сябе радыкальна - траха ня лаянкай. У дзьвярох стаяў, усьмiхаючыся, нейкi нiжэйшы ваенны чын i ласкава запрашаў Рамана на сьняданьне. Гэтая акалiчнасьць трохi супакоiла Рамана, але не паўстрымала ад запальчывасьцi:
- Цi нельга-б было дэманстраваць сваю ўладу трошкi далiкатней?
- Гэта не я, стукаў - дзяжурны. У iх такi звычай. А хiба пану тут не падабаецца?
Даняло Корзюка й тое, што нiжэйшы чын уважлiва глядзеў, як Раман адзяваўся - Раман саромiўся сваёй даматканай бялiзны.
За сьнеданьнем чын быў з Раманам назойлiва гаваркiм i назойлiва ветлiвым.
Пасьля сьнеданьня чын прывёў Рамана да вышэйшага начальнiка. Упяршыню з учарайшага дня тут Раман сустрэўся з сам'ёю.
Калi Раман яшчэ ўваходзiў у вялiкi пакой начальнiка, мацi, седзячы на крэсьле, коратка зiрнула на яго й заплакала. Высокi польскi чын шчакаўшы, пачаў:
- Фактычна, Польшча, згодна ўмовы з Савецкiм саюзам, выдае савецкiх грамадзян-перабежчыкаў, гэтаксама як СССР выдае нам нашых. Гэта правiла. Тым болей ня прыймаем мы людзей, якiя даканалi ў сябе на бацькаўшчыне якое-небудзь злачынства i каб не панесьцi кары, шукаюць сабе ратунку ў iншай дзяржаве. Гэта таксама правiла. Але я не хачу запалохваць вас... Дарэчы, я не хацеў-бы, каб вашая цурэчка была сьвяткем таго, што мы будзем тут гаварыць - она ест ешчэ дзецко.
Пры гэтым начальнiк усьмiхнуўся да 'дзецко' гэтак, як-бы перад iм сядзела дарослая панна.
- Можа-б яна пачакала ў iншым пакоi? Зрэшты, яна разумее папольску?
Мацi адказала, што не разумее, але чын ўсё-ткi выклiкаў жаўнера, каб забраць яе. Адылi дачка Корзюкаў прыклеiлася да мацi i не хацела iсьцi. Тады начальнiк папрасiў выйсьцi з дачкою й мацi.
- Дык крымiналiстаў, пане Корзюк, мы ня прыймаем.
- Паважаны пане, дык я-ж...
- Прашу слухаць, калi я гавару, - строга абсек чын Савосту.
- Даруйце.
- Хто хоча ў нас толькi схавацца, звычайна, у нас сымпатыi не знаходзiць. Iнтарэсы нашай дзяржавы вышэй гэтага. Мы ведаем, што вы раскулачаныя, што ня любiце савецкай ўлады. Але адно гэта яшчэ не дае падставы шкадаваць вас. Гэтага, гавару, яшчэ замала. Тады мы мусiлi-б пашкадаваць цэлыя мiльёны такiх, як вы. Нажаль, мы гэтага ня можам зрабiць. Замала й таго, пане Корзюк, што ў вас тут ёсьць сваякi, крэўныя. Для Польшчы трэба даканаць нешта такое высокае, каб Польшча магла вас прыняць i ўсынавiць. Польшча - дзяржава такога тыпу, якая ад сыноў i дочак сваiх спрадвеку патрабуе вялiкiх ахвяраў. Вы забiлi еднэго большевiка. Добра! Але гэта, паўтараю, - крымiналiстыка. Як стварэньня Боскага, нам шкада вас, зразумела. Хаця й перад Богам вы за сваю вiну мусiце адкупiцца. Што-ж тычыцца Польшчы, дык на ейны аўтар, вы мусiлi-б злажыць вялiкую ахвяру, i толькi тады, заслужоныя, вы маглi-б быць прынятыя ёю. Вы гатовы на ахвяру для Польшчы? - катэгарычна паставiў пытаньне польскi чын.
Увесь час чын гаварыў толькi да Савосты, зрэдку толькi пазiраючы на Рамана нейкiмi застылымi, шклянымi вачыма.
- Пане начальнiк, дайце мне цяпер сказаць...
- Пане Корзюк, вы найперш адкажэце на маё пытаньне - вы гатовыя на ахвяру для Польшчы? - яшчэ больш катэгарычным тонам сфармуляваў пытаньне польскi чын.
- На якую ахвяру, выбачайце?
Раздражоны, павярнуўшыся да тэлефону, польскi чын загадным ладам прагаварыў у слухаўку:
- Забраць чалавека!
Потым, зьвярнуўшыся да Рамана:
- Паважаны студэнце, дрогi колега, коханы млоды чловеку! Забудзем на прыкрую гутарку з ойцэм пана.
- Для каго прыкрую?
- Для мяне i, спадзяюся, для пана, - блiснуў вачыма чын, - цi хiба пану ня сорамна за ойца, за такi ягоны жалюгодны адказ на пытаньне ўладз.
- Так, пане, мне сапраўды сорамна, што мой ойцец як належыць не адказаў пану, вiдавочна, даруючы такi прывiлей сыну.
- Мы такога прывiлею вам не дамо! - нiколькi не зьбянтэжыўшыся, упэўненым, стрыманым, але суровым голасам, устаючы з крэсла, прагаварыў польськi чын. - Я спадзяюся, што ў халоднай пан студэнт настолькi астыне, што рэальна ацэнiць сваё палажэньне. Даю вам часу да вечара. Зразумейце адно - што да выкананьня нашых абавязкаў мы народ таксама ганаровы.
I польскi чын дэманстрацыйна адаслаў Рамана з пасыльным у камэру.
У халоднай Раман сапраўды астыг, цi лепей сказаць сьцiшыўся. Цяпер ён глядзеў на сябе знекуль здалёк, збоку, як на чужога, i, аддалены, добра бачыў сябе. Свае памылкi i сваё донкiхоцтва. Аднак здольнасьць бачыць сябе збоку, як i заўсёды, прыходзiла да Рамана запозна. Раман нiколi ня мог скарыстаць з свайго вопыту самааналiзу: будучы сам-на-сам, Раман валодаў сабою, спраўляўся з сваёй натурай i зусiм ня памятаваў сябе, губляўся, калi з некiм сутыкаўся. Сутыкацца й было Раманавым донкiхоцтвам. Толькi так i мог ён сябе праявiць. Сутыкненьне - гэта й было дзеяньнем, ягонай натурай. На самоце-ж сваё дзейства Раман асуджаў, мучыўся i каiўся.
Лiрычная плынь замянiла цяпер сабою Раманава 'дзейства'. Прыслухоўваючыся да гэтай плынi, асьветлены ёю, ён цяпер быў здольны бачыць сябе. Гэтая лiрычная плынь як-бы становiцца ягоным розумам. Вось хоць-бы ўзяць допыты. Цi-ж так я мусiў-бы сябе паводзiць? Задзiрства i ўсё, i нiякага розуму ў гэтым задзiрстве няма. Чаго я даб'юся гэтак? Нi бацьком, нi сабе гэта ня пойдзе на карысьць. Наадварот. Усё-ж мы перайшлi мяжу, шукаючы прытулку, дык i мусiў-бы я прасiць гэтага прытулку, калi не для сябе, дык хоць-бы для iх. А, зрэшты, чаму-б i не для сябе? Дзе я дзенуся?.. Я iдэалiзаваў Польшчу. I вось я цяпер у Польшчы. Чаму-ж я ня люблю цяпер Польшчы? Мо таму, што я ня ведаю яе? Польшча патрабуе ахвяраў? А цi-ж не патрабуе ахвяраў мая бацькаўшчына? Я люблю Польшчу - калыску мае бацькаўшчыны. Але я непатрэбны ёй, як i яна мне. Я бягу ад яе, i яна ня мае права затрымаць мяне. Затрымацца - значыць скончыцца. I я пайду, каб ня скончыцца... Папрашуся...
Раман падняўся i, больш не разважаючы, застукаў у дзьверы. На ягоны стук дзяжурны зазiрнуў у 'ваўчок', нiчога не сказаўшы. Корзюк грукаў яшчэ i яшчэ, але нiхто не падыходзiў да дзьвярэй. Прайшло яшчэ некалькi хвiлiн. Раман пачуў на карыдоры крокi. I вось адчыняюцца дзьверы, i - нi сон, нi ява - перад iм дзеўчына, прысадзiстая й куцая, запрашае 'пана студэнта' на гарбатку да начальнiка, усьмiхаючыся i заглядваючы ў вочы. Раман выходзiць з камэры. Дзеўчына вядзе яго наверх па шырокiх сходках, угару i ўгару, бягом наперадзе, як-бы ўцякаючы i дражнячы Рамана, але ўцекчы ёй было цяжка - Раман толькi сiгане i ўжо даганяе яе.
- Пане студэнце, пан начальнiк выклiкае вас i я прарочу вам добрыя навiны, - усьмiхнулася палячка такiмi белымi, чыстымi зубамi, якiх Раман яшчэ нi ў кога ня бачыў.
Iдучы насустрач Корзюку, новы начальнiк, пасьля прывiтаньня, прапанаваў яму сесьцi. Але Раман не садзiўся, як-бы не пачуўшы запрашэньня. Трохi зьдзiўлены, начальнiк паўтарыў запрашэньне. Начальнiк, яшчэ калi вылазiў з-за стала, выцягваў насустрач Раману свае рукi, усьмiхаўся:
- Сядайце, сядайце, калi ласка!
- Дазвольце мне пастаяць. Я хачу прасiць вас стоячы.
- Аб чым-жа, сыне? - ласкава запытаў начальнiк.
- У iмя Польшчы адпусьцеце мяне дахаты, на маю Бацькаўшчыну.
- Што вы надумалiся?
- Я думаю, я не патрэбны вам.
- Вы можаце лёгка загiнуць.
- I яшчэ адна ў мяне просьба - не выдавайце маiх бацькоў. Задарма вашага хлеба яны ня будуць есьцi.
Начальнiк усадзiў Рамана ў крэсла, сеў на сваё месца. Як i раней, шырака ўсьмiхаючыся, гледзячы Раману ў вочы, як-бы рады таму, што ўжо меў на думцы, урачыста сказаў:
- Вы проста вымалiлi, чаго хацелi - мы вас адпускаем, калi вы моцна хочаце таго, пане студэнце... Мы любiм вас...
- Я не заслужыў...