арыштавалi, на што Камоцкая-мацi адказала:
- А от вас-жа не арыштавалi.
- Можа яшчэ арыштуюць, - пацешыла яе Дзiчкоўская.
- Крый Божа, каб я гэтага хацела. Я гэта толькi так сказала.
- Пагаманiла й хопiць. Пара нам кратацца, - зьвярнуўся Камоцкi да сваёй старой.
Стоячы ля парогу i гатовыя выйсьцi, яны яшчэ раз падзяквалi, што Валiны рэчы засталiся цэлымi. Ад парогу яны прыкмецiлi на сьцяне свой партрэт у рамачцы.
- Iдзi, стары, здымi! Хай не назаляе паненкам. Досыць яны ўжо нагледзелiся на нас з табою.
Валiн бацька зьняў рамачку, i месца, якое яна займала, цяпер выглядала бялейшым i чысьцейшым у параўнаньнi з цэлаю сьцяною.
- Бачаце, памяць аб вас усё роўна застанецца, - не сьцярпела й тут каб не пажартаваць Дзiчкоўская.
Старыя выйшлi. На Валiным ложку застаўся цяпер толькi адзiн парыжэлы матрац, падкрэсьлiваючы й без таго пусьцiню i няўтульнасьць у хаце.
За сьценамi хлюпацеў дождж, сек шыбы i дзяўчатам не хацелася йсьцi на агульны сход, хоць i трэба было.
28
Удзень НКВД, можна сказаць, не працавала: яно ажывала толькi ўначы. Удзень тут панавала змора i нехаць, жыцьцё як-бы драмала, схаваўшыся ў патайных куткох, i тое, што тут i рабiлася, выглядала звычайнай работай нармальнай установы. Удзень НКВД як-бы шчупульвалася, абыякава пазяхала за столiкамi, пiло каву, толькi часамi ажывала ад лiсьлiва-кароткiх усьмешак прыгожых працаўнiцаў, што раптам зьяўлялiся i зьнiкалi, невядома куды. Удзень НКВД як-бы ўсяго толькi й рабiла, што з падкрэсьленай далiкатнасьцяй прыймала нейкiх наведвальнiкаў i, пасьля марудна-доўгiх гутарак, выпушчала iх на вулiцу, пасьпешна зачыняючы за iмi дзьверы, быццам баючыся ўсяго вонкавага, што нечакана магло ўварвацца сюды. Удзень НКВД адпачывала, як пасьля пякельна цяжкой працы. Яно маскавалася ў культурную i дабрадзейную ўстанову, што ня выклiкае i ня можа выклiкаць якiх-небудзь спэцыяльных асацыяцыяў, зьвязаных з ейным iмём. I калi-б вы йшлi гэтым часам па вулiцы, вы маглi-б падумаць, што гэта самая бясьпечная ўстанова i што з ёю нават зацiшней у сьвеце. Так выглядала гэтая ўстанова ўдзень.
А з начой ейныя вокны цямнелi i нейкiя ценi бiлiся сполахам у iх. На момант сьвятло ад трамвая, што праiмчыцца тут, адбiвалася ў iхнай глыбiнi i гасла, не прабiваючы яе. З цёмнага прадоньня вокан, здавалася, нехта глядзеў на вас i сачыў за вамi, дармо што, як выглядала, установа была зачыненай. У нiводным вакне вы не маглi пабачыць сьвятла - для вока людзскога гэта быў мёртвы будынак, што заснуў на цэлую ноч. На самай-жа справе, у ягоных унутраных, падземных лябiрынтах iшло сваё жыцьцё, варочалася, прыглушанае й зацiснутае ў сховах.
Начальнiк НКВД Бэрман асабiста паклiкаў да сябе ў габiнэт на нараду галоўнага тэарэтыка й стратэга па нацдэмаўшчыне Цiмошку, а за адно з iм i некалькi iншых сваiх адказных працаўнiкоў-экспэртаў, а таксама сьледчых, у тым лiку Палiтыку й новапрыбылага Пушкiна, што толькi вярнуўся з заданьня - усяго чалавек дзесяць. Слаба асьветлены вялiкi габiнэт начальнiка беларускага НКВД быў добра абсталяваны, з дыванамi на падлозе i на сьценах. Але ня гэтая акалiчнасьць зьвяртала на сябе ўвагу. Уражвала ягоная поўная iзаляванасьць, здавалася, што ён кругом быў абабiты тоўстым лямцам, якi нiчога не прапускаў: нi крокаў, нi голасу. Што-б хто нi гаварыў - усё глухла, i стваралася ўражаньне, быццам вы знаходзiцеся ў каюце падводнай лодкi, на якую цiсьне страшэнная тоўшча вады, i ад гэтага цiску ў вас балiць галава.
Начальнiк НКВД сядзеў у крэсьле за вялiкiм сталом, накрытым сукном, а за меншымi столiкамi - насупраць i побач яго - расьселiся запрошаныя. Iхныя твары асьвячалiся лямпамi, што гарэлi ў кажнага з iх на столiках, так што начальнiк НКВД мог добра бачыць кожнага з iх. Падняўшыся, Бэрман адчынiў нараду громкiмi словамi:
- Беларускае НКВД, таварышы, як вы ведаеце, пагранiчнае НКВД i на яго ўскладваецца падвойная задача - лiквiдацыя ня толькi ўнутранай кантррэвалюцыi, а й замежнай агентуры. Сказаць толькi, што НКВД - гэта меч дыктатуры пралетарыяту, яшчэ замала: трэба, каб гэты меч не ржавеў! Як начальнiк НКВД, мушу давесьцi да вашага ведама, што ў Маскве нашым, беларускiм НКВД, незадаволеныя. Там сьцьверджаны факт, што яно, iменна як пагранiчнае НКВД, не спаўняе сваiх абавязкаў. Асабiста таварыш Сталiн незадаволены намi, разгневаны нашым склаўшы рукi сядзеньнем. Вы можаце ўявiць, што гэта можа азначаць? Увесь цяжар вiны, зразумела, ляжыць на мне, але - не таюся - у сваю чаргу я знайду таксама вiнаватых. Нашу ўнутраную кантррэвалюцыю, як духоўна, гэтак i матэрыяльна, жывiць, як ведама, замежная разьведка. Яна стварыла ў нас ня толькi ачагi кантррэвалюцыi, але й навiла гнёздаў шпiгунства. Побач трацкiстка-бухарынскага ахвосьця, самая небясьпечная ўнутраная кантррэвалюцыя ў нас на дадзеным этапе - нацдэмы. Нацдэмы - гэта памагатыя замежнай разьведкi. З лiку нацдэмаў разьведка навярбавала сабе шпiёнаў, дывэрсантаў i тэрарыстаў. Драпежныя лапы замежнай разьведкi працягнулiся аж да самага нашага НКВД. Мы, седзячы ў сваiх габiнэтах, чакаем пакуль вораг сам ня прыйдзе да нас, не пастукаецца ў нашыя дзьверы i ня здасца нам. Мы пляцёмся ў хвасьце, мы адсталае НКВД, а адсталых, як сказаў таварыш Сталiн, б'юць. Памятайма словы Сталiна: 'Калi менскае НКВД сьпiць, яго разбудзiць маскоўскае'. Я патрабую як найхутчэйшага заканчэньня нацдэмаўскай справы. Адкрыты працэс нацдэмаў - гэта канкрэтная нагода рэабiлiтаваць сябе. Як нядаўна на допыце сказаў мне былы мiнiстр Беларускай народнай рэспублiкi (БНР) пан Цьвiкевiч, якi, дарэчы, сядзiць у нас ужо цэлы год, нацдэмаўская справа страцiць сваю вайстрыню, калi мы будзем яе адцягваць. Я сягоньня паклiкаў вас сюды, каб ад вас, як ад знаўцаў i спэцыялiстаў справы, даведацца, якiя рэальныя магчымасьцi ёсьць для таго, каб у самым блiжэйшым часе распачаць адкрыты працэс нацдэмаў. Слова для дакладу мае таварыш Цiмошка.
З-за столiка вылез Цiмошка i, стаўшы побач начальнiка НКВД, распасьцёр на стале карту, расклаў кнiгi, паперы, налiў з графiна ў шклянку вады, выпiў. Ростам ён быў нагэтулькi малы, што тыя, якiя заставалiся сядзець за столiкамi, бачылi толькi ягоную галаву. Выглядала так, быццам галава Цiмошкi была зьнятая з тулавiшча i выстаўленая для паказу, тварам да публiкi. Цiмошка слаба ўсьмiхнуўся. Зразумеўшы, што гэта не адпаведная для яго пазыцыя, ён выкацiўся з-за стала i ў галiфэ, у хромавых ботах, з нiзкiмi i сабранымi ў гармонiк халявамi, увесь паказаўся на вочы. Начальнiк НКВД ня спушчаў з яго сваiх вачэй. Цiмошка, уткнуўшы левую руку ў кiшэню свайго фрэнчыка, прыняў позу маленькага Ленiна з выкiнутай наперад правай рукой i хутчэй, як прамоўца, а не тэарэтык, нарыхтаваўся гаварыць. Такая поза Цiмошкi нiкога ня зьдзiвiла, усе ведалi яго, як здатнага аратара i, значыцца, нейкая-ж поза мусiць быць. Усе навастрылiся слухаць яго. Ды Цiмошка апусьцiў сваю правую руку i, як-бы наважыўся на нешта нязвычайнае, касавурлiва павярнуўся да Бэрмана:
- Таварыш начальнiк беларускага НКВД, дазвольце не згадзiцца з адным вашым цьверджаньнем.
I як-бы ацэньваючы, якое ўражаньне зрабiлi на Бэрмана ягоныя словы, дадаў:
- Таварыш начальнiк беларускага НКВД, вашая стаўка на нацдэмаў будзе бiтая i ў вынiку беларускае НКВД апынецца яшчэ ў большым прарыве.
Бэрман нават не зварухнуўся ў сваiм крэсьле, сядзеў i, здавалася, чакаў, што яшчэ скажа Цiмошка, у той час, як за столiкамi напружаньне ўжо пераходзiла ў сваю вышэйшую стадыю - страх.
- Таварыш начальнiк беларускага НКВД, беларуская нацдэмаўская арганiзацыя - гэта правакацыя менскiх трацкiстаў.
Думаючы, што Бэрман ужо пераможаны, Цiмошка хацеў дабiць яго канчальна:
- Таварыш начальнiк, вы самi - трацкiст.
Аднак, Бэрман нiчым не паказваў свайго ўзрушэньня i, седзячы ў крэсьле, без якога-колечы напружаньня, спакойна перапынiў Цiмошку:
- Трацкiст я, цi не трацкiст - гэта ня вам вырашаць. Тымчасам начальнiк НКВД - я, i я загадваю вам, таварыш Цiмошка, далажыць нам, як выглядае нацдэмаўская справа на сёньня. Тым болей, што вы адказны за яе. Сваю асабiстую нязгоду вы выказалi i затрымлiваць нашую ўвагу на дробязях я лiчу немэтазгодным. У нас тут нарада, а не трыбуна.
- Тое, што я сказаў, я сказаў, i мог-бы паўтарыць яшчэ, але я паўтару гэта ў найбольш адпаведным месцы, - апэляваў Цiмошка ўжо болей да прысутных. Таварышы, я цяпер напраўду раскажу вам пра тую мiтычную нацдэмаўскую арганiзацыю, над стварэньнем якой мы б'ёмся ўжо цэлы год. Я асабiста не пагаджаўся на канструяваньне гэтай арганiзацыi - вычуваў, што прост ня будзе мне на чым разгарнуцца. Карацей - гэтая справа не натхняла мяне. Я люблю канструкцыi большых маштабаў! А тут якраз няма тае маштабнасьцi! I толькi пад цiскам нашага начальнiка - вы гэта ведаеце - я змушаны быў узяцца за