ампулу i набраў яе змесцiва ў шпрыц. О'Браэн павярнуўся да Ўiнстана i ўсмiхнуўся. I амаль як некалi, ён паправiў акуляры на носе.
- Памятаеце, як аднойчы вы напiсалi ў вашым дзённiку, - сказаў ён, - што не iстотна, сябар я вам або вораг, бо я чалавек, якi, прынамсi, вас разумее i з якiм можна пагаварыць? Вы мелi рацыю. Я люблю гаварыць з вамi. Ваш розум мяне цiкавiць. Ён падобны да майго розуму, з той толькi рознiцай, што ваш нездаровы. Перш чым скончыцца сеанс, вы можаце задаць мне некалькi пытанняў, калi хочаце.
- Любыя пытаннi?
- Любыя, - ён убачыў, што Ўiнстан глядзiць на шкалу. - Прыбор выключаны. Ваша першае пытанне?
- Што вы зрабiлi з Джулiяй?
О'Браэн зноў усмiхнуўся.
- Яна здрадзiла вам, Ўiнстан. Адразу, не чакаючы. Я рэдка бачыў, каб нехта пераходзiў на наш бок так хутка. Вы наўрад цi пазналi б яе, калi б пабачылi. Уся яе бунтоўнасць, уся хiтрасць i безразважнасць, уся непрыстойнасць - усё было ўмомант выпалена з яе. Гэта было дасканалае наверненне, хрэстаматыйны выпадак.
- Вы катавалi яе?
О'Браэн не адказаў.
- Наступнае пытанне, - сказаў ён.
- Цi iснуе Вялiкi Брат?
- Вядома ж, ён iснуе. Партыя iснуе, Вялiкi Брат - увасабленне Партыi.
- Цi iснуе ён гэтаксама, як iсную я?
- Вы не iснуеце, - адказаў О'Браэн.
I зноў яго агарнула пачуццё бездапаможнасцi. Ён ведаў або мог сабе ўявiць усе аргументы, што даводзiлi яго няiснасць, але яны былi бяссэнсiцай, гульнёй слоў. Цi не змяшчала ў сабе сцверджанне 'Вы не iснуеце' лагiчнай абсурднасцi? Але што было пра гэта гаварыць. Яго мозг сцiснуўся ад адной думкi пра тыя неаспрэчныя, вар'яцкiя аргументы, якiмi О'Браэн раздушыць яго.
- Я думаю, што я iсную, - стомлена сказаў ён. - Я ўпэўнены ў сваёй сапраўднасцi. Я нарадзiўся, i я памру. У мяне ёсць рукi i ногi. Я займаю пэўнае месца ў прасторы. Нiводнае iншае цвёрдае цела не можа адначасова займаць тое самае месца. Цi iснуе Вялiкi Брат у гэтым сэнсе?
- Усё гэта не так важна. Ён iснуе.
- Цi можа Вялiкi Брат калi-небудзь памерцi?
- Вядома ж, не. Як жа ён можа памерцi? Наступнае пытанне.
- Цi iснуе Братэрства?
- Пра гэта, Ўiнстан, вы не даведаецеся нiколi. Калi, скончыўшы з вамi працаваць, мы вырашым вас вызвалiць i калi вы дажывяцё да дзевяноста гадоў, вы ўсё роўна нiколi не будзеце ведаць адказу на гэтае пытанне. Пакуль вы жывы, гэта застанецца ў вашай свядомасцi неразгаданай загадкай.
Ўiнстан ляжаў моўчкi. Яго дыханне пачасцiлася. Ён усё яшчэ не мог задаць пытанне, якое першае прыйшло яму ў галаву. Ён мусiў спытацца, але язык адмаўляўся вымавiць гэтае пытанне. Твар О'Браэна засвяцiўся задавальненнем. Здавалася, што нават яго акуляры iранiчна блiснулi. 'Ён ведае, - раптам падумаў Ўiнстан, - ён ведае, пра што я збiраюся запытацца!' Пры гэтай думцы словы самi вырвалiся ў яго з вуснаў:
- Што адбываецца ў Пакоi 101?
Выраз твару О'Браэна не змянiўся. Ён суха адказаў:
- Вы ведаеце, што адбываецца ў Пакоi 101, Ўiнстан. Усе ведаюць, што адбываецца ў Пакоi 101.
Ён зрабiў знак пальцам чалавеку ў белым халаце. Вiдаць, сеанс скончыўся. Iголка ўтыркнулася ў руку Ўiнстану. I амаль адразу ён патануў у глыбокiм сне.
3
- Вашае лячэнне будзе складацца з трох стадый, - сказаў О'Браэн. - А менавiта: павучанне, зразуменне, прыняцце. Цяпер якраз настаў час перайсцi да другой стадыi.
Як заўсёды, Ўiнстан ляжаў на спiне. Але апошнiм часам яго прывязвалi слабей. Ён усё яшчэ быў прымацаваны да ложка, але мог ужо варушыць каленямi i паварочваць галаву, а таксама трошкi прыўзнiмаць рукi ў локцях. Шкала таксама была ўжо не такая страшная. Ён ужо мог пазбегнуць болю, калi быў дастаткова кемлiвы: звычайна О'Браэн нацiскаў на рычаг, калi Ўiнстан выяўляў неразумнасць. Часам яны за ўвесь сеанс нi разу не ўжывалi страшнай прылады. Ён не памятаў, колькi ўсяго ўжо было сеансаў. Увесь працэс расцягнуўся на доўгi, бясконцы час - цэлыя тыднi - а перапынкi памiж сеансамi складалi часам некалькi дзён, а часам адну-дзве гадзiны.
- За час, што вы лежыцё тут, - сказаў О'Браэн, - вы часта задумвалiся - вы нават пыталiся ў мяне пра гэта - чаму Мiнiстэрства Любовi трацiць на вас столькi часу i клопатаў. Дый калi вы былi на свабодзе, вас займала амаль тое самае пытанне. Вы маглi зразумець механiзм грамадства, у якiм вы жылi, але не маглi зразумець яго матываў. Памятаеце, як вы напiсалi ў дзённiку: 'Я разумею як, я не разумею чаму'? Якраз калi вы думалi пра 'чаму', вы сумнявалiся, цi ўсё ў парадку з вашым розумам. Вы чыталi Кнiгу, кнiгу Гольдштэйна цi, прынамсi, часткi з яе. Цi знайшлi вы там штосьцi, пра што не ведалi дагэтуль?
- А вы чыталi яе? - спытаўся Ўiнстан.
- Я напiсаў яе. Дакладней кажучы, удзельнiчаў у яе напiсаннi. Вы ж ведаеце, нiводная кнiга не пiшацца адным чалавекам.
- Цi праўда тое, што там напiсана?
- Само апiсанне - так. А праграма, якая там выкладзена, - чыстая бязглуздзiца. Патаемнае назапашванне ведаў - паступовае пашырэнне асветы урэшце, пралетарскае паўстанне - звяржэнне ўлады Партыi. Вы самi маглi прадбачыць, пра што там будзе напiсана. Усё гэта бязглуздзiца. Пралетарыi нiколi не паўстануць, нi праз тысячу гадоў, нi праз мiльён. Яны не могуць. I мне не трэба казаць вам прычыну - вы яе ўжо ведаеце. А калi вы яшчэ песцiце надзеi на бурнае паўстанне, дык пакiньце iх. Партыю нiяк нельга звергнуць. Партыя будзе панаваць вечна. Прымiце гэта зыходным пунктам сваiх разважанняў.
Ён падышоў блiжэй да ложка.
- Вечна! - паўтарыў ён. - А цяпер вернемся да пытання пра 'як' i 'чаму'. Вы даволi добра разумееце, як Партыя ўтрымлiвае ўладу. Цяпер скажыце мне, чаму мы трымаемся за ўладу. Чым мы кiруемся? Чаму мы жадаем улады? Ну давайце, кажыце, - дадаў ён, бо Ўiнстан маўчаў.
Аднак Ўiнстан не спяшаўся з адказам. Яго ахапiла пачуццё страшэннай стомы. Ледзь заўважны прамень вар'яцкай радасцi зноў блiснуў на твары О'Браэна. Ён загадзя ведаў, што скажа О'Браэн. Што Партыя дамагаецца ўлады не дзеля сваiх мэтаў, а дзеля агульнага дабрабыту. Што яна дамагалася ўлады, бо людзi ў цэлым - кволыя баязлiвыя стварэннi, якiя не выносяць свабоды i не могуць глядзець у вочы праўдзе, i таму iншыя, мацнейшыя за iх, павiнны iмi кiраваць i сiстэматычна iх падманваць. Што чалавецтва стаяла перад выбарам памiж свабодай i шчасцем i што для большасцi чалавецтва шчасце было важнейшым. Што Партыя была адвечным абаронцам слабых, утаямнiчанай сектай, якая чынiць злое, каб з яго выйшла добрае, ахвяруючы сваё шчасце дзеля шчасця iншых. Самым жахлiвым, думаў Ўiнстан, было тое, што, калi О'Браэн скажа гэта, ён гэтаму паверыць. Гэта было напiсана ў яго на твары. О'Браэн ведаў усё. У тысячу разоў лепш за Ўiнстана ён ведаў, што ўяўляе сабой навакольны свет, у якiм убостве жывуць велiзарныя масы чалавечых iстот i якой хлуснёй i зверствамi Партыя ўтрымлiвае iх у гэтым убостве. Ён усё гэта зразумеў, усё ўзважыў, усё гэта было не iстотна: усё апраўдвалася канчатковай мэтай. Што ж ты зробiш, думаў Ўiнстан, з гэтым вар'ятам, якi разумнейшы за цябе, якi спакойна выслухоўвае твае аргументы i зноў упарцiцца ў сваiм вар'яцтве?
- Вы кiруеце намi дзеля нашай карысцi, - ледзь чутна вымавiў ён. - Вы лiчыце, што людзi не могуць кiраваць самi сабой, i таму...
Ён здрыгануўся i ледзь не закрычаў. Страшны боль скалануў усё цела. О'Браэн падняў стрэлку да трыццацi пяцi.
- Вы кажаце глупства, Ўiнстан, глупства! - сказаў ён. - Маглi б прыдумаць што-небудзь разумнейшае.
Ён адпусцiў рычаг i працягваў:
- А зараз я скажу вам адказ на маё пытанне. Вось ён. Партыя дамагаецца ўлады выключна дзеля сваiх уласных iнтарэсаў. Нас не цiкавiць дабрабыт iншых; нас цiкавiць толькi ўлада. Не здароўе, не багацце, не доўгае жыццё, не шчасце - толькi ўлада, чыстая ўлада. Што значыць чыстая ўлада, вы зараз зразумееце. Мы