхана бубнеў Таўпiла, цягнучы немца за другую руку. - Крыкнуў... думаў - зьбягуць... а яно во як атрымалася...
Ля самага калодзежу яна ўпала на траву i зайшлася ад млосных курчаў. Ванiтаваць не было чым; шлункi, здавалася, лезьлi з жывата i пры гэтым страшэнна балела пад дыхнiцай. Штосьцi невымерна цяжкое абрынула ў нетры зямныя; зямля здрыганулася, нiбыта ад далёкага грому, самотная кропля гучна цiўкнула ў калодзежным прадоньнi i слых напоўнiўся замарачным звонам.
- Бяжы, дачушка, шукай якi мех... Будзем пясок насiць.
Яна зь цяжкасьцю паднялася на ногi, пайшла, не разьбiраючы дарогi, да хаты; з кожным крокам шум у вушах мацнеў, хата плыла ўваччу i, перад тым, як абрынуцца ў чорную зеўру калодзежу, Матруна ўхапiлася рукой за паркан...
Пляменьнiк зьлез з гарышча блiзу абеду. Азызлы, пакамечаны, з жмутком саломы ў валасах, ён доўга пiў ваду - з таго вядра, дзе пiла Зьвяздоха, потым сеў на ганак i змучана ўздыхнуў. Бычкоўскiя п'янтосы i дзеўкi ўходалi ленiнградца i на зьдзеклiвае пытаньне - цi пойдзе ён сёньня ў