КПСС, кнiжныя навiнкi выдавецтва 'Ураджай', у тым лiку брашура нашага земляка, знатнага жывёлавода Э.Дымагарнага 'Грамадзкаму статку - клопат i ўвагу'. Кнiжны стэнд карыстаецца вялiкай увагай сяльчан'.
- I хто ж гэта пiша? - пацiкавiлася цётка Матруна i наструнiла слых.
Пад вокнамi загула, а потым лагодна завуркатала блiскучая чорная 'волга'.
- Божухна, i што яны ўнадзiлiся... - прастагнала цётка Матруна, а фэльчарка Нiна, убачыўшы праз вакно чарговага цётчынага госьця - падхорцiстага дзядзьку ў шэрым капелюшы, падхапiла валiзку i падалася на двор.
Чарговы госьць увайшоў у хату нячутна - бяз рыпу, амаль бяз груку i тым самым напужаў гаспадыню. Паўстаўшы пасярод хаты, госьць злавесна пасьмiхнуўся, выцягнуў з кiшэнi нейкую кнiжачку, а цётка Матруна, самлеўшы, схапiлася рукой за фiранку, што вiсела ля ложка, i плюхнулася на пярыну.
- Дарма так хвалюецеся, Матрона Iванаўна... i занавескi дарма абрываеце, госьць дапамог гаспадынi сьцягнуць з галавы абарваную фiранку, спрытна прысеў на край табурэту. - Тым больш, мы ня маем да вас нiякiх прэтэнзiй.
Госьць кiнуў на стол капялюш, дастаў з нутраной кiшэнi нататнiк.
- Толькi два пытаньнi, Матрона Iванаўна... Цi ведалi вы такога Бэртрама Бомбаха?
Цётка Матруна залыпала вачанятамi, зацкавана страсянула галавой.
- А вы, Матрона Iванаўна, не сьпяшайцеся... Згадайце вайну. Успомнiце хто зь нямецкiх салдат да вас заходзiў, як вы iх сустракалi, - чакаючы адказу, госьць паляпаў нататнiкам па сьцягне...
- Дзiўна, - госьць засмучана ўздыхнуў, насупiў кусьцiстыя бровы, - а нам казалi, што вы гэтага ваяку добра ведалi, што ён часьцяком завiтваў у вашую хату.
Замарачны звон у вушах ператварыўся ў бязладны шум i Матруна зусiм ня чула - што кажа няпрошаны госьць i зрэдзьчасу, зусiм не да месца кiвала альбо трэсла галавою. I ўсё-такi тузiн словаў дапяў да вушэй.
-... Цалкам верагодна, што немец будзе даваць грошы. Возьмiце вы iх, цi не - вашая асабiстая справа, але мы б не рэкамэндавалi гэтага рабiць...
Пасьля таго цётка Матруна цiха войкнула, закацiла вочы, кульнулася на падушкi. У першае iмгненьне госьць падумаў, што цётка флiртуе, але потым ачуўся: пабег на кухню, сёрбнуў вады з вядра, пырснуў у твар зьнямоглай кабецiне i калi тая расплюшчыла вочы, схапiў капялюш i палахлiвым ценем высьлiзнуў з хаты.
У абед, разам з каровай, што вярнулася з поля, у Матрунчын двор завiтала Карпачыха. Суседка доўга навязвала наравiстую Зьвяздоху, грукала даёнкай, нарэшце ўбiлася ў хату.
- Ну, як ты тут? Цi палягчэла? - гукнула Карпачыха i тут жа дадала: - Я яго шукаю, падлюгу, а ён у кiнабудцы сядзiць, гарэлкай залiваецца. Другiм разам, далiбог, падапру калом, ды падпалю гэтую кiнабудку разам з п'янтосамi.
Карпачыха яшчэ пару хвiлiн лаяла цесьця i сунялася толькi тады, як Матруна войкнула i папрасiла зьбегаць па фэльчарку.
- У больнiцу трэба - хай бы падлячылi, - уздыхнула суседка i ўжо адчынiўшы дзьверы, крыкнула: - Унука пашлю, а то ж каровы стаяць нядоеныя...
Дзьверы стрымана грукнулi i - дзiўная рэч - Матруне адразу ж палягчэла. Сэрца ўжо не рвалося з грудзiны, увушшу не шумела i Матруна нават пачула, як бiлася ў шыбу зумклiвая восеньская муха. Звон у вушах заўсёды зьнiкаў, калi яна згадвала пра больнiцу - гэтае, ва ўяўленнi Матруны, страшнае месца, дзе яна за сваё жыцьцё так нiколi i не пабывала i дзе, па чутках, людзей рэзалi, поркалiся ў нутры, а потым зноў сшывалi.
У хляву рыкнула нядоеная Зьвяздоха, муха стукнулася ў шыбу i пачала кружляць над галавою, а ў самой галаве сталi кружляць беспакойныя думкi. 'I чаго яны да мяне прычапiлiся?' - падумала Матруна, згадаўшы нязваных гасьцей. Асаблiва яе ўстрывожыў мужчына ў капелюшы, якi пытаўся пра немца. - Цi не Канавальчык што набрахаў? - прашаптала Матруна i тут жа супакоiла сябе на думцы, што мужчына, вiдаць, яе з кiмсьцi пераблытаў. Муха iзноў стукнулася ў шыбу, а на двары пачулiся шаргатлiвыя крокi. Прычым iшлi вiдавочна не Карпачыха з фэльчаркай, бо знадворку кашлянулi, мацюкнулiся, грукнулi дзьвярыма, ды так, што парахня пасыпалася са столi i нехта сiплым голасам прамовiў: 'Ня ўлезе, давядзецца пiлаваць'. Другi мужчына гойкнуў: 'Улезе!', а Матруна спалохана перахрысьцiлася i прашаптала:
- Каго там яшчэ прынесла?
Мужчыны доўга валтузiлiся ў прысенку, нарэшце ўвалiлiся на кухню i Матруна з жахам убачыла, як у сьвятлiцу, падчапiўшы квяцiстую фiранку, уехала тоўстае габляванае бервяно.
- А божухна, - выдыхнула Матруна i ў той жа мiг ўгледзела барвовы твар карпачысiнага зяця: Казiк трымаў цяжкое бервяно i зморана аддзiмаўся.
- Прыйшлi, цётка Матруна, падлогу табе замацаваць, - засоплена i не зусiм цьвяроза прабубнеў 'западэнец', прымасьцiўшы бервяно на калена, - так што выбачай - патурбоцiм.
Хлопцы - а разам з Казiкам у хату ўвалiлiся Васька Халiмонаў ды Пецька Траян - паклалi бервяно, зморана ўздыхнулi i ў хаце запахла гарэлкай.
- З раёну званiлi. Загадалi ўмацаваць падлогу, - патлумачыў Казiк. - I ганак паправiць, - гукнуў праз Казiкава плячо Халiмонаў - немалады ўжо мужчына, якога летась пазбавiлi шофэрскiх правоў i перавялi ў цесьлi.
Казiк раскрыў рот, каб яшчэ нешта сказаць, ды тут у хату ўбiлася цешча.
- Вы што! - гракнула Карпачыха ад парога, - зусiм ад гарэлкi пашалелi? Зь бервяном у хату лезуць!
- Старшыня паслаў, - уставiў слова Пецька Халiмонаў, - загадаў падлогу ўмацаваць, як ветэрану працы.
- Дык што ж вы, будзеце мазгатаць хворай жанчыне над вухам? - не сунiмалася Карпачыха i зяць, адвёўшы вочы, плаксiва прамармытаў: - А можа яе да нас? Хай пажыве пару дзён, пакуль мы ўправiмся.
Цешча неяк дзiўна паглядзела на зяця i, цi не ўпершыню ў жыцьцi, пагадзiлася зь зяцевай прапановай.
- А й сапраўды, Iванаўна... Фэльчарка ў раён зьехала, дык чаго ты тут будзеш ляжаць? Пайшлi да нас, а то ж не дадуць гэтыя п'янтосы жыцьця.
I Йванаўна, шморгнуўшы носам, асуджана ўздыхнула ў адказ.
Да сяброўчынай хаты iшлi моўчкi i гэтае маўчаньне муляла карпачысiну душу. Карпачыха ўвесь час мерылася штосьцi спытаць - керхала, набiрала ў грудзiну паветра, але тут жа стульвала вусны i з шумам аддзiмалася. Нарэшце, абмiнуўшы зялёную каровiну ляпеху, яна чародным разам керханула i запыталася:
- А што за чалавек да цябе прыяжджаў?
Матруна зьлёгку сьцепанулася, паправiла хусцiнку на скронi.
- А я й сама яго ня ведаю. Прыйшоў... у капелюшы, не выпiўшы, дастаў нейкую кнiжачку i пачаў пра нейкага Бомбуха пытацца. Пытаецца, а ў мяне мятлiкi ўваччу. Так i самлела. Ачулася, а яго ўжо i ў хаце няма.
- Хто ж такi, гэты Бомбух? -задуменна выдыхнула Карпачыха, - цi не траянавы гэта швагра, што летась краму абрабаваў?
Сяброўка прымружыла вочы, згадваючы прозьвiшча траянава швагра i, не згадаўшы, стоена прашаптала:
- Гэта ж я сёньня ў сяльпе была, дык там Халiмонiха байкi баяла. Казала: пiльнуйце, бабы, калодзежы, бо нейкi немец едзе - хоча ваду патруцiць.
Матруна, аднак, ня чула тых слоў, бо душа ейная на кароткае iмгненьне вырвалася з грудзiны i адляцела ў мiнулае. I на Матруну iзноў зiрнуў малады немец i ў прысенку iзноў брудна вылаяўся Мiцька Дзенiсенка. I Матруна ўцямiла, нарэшце - хто едзе ў адведкi i бяскроўныя вусны бязгучна прашапталi: 'Божухна, няўжо гэта ягоны сын?'
- Ты, Iванаўна, балбатню тую да сэрца не бяры, - засакатала Карпачыха, пабачыўшы, што Матруна зьмянiлася з твару. - Халiмонiха ж вядомая балаболка. Памятаеш, казала на Тройцу, што на Бычкi мiцярыт звалiцца.
... За цэлы дзень Матруна не прамовiла нi слова - ляжала на ложку, глядзела ў столь, маркотна ўздыхала