зiрнула на мяне зверху i, адкiнуўшы назад пышныя локаны, без усякiх уступаў спыталася:

- Цi гэта праўда, што пан прабiў дзiрку ў нашым чоўне?

- Я?..

- Так мне сказаў садоўнiк, а цяпер мама не дазваляе нам плаваць, загадала човен прывязаць да берага, а вёслы пахаваць.

- Але, дальбог жа, я не прабiваў нiякай дзiркi! - апраўдваўся я, як перад iнспектарам.

- Цi толькi праўда гэта? - спыталася Лёня, быстра гледзячы мне ў вочы. Бо такое на пана вельмi падобна...

Тон паненкi не спадабаўся мне. Чорт вазьмi! - найдужэйшы хлопец з нашага класа не пасмеў бы так гаварыць са мною.

- Калi я гавару, што не, дык гэта ўжо напэўна не! - сказаў я, моцна нацiскаючы на адпаведныя словы.

- Ну, дык тады садоўнiк зманiў, - сказала Лёня, сцяўшы бровы.

- Добра зрабiў, - адказаў я, - бо паненкi не ўмеюць плаваць у чоўне.

- А пан умее?

- Я ўмею i ў чоўне, i рукамi, i на спiне, i стоячы.

- А пан нас будзе вазiць?

- Калi ваша мама дазволiць, дык буду.

- Тады паглядзiце, цi лодка i сапраўды не дзiравая.

- Не дзiравая.

- Дык адкуль жа ў ёй вада?

- Дажджавая.

- Дажджавая?

Гутарка абарвалася. Аднак я ўжо смела глядзеў на Лёню, а яна, як сёння мне гэта бачыцца, не звяртала на мяне ўвагi. Больш таго - яна, не сыходзячы з месца, пачала скакаць цераз вяровачку, у прамежках гутарачы са мной.

- Чаму вы з намi не гуляеце?

- Я заняты.

- А што ж вы робiце?

- Вучуся.

- Дык на вакацыях нiхто ж не вучыцца.

- У нашым класе трэба вучыцца нават на вакацыях.

Лёня скокнула два разы цераз сваю вяровачку i сказала:

- Адась у чацвёртым класе, аднак на святах не вучыўся. Ах, вы ж не ведаеце Адася.

- А хто гэта вам сказаў, што не ведаю? - горда спытаўся я.

- Бо вы былi ў першым, а ён у трэцiм...

Зноў два разы пераскочыла... Я думаў, што са мною здарыцца штосьцi незвычайнае.

- Са мной сябравалi нават з чацвёртага, - адказаў я з раздражненнем.

- Усё адно, бо Адась вучыцца ў Варшаве, а вы... Дзе вы вучыцеся?.. Дзе?..

- У Седльцах, - ледзь адказаў я прыдушаным голасам.

- А я таксама паеду ў Варшаву, - сказала Лёня i дадала: - Можа, вы скажаце Зосi, што я ўжо тут...

I, не чакаючы, згадзiўся я цi не, пабегла, падскокваючы, у бок альтанкi.

Я быў ашаломлены, у галаве маёй проста не тоўпiлася - як гэтае дзяўчо са мною абыходзiцца.

'Ды ну вас з вашымi гульнямi, - падумаў я, па-сапраўднаму ўзлаваны. Гэтая Лёня няветлiвая, нявыхаваная, проста смаркуха!..'

Аднак такое акрэсленне не перашкодзiла мне адразу ж выканаць яе загад. Дахаты пайшоў я вельмi хутка, можа, нават захутка, вiдаць, ад узбуджанасцi.

Зося ўжо брала свой парасончык - выходзiла ў сад.

- Ну, ведаеш, - сказаў я, шпурляючы шапку ў куток, - пазнаёмiўся я з тваёй Лёняй.

- I што? - з цiкавасцю спыталася сястра.

- Нiчога... так сабе! - адказаў я, не гледзячы ў яе вочы.

- Праўда ж, яна такая добрая, такая прыгожая?..

- А мне што да гэтага? Якраз прасiла, каб ты туды iшла.

- А ты не пойдзеш?

- Не.

- Чаму? - спыталася яна, заглядваючы мне ў вочы.

- Ды ну вас! - буркнуў я. - Не пайду, бо мне не падабаецца...

Вiдаць, у голасе маiм было многа рашучасцi, бо Зося больш нi пра што не спыталася i пайшла. Яна амаль бегла, i я паклiкаў яе праз акно:

- Толькi ты, калi ласка, нiчога там не кажы... Скажы, што я... што ў мяне пабольвае галава.

- Ну, ну, не бойся. Я табе не пашкоджу.

- Не забудзься, Зося, калi ты хоць трошкi любiш мяне.

Мы, вядома ж, сардэчна пацалавалiся.

Цяжка сёння адкапаць у памяцi тыя пачуццi, што раздзiралi мяне пасля Зосiнага адыходу. Як яна, тая Лёня, магла, як смела гаварыць са мной такiм тонам?.. Праўда, настаўнiкi, тым больш iнспектар, абыходзiлiся са мной даволi фамiльярна, але ж гэта людзi старыя. Аднак сябры ў першым, цяпер ужо ў другiм, класе адносiлiся да мяне з павагай. А тут, у вёсцы, - паслухаць толькi, як гаварыў са мной бацька, як вiталiся парабкi, колькi разоў пiсар гаварыў мне: 'Пане Казiмiр, можа, завiталi б да мяне, выкурыць люлечку?' А я яму: 'Дзякую, пану, але не хачу прывыкаць'. А ён: 'Якi вы шчаслiвы, маючы такi характар... Вы не паддалiся б i гувернантцы...'

У адпаведнасцi з абыходжаннем старэйшых я таксама быў сур'ёзны. То ж нiхто iншы, а сам ксёндз- пробашч казаў майму бацьку: 'Глядзiце вы, шаноўны пане Ляснеўскi, што робiць з хлопца школа. Гэты Казя быў летась такi свавольнiк, такi ветрагон, а сёння, шаноўны мой, гэта дзяржаўная галава, гэта Меттэрнiх*...'

* Клеманс фон Меттэрнiх (1773-1859) - аўстрыйскi князь, дзяржаўны дзеяч i дыпламат.

Так вось людзi мяне паважалi. I трэба ж здарыцца, каб нейкае казяня, што анiводнага класа не бачыла, асмельвалася сказаць мне: 'Такое на пана вельмi падобна'. Пан?.. Таксама ўжо лiчыць сябе дарослай паненкай! Таму што ведае нейкага там Адася, дык ужо i нос задзiрае. А што той Адась? Ён скончыў трэцi клас, а я iду ў другi. Падумаеш - рознiца! Калi будзе аслом, дык я свабодна даганю яго, нават пераганю. А яшчэ i кажа мне iсцi па Зосю, нiбы я лёкайчык у яе. Паглядзiш, цi паслухаю я цябе другi раз!.. Слова гонару, што калi яна зноў скажа мне штосьцi падобнае, дык я проста... ну, пакладу рукi ў кiшэнi i адкажу: 'Зашмат вы сабе дазваляеце!' А то i лепш яшчэ: 'Лёнечка, бачу я, што ветлiвасцi вы не навучылiся...' Цi так нават: 'Лёнечка, калi ты хочаш, каб я з табой гуляў...'

Я адчуваў, што належны адказ не прыходзiць, i гэта мяне яшчэ больш раздражняла. Вiдаць, я ажно з твару змянiўся, бо старая Вайцехова двойчы ўваходзiла ў пакой, гледзячы на мяне спадылба, i нарэшце спыталася:

- А мае ж вы людачкi, а чаго ж гэта Казя такi маркотны?.. Цi натварыў чаго, цi з панам што-небудзь?..

- Нiчога са мной не здарылася.

- Бачу я, якое гэта нiчога, ад мяне не схаваешся. Калi ўжо ты вычварыў што якое, дык iдзi лепш адразу да бацькi - прызнайся.

- Ды нiчога я не зрабiў. Трохi стамiўся, i ўсё.

- Калi стамiўся, дык адпачнi, з'еш чаго-небудзь. Я вось табе хлеба з мёдам.

Яна выйшла i праз хвiлiну вярнулася з вялiзнай лустай, з якое ажно капаў мёд.

- Ды не буду я есцi, адчапiцеся вы!..

- Чаму гэта ты не будзеш? Бяры вось хутчэй, бо мёд па пальцах цячэ. Пад'еш, дык адразу павесялееш. Чалавека заўсёды штосьцi бярэ, калi ён галодны, а як пад'есць - адразу галава праветрыцца... Ану, бяры ў руку!

Я павiнен быў узяць, са страху, каб яна не закапала мне мёдам валасы або мундзiр. Машынальна з'еў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×