- Мiльёнаў чаго?

Дзелавы чалавек зразумеў - няма нiякай надзеi, што яго пакiнуць у спакоi.

- Мiльёнаў гэтых дробненькiх штучак, якiя часам вiдны ў паветры.

- Мух?

- Ды не, дробненькiя такiя, зiхоткiя...

- Пчолы?

- Ды не. Дробненькiя такiя, залатыя... На iх яшчэ любяць глядзець ды марыць розныя лайдакi. Але я - чалавек сур'ёзны! У мяне няма часу на мары.

- А! Зоркi?

- Во-во. Зоркi.

- I што ты робiш з пяццюстамi мiльёнамi зорак?

- Пяцьсот адзiн мiльён шэсцьсот дваццаць дзве тысячы семсот трыццаць адна. Я чалавек сур'ёзны i люблю дакладнасць.

- I што ты робiш з гэтымi зоркамi?

- Што я з iмi раблю?

- Але.

- Нiчога не раблю. Я iмi валодаю.

- Валодаеш зоркамi?

- Так.

- Але я ўжо бачыў аднаго караля, якi...

- Каралi не валодаюць. Яны толькi 'пануюць над'. Вялiкая рознiца.

- I што табе з гэтага валодання зоркамi?

- Яно прыносiць мне багацце.

- А нашто табе быць багатым?

- Каб купляць iншыя зоркi, калi хто-небудзь iх адкрые.

'Ён разважае амаль так, як той п'янiца', - падумаў Маленькi прынц.

- А як можна валодаць зоркамi?

- Зоркi чые? - нездаволена запытаўся дзялок.

- Не ведаю. Нiчые.

- Значыць, яны мае, раз я першы дадумаўся да гэтага!

- I гэтага дастаткова?

- Ну безумоўна! Калi ты знойдзеш дыямант, якi нiкому не належыць, ён твой. Калi ты знойдзеш востраў, якi нiкому не належыць, ён твой. Калi ў цябе першага ўзнiкла iдэя, ты бярэш на яе патэнт: яна твая.

- I то праўда, - згадзiўся Маленькi прынц. - I што ты з iмi робiш?

- Проста распараджаюся iмi. Лiчу i пералiчваю, - адказаў дзялок. - Цяжкая работа. Але я чалавек сур'ёзны.

Маленькi прынц усё яшчэ не быў задаволены.

- Калi ў мяне ёсць шалiк, я магу закруцiць яго на шыю i ўзяць з сабой. Калi ў мяне ёсць кветка, я магу сарваць яе i ўзяць з сабой. А ты ж не можаш пазбiраць зоркi!

- Не, але я магу пакласцi iх у банк.

- Як гэта?

- А так: пiшу на паперчыне, колькi ў мяне зорак. Потым кладу гэтую паперчыну ў шафу i замыкаю яе на ключ.

- I ўсё?

- Гэтага дастаткова!

'Займальна, - падумаў Маленькi прынц. - I досыць паэтычна. Але не так ужо гэта i сур'ёзна'.

Што сур'ёзна, а што не сур'ёзна - Маленькi прынц разумеў па-свойму, зусiм не так, як дарослыя.

- У мяне ёсць кветка, - сказаў ён. - I я штодня палiваю яе. У мяне ёсць тры вулканы, i я штодня чышчу iх. Чышчу нават той, якi даўно патух. Да прыгоды не тры годы! Гэта карысна маiм вулканам, гэта карысна маёй кветцы, каб я валодаў iмi. А якая карысць ад цябе зоркам?..

Дзялок разявiў рот, але не знайшоў, што адказаць, i Маленькi прынц пайшоў далей.

'Дарослыя сапраўды проста звышнезвычайныя людзi', - падумаў ён дарогаю.

ХIV

Пятая планета была надзвычай цiкавая. Яна аказалася найменшай з усiх. Там хапала месца толькi для вулiчнага лiхтара i лiхтаршчыка. Маленькi прынц нiяк не мог дацямiць, навошта патрэбен быў у небе, на бязлюднай, пустой планеце, вулiчны лiхтар i лiхтаршчык. Аднак ён падумаў:

'Можа, гэты чалавек не ў сваiм розуме? I ўсё ж ён не такi дурны, як кароль, славалюб, дзялок i п'янiца. У яго рабоце ёсць хоць нейкi сэнс. Калi ён запальвае свой лiхтар - дык нiбыта нараджаецца яшчэ адна зорка цi кветка. Калi гасiць яго - дык нiбы зорка цi кветка засынаюць. Цудоўны занятак. Гэта сапраўды карысна, таму што прыгожа'.

Прынц ступiў на планету i з павагай павiтаўся з лiхтаршчыкам.

- Дзень добры. Навошта ты зараз патушыў свой лiхтар?

- Такi ўгавор, - адказаў лiхтаршчык. - Добры дзень.

- Якi ўгавор?

- Патушыць лiхтар. Добры вечар.

I ён запалiў яго.

- Тады навошта ж ты зноў запалiў яго?

- Такi ўгавор, - адказаў лiхтаршчык.

- Нiчога не разумею, - пацiснуў плячыма Маленькi прынц.

- А тут i разумець няма чаго, - сказаў лiхтаршчык, - угавор ёсць угавор. Добры дзень.

I патушыў лiхтар.

Потым выцер успацелы лоб чырвонай клятчастай насоўкай i сказаў:

- Цяжкае ў мяне рамяство. Колiсь гэта было разумна. Уранку я тушыў свой лiхтар, а ўвечары запальваў. I рэштка дня заставалася ў мяне, каб адпачыць, а рэштка ночы - каб выспацца...

- А што, з тае пары ўгавор змянiўся?

- Угавор якраз i не змянiўся, - уздыхнуў лiхтаршчык. - У гэтым уся бяда. Планета з году ў год абарочваецца ўсё хутчэй, а ўгавор застаецца нязменным!

- Ну i?.. - цiкавiўся Маленькi прынц.

- Ну i цяпер, калi яна робiць адзiн абарот за хвiлiну, у мяне не стала нi секунды пярэдыху. Штохвiлiны то запальвай, то гасi!

- От смешна! Днi доўжацца ўсяго хвiлiну!

- I зусiм не смешна, - запярэчыў лiхтаршчык. - Мы ўжо цэлы месяц размаўляем з табой.

- Месяц?!

- Канечне. Трыццаць хвiлiн. Трыццаць дзён! Добры вечар!

I ён зноў запалiў лiхтар.

Маленькi прынц з любоўю глядзеў на лiхтаршчыка, якi быў так шчыра верны ўгавору. На памяць прыйшло, як ён калiсьцi перастаўляў з месца на месца крэсла, каб лiшнi раз паглядзець на захад сонца... I яму захацелася памагчы сябру.

- Паслухай... я ведаю, як ты можаш адпачыць, калi захочаш...

- Я ўжо даўно, хачу, - сказаў лiхтаршчык.

Можна ж быць i верным слову i адначасова лянiўцам.

Маленькi прынц гаварыў далей:

- Твая планета настолькi маленькая, што ты трыма крокамi абыдзеш яе ўсю. I табе проста трэба iсцi з такой хуткасцю, каб увесь час быць на сонцы. Захочацца адпачыць - дык ты iдзi, iдзi... I дзень будзе працягвацца столькi, колькi захочаш.

- Ну, ад гэтага мне толку мала, - сказаў лiхтаршчык. - Больш за ўсё на свеце я люблю спаць.

- Тады дрэнна, - цяжка ўздыхнуў Маленькi прынц.

- Дрэнна, - згадзiўся лiхтаршчык. - Добры дзень.

I патушыў лiхтар.

'Гэтым чалавекам, - ужо зноў у дарозе падумаў Маленькi прынц, - гэтым чалавекам пагарджалi б усе

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату