фабрыкацыю таго, што мы называем нацдэмаўскай арганiзацыяй... Ды апэтыт, гавораць, прыходзiць у часе ежы - вось так сталася й са мною: за працаю прыйшло натхненьне, якога ня было напачатку. Ну, а калi прыйшло натхненьне, страшэннае, д'ябальскае натхненьне чэкiста - вы ведаеце самi - можна паверыць у сапраўднасьць iснаваньня ня толькi нацдэмаўскай арганiзацыi, але й ў тое, што ты - гэта ня ты. Памятаеце, паверыў-жа я некалi, што мая жонка - польская шпiёнка. Як вы ведаеце, я сам вёў ейную справу, сам яе судзiў, сам патрабаваў расстрэлу. А чаму я паверыў, што яна - шпiёнка? Папершае, яна была полька. А падругое - i гэта самае галоўнае - навяла мяне на гэта адна справа: я канструяваў у тым часе патрэбную для НКВД шпiгунскую афэру: жонка аднаго чэкiста (якраз па нацыянальнасьцi полька) становiцца польскай шпiёнкай. Чым больш я камбiнаваў гэту справу, чым болей ня спаў над ёю начэй, тым больш захапляўся ёю, тым больш бачыў у ёй магчымасьцяў праявiць свой генi сьледчага. I, нарэшце, дайшло да таго, што я паверыў у верагоднасьць гэтай справы, якой займаўся, хоць напачатку глядзеў на яе, як на практыкаваньне. Але мала таго, што я паверыў. Я пачаў шукаць мадэляў для гэтай канструкцыi ў жыцьцi, у тэй рэальнасьцi, якой я жыў i якая мяне акружала. Мне здавалася, што я ў палоне гэтых мадэляў i што трэба ад iх ачысьцiцца. Лежачы ў начы ў вадным ложку з жонкаю, я й падумаў, што яна якраз i ёсьць адна з тых мадэляў, якiх я шукаю. Вось што значыць натхненьне i пракудны генi сьледчага.

Тое-ж самае i з арганiзацыяй беларускiх нацдэмаў. Напачатку я не хацеў ёю займацца, у мяне ня было натхненьня, а потым, калi пачаў ствараць - чыста тэарытычным спосабам - абстрактныя мадэлi гэтай арганiзацыi, захапiўся iмi i, ужо натхнёны iмi, канкрэтна пачаў уцелаўляць iх у жыцьцё. Такiм парадкам, абстрактныя мадэлi нацдэмўскай арганiзацыi ў маiх руках ажылi, набылi ня толькi форму, але й зьмест. Гэткiм парадкам я змадэляваў усю Беларусь, за кожнай маёй мадэляй стаiць жывая асоба. Гэтыя мадэлi я доўга перастаўляў з месца на месца, пакуль не атрымаў з iх цэласьцi. Я начамi ня спаў, яны строга матэматычна стаялi ў маёй памяцi, выдуманыя мной, аж пакуль у маiм выабражэньнi я не замянiў iх жывымi людьмi. Мы iх шукалi ўсюды - дзе яны былi i дзе iх ня было. Я паверыў, што яны ўсюды ёсьць i, сапраўды, я знаходзiў iх усюды. Гэта акалiчнасьць падмацавала мяне на думцы, што мадэлi-людзi сапраўды былi яшчэ раней, тады, калi я яшчэ iх ня шукаў. Так паўстала беларуская нацдэмаўская арганiзацыя, да назову якой мы далучылi пазьней эпiтэты 'кантррэвалюцыйная', 'антысавецкая', 'тэрарыстычная', 'шпiгунска- дывэрсыйная'.

Цiмошка спынiўся й аддыхаўся. Ён прыкмецiў што ягонае выступленьне рабiла ўражаньне. Але з боку можна было прыкмецiць i iншае - на яго глядзелi, як на страшнага чалавека. Нават сам Бэрман сьцiшыўся i як-бы над нечым думаў. Вiдавочна, ён хацеў чым-небудзь перапынiць Цiмошку. Чакаў, калi ён аддыхаецца i пачне зноў.

Трамвай прайшоў недзе так блiзка i з такой магутнай сiлай, што на сэкунду здавалася ён забiрае з сабой i ўвесь будынак НКВД - падлога ў габiнэце начальнiка НКВД задрыжэла i як-бы некуды паплыла. Агонь у лямпах на столiках затоўхаў копацьцю ў капшукох.

- Але ў тое, што я стварыў, я ўжо болей ня веру - прайшло бо натхненьне, скончыўся бо сьледчы. Дык тое, што я падам тут - усяго толькi схэма, голая канструкцыя, з некаторымi, праўда, жывымi ўцелаўленьнямi.

Цiмошка блiжэй падыйшоў да Бэрмана - вiдаць, яму спатрэбiлiся цяпер пакiнутыя iм на стале паперы, кнiгi, карта.

- Дык сканструяваная мною тутака арганiзацыя афiцыйна называецца 'Беларуская нацдэмаўская антысавецкая кантррэвалюцыйная тэрарыстычная шпiгунска-дывэрсыйная арганiзацыя'. Арганiзацыя створаная па загаду Масквы. У Менску ейнымi верхаводамi былi, як я сказаў, трацкiсты, разам з шавiнiстычнымi расейцамi. Сама iдэя нацдэмаўскай арганiзацыi зрадзiлася з чыста тэарэтычнага пастуляту: паколькi кожная з саюзных рэспублiкаў тэрытарыяльна сутыкаецца з капiталiстычным сьветам, ужо сам па сабе гэты факт правакуе зараджэньне нацыяналiзму. Аднойчы народжаны, нацыяналiзм у гэтых рэспублiках заўсёды будзе шукаць сабе падтрымкi ў сваiх суседзяў за мяжой, а гэтыя апошнiя будуць апiрацца на яго ў сваёй падрыўной рабоце. Гэты тэарэтычны пастулят выключае ўсякую магчымасьць рэвiзii яго або скiдкi на мясцовыя ўмовы: НКВД у саюзнай рэспублiцы ня можа заявiць, што на тэрыторыi ягонай дзейнасцi няма буржуазных нацыяналiстаў. НКВД, якое зрабiла-б гэта, было-б разгромленым. Вось такiм парадкам знайшлiся нацдэмы i ў Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiцы. Канечне, i гэта не сакрэт - такая тэорыя забясьпечвае далёкасяжную практычную мэту: перагляд нацыянальнага пытаньня на карысьць цэласьцi савецкай Расеi.

У поўнай згодзе i ў адпаведнасьцi з гэтай палiтыкай мы й тварылi нашую нацдэмаўскую арганiзацыю. Тутака я ўкажу на некаторыя цяжкасьцi гэтага тварэньня. Папершае, нам цяжка было дакумантаваць адзiн з галоўных пунктаў абвiнавачаньня нацдэмаў: iхную сувязь з замежнай разьведкай. (Не забываце, таварышы, што арганiзацыi, як такой, у сапраўднасьцi ня было i, значыцца, не магло быць i той сувязi з разьведкамi.) Сувязь нацдэмаў з польскай разьведкай наладзiла само нашае НКВД: яно знайшло найбольш незадаволеных савецкай уладай людзей i, справакаваўшы iх, перакiнула ў Польшчу. Мала таго, намi было даканана колькi палiтычных забойстваў чаловых савецкiх работнiкаў з адзiнай мэтай абвiначваньня ў гэтых забойствах нацдэмаў або кулакоў, зьвязаных з iмi. Гэтых 'забойцаў' мы самi-ж i ратавалi - па дамоўленасьцi з нашымi пагранзаставамi перакiдвалi iх у Польшчу. Там, у польскай дэфэнзыве, яны часта траплялi ў рукi нашых-жа работнiкаў, якiя i выпраўлялi iх назад, у Беларусь, дзе мы iх i лавiлi, ужо як сапраўдных шпiёнаў, засланых Польшчай. Так прыблiзна была забясьпечаная сувязь беларускiх кантррэвалюцыйных нацдэмаў з Польшчай i фашысцкай Нямеччынай.

Падругое, нам цяжка было стварыць Цэнтр нацдэмаўскай арганiзацыi знайсьцi вядомых i дастаткова аўтарытэтных у вачох грамадскасьцi людзей, якiя-б пагадзiлiся ўзначалiць нацдэмаўскую арганiзацыю. З гэтай мэтай мы абвiнавацiлi цiмала палiтыкаў, вучоных, пiсьменьнiкаў (асаблiва гэтых), грамадскiх дзеячоў (беларусаў паводля паходжаньня), пасадзiлi iх у турму i з дапамогай iх, ужо тут, у турме, вырашылi й гэтае пытаньне - пытаньне Цэнтру.

Трэйцяе, найбольш цяжкое для нас пытаньне было пытаньне масавасьцi нацдэмаўскай арганiзацыi. Каб забясьпечыць гэтую масавасьць, нам давялося-ткi трухнуць усiмi без выключэньня беларускiмi навуковымi, культурнымi i грамадзскiмi ўстановамi. У нас апынулiся Саюз савецкiх пiсьменьнiкаў БССР, Акадэмiя навук, пэдагагiчныя iнстытуты, тэхнiкумы, тэатры, настаўнiцкiя кадры i г.д.

Чацьвёртае, мы сустрэлiся з вялiкiмi цяжкасьцямi ў пытаньнi мiлiтарнага характару нацдэмаўскага руху. Нам патрэбна было, каб нацдэмы ў сваiм змаганьнi з савецкай уладай апiралiся на збройныя сiлы. Адгэтуль узьнiкла патрэба кантакту нацдэмаў з Камандармам другога рангу Ўбарэвiчам, галоўнакамандуючым Беларускай ваеннай акругай. Хоць-бы сабе намiнальнага кантакту! Нямала мы працавалi i над праблемай сувязi беларускiх нацыяналiстаў з украiнскiмi. Урэшце, мы атрымалi тое, што мы маем цяпер - гатовую да суда беларускую нацдэмаўскую арганiзацыю. Значыцца, мая схэма выглядае так: на чале арганiзацыi стаiць Цэнтр, зьвязаны з польськай дэфэнзывай, яму падпарадкавана даволi густая сетка нiзавых нацдэмаўскiх арганiзацый-ячэк. Для замаскаваньня сваёй дзейнасьцi Цэнтр эксплятуе пры дапамозе Чарвякова зьезды Саветаў БССР: у якасьцi дэлегатаў ад працоўных, Цэнтр 'дэлегуе' ячэйкаўцаў у Менск, дзе яны, як легальныя дэлегаты зьезду, займаюцца сваёй нелегальнай работай.

Гэтак з большага выглядае нескладаная структура гэтай арганiзацыi. Дакiну, што гэтую агульную схэму я забясьпечыў канкрэтнымi дэталямi-мадэлямi, якiя кожны з прысутных тут мае ў сябе на руках. Заканчваючы сваё выступленьне, я хачу ўзьняць асноўнае пытаньне, якое мы павiнны тут вырашыць, гэта пытаньне судзiць нацдэмаў адкрытым судом, цi закрытым. Асабiста я за тое, каб ня судзiць iх зусiм. Я глыбока перакананы, што калi дасюль у нас ня было нацдэмаў, дык пасьля яны будуць абавязкова. Слушна сказаў адзiн арыштаваны намi нацдэм, што нацдэмам ён нiколi ня быў, але цяпер, пасьля арышту, ён захацеў iм быць. Я хачу гэтым сказаць, (Цiмошка зноў павярнуўся тварам да Бэрмана), што нашае НКВД само стварае кантррэвалюцыю i за гэта яно ня можа не панесьцi адказнасьцi!

Цiмошка забраў свае рэчы з стала, якiмi ён так i не карыстаўся, i сеў зноў за свой столiк. Твар ягоны асвяцiўся лямпай - ягоныя вочы ўсё глядзелi на начальнiка НКВД, гарэлi бляскам адвагi, рашучасьцi, што межавала з вар'яцтвам. Усе сядзелi за столiкамi моўчкi, ня ведаючы як рэагаваць на прамову 'тэарэтыка' Цiмошкi. Усе яны глядзелi на Бэрмана, што нярухома сядзеў у змроку. Замест таго, каб нешта адказаць Цiмошку, ён зьняў трубку тэлефона, што быў перад iм, i пазванiў - хутка ў габiнэт начальнiка НКВД прыйшлi дзьве жанчыны ў белым, з яечнямi ў круглых патэльнях i з бутэлькамi пiва. Падалi гэта ўсё й вышлi.

- Закусiм, таварышы, прамову Цiмошкi i паспачуваем яму! Але нарада на гэтым яшчэ не канчаецца. Гаворачы вобразна, нацдэмаўская справа - гэта драма, якую мы ўсё-ткi мусiм разыграць на сцэне -

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату