Я ўсхапiўся з ложка i стаў у дзвярах, гледзячы ў цемру.

- Юзя памёр! - паўтарыў я, увесь калоцячыся.

Чалавек тузануўся на куфры i закрычаў:

- Пайшоў прэч адгэтуль, блазен!.. Я, яго бацька, лепш ведаю, памёр ён цi не!.. Вiват губернатару!.. Ром- ямайка!..

Ахоплены жахам, я ўцёк.

Праз усю ноч я не мог заснуць, мяне калацiла, мучылi нейкiя кашмары. Ураннi мяне агледзеў гаспадар нашай кватэры, сказаў, што высокая тэмпература, што, напэўна, я заразiўся ад Юзя, i загадаў паставiць мне на паяснiцы дваццаць крывасосных банек. Пасля яго лекаў наступiў, як сказаў гаспадар, такi крызiс, што я цэлы тыдзень ляжаў у ложку.

Я не быў на пахаваннi Юзя, якога праводзiў увесь наш клас з настаўнiкамi i ксяндзом. Мне расказалi, што ў яго была чорная труна, абабiтая аксамiтам, маленькая, як футарал для скрыпкi.

Бацька яго страшэнна плакаў, а на могiлках схапiў труну i хацеў з ёю ўцякаць. Аднак, нягледзячы на гэта, Юзя пахавалi, а бацьку яго палiцыя вывела з могiлак.

Калi я першы раз прыйшоў у школу, мне сказалi, што нехта ўсё дапытваецца пра мяне. I сапраўды, у адзiнаццаць гадзiн мяне выклiкалi.

Я выйшаў - за дзвярыма стаяў бацька нябожчыка Юзя. Твар яго быў бледна-фiялетавы, а нос шэры, як попел. Ён быў зусiм цвярозы, толькi дрыжалi галава i рукi.

Чалавек гэты ўзяў мяне пад падбародак i доўга ўглядаўся ў вочы, а потым раптам сказаў:

- Ты абаранiў Юзя, калi з яго ў класе здзекавалiся?..

'Звар'яцеў гэты стары, цi што?' - падумаў я, але нiчога не адказаў.

Ён абняў мяне аберуч за шыю i некалькi разоў пацалаваў у галаву.

- Хай цябе бог блаславiць! - шапнуў. - Хай цябе бог!..

Пусцiў маю галаву i зноў спытаўся:

- Ты быў пры яго смерцi?.. Скажы мне праўду, ён вельмi пакутаваў?..

Ды тут ён раптам адступiўся i хутка сказаў:

- Цi не... нiчога ты мне не кажы!.. О, нiхто не ведае, якi я няшчасны!..

З вачэй яго пацяклi слёзы. Схапiўся аберуч за галаву, павярнуўся ад мяне i пабег да лесвiцы, крычучы:

- Бедны я!.. Бедны!.. Бедны!..

Ён так моцна крычаў, што на калiдор павыходзiлi настаўнiкi. Паглядзелi ўслед яму, пакiвалi галовамi i загадалi мне вярнуцца ў клас.

Пад вечар нейкi пасыльны прынёс мне дахаты велiкаваты куфэрак i лiсток, дзе было напiсана:

'Ад беднага Юзя - на памяць'.

У куфэрку было многа цудоўных кнiжак, што засталiся пасля нябожчыка Юзя, а сярод iх: 'Кнiга свету', 'Гiсторыя Цэзара' Канцю, 'Дон-Кiхот', 'Дрэздэнская галерэя' i шмат iншых. Кнiгi гэтыя разбудзiлi ва мне вялiкае жаданне чытаць сур'ёзныя рэчы.

Добра ўжо развяснiлася, калi я выбраўся першы раз наведаць Юзеву магiлу. Яна была маленькая i гарбатая, як ён сам. Нехта абсадзiў яе зялёнымi галiнкамi. Крокаў са тры далей у траве я знайшоў некалькi бутэлек з надпiсам: 'Ром-Ямайка'. Я праседзеў з гадзiну, але не сказаў Юзю, што нам задалi, бо i сам не ведаў, а ён не спытаўся.

Праз тыдзень я зноў прыйшоў на могiлкi. Зноў убачыў галiнкi, толькi што паўтыканыя ў магiлу, а ў траве - зноў знайшоў некалькi цэлых i пабiтых бутэлек.

У пачатку мая па горадзе разышлася незвычайная вестка. Ранiцай каля Юзевай магiлы знайшлi труп яго бацькi. Побач з iм ляжала на палавiну апарожненая бутэлька з надпiсам: 'Ром-Ямайка'.

Дактары сказалi, што чалавек памёр ад анеўрызму.

Здарэннi гэтыя падзейнiчалi на мяне па-асаблiваму. З таго часу мне было цяжка сярод сяброў, напрыкралi iх шумныя забавы. Я паглыбляўся ў чытанне кнiг, што засталiся пасля Юзя, або цiшком уцякаў за горад, у зарослыя кустамi яры, i, валочачыся там, разважаў богведама пра што. Часта ўзнiкала пытанне, чаму так марна загiнуў Юзя i чаму бацька яго быў такi самотны, што так гарнуўся да сынавай магiлы. Я адчуваў, што найбольшае няшчасце - акiнутасць, i зразумеў, чаму бедны гарбунок шукаў сябра.

Мне таксама патрэбен быў сябар. Але ў класе чамусьцi нiхто не падабаўся мне. Я прыгадаў сястру. Не!.. Сястра не заменiць друга.

Аднакласнiкi гаварылi пра мяне, што я адзiчэў, а гаспадар нашай кватэры ўжо зусiм не сумняваўся, што я буду вялiкiм злачынцам.

На ўрачыстым заканчэннi школьнага года iнспектар паведамiў усяму свету, што я перайшоў у другi клас. Здарэнне гэтае напоўнiла маю душу радасным здзiўленнем. Раптам пачало здавацца, што хоць наша школа i мае яшчэ наступныя класы, нiводзiн з iх не такi дасканалы, як другi. Я пераконваў сяброў, што вучнi астатнiх класаў, ад трэцяга да сёмага ўключна, паўтараюць толькi тое, што засвоiлi ў другiм, а ў душы пабойваўся, каб настаўнiкi не спахапiлiся пасля вакацыяў, што пераведзены я памылкова, i не вярнулi мяне ў першы клас.

Аднак на наступны дзень я ў пэўнай меры асвоiўся са сваiм шчасцем, а калi ўжо ехаў дахаты на вакацыi, то ўсю дарогу пераконваў возчыка, што ў нашым класе адзiн я пераведзены ў другi заслужана, з найлепшымi адзнакамi. Я прыводзiў яму такiя неабвержныя доказы, што ён пачаў пазяхаць. Тады я змоўк i спалохана ўпэўнiўся, што вельмi сумняваюся i сам.

Назаўтра, пад'язджаючы да нашага дома, я ў дарозе яшчэ сустрэў сястру Зосю, што выбегла насустрач мне. Я адразу паведамiў, што ўжо другакласнiк i што мой сябар Юзя памёр, бо на яго наехалi. А яна сказала, што сумавала па мне, што ў яе курыцы дзесяць куранят, што да панi графiнi па два разы на тыдзень прыязджае з вiзiтам нейкi пан, што ў iх гувернантка, закаханая ў пiсара, i што нябожчык Юзя яе - значыцца, Зосю - не цiкавiць, бо ён жа быў гарбаты. Хоць, вядома, i шкада яго.

Гаворачы гэта, яна старалася выглядаць дарослай паннай.

Бацьку я ўбачыў апоўднi. Ён павiтаўся са мной вельмi цёпла i сказаў, што дасць мне на вакацыi каня i дазволiць страляць з вялiкага пiсталета. А потым дадаў:

- Iдзi цяпер у палац i павiтайся з паняй графiняй. Зрэшты...

Тут ён махнуў рукой.

- А што здарылася, тата? - спытаўся я, як чалавек дарослы, ажно спалохаўшыся свае смеласцi.

Бацька неспадзявана адказаў нязлосна, з прыкметнай горыччу:

- Ёй ужо не патрэбен стары ўпаўнаважаны. Неўзабаве тут будзе новы пан, а ён i сам справiцца...

Ён раптам змоўк i, адвярнуўшыся, мармытнуў праз зубы:

- Праiграць у карты маёнтак...

Я пачаў здагадвацца, што, пакуль мяне не было, тут адбылiся вялiкiя змены. Само сабой, павiтацца з памешчыцай я пайшоў. Прыняла яна мяне ласкава, а я заўважыў, што яе сумныя вочы сёння глядзяць зусiм весела.

Вяртаючыся з палаца, я сустрэў на двары бацьку i сказаў яму, што панi графiня такая вясёлая, як нiколi раней. Круцiцца, пляскае ў ладкi, зусiм як яе пакаёўкi.

- Хэ! Кожная баба перад вяселлем у добрым гуморы, - сказаў бацька, нiбыта сам сабе.

А тут да палаца пад'ехала лёгкая брычка, з яе саскочыў высокi мужчына з чорнай барадой i агнiстымi вачыма. Панi графiня, здаецца, выбегла на ганак, бо я заўважыў, што яна праз дзверы працягнула да барадача абедзве рукi.

Бацька iшоў перада мною, цiха смяяўся i мармытаў:

- Во, во!.. Усе бабы павар'яцелi!.. Панi ўздыхае па элеганце, а гувернантка па пiсары... Для Салюсi застаўся я або ксёндз-пробашч... Во, во!..

Мне iшоў дванаццаты год, i я ўжо многа чуў пра каханне. Той сябар, што галiў вусы i тры гады сядзеў у першым класе, часта гаварыў нам пра свае пачуццi да адной паненкi, якую ён разы два на дзень сустракаў на вулiцы або бачыў праз фортачку. Зрэшты, я i сам чытаў некалькi цудоўных раманаў i добра памятаю, колькi пакут каштавалi мне iх героi.

Па гэтай прычыне бацькава недагаворванне зрабiла на мяне прыкрае ўражанне. Я адчуў сiмпатыю да нашай панi, нават да гувернанткi, а да барадача i пiсара амаль варожасць. Нiколi б я гэтага ўголас не сказаў (нават выразна падумаць не смеў бы), аднак мне здавалася, што i наша панi, i гувернантка зрабiлi б куды

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×