люстэрка.
- А што... закрытае? - стоена запытаўся Мурленя.
У вадказ сакратарка роблена ўздыхнула, замутнiўшы люстэрка, i старшыня спорткамiтэту, гэткiм жа чынам - уздоўж сьцяны - падаўся ўпрочкi. Дзьверы прыёмнай цiхенька рыпнулi i абудзiлi тэлефон нутраной сувязi. Тэлефанавала Шура Неўмывакiна з прамысловага аддзелу.
- Iечка... Бюро закрытае?
- Закрытае, - прастагнала сакратарка.
- А па якiм пытаньнi?
- Не дакладваў! - слухаўка высьлiзнула з рукi, ляснулася на вагар, ды так хвацка, што з носу сакратарчынага пасыпалася пудра.
Iя i сапраўды ня ведала - пра што будуць гаманiць на паседжаньнi, таму i нэрвавалася. Iнтрыгу надавала i тое, што з вобласьцi мусiў прыехаць супрацоўнiк абласной управы КГБ. Ранiцай, калi шэф узяў яе руку i, па старой звычцы, правёў языком мiж пальцаў, яна запыталася - на якую халеру едзе чэкiст i шэф, паправiўшы гальштук, паўжартам адказаў: 'Iя, сакрэты ёсьць ня толькi ў жанчын, але i ў партыйных работнiкаў'.
'Божухна, у яго яшчэ ёсьць нейкiя сакрэты, - падумала Iя, згадаўшы ранiшнюю размову, - гэты ёлупень думае, што й практыкаваньнi на зялёным стале - вялiкi сакрэт. А пра iх ужо ведае апошнi сабака ў Азярышчы'. Сакратарка згадала, што акурат учора ёй давялося зацiраць анучкай тое месца на стале, дзе звычайна сядзеў старшыня райвыканкаму Кабяк i, страсянуўшы кудлатай 'хiмiяй', стала набiраць нумар апошняга запрошанага на паседжаньне - дырэктара райхарчпрамгандлю Ванзовiча.
А тым часам у Матрунiнай хаце, расклаўшы на двух табурэтах мэдычнае прычандальле, маладзенькая фэльчарка Нiна набiрала ў шпрыц вадкiя лекi.
- Я ж, дачушка, ужо i сама магу прыйсьцi. I карову даю, i канюшыну ўчора дакасiла, - прамаўляла цётка Матруна, казелячы вокам на шпрыц.
- Навошта ж вам хадзiць? Амбуляторыя на другiм канцы вёскi. А мне прайсьцiся - адно задавальненьне... Кашулю падымiце... - Нiна толькi сёлета скончыла мэдвучэльню i таму рабiла ўсё, як мае быць: паляпала па пэўнай мясьцiне, працёрла ледзь ня ўвесь азадак прасьпiртаванай ватай, нарэшце замружыла вочы i ўбiла iголку крыху нiжэй хвастца.
Цётка Матруна хварэла. Цэлы месяц адлежала ў пасьцелi i толькi сёньня, адчуўшы палёгку, стала на ногi: падаiла ранiцою карову, потым рушыла касiць канюшыну, i Карпачысе, якая апекавала яе пад час хваробы, давялося з крыкам i гвалтам адбiраць касу.
- А што ж ты мне, дачушка, колеш? - запыталася Матруна, абцягнуўшы кашулю. - Ужо ж надта пякучыя, усё адно як жарынка заляцела...
- Спазмалiтычны сродак. Зьнiжае крывяны цiск, - фэльчарка зьняла з твару марлевую маску, з палёгкаю ўздыхнула. - Вам, Матрона Iванаўна, яшчэ паляжаць трэба пару дзён. I нiякай цяжкой працы. Адно лёгкiя прагулкi, - фэльчарка закрыла валiзу i наструнiла слых: да хаты з вуркатлiвым гудам наблiжалася легкавушка.
Яшчэ хвiлiна - i ля весьнiц, узьняўшы пылюку, спынiлася шэрая 'волга'. Легкавушка вуркатнула наастачу, суцiхла i зь яе вылез мужчына ў даўжэзным, мышастага колеру, плашчы i ў гэткай жа шэрай кепурцы. Мужчына ляснуў дзьверкай, нюхнуў паветра, зiрнуў на гадзiннiк.
- Госьцi да вас, Матрона Iванаўна, - пралепятала фельчарка Нiна, а цётка Матруна, прыўзьняўшыся на локцi, ўсхвалявана пралепятала: - I хто ж гэта сунецца?
У прысенку грукнулi дзьверы, ляснула вядро, пачулiся стрыманыя мацюгi, потым мяккi шоргат - мужчына шукаў у цемры дзьвярную клямку, i фельчарка, пачуўшы такое, кiнулася да дзьвярэй.
Сьпехам апранаючыся, Матруна чула, як госьць штосьцi прабубнеў, стоячы на ганку, Нiна штосьцi адказала, пасьля чаго мужчына кашлянуў i цяжкой ступою ўвайшоў у сьвятлiцу. Не сказаўшы нi слова, госьць прайшоўся ад дзьвярэй да стала, потым ад стала да дзьвярэй, нарэшце тупнуў нагой па падлозе i толькi тады адрэкамэндаваўся:
- Я з аддзела сацзабесьпячэньня. Дасьледуем умовы пражываньня пэнсiянэраў.
У наступную хвiлiну госьць аблашчыў позiркам фэльчарку Нiну, якая прайшлася пад вокнамi i з задуменнай разважлiвасьцю прамармытаў:
- Масьнiцы... гуляюць. Могуць i абламiцца.
- Гуляюць, добры чалавек. Хату ж яшчэ мой прадзед ставiў, царства яму нябеснае, - паведамiла Матруна асiплым ад хваляваньня голасам.
Госьць спахмурнеў, прысеў на табурэт, з роспачным уздыхам прамовiў:
- Мала... мала ўвагi мы надаем пэнсiянэрам!
Матруна кiўнула на знак згоды, выцерла ражком хусткi здранцьвелыя вусны, а госьць, дастаўшы з кiшэнi блякнот, прымасьцiў яго на касьцiстым калене.
- Тэлевiзара ў вас, гляжу, няма...
- Няма, добры чалавек... Да суседкi хаджу на целевiзер. Зiмой дык кожны вечар хадзiла. Паказвалi, памятаю, гэтага... як яго... ну, прыгожы такi мужчына... у нямецкай форме...
- Шцiрлiц, можа? - незадаволена буркнуў госьць.
- А во-во... Шцiрлiц... ён самы, - усхапiлася Матруна, а госьць, зiрнуўшы на столь, прамовiў кароткае слова 'люстра' i стаў пiсаць у блякноце.
- У вас сваякоў паблiзу няма? - запытаў госьць, не перарываючы пiсанiны.
- Сястра ў мяне. У Ленiнградзе жыве, - суцiшна прамовiла Матруна, спрабуючы ўцямiць - навошта чалавек пра гэта пытаецца.
- Ленiнград, на жаль, далёка, - мужчына падняўся на ногi, паправiў на галаве кепку, валюхаста пайшоў да дзьвярэй, а сьледам за iм дробна затупала цётка Матруна.
На падворку госьць хiтнуў рукой плот i, зiрнуўшы ў бок хлява, неўцямна прамармытаў: - А дзе тут у вас... гэты самы... - чалавек крутнуў у паветры абедзьвума рукамi i Матруна залыпала вачанятамi. - Ну, разумееце? - чалавек iзноў крутнуў рукамi, потым крутнуў галавой, але цётка Матруна не зразумела i чалавек, махнуўшы рукой, пашыбаваў да машыны.
Па дарозе госьця пераняў Канавальчык.
- Шофэр кажа, што вы з райсабесу, дасьледуеце бытавыя ўмовы.
- Ну, - незадаволена выдыхнуў райсабешчык.
- Дык, можа, вы б i маю хату паглядзелi? Жыць нема як... страха цячэ, заенчыў Канавальчык, а райсабешчык, адчынiўшы дзьверцы, каротка прамармытаў: Другiм разам.
Калi машына, скрыгатнуўшы счэпам, кранулася зь месца i накрыла Канавальчыка пыльнай аблачынай, той сплюнуў рыплiвую сьлiну i са злосьцю прасiпеў: - Нямецкiх падсьцiлак дасьледуюць, а на нас х... паклалi, с-сукi.
I хаця Матруна была глухаватая, словы гэтыя даляцелi да вушэй i ачунялае было сэрца iзноў заныла i попельна-шэрая зямля паволi паплыла пад нагамi.
Ранейшым часам паседжаньнi Бюро райкама заўсёды пачыналiся са спазненьнем. Цяпер жа, не пасьпеў масыўны гадзiньнiк, што стаяў у куце, бомкнуць чатыры разы, як гаспадар габiнэту падняўся з-за стала, абцягнуў, як гэта робяць вайскоўцы, пiнжак i непракерхана прамовiў:
- Таварышы!
У дальнiм канцы стала начальнiк дарожна-будаўнiчага ўчастка Даўбешка рыпнуў крэслам i дрыжачымi рукамi разгарнуў блякнот.
- Сёньняшняе паседжаньне закрытае, таму папрашу не рабiць нiякiх запiсаў, - прамоўца кашлянуў, а Даўбешка, схапiўшы са стала блякнот, выпусьцiў яго з рук i зашоргаў нагамi, падганяючы блякнот блiжэй да крэсла: у мiнулы панядзелак Даўбешка завёз самасвал асвальту на лецiшча генэрала Карзо, быў схоплены абэкаэсьнiкамi* i цяпер хваляваўся, чакаючы разгляду сваёй пэрсанальнай справы.
* Супрацоўнiкi АБКС - аддзела барацьбы з крадзяжом сацыялiстычнай уласьнасцi i спэкуляцыяй.
- Павiнен адразу сказаць, што справа, якую мы сёньня разглядаем, знаходзiцца на кантролi абласнога камiтэта партыi, таму i стаўленьне да яе мусiць быць адпаведным.
Даўбешка iзноў заварушыўся i старшыня райвыканкаму Кабяк пастукаў алоўкам па графiну.
- У двух словах сутнасьць справы можна сфармуляваць так: да нас едзе заходнегерманскi журналiст.