Пазней, у дваццатым стагоддзi, былi гэтак званыя таталiтарысты. Я маю на ўвазе нямецкiх нацыстаў i расейскiх камунiстаў. Расейцы вынiшчалi адшчапенства яшчэ больш люта, чым гэта рабiла iнквiзiцыя. Яны былi ўпэўненыя, што памылкi мiнулага iх нечаму навучылi; ва ўсялякiм разе, яны ведалi, што нельга рабiць з ворагаў пакутнiкаў. Перш чым выстаўляць свае ахвяры на публiчны суд, яны свядома займалiся знiшчэннем iх годнасцi. Яны змагалi iх катаваннямi i адзiнотай, пакуль не ператваралi ў мiзэрных папаўзлiвых небарак, якiя прызнавалiся ва ўсiм, што iм толькi нi казалi, абсыпаючы сябе праклёнамi, вiнавацячы ўсiх i хаваючыся за чужыя спiны, енчачы аб лiтасцi. Але прайшло некалькi гадоў, i зноў паўтарылася тое самае. Мёртвыя сталiся пакутнiкамi, а пра iх ганьбу ўсе забылiся. I зноў, чаму так адбылося? Па-першае, таму што прызнаннi вырвалi ў iх гвалтам i яны былi вiдавочнай няпраўдай. Мы такiх памылак не робiм. Усе прызнаннi, што гучаць тут - чыстая праўда. Мы робiм iх праўдай. Але галоўнае ў тым, што мы не дазваляем мёртвым паўставаць супраць нас. Кiньце думаць, што нашчадкi вас апраўдаюць, Ўiнстан. Нашчадкi нiколi пра вас не пачуюць. Вы знiкнеце з плынi гiсторыi. Мы ператворым вас у газ i выпарым у стратасферу. Ад вас не застанецца нiчога; нi iмя ў спiсе, нi ўспамiнаў у жывой свядомасцi. Вы знiкнеце з мiнуўшчыны гэтаксама, як i з будучынi. Будзе так, нiбы вы нiколi не iснавалi.

'Дык нашто ж тады катаваць мяне?' - падумаў Ўiнстан з горыччу. О'Браэн зразумеў Ўiнстана, быццам той выказаў сваю думку ўголас. Яго вялiкi брыдкi твар наблiзiўся, а вочы трошкi звузiлiся.

- Вы думаеце, - сказаў ён, - што калi мы збiраемся знiшчыць вас дарэшты, а значыць усё, што б вы нi казалi цi рабiлi, не мае нiякага значэння, - дык нашто ж мы губляем столькi часу i сiлы, каб вас дапытваць? Вы пра гэта думалi, праўда?

- Так, - згадзiўся Ўiнстан.

О'Браэн усмiхнуўся.

- Вы - парушына ў воку, Ўiнстан. Вы - пляма, якую трэба сцерцi. Цi ж я не казаў вам толькi што: мы не такiя, як пераследнiкi мiнулых часоў. Нас не задавальняе негатыўнае падпарадкаванне i нават на ўсё гатовая паслухмянасць. Калi ўрэшце вы здасцёся, дык толькi з свае волi. Мы знiшчаем ерэтыка не таму, што ён супрацiўляецца; наадварот, пакуль ён супрацiўляецца, мы нiколi яго не знiшчым. Мы павернем яго, мы заняволiм яго розум, мы пераборам яго. Мы выпалiм з яго ўсё лiха i ўсю аблуду; мы перацягнем яго на наш бок, не ўяўна, а папраўдзе, сэрцам i душою. Мы зробiм яго адным з нас, перш чым заб'ём яго. Мы не можам дапусцiць, каб недзе ў свеце iснавала памылковая думка, якая б патаемная i слабая яна нi была. Нават у хвiлiну смерцi мы не можам дазволiць нiякага адступлення. У старыя часы ерэтык iшоў да слупа, застаючыся ерэтыком, абвяшчаючы сваю ерась, трыумфуючы ў ёй. Нават ахвяры расейскiх чыстак маглi хаваць свой бунт пад чэрапам, калi iх выводзiлi па калiдоры на расстрэл. А мы робiм мазгi дасканалымi, перш чым выбiць iх з галавы. Загад старога дэспатызму гучаў: 'Ты не павiнен'. Загад таталiтарызму быў 'Ты павiнен'. Наш загад - 'Ты ёсць'. Нiхто з тых, каго мы прывозiм сюды, не паўстае супраць нас. Мы ўсiх адмываем начыста. Нават тых трох няшчасных здраднiкаў, у чыю бязвiннасць вы некалi верылi - Джоўнза, Эрансана i Радэрфорда - мы ўрэшце зламалi. Я сам браў удзел у допытах. Я бачыў, як яны паступова саступалi, як яны раскiсалi, поўзалi, па падлозе, плакалi - i не ад болю i страху, а ад раскаяння. Калi мы ўжо канчалi з iмi працаваць, ад iх заставалiся толькi чалавечыя абалонкi. У iх нiчога болей не засталося, апроч шкадавання аб тым, што яны зрабiлi, i любовi да Вялiкага Брата. Было проста мiла глядзець, як яны яго любiлi. Яны прасiлi, каб iх хутчэй расстралялi, каб яны паспелi памерцi з чыстым розумам.

Голас ягоны гучаў амаль задуменна. Узрушанасць i вар'яцкае захапленне ўсё яшчэ не сыходзiлi з твару. Ён не прыкiдваецца, падумаў Ўiнстан; ён не крывiць душою; ён верыць у кожнае сваё слова. Але найболей яго прыгнятала ўсведамленне сваёй iнтэлектуальнай непаўнацэннасцi. Ён глядзеў на гэтую цяжкую, але ўсё ж прыгожую постаць, што рухалася сюды-туды па пакоi, то паказваючыся, то хаваючыся ад Ўiнстанавых вачэй. О'Браэн быў ва ўсiх адносiнах iстотаю больш дасканалай, чым ён. Не было такой думкi, якой бы Ўiнстан не падумаў або мог падумаць, каб О'Браэн даўно ўжо яе не ведаў, не абдумаў i не адкiнуў. У яго розум уваходзiў i розум Ўiнстана. Але ў гэткiм разе як магло быць праўдай, што О'Браэн - вар'ят? Не, вар'ят, мусiць, ён сам, Ўiнстан. О'Браэн спынiўся i паглядзеў на яго. Голас у яго зноў спаважнеў.

- Толькi не спадзявайцеся, што вы ўратуецеся, Ўiнстан, як бы канчаткова вы нам нi здалiся. Нiкому з тых, хто збiўся на аблудны шлях, не ўдаецца выжыць. I нават калi мы вырашым дазволiць вам дажыць да вашай натуральнай смерцi, усё роўна вы ад нас не схаваецеся. Тое, што адбываецца з вамi тут, - гэта назаўсёды. Зразумейце гэта адразу. Мы зламаем вас настолькi, што звароту назад ужо не будзе. З вамi адбудзецца тое, ад чаго вы нiколi не акрыяеце, нават калi пражывяцё яшчэ тысячу гадоў. Вы ўжо нiколi не будзеце здольныя адчуваць звычайныя чалавечыя пачуццi. Усё ў вас памрэ. Вы ўжо нiколi не будзеце здольныя кахаць, сябраваць, радавацца жыццю, смяяцца, цiкавiцца, быць смелым i сумленным. Вы будзеце пусткай. Мы выцiснем з вас усё i напоўнiм вас намi самiмi.

Ён спынiўся i даў знак чалавеку ў белым халаце. Ўiнстан адчуў, як нейкi цяжкi апарат падкацiлi ззаду да галавы. О'Браэн сеў побач з. ложкам, i яго твар быў цяпер на адным узроўнi з Ўiнстанавым.

- Тры тысячы, - сказаў ён праз галаву Ўiнстана чалавеку ў белым халаце.

Дзве мяккiя, трохi вiльготныя падушачкi прыцiснулiся да Ўiнстанавых скроняў. Ён спалохаўся. Зараз зноў з'явiцца боль, нейкi новы, невядомы боль. О'Браэн супакойлiва, амаль добразычлiва паклаў сваю руку на Ўiнстанаву.

- Гэтым разам балець не будзе, - сказаў ён. - Глядзiце ўважлiва на мяне.

У гэты момант адбыўся спусташальны выбух цi нешта падобнае да выбуху, хоць i не было ясна, цi пачуўся пры гэтым нейкi гук. Прынамсi, без нiякага сумнення, асляпляльна блiснула святло. Ўiнстану нiчога не балела, але ён быў цалкам зняможаны. I хоць ён ужо i так ляжаў на спiне, калi гэта адбылося, у яго было дзiўнае пачуццё, што яго збiлi з ног. Яго звалiў нейкi жахлiвы бязбольны ўдар. I яшчэ нешта адбылося ў яго галаве. Калi да яго вярнуўся зрок, ён прыгадаў, хто ён такi i дзе ён, ён пазнаў твар, што быў перад iм; але недзе зеўрала пустка, быццам яму выразалi частку мозга.

- Гэта ненадоўга, - сказаў О'Браэн. - Глядзiце мне ў вочы. З якой краiнай ваюе Акiянiя?

Ўiнстан падумаў. Ён ведаў, што такое Акiянiя i што сам ён - грамадзянiн Акiянii. Ён памятаў таксама пра Эўразiю i Ўсходазiю. Але хто з кiм цяпер ваяваў, ён не ведаў. Па праўдзе кажучы, ён i не заўважаў, што iдзе нейкая вайна.

- Я не памятаю.

- Акiянiя ваюе з Усходазiяй. Цяпер вы памятаеце?

- Так.

- Акiянiя заўсёды ваявала з Усходазiяй. Ад пачатку вашага жыцця, ад пачатку iснавання Партыi, ад пачатку гiсторыi гэтая вайна цягнулася няспынна, i гэта была заўсёды тая самая вайна. Памятаеце?

- Так.

- Адзiнаццаць гадоў таму вы прыдумалi легенду пра трох людзей, асуджаных на смерць за здраду. Вы сцвярджалi, што бачылi кавалак паперы, якi нiбыта сведчыў, што яны невiнаватыя. Такога кавалка паперы не iснавала. Вы прыдумалi яго, а пасля самi ва ўсё паверылi. Цяпер вы памятаеце той самы момант, калi вы ўпершыню гэта ўсё прыдумалi. Памятаеце?

- Так.

- Толькi што я паказаў вам пальцы на руцэ. Вы бачылi пяць пальцаў. Памятаеце?

- Так.

О'Браэн падняў левую руку, схаваў вялiкi палец i выставiў астатнiя.

- Тут пяць пальцаў. Бачыце пяць пальцаў?

- Так.

I ён сапраўды бачыў iх нейкi няўлоўны момант, пакуль вобразы ў яго свядомасцi не змянiлiся на iншыя. Ён бачыў пяць пальцаў, i гэта была не памылка. Пасля зноў усё навокал сталася нармальным, i тады стары страх, нянавiсць i замяшанне зноў вярнулiся да яго. Але да гэтага быў момант - ён не ведаў, колькi ён цягнуўся, можа, паўхвiлiны, - прамянiстай яснасцi, калi кожнае новае слова О'Браэна запаўняла пустку ў свядомасцi i рабiлася абсалютнай iсцiнай, калi двойчы два магло з лёгкасцю раўняцца i тром, i пяцi, калi гэта неабходна. Гэтае адчуванне знiкла яшчэ перад тым, як О'Браэн апусцiў руку; i хоць ён не мог вярнуць яго, ён мог пра яго памятаць, як нехта памятае пра нейкi цiкавы выпадак з далёкага перыяду свайго жыцця, калi ён i сапраўды быў зусiм iншым.

- Цяпер вы бачыце, - сказаў О'Браэн, - што, ва ўсялякiм разе, гэта магчыма.

- Так, - адказаў Ўiнстан.

О'Браэн устаў задаволены. Злева за яго спiнай Ўiнстан убачыў, як чалавек у белым халаце абламаў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату