Такую вестку прысутныя стрэлi шоргатам ног i дружнай кашлянiнай.

Гаспадар габiнэту вытрымаў паўзу, таксама кашлянуў i працягваў: - Што сабой уяўляе шпрынгераўскi друк i ў якiм сьвятле падаецца там зьнешняя i нутраная палiтыка нашай дзяржавы, казаць ня буду. Вы, таварышы, ведаеце пра тое ня горш ад мяне. I таму наша задача сёньня - выявiць палiтычную пiльнасць i паказаць заходняму госьцю ўсё лепшае, што маем. Задача, скажу вам, даволi складаная, бо заходнi госьць мерыцца наведаць калгас 'Шлях камунiзму' - ня самы моцны ў раёне.

Прамоўца пашукаў вачыма Бамбiзу - старшыню памянёнага калгасу, у гэты момант дзьверы габiнэту прачынiлiся i з проймы вытыркнулася кудлатая жаночая галава.

- Мiрон Пятровiч! - выгукнула сакратарка i прамоўца рушыў да тэлефону.

- Слухаю, Мiрон Пятровiч! - гаспадар габiнэту павярнуўся тварам да прысутных, шматзначна кiўнуў галавой. - У нас зараз партбюро па гэтым пытаньнi. Так, Мiрон Пятровiч, я iх папярэдзiў - поўная канфiдэнцыйнасьць...

- З абкаму званiлi, - патлумачыў гаспадар габiнэту, скончыўшы размову, i Кабяку iзноў давялося стукаць алоўкам па графiне, каб суняць бязладны шэпт i шоргат.

- А хто яго сюды запрашаў? - гукнуў з дальняга канца стала Даўбешка.

Сябры Бюро iзноў загаманiлi i цяпер ужо гаспадару габiнэта давялося стукаць алоўкам спачатку па графiне, а потым па стале, дамагаючыся цiшынi.

- Таварышы, вытрымка - перш за ўсё. Пытаньнi будзем задаваць прыканцы паседжаньня. А зараз я даю слова Iвану Пятровiчу Газiну - супрацоўнiку абласнога ўпраўленьня Камiтэта дзяржбясьпекi. Ён i распавядзе - што за гусь ляцiць на нашыя палеткi.

Iван Пятровiч Газiн, немалады ўжо чарнавалосы мужчына, нетаропка падняўся з-за стала, гэтак жа нетаропка перагарнуў старонкi таўшчэзнага нататнiку.

- Пачну без прэамбул, - прамовiў Iван Пятровiч, мелькам зiрнуў на прысутных i ў габiнэце запанавала мёртвая цiшыня. - Да нас едзе нехта Лётар Бомбах, супрацоўнiк крайне правай, бульварнай газэткi 'Бiльд- цайтунг', якую выдае славуты Аксэль Шпрынгер. Вас, вядома ж, цiкавiць пытаньне: 'Навошта ён едзе i чаму менавiта ў вёску Бычкi?' Паводле афiцыйнай вэрсii гэты вiзытэр, нiбыта, хоча наведаць мясьцiны, дзе пад час вайны знайшоў сваю бясслаўную сьмерць ягоны бацька, Бэртрам Бомбах. Мы, зразумела, паднялi адпаведныя дакумэнты i высьветлiлi, што яфрэйтар Бомбах i сапраўды знаходзiўся ў складзе 286-га ахоўнага палка i ў жнiўнi 43-га, падчас начнога бою, быў зьнiшчаны партызанскай групай атрада iмя Панамарэнкi. Па сьведчаньнi Зьмiцера Нiкандравiча Дзенiсенкi - былога камандзiра атрада, ён асабiста застрэлiў фашыста на ўскрайку вёскi Бычкi. Пра тое ж сьведчаць i паказаньнi здраднiка Радзiмы Рыгора Таўпiлы, якi бачыў труп забiтага фашыста.

Чэкiст на хвiлю перапынiўся i, лiзнуўшы палец, перагарнуў старонку.

- Узьнiкае яшчэ адно пытаньне: 'Чаму гэта шпрынгераўскi пiсака сорак гадоў сядзеў у сваiм Гамбургу, а цяпер выправiўся ў Бычкi шукаць магiлку свайго бацькi? I цi ня ёсьць усё гэта прадуманай палiтычнай правакацыяй?' Мы высьветлiлi i гэта пытаньне i мусiм канстатаваць, што ў гэтай справе, на вялiкi жаль, замяшаныя i нашыя савецкiя людзi. А менавiта: навучэнец 49-й ленiнградзкай вучэльнi мэталiстаў Аляксей Клячкiн. Знаходзячыся на адпачынку ў сваёй цёткi, жыхаркi вёскi Бычкi Матроны Апалонiк, гэты дзяяч знайшоў на гародзе жэтон забiтага немца i, прыехаўшы ў Ленiнград, занёс яго ў нямецкi кансулят. Заўважу, таварышы, што зрабiў ён гэта далёка не з гуманных пачуцьцяў: за такiя жэтоны немцы плацяць добрыя грошы, прычым валютаю.

Пачуўшы пра валюту, грамада разам загаманiла, зарыпела крэсламi, а дырэктар райхарчпрамгандлю Ванзовiч ад хваляваньня нават укiнуў у рот цыгарэту, ды згадаўшы, што iдзе паседжаньне Бюро, пiхнуў цыгарэту ў нагрудную кiшэнь.

- У размове з работнiкам кансуляту Аляксей Клячкiн паведамiў таксама, што ягоная цётка асабiста ведала забiтага немца i гэтую вэрсiю мы цяпер спраўджваем.

- А хто яму дазволiў цягацца па кансулятах? - гукнуў з канца стала няўрымсьлiвы Даўбешка.

- Мы задалi гэтае пытаньне ленiнградзкiм таварышам... Як мы зразумелi з адказу, у паўночнай сталiцы ў гэтым пляне пануе лiбэралiзм. Калi б заходнегерманскi кансулят месьцiўся ў нас, розныя шпанюкi там бы не цягалiся.

Пасьля такiх слоў члены Бюро ўхвальна загаманiлi, Даўбешка - той быў узрадаваны, што яго не разьбiралi, таму i лез з пытаньнямi - гукнуў: - Што зь сябе ўяўляюць нямецкiя жэтоны? - але чэкiст ня стаў адказваць, кiўнуў гаспадару габiнэта i гэтак жа павольна, як i ўставаў, апусьцiўся на крэсла.

Члены Бюро яшчэ пару хвiлiнаў перамаўлялася, потым суцiхлi i наставiлi вочы на гаспадара габiнэту. Гаспадар сядзеў у задуменнай паставе, мерна стукаў асадкай па стале. Невядома - колькi доўжылася гэтае напружанае маўчаньне. Хвiлiну, дзьве, а можа i ўсе тры. I вось, нарэшце, гаспадар габiнэту налёг грудзiнаю на стол i здушана прамовiў:

- Мы, таварышы, ня можам прымусiць заходняга вiзытэра напiсаць пра нашыя дасягненьнi. I, магчыма, плёнам ягонага вiзыту стане фотаздымак якой-небудзь вясковай прыбiральнi на старонцы нямецкай газэты. I ўсё ж сустрэць госьця мы мусiм належным чынам, прадэманстраваўшы нашыя здабыткi i шчодрасьць славянскай душы. Гэта не мае словы, а дырэктыва абласнога камiтэта партыi, - прамоўца зрабiў кароткую паўзу i з партыйнай рашучасьцю ў голасе прамовiў: - Слова мае Куксёнак Тарзан Пятровiч.

Загадчык сельгасаддзелу спружна падхапiўся, правёў даланёй па плеху.

- Я, таварышы, толькi што з Бычкоў... Назад ехалi, сьпяшалiся i ў вынiку райкамаўская 'волга' стала на рамонт, - загадчык сельгасаддзелу зiрнуў на Даўбешку i кудлатая даўбешкава галава ўехала ў плечы, не раўнуючы як сьлiмачыная галава ў ракавiну. - Да Балбекаў яшчэ неяк можна ехаць, а потым калдабан на калдабане, - Тарзан Пятровiч перавёў дых, дастаў з кiшэнi пашарпаны блякноцiк. - Хата, у якой жыве Матрона Апалонiк, пабудаваная за царом Гарохам. Масьнiчыны гнiлыя, ганак зусiм правалiўся. У хаце няма нават тэлевiзара...

- Вашыя прапановы, - перабiў Куксёнка гаспадар габiнэту i той, нi хвiлi не раздумваючы, выпалiў: - Сустрэнем немца ў доме Сьцяпана Мiканоравiча... старшынi калгаса. Дом з мансардай, паркет, санвузел... - Тарзан Пятровiч мерыўся далей разьвiваць сваю думку, але, угледзеўшы незадаволенасьць на шэфавым твары, прыкусiў нiжнюю вусну i дробна залыпаў вачамi.

Шэф стукнуў асадкай па стале, керхануў у далонь i гэта азначала, што ён зьбiраўся некага паўшчуваць.

- Таварыш Даўбешка, - шэф хiтнуўся ў бок, спрабуючы сустрэцца вачыма з начальнiкам участку, - дагэтуль вы нам задавалi пытаньнi, настала пара i нам запытацца: 'Калi будзе атрамантаваная бычкоўская дарога?' Вы што, чакаеце аргвывадаў? Мы трэцi год запiсваем у плян сацыяльна-эканамiчнага развiцьця пункт: 'Асвальтаваньне дарогi Балбекi - Бычкi' i за гэтыя тры гады там нават грэйдзер не праехаўся...

- Эдуард Альфонсавiч... вы ж ведаеце... - пралепятаў Даўбешка, але шэф як i ня чуў таго лепятаньня. - Раённы камiтэт партыi дае вам два тыднi... Усе людзi, уся наяўная тэхнiка мусiць быць кiнутая на аб'ект. Не хапае тэхнiкi пазычайце ў суседзяў, ганiце каткi i грэйдзеры з Нэвеля, Вiцебску - адкуль хочаце. I ведайце - за гэтую дарогу вы адказваеце партбiлетам.

Эдуард Альфонсавiч выцер насоўкаю халодны пот з лобу, перавёў позiрк на загадчыка сельгасаддзела.

- Сядайце, Тарзан Пятровiч... Вы нас сваёй прапановай, шчыра кажучы, зьдзiвiлi, - шэф ляснуў асадкай па стале. - Ну, сустрэнем мы госьця ў старшынёўскай хаце... А што на гэта скажуць людзi? Вы пра гэта, Тарзан Пятровiч, падумалi? Каго мы хочам ашукаць - немца, цi самiх сябе?

У паветры завiсла гнятлiвая цiшыня, якую праз пару хвiлiн парушыў загадчык сельгасаддзела, плаксiва шморгнуўшы носам.

- Думаю, давесьцi да ладу вясковую хату ня так i цяжка. I тэлевiзар можна знайсьцi... у часовае карыстаньне... - ужо лагодным голасам прамовiў гаспадар габiнэту, зiрнуў на старшыню райвыканкаму Кабяка i той згаджальна страсянуў чупрынай.

Ранiцой наступнага дня цётка Матруна ўжо не ўставала з пасцелi i фэльчарка Нiна, зрабiўшы ўколы, узялася парадкаваць у хаце: памыла посуд, падмяла падлогу, згатавала кампот з антонавак, нарэшце, прысела на табурэт i стала чытаць уголас мясцовую газэту.

- Во, Матрона Iванаўна, паслухайце. Тут пра нашыя Бычкi пiшуць.

'Новае ў жывёлагадоўлi' - так называецца стэнд тэматычнай лiтаратуры, устаноўлены днямi ў памяшканьнi Бычкоўскага сельскага клюба. На стэндзе дэманструюцца матэрыялы Красавiцкага пленума ЦК

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату