былi са старых, дарэвалюцыйных часоў. Я толькi ведаў iх з твару.
- Дык за што ж ты тады так перажываў? Заўсёды ж некага забiваюць, праўда?
Ён паспрабаваў ёй растлумачыць.
- Гэта быў выключны выпадак. Тут гаворка не проста пра тое, што некага прыкончылi. Цi разумееш ты, што мiнулае, аж да ўчарашняга дня, было знiшчана, сцерта з памяцi! Калi яно дзе i застаецца, дык толькi ў нешматлiкiх нежывых рэчах, да якiх не прывязаны словы, вось як гэты кавалак шкла на стале. Мы ўжо амаль нiчога не ведаем пра Рэвалюцыю i пра тое, што было да яе. Усе дакументы былi знiшчаныя або сфальшаваныя, усе кнiгi перапiсаныя, усе карцiны перамаляваныя нанава, усе помнiкi, вулiцы, будынкi перайменаваныя, усе даты змененыя. I працэс гэты працягваецца кожны дзень, кожную хвiлiну. Гiсторыя спынiлася. Не iснуе нiчога, акрамя вечнай цяпершчыны, дзе Партыя заўсёды мае рацыю. Вядома, я ведаю, што мiнулае сфальшавана, але я нiколi б не здолеў гэтага давесцi, нават калi я i сам удзельнiчаў у фальшаваннi. Як толькi справа зроблена, нiякiх доказаў не застаецца. Адзiны доказ iснуе ў маёй галаве, i ў мяне няма нiякай пэўнасцi, што яшчэ хоць адна чалавечая iстота памятае тое, што i я. Толькi той адзiны раз у жыццi я трымаў у руках фактычны канкрэтны доказ.
- I што гэта дало?
- Нiчога, бо праз пару хвiлiн я выкiнуў тую паперку. Але, калi б гэта адбылося сёння, я б яе захаваў.
- А я - не, - адказала Джулiя. - Я гатовая рызыкаваць, але дзеля чагосьцi вартага, не дзеля нейкага газетнага шматка. Што б ты з iм рабiў, нават калi б i захаваў?
- Можа б, i нiчога, але гэта быў доказ. Магчыма, сям-там ён пасеяў бы сумненнi, калi б я наважыўся яго некаму паказаць. Не думаю, каб мы маглi нешта змянiць за сваё жыццё. Але можна ўявiць, што вузельчыкi супрацiву маглi б сям-там завязацца, купкi людзей злучалiся б, i iх было б усё болей i болей, i яны маглi б нават пакiнуць па сабе нейкiя запiсы, каб наступнае пакаленне магло прадоўжыць справу там, дзе спынiлiся мы.
- Наступнае пакаленне мяне не цiкавiць, любы. Што мяне цiкавiць, дык гэта - мы.
- Ты бунтаўнiца толькi нiжэй поясу, - адказаў Ўiнстан.
Яго жарт здаўся ёй страшна дасцiпным, i яна абняла яго ў захапленнi.
Яе зусiм не цiкавiла вучэнне Партыi ў дэталях i падрабязнасцях. Кожны раз, як ён пачынаў гаварыць пра прынцыпы Ангсоцу, пра двухдумства, пра зменлiвасць мiнулага, пра адмаўленне аб'ектыўнай рэальнасцi i ўжываў пры гэтым навамоўныя словы, яна нудзiлася, i бянтэжылася, i казала, што нiколi не зважала на гэтыя рэчы. I так вядома, што ўсё гэта лухта, дык нашто сабе галаву забiваць? Яна ведала, калi пляскаць у далонi, калi крычаць ад абурэння, i гэтага было дастаткова. Калi ён упарта працягваў гэткiя размовы, яна звычайна засынала. Яна была з тых людзей, што могуць засынаць у любы час i ў любым становiшчы. Гаворачы з ёй, ён зразумеў, як лёгка ўдаваць добранадзейнасць, не маючы нават найменшага ўяўлення, што гэта значыць. У пэўным сэнсе, партыйны светапогляд найбольш паспяхова прышчапляўся тым, хто няздольны яго зразумець. Такiя людзi маглi прыняць нават самае вiдавочнае перакрыўленне рэальнасцi, бо яны нiколi не маглi ахапiць розумам велiзарнасць таго, што ад iх патрабавалi, i недастаткова цiкавiлiся грамадскiмi праблемамi, каб заўважыць, што адбываецца навокал. Недахоп разумення дазваляў iм захаваць здаровы розум. Яны папросту праглыналi ўсё, i праглынутае нiколi не прыносiла iм нiякай шкоды, бо не пакiдала ў iх нiякiх рэштак, гэтаксама як зярняты, праглынутыя птушкай, выходзяць з птушынага арганiзма неператраўленыя.
6
Нарэшце гэта адбылося. Доўгачаканая вестка прыйшла. Ўiнстану здавалася, што ён чакаў гэтага моманту ўсё сваё жыццё.
Ён iшоў доўгiм мiнiстэрскiм калiдорам i амаль на тым самым месцы, дзе Джулiя ўсунула яму ў руку цыдульку, пачуў, што нехта мажнейшы за яго ступае ззаду. Невядомая пакуль што асоба кашлянула, вiдавочна, падаючы знак, каб загаварыць. Ўiнстан раптоўна спынiўся i азiрнуўся. Гэта быў О'Браэн.
Нарэшце яны былi сам-насам, i Ўiнстану здавалася, што адзiным яго жаданнем цяпер было ўцячы. Сэрца шалёна калацiлася. Ён не здолее вымавiць нi слова. О'Браэн, аднак, прайшоў спакойна, на момант па- сяброўску ўзяў Ўiнстана за руку, так, што яны пайшлi побач. Ён загаварыў з паважнай i адмысловай высакароднасцю, якая адрознiвала яго ад большасцi сябраў Унутранай Партыi.
- Я чакаў нагоды з вамi пагаварыць, - сказаў ён. - Неяк днямi я прачытаў ваш навамоўны артыкул у 'Таймз'. Вы, вiдаць, цiкавiцеся навамоўем як спецыялiст?
Да Ўiнстана пачаў вяртацца разважлiвы спакой.
- Спецыялiст? О не. Я ўсяго толькi аматар, - адказаў ён. - Гэта не мая галiна. Я нiколi не меў дачынення да сучаснага моўнага будаўнiцтва.
- Але вы пiшаце вельмi зграбна, - сказаў О'Браэн. - I не адзiн я так думаю. Нядаўна я гаварыў з адным вашым сябрам, ён, пэўна, эксперт у гэтай справе. Не магу цяпер прыгадаць яго iмя.
Ўiнстанава сэрца зноў шалёна забiлася. Гэта не магло быць нiчым iншым, як згадкай пра Сайма. Але Сайм быў не толькi мёртвы, ён быў выпараны, ён быў нечалавек. Любая вiдавочная спасылка на яго была смяротна небяспечная. Заўвага О'Браэна, напэўна, мусiла быць зразуметая як сiгнал, як шыфр. Учынiўшы гэткае думзлачынства, яны сталi супольнiкамi. Яны павольна iшлi далей па калiдоры, пакуль О'Браэн не спынiўся. Забаўным, даверлiва-прыязным рухам ён паправiў на носе акуляры i сказаў:
- Што я хацеў вам сказаць - у вашым артыкуле вы ўжылi састарэлыя словы. Але састарэлi яны зусiм нядаўна. Цi бачылi вы 10-е выданне Слоўнiка навамоўя?
- Не, - адказаў Ўiнстан. - Я не думаў, што яно ўжо выйшла. Мы ў аддзяленнi дакументацыi яшчэ карыстаемся дзевятым.
- Дзесятае выданне, я думаю, з'явiцца толькi праз пару месяцаў. Але некалькi асобнiкаў ужо пушчаны ва ўжытак. Я сам маю адзiн. Можа, вам будзе цiкава паглядзець?
- Вельмi цiкава, - адказаў Ўiнстан, адразу зразумеўшы, куды хiлiць гутарку О'Браэн.
- Некаторыя навiнкi там проста генiяльныя. Скарачэнне колькасцi дзеясловаў - думаю, вам гэта найбольш спадабаецца. Як жа мне перадаць вам слоўнiк? Можа, паслаць каго, каб вам занеслi? Але я баюся, што я, як звычайна, проста забудуся. Цi, можа, зойдзеце да мяне, як будзе час? Пачакайце, я дам вам адрас.
Яны стаялi перад тэлеглядам. Няўважна абмацаўшы кiшэнi, О'Браэн выцягнуў адтуль маленькi нататнiк у скураной вокладцы i залаты чарнакрэс. Пад самым тэлеглядам, так, што любы наглядчык на другiм канцы мог прачытаць, што ён пiша, ён накрэмзаў адрас, вырваў старонку i падаў яе Ўiнстану.
- Вечарамi я звычайна бываю дома, - сказаў ён. - Калi не будзе мяне, слоўнiк перадасць вам мой слуга.
Ён пайшоў, пакiнуўшы Ўiнстана з паперкай у руцэ. Гэтым разам цыдулку не трэба было хаваць. Тым не меней ён уважлiва прачытаў i запомнiў напiсанае i праз некалькi гадзiн кiнуў цыдулку разам з кучай iншых паперак у дзiру памяцi.
Яны гаварылi не болей за дзве хвiлiны. Сустрэча гэтая магла значыць толькi адно: яна была задумана, каб паведамiць Ўiнстану адрас О'Браэна. Гэта было неабходна, бо даведацца пра нечы адрас можна было, толькi спытаўшыся ў самога адрасата. Нiякiх даведнiкаў не iснавала. 'Калi захочаце мяне ўбачыць, знойдзеце мяне там', - вось што сказаў яму О'Браэн. А можа, нейкае сакрэтнае пасланне будзе схаванае ў самiм слоўнiку. Але, ва ўсялякiм разе, было зразумела адно. Змоўнiцкая арганiзацыя, пра якую ён марыў, iснавала, i ён выйшаў з ёю на сувязь.
Ён ведаў, што раней цi пазней яму прыйдзецца падпарадкоўвацца загадам О'Браэна. Можа, заўтра, а можа, яшчэ не так хутка - ён не ведаў. Ва ўсялякiм разе, тое, што цяпер адбывалася, было працягам працэсу, якi пачаўся шмат гадоў таму. Першым крокам была патаемная, мiжвольная думка. Другiм крокам быў дзённiк. Ён перайшоў ад думак да слоў, а цяпер пераходзiў ад слоў да спраў. Апошнiм крокам будзе нешта, што адбудзецца ў Мiнiстэрстве Любовi. I ён загадзя пагадзiўся з гэтым. Канец можна было прадбачыць ужо напачатку. Але было ў гэтым нешта жахлiвае, цi, дакладней кажучы, гэта было нiбы прадчуванне смерцi, гэта было як быць трошкi меней жывым. Нават калi ён гаварыў з О'Браэнам, яго працiнаў ледзяны холад, калi да яго свядомасцi даходзiў сэнс слоў. Яму здавалася, што ён сыходзiць у глыбокую магiлу, i яму не было лягчэй ад таго, што ён ведаў заўсёды: магiла тут, яна яго чакае.
7
Ўiнстан прачнуўся з мокрымi ад слёз вачыма. Заспаная Джулiя прытулiлася да яго i прамармытала штось накшталт 'Што з табой?'.
- Я прыснiў... - пачаў ён i замаўчаў. Было вельмi складана выказаць гэта словамi. Быў сон, i былi звязаныя з гэтым сном успамiны, якiя ў гэтыя першыя хвiлiны абуджэння не iшлi яму з галавы.