Эн глыбока ўздыхнула. Потым пачала гаварыць зноў:
- Я не люблю гаварыць пра гэта. Я сама здзiўляюся, што гавару пра гэта. Але ты - добры хлопец. Бачыш, я хачу мець сям'ю, хачу дзяцей, але я не хачу ўвесь час выкручвацца наконт грошай i адносiцца да сваiх дзяцей так, як мой бацька адносiўся да мяне, без усялякай на гэта патрэбы. I нават болей чым дзецям, я хачу належаць каму-небудзь, да каго-небудзь, быць часткай сям'i. Гэта таксама лёгка зразумець, бо ўсё гэта ў межах нармальнай псiхалогii, той самай дафрэйдаўскай псiхалогii. Я была адна, заўсёды адна. Я адчуваю патрэбу належаць да чагосьцi ў сэнсе... - яна змоўкла i потым сказала амаль з адчаем: - Да дынастыi.
- Дынастыi? - усмiхнуўся я. - Паслухай, Эн, я быў з табой не да канца шчыры.
- Так? - адказала яна ў разгубленасцi, ачуўшыся ад ахапiўшых яе думак i цяпер намагаючыся ўспомнiць, хто такi Ўiльям Дэнтэл. - Вось як? - перапытала яна.
- Ну, не зусiм так. Гэта праўда, што я бедны, але паслухай, на самай справе я магу iм i не быць. Мае бацькi - даволi заможныя людзi. I яны дапамаглi б мне. Ахвотна. Да таго часу, пакуль я змагу зарабляць гэтыя грошы, а я ведаю, што змагу.
- А, - нарэшце яна ўсвядомiла маю прысутнасць i ўспомнiла, хто я такi. Але яе рэакцыя была не тая, якую я чакаў. Яе звычайна такiя ясныя вочы заслала смуга, а маленькiя зрэнкi зрабiлiся яшчэ меншымi. Потым яна пахiтала галавой, не таму, каб даць адмоўны адказ мне, я верыў, што не, але ў адказ на нейкую думку, на нейкае сваё ўяўленне.
- Ведаеш, ты вельмi добры хлопец, Бiл, - сказала Эн. - Занадта добры, у нейкiм сэнсе.
Яна перавяла позiрк з майго твару i глядзела на некага паверх маёй галавы.
- Хто гэта?
- Каго ты маеш на ўвазе?
- Вунь той, прыгожы мужчына, што каля бара?
- А, гэты. - I я расказаў ёй пра незнаёмца.
Поль, - ну не памятаю яго прозвiшча, вiдаць, таму, што яго заўсёды клiкалi 'Барон'. Звычайна гаварылi 'Поль', 'Барон' альбо 'Барон Поль'. Бясспрэчна, ён быў прыгожы, хоць i па-тэатральнаму, з тых, што занадта прыгожыя, каб iм верыць, а для недаверу ёсць падставы.
Яго мацi была каралевай нейкай маленькай балканскай краiны - я забыўся якой. Яна была самая сапраўдная каралева, з самых сапраўдных Бурбонаў. Бацька ж быў садоўнiк. I, як гаварылi з усмешкай, не галоўны садоўнiк. У сувязi з гэтым пераказвалiся жартачкi наконт палюбоўнiка ледзi Чатэрлей. Маленькая краiна пайшла прахам, i Поль, як i бацька, нiколi, як бы мовiць, не вылез з гразi. Ён зарабляў сабе на жыццё, калi можна назваць яго занятак заробкам, тым, што адкрыта i не тоячыся задавальняў пажаданнi дам.
У яго адкрытасцi было нешта такое, што раззбройвала. На маё здзiўленне i нават крыху сорам, а таксама насуперак атрыманаму выхаванню, я нават адчуваў да яго сiмпатыю.
- Я даўно хацеў табе сказаць: 'Не будзь занадта адкрытая', i вось нарэшце, Эн, ты дала мне такую магчымасць. Не будзь такая адкрытая. Ён самы сапраўдны жыгало. Каторы раз ты мяне здзiўляеш. Я нешта не заўважаў, каб ты звяртала ўвагу на iншых мужчын. У цябе ж добрыя манеры. - Я ўхмыльнуўся. - Звычайна.
Яна не адводзiла вачэй ад Барона, i ўхмылка знiкла з майго твару.
- Звычайна, - паўтарыў я крыху пагрозлiва. - Але павiнен прызнаць, што ён надзiва прыгожы.
- Так, - яна сцвярджальна кiўнула галавой. - Але перш за ўсё ён дзiвосны тым, што выглядае якраз на таго, якi ён ёсць на самай справе. Нават вопраткай. Вось гэта i прымусiла мяне спытаць пра яго. Я нiколi не бачыла самага сапраўднага жыгало раней. Ты знаёмы з iм?
- Так, як i ўсе. Крыху.
- Пазнаём мяне з iм, калi ласка.
Эн паспела растлумачыць сваю цiкаўнасць. Яна здалася мне бясшкоднай. Я прывёў Поля да нашага столiка i пазнаёмiў iх.
Праз два тыднi яна выйшла за яго замуж. Я не бачыўся з ёй на працягу тых двух тыдняў, хiба толькi на адлегласцi. I ўвесь час паўтараў сам сабе: 'Дынастыя'. Гэта смешнае, недарэчнае слова, якiм яна растлумачыла сваё iмкненне ў жыццi, - вырашыў я, - якраз i было менавiта тое, што вабiла яе да чалавека, якi, згодна з яе прызнаннем, быў тыповы прадстаўнiк вульгарных нiзоў.
I ўсё ж яна выйшла за яго замуж.
Праз тыдзень пасля шлюбу яны паплылi ў мора на невялiкай лодцы, i назад ён вярнуўся адзiн.
Праз два днi пасля гэтага яго арыштавалi. Студэнты-медыкi ўзнялi шум, i палiцыя - якая хоць i вельмi неахвотна звязвалася з амерыканцамi, а з iмi асацыiравалася ўжо само iмя Эн, i была вельмi заклапочаная тым, каб Каны аднавiлi сваю рэпутацыю сусветнага цэнтра забаў i каб пра гэты горад не распаўсюдзiлася нiякая слава, акрамя самай добрай, вельмi клапацiлася аб тым, каб запэўнiць кожнага, што такiя тыпы, як Поль, нiколi, заўважце, нiколi не ступяць нагой у iх рай, - гэта самая палiцыя вымушана была саступiць i арыштаваць яго.
Потым, паколькi ён быў неверагодна бездапаможны, палiцыi не заставалася нiчога iншага, як перадаць справу ў суд. На пытанне аб тым, куды знiкла жонка, ён адказаў:
- Яна вылезла з лодкi i паплыла. - Так ён i паўтараў увесь час гэта глупства. I гэта ўсё, што ён мог сказаць у сваю абарону.
Пасля размовы са мной супрацоўнiкi следчых органаў папрасiлi не ў якасцi афiцыйнага загаду, а ў якасцi паслугi застацца, каб прыняць удзел у слуханнi справы ў судзе. Вiдаць, яны думалi, што я змагу iм дапамагчы. Я ж гэтага не разумеў, пакуль не пачаўся суд. I вось тады я ўбачыў, наколькi карысным я аказаўся, вельмi карысным.
Суд прысяжных засядаў не больш двух месяцаў. Потым судовыя пасяджэннi перанеслi ў другое месца ўзмор'я, у Нiцу - цэнтр дэпартамента Прыморскiя Альпы.
Так што мае тры iдылiчныя месяцы на казачнай Рыўеры аказалiся пяццю горкiмi...
У зале французскага суда надзiва цяжка арыентавацца. Мне давялося вельмi доўга шукаць сваё месца i спатрэбiлася шмат часу, каб разгледзець сярод прысутных абвiнавачанага; яшчэ больш часу спатрэбiлася, каб прызвычаiцца да факта, што ён лiчыўся вiнаватым, пакуль не зможа даказаць адваротнае.
Калi ж я нарэшце да гэтага прызвычаiўся, адчуў вялiкае задавальненне.
Паказаннi былi абсалютна знiшчальныя. Усе да аднаго, у тым лiку i самога Барона. Да таго ж, нi кроплi не засталося ад яго годнасцi - i не толькi таму, што шмат што кампраметавала яго, але i сам ён надзiва ўдала прыклаў руку да сваёй дыскрэдытацыi ў час судовага разбору. Так, напрыклад, усплыў факт яго незаконнароджання. Усе гэта, зразумела, ведалi, але гаварылi пра гэта толькi шэптам, ды i пашпарт, што ён меў пры сабе, рабiў гiсторыю яшчэ больш заблытанай.
Узнiкла пытанне i наконт яго ўзросту. Калi знiкла тая маленькая балканская краiна? У 1915 годзе. Колькi год яму было тады? Кароткiя гiстарычныя звесткi, сабраныя разам, вымусiлi яго сказаць праўду: яму было тады пятнаццаць. Такiм чынам яго пашпарт быў падроблены; чалавеку, якому на выгляд было трыццаць чатыры, а па ўласным прызнаннi трыццаць сем, на самай справе мiнула сорак сем год - а гэта прызнанне для яго мела большае значэнне, чым для iншых людзей. Маладжавасць - галоўная акцыя пры яго занятку.
Але ж чаму ён ажанiўся з гэтай дваццацiдвухгадовай дзяўчынай? Ён надзвычайна ўразiў усiх прызнаннем праўды: ён ажанiўся з ёю дзеля грошай. А значыць, ён не ведаў, што яна зможа атрымаць грошы толькi праз трынаццаць год? - з'едлiва заўважыў пракурор (ён наогул быў схiльны да з'едлiвасцi), - тады, калi ваш узрост наблiзiўся б да шасцiдзесяцi год.
- Яна мне пра гэта не казала.
Памятаю, як бездапаможна ўздыхнуў адвакат.
- Значыць, вы ажанiлiся з ёю дзеля грошай, потым даведалiся, што не атрымаеце iх раней, чым праз трынаццаць год, i таму вырашылi атрымаць iх у якасцi спадчыны?
- Я ажанiўся з ёю таму, што яна папрасiла мяне аб гэтым, таму што яна была прыемная асоба i таму што яна была багатая. Да таго часу, як я апынуўся ў гэтай зале суда, я не ведаў нiчога наконт гэтых 'трынаццацi год'. Яна сказала, што загадала перавесцi грошы, але французскiя банкi вельмi марудныя. А яны на самай справе марудныя. Прайшоў толькi тыдзень пасля шлюбу.
- Тыдзень. Толькi тыдзень, - сказаў пракурор, паволi i горка, i сеў на месца.
Нарэшце мяне правялi да месца, дзе я павiнен быў выступаць як сведка. Я стаяў за стойкай, абапiраючыся аб парэнчу, трасучыся ад пачуцця болю, страты i раз'юшанасцi. Цi патрэбны мне быў