Марсэль прыходзiў да яго тры цi чатыры днi назад... А пяць-шэсць дзён таму гаварыў з ёю пра паездку ў горы...

- Ну, i чаго яму ад цябе было трэба?..

- Таго, дзеля чаго звычайна прыходзяць, калi з грашыма нявыкрутка... Бабкi прасiў... Калi ў iх ёсць што пiхнуць мне, тады яны памяркоўныя i прымаюць маю цану моўчкi... А як не свецiць нiчога, дык тон у iх мяняецца... Песня адна i тая ж: 'Вы няблага зарабiлi на мне... Апошнi раз вы мяне абдурылi... Вы б маглi пазычыць мне колькi тысяч, пакуль выгарыць справа...' I тут яны пачынаюць расказваць, на што выйшлi. Ну, сенсацыйныя проста палотны: Рэнуар, Сезан, а то ажно i старыя майстры... 'Праз тыдзень прынясу, не, праз пяць дзён, добра?.. Трэба, каб я пачакаў зручнага выпадку, разумееце?.. Гэта ж больш у вашых iнтарэсах, чым у маiх: якi будзе мой заробак - i якi ваш...'

Ён перадаў усё гэта лянiва, з пагардаю. Уздыхнуў.

- Усе аднолькавыя! Думаюць, я скупы. Дзiўлюся нават, як гэта хто з iх не прыйдзе сюды, каб прыкончыць мяне ды прыхапiць мае бабкi... Бо ж думаюць, я сплю над iмi, што матрац у мяне набiты купюрамi, золатам...

Зрэшты, Жэрмэн знала, што ён не быў скупы. Яна была, бадай што, адзiны чалавек, якi ведаў яго. Бацька не быў скупы - ён быў маньяк.

Мала якiя з карцiн i iншых каштоўнасцей з тых, што кралi яму на вiлах i ў багатых кватэрах гэтыя дурнi (як казаў, бязмерна пагарджаючы клiентамi, пан Франсуа), прадавалiся. Аматар мастацтва згаджаўся развiтацца з некаторымi набыткамi толькi тады, калi яны выклiкалi ў яго сумненне ў сваёй арыгiнальнасцi або былi вiдавочна другарадныя.

Лiчылi, што нявартыя рэчы iшлi ў Амерыку, а большасць калекцыi, творы сапраўды каштоўныя, заставалiся на вiле, i па вечарах стары ў адзiноце з асалодаю аглядаў сваё багацце.

- Ты яму што-небудзь даў?

- Не.

- Што ён табе сказаў?

Яна добра ведала бацьку. Менавiта таму, што ведала, i пайшла аднойчы з яго дому. Ёй не было тады яшчэ i дваццацi.

Адзiн з яго клiентаў, дваццацiдвухгадовы хлопец, загiнуў, здабываючы бацьку антыкварную рэч. Ён таксама купiў у аднаго з ранейшых клiентаў бясхвостага парсючка, прыйшоў у краму, на сценах якой вiселi жудасныя лiтаграфii ў чорных рамках. Хто б мог надумацца шукаць у гэтым склепе якiя-небудзь шэдэўры?

Жэрмэн выпадкова апынулася сведкам iх размовы.

'Толькi дзве тысячы, - упрошваў малады чалавек. - Клянуся вам, што прападаю без iх... Мая сяброўка хворая... Трэба рабiць аперацыю... Я не хачу пасылаць яе ў дзяржаўны шпiталь... Вы разумееце?..'

Бацька ўздыхнуў:

'Што ты прынёс мне апошнi раз?'

'Маленькага Манцiчэлi, вы ж памятаеце... Вы далi мне хiба толькi за адну раму... Я пытаўся пасля i ведаю, што карцiна каштуе сама меней сто тысяч франкаў...'

'Але ж яе яшчэ трэба прадаць i не папасцiся... Бачыш, дружок, я таксама бедны чалавечак... Прынясi мне што-небудзь сур'ёзнае, i я заплачу табе як след... Я не настолькi багаты, каб строiць з сябе фiлантропа...'

'Але ж гэта будзе толькi аванс...'

'За што - аванс?'

'За тое, што на днях прынясу...'

'У цябе ёсць на прыкмеце што-небудзь вартае?'

Ясна было, што не. Хлопец вагаўся, расчырванеўся.

'Вось калi б ты прынёс мне Манэ... Толькi аднаго маленькага Манэ...'

У той час ён захапляўся Манэ. У яго пастаянна было якоесьцi галоўнае захапленне.

'Што там ёсць?' - спытаўся хлопец.

'Яшчэ не ведаю... Вiдаць, усяго патроху, але гэта нялёгкая справа прабрацца ўначы на выставу...'

'Ноччу яе сцерагуць... А электрычная сiгналiзацыя i процьма ўсялякiх новых штучак...'

'На тым тыднi адзiн банкiр набыў там на распродажы карцiну, якая б мне спадабалася...'

'Што за ён?'

'Люка-Мартон... Запомнi, тое, што я табе кажу...'

'Калi я прынясу вам ягонага Манэ, - перапынiў хлопец, - колькi вы мне дасце?'

'Хоць дваццаць тысяч... Трыццаць нават...'

Праз два днi Жэрмэн прачытала ў ранiшняй газеце, што ў доме ў пана Люка-Мартона, у Версалi, начны вартаўнiк забiў дваццацiдвухгадовага злодзея ў той момант, калi той спрабаваў зламаць дзверы i залезцi ў хатнюю галерэю.

'Ты чытаў?' - спыталася яна ў бацькi.

Ён прабег вачыма паведамленне - i нават жылка не сцепнулася ў яго на твары.

'Табе ўсё роўна?'

'А пры чым тут я? Га?..'

Яна б многае магла яму сказаць. Але маўчала. А пасля пайшла з дому. Праз месяц, абышоўшы ўсе бюро па працаўладкаваннi, нанялася прадаўшчыцаю ў краму сясцёр Каро.

З тае пары Жэрмэн бачыла бацьку толькi адзiн раз, у яго ў краме.

'Падпiшы', - сказала яна яму, працягваючы паперу.

'Што гэта?'

'Бланк на твой дазвол выйсцi мне замуж'.

'За каго?'

'Якое гэта мае значэнне?..'

Ён нахiлiўся i падпiсаў, уздыхнуўшы:

'Як хочаш...'

Глядзеў ёй услед, калi яна выйшла з крамы, але Жэрмэн не азiрнулася - i таму не ўбачыла, якi ўсхваляваны быў у яго твар.

Цяпер яна была з iм вельмi халодная, цвёрдая. Дапытвала, як суддзя:

- Што ты яшчэ яму сказаў?

Як нiколi раней, не магла яна забыць таго забiтага ў Версалi хлопца. Забiтага за нейкiя трыццаць тысяч франкаў. Куды ж гэтым разам паслаў бацька Марсэля? Марсэля, якi меў патрэбу ў грошах толькi таму, што ажанiўся нядаўна i не мог адмовiцца ад задумы звазiць маладую жонку на адпачынак у горы...

- Нiчога я яму не сказаў... Дамовiлiся адно, што ён прынясе мне што-небудзь i я дам яму грошы...

- Ён да цябе часта прыходзiў?

- Пяць-шэсць разоў...

- За якi час?

- За тры гады... Заўсёды прыносiў неблагiя штучкi... Калi што выгарала... Ён у гэтым разбiраецца... I не ўдаецца ў падрабязнасцi...

Цяпер Жэрмэн зразумела, чаму - нiбы насмiхаючыся з самога сябе, як заўсёды гэта рабiў, калi казаў нешта сур'ёзнае, - прызнаўся ёй Марсэль:

'Шкада, што я не сустрэў цябе тры гады таму...'

Тады яна падумала, што ён жартуе. Яна ўвогуле нiколi не прымала ўсур'ёз яго прызнанняў, i шкадавала цяпер, што не зрабiла гэта тады!

'Я не якi-небудзь жулiк', - сказаў ён ёй неяк.

Яна зноў пачала распытваць бацьку.

- Апошнiя месяцы ён прыходзiў?

- З год ужо, мусiць, як не быў...

- А цяпер я хачу ўсё-такi, каб ты сказаў, што iменна ты ў яго папрасiў. Чуеш?

Звычайны скупшчык крадзенага бярэ ўсё, што яму прыносяць, усё, што хоць нешта каштуе, што можна больш-менш лёгка прадаць. Але яе бацька быў не звычайны скупшчык, а чалавек, якога з'ядала манiякальная любоў да твораў мастацтва.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×