Ён памаўчаў хвiлiну, нiбы хочучы, каб сказанае запала ў галаву Ўiнстану.

- Цi памятаеце вы, - працягваў ён, - як вы напiсалi ў сваiм дзённiку: 'Свабода - гэта свабода казаць, што двойчы два ёсць чатыры'?

- Так, - адказаў Ўiнстан.

О'Браэн падняў левую руку i павярнуў далонь тыльным бокам да Ўiнстана, схаваў вялiкi палец i выпрастаў чатыры астатнiя.

- Колькi пальцаў, Ўiнстан?

- Чатыры.

- А калi Партыя скажа, што тут не чатыры пальцы, а пяць - тады колькi?

- Чатыры.

Слова гэтае абарвалося дзiкiм болем. Стрэлка на шкале падскочыла да пяцiдзесяцi пяцi. Усё цела Ўiнстана залiлося потам. Паветра ўрывалася яму ў лёгкiя i выходзiла назад з глубокiм стогнам, якi ён не мог стрымлiваць, нават моцна сцiскаючы зубы. О'Браэн глядзеў на яго, ўсё яшчэ трымаючы перад iм чатыры пальцы Ён адцягнуў рычаг. Гэтым разам боль адно трошкi паменеў.

- Колькi пальцаў, Ўiнстан?

- Чатыры.

Стрэлка скокнула да шасцiдзесяцi.

- Колькi пальцаў, Ўiнстан?

- Чатыры! Чатыры! Што я яшчэ магу сказаць? Чатыры!

Стрэлка, вiдаць, пасунулася яшчэ далей, але ён ужо не глядзеў на яе. Цяпер ён бачыў толькi цяжкi суровы твар i чатыры пальцы. Пальцы стаялi ўваччу, як калоны, вялiзныя, расплывiстыя, яны нiбы калыхалiся, але iх было чатыры, роўна чатыры.

- Колькi пальцаў, Ўiнстан?

- Чатыры! Спынiце, спынiце! Не мучце мяне! Чатыры! Чатыры!

- Колькi пальцаў, Ўiнстан?

- Пяць! Пяць! Пяць!

- Не, Ўiнстан, дарма. Вы манiце Вы ўсё яшчэ думаеце, што iх чатыры. Колькi пальцаў?

- Чатыры! Пяць! Чатыры! Колькi вы захочаце. Толькi спынiце, не мучце болей!

Раптам ён заўважыў, што сядзiць, а О'Браэн абдымае яго за плечы. Вiдаць, ён некалькi секунд быў непрытомны. Кайданы, якiмi было прыкута яго цела, аслаблi. Яму было вельмi холадна, ён нястрымна дрыжаў i ляскаў зубамi, па шчоках кацiлiся слёзы. На хвiлiну ён учапiўся за О'Браэна, як дзiця, цяжкая рука на плячах стварала дзiўную ўтульнасць. У яго ўзнiкла пачуццё, што О'Браэн яго абаронца, што пакуты прыходзяць аднекуль звонку, з нейкае iншае крынiцы, i што менавiта О'Браэн уратуе яго ад гэтых пакут.

- Вы не надта старанны вучань, Ўiнстан, - ласкава сказаў О'Браэн.

- А што я магу зрабiць? - зарумзаў ён. - Што ж я магу зрабiць, калi я так бачу? Двойчы два - чатыры.

- Не заўсёды, Ўiнстан. Часам бывае пяць. А часам тры. А часам усё адразу. Трэба спрабаваць настойлiвей. Не так проста вылечыць розум.

Ён паклаў Ўiнстана на ложак. Цела зноў знерухомела, але боль адступiў i дрыготка сунялася, засталiся толькi слабасць i холад. О'Браэн даў знак галавой чалавеку ў белым халаце, якi дагэтуль стаяў нерухома i чакаў. Той схiлiўся над Ўiнстанам, зазiрнуў яму ў вочы, памацаў пульс, прыклаў вуха да грудзей, пастукаў сям-там пальцам i кiўнуў О'Браэну.

- Яшчэ, - сказаў О'Браэн.

Боль напоўнiў Ўiнстанава цела. Стрэлка паказвала, напэўна, семдзесят цi семдзесят пяць. Гэтым разам ён заплюшчыў вочы. Ён ведаў, што пальцы ўсё яшчэ там, iх усё яшчэ чатыры. Цяпер галоўным было неяк выжыць, пакуль не мiнецца прыступ болю. Ён ужо не заўважаў, крычыць ён цi не. Боль зноў прыцiх. Ён расплюшчыў вочы. О'Браэн адцягнуў рычаг назад.

- Колькi пальцаў, Ўiнстан?

- Чатыры. Мне здаецца, што чатыры. Калi б я мог, я б убачыў пяць. Я паспрабую ўбачыць пяць.

- Што вы хочаце: пераканаць мяне, што бачыце пяць або сапраўды iх убачыць?

- Сапраўды iх убачыць.

- Яшчэ, - сказаў О'Браэн.

Стрэлка была цяпер, напэўна, на васьмiдзесяцi - дзевяноста. Цяпер Ўiнстан ужо не памятаў, адкуль iдзе боль. За яго сцiснутымi павекамi цэлы лес пальцаў рухаўся нiбы ў нейкiм танцы, калыхаючыся з боку ў бок, хаваючыся адзiн за адзiн i зноў паяўляючыся. Ён спрабаваў палiчыць iх, але не мог прыгадаць нашто. Ён ведаў толькi, што iх немагчыма палiчыць i што гэта звязана з нейкай таямнiчай еднасцю памiж чатырма i пяццю. Боль зноў трохi суцiх. Калi ён расплюшчыў вочы, перад iм па-ранейшаму стаяла тое самае мроiва: незлiчоныя пальцы, як жывыя дрэвы, мiтуслiва рухалiся ва ўсе бакi, скрыжоўваючыся i разыходзячыся. Ён зноў заплюшчыў вочы.

- Колькi я трымаю пальцаў, Ўiнстан?

- Не ведаю. Не ведаю. Я памру, калi вы зноў уключыце ток. Чатыры, пяць, шэсць - слова гонару, я не ведаю.

- Так ужо лепей, - сказаў О'Браэн.

У руку Ўiнстану ўтыкнулася iголка. Амаль у той самы момант шчасная, гаючая цеплыня разлiлася па ўсiм яго целе. Боль быў ужо напалову забыты. Ён расплюшчыў вочы i ўдзячна паглядзеў на О'Браэна. Убачыўшы цяжкi, маршчынiсты твар, такi брыдкi i такi разумны, ён адчуў, як яго сэрца растае. Калi б ён мог паварушыцца, ён выцягнуў бы руку i паклаў яе на руку О'Браэну. Ён нiколi не любiў яго так глыбока, як цяпер, i не проста таму, што ён спынiў пакуты. Да яго вярнулася старое пачуццё, што, па сутнасцi, не мае нiякага значэння, сябар яму О'Браэн або вораг. О'Браэн быў чалавекам, з якiм можна пагаварыць. Можа, не так важна, каб цябе любiлi, а каб цябе разумелi. О'Браэн ледзь не закатаваў яго да вар'яцтва, а яшчэ трошкi, i ён напэўна аддаў бы яго смерцi. Але гэта было не так iстотна. У нейкiм сэнсе яны былi больш чым сябры, iх лучыла таямнiчая блiзкасць: недзе было месца, хоць яго, можа, i нельга было назваць сваiм iмем, дзе яны маглi сустрэцца i пагаварыць. О'Браэн глядзеў на яго зверху, i выраз яго твару казаў, што i ён цяпер, можа, думае пра тое самае. Гаварыў ён спакойна i проста.

- Цi вы ведаеце, дзе вы, Ўiнстан? - спытаўся ён.

- Не ведаю. Напэўна, у Мiнiстэрстве Любовi.

- Цi ведаеце вы, колькi часу вы тут ужо знаходзiцеся?

- Не ведаю. Днi, тыднi, месяцы - думаю, што месяцы.

- А як вы думаеце, чаму мы прывозiм сюды людзей?

- Каб змусiць iх прызнацца.

- Не, не таму. Паспрабуйце яшчэ.

- Каб пакараць iх.

- Не! - закрычаў О'Браэн. Голас ягоны незвычайна змянiўся, i твар яго раптам зрабiўся суровы i ўзрушаны. - Не! Не проста, каб дамагчыся прызнанняў, каб пакараць вас. Сказаць вам, чаму мы прывозiм вас сюды? Каб вылечыць вас! Каб вылечыць ваш розум! Зразумейце, Ўiнстан, што з усiх тых, каго мы сюды прывозiм, нiхто не выходзiць адсюль нявылечаны. Нас не цiкавяць тыя iдыёцкiя злачынствы, што вы ўчынiлi. Партыю не цiкавiць вiдавочнае злачыннае дзеянне, нас хвалююць толькi думкi. Мы не проста знiшчаем нашых ворагаў, мы пераменьваем iх. Разумееце вы, што гэта значыць?

Ён схiлiўся над Ўiнстанам. З-за блiзкасцi ягоны твар здаваўся вялiзным i невыносна брыдкiм. Да таго ж ён быў шалёна ўзрушаны. У Ўiнстана зноў сцiснулася сэрца. Калi б ён толькi мог, ён бы ўцiснуўся глыбей у ложак. Ён быў упэўнены, што О'Браэн зараз крутне рычаг проста так, апанаваны ўзрушэннем. Аднак у гэты момант О'Браэн адвярнуўся. Ён трохi пахадзiў сюды-туды. Пасля працягваў ужо спакайнейшым тонам:

- Першае, што вам неабходна зразумець: тут у нас няма пакутнiкаў. Вы чыталi пра рэлiгiйныя пераследаваннi ў мiнулым. У Сярэднявеччы была iнквiзiцыя. Няўдалая задума. Яна мерылася выкаранiць ерась, а на справе толькi ўзмоцнiла яе. Замест кожнага адшчапенца, спаленага ля слупа, паўставалi тысячы новых. Чаму? Таму што iнквiзiцыя забiвала сваiх ворагаў прылюдна, забiвала тым часам, як яны не раскайвалiся; якраз таму i забiвала, што яны не раскайвалiся. Людзi памiралi, бо не хацелi адмовiцца ад сваёй сапраўднай веры. Вядома ж, уся слава належала ахвярам, а ўся ганьба - iнквiзiтару, якi iх палiў.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату