прапусцяць, гэта ўжо напэўна: iм гэта тое самае, што тэатральная прэм'ера... Безразважная Маленькая Графiня проста зачараваная гэтым мужным спортам...

'Гэтай ноччу на кватэру вядомых усяму Парыжу графа i графiнi Ньёль быў зроблены напад з узломам, якi ледзь не закончыўся смерцю рабаўнiка. Граф i графiня былi тым часам на матчы па боксе ў зале 'Ваграм'. Цiкавая дэталь, выяўленая неўзабаве пасля замаху: вярнуўшыся дамоў у дзве гадзiны ночы, графiня заўважыла, што згубiла на матчы ключ ад кватэры, якi быў у яе сумачцы яшчэ тады, калi яна выпраўлялася з дому. Гэты факт дазваляе меркаваць, што напад не быў запланаваны загадзя i насiў выпадковы характар.

Невядомы...'

Жэрмэн збялела.

'...якi трапiў у кватэру, скарыстаўшыся ключом, у дванаццатай гадзiне, мог завалодаць iм толькi ў зале 'Ваграм'. Немагчыма, каб ключ быў наўмысна ўкрадзены якiмсьцi спрытным 'кiшэннiкам': сумка ў графiнi была на засцежцы-маланцы.

Маленькая Графiня, як заве яе ўвесь Парыж, згадала, што калi яна падыходзiла да свайго месца, то дастала з сумкi насоўку. Можа, ключ упаў на падлогу якраз у той самы момант? У натоўпе ёй самой цяжка было тое прыкмецiць.

Ва ўсякiм разе, той, хто падняў ключ, добра ведаў, каму ён належаў i якую можна тут мець выгаду.

Далей невядомы трапiў у кватэру, у якой нiкога не павiнна было быць. Толькi выпадак прывёў у яе дзядзьку графiнi Ньёль пана Марцiно, якi зайшоў да пляменнiцы ўвечары i, адчуўшы стому, застаўся ў кватэры адпачыць замест таго, каб пайсцi на матч у зале 'Ваграм'.

Ледзь ён заснуў, як яму пачуўся шум у вестыбюлi, дзе былi вывешаны сама каштоўныя палотны з калекцыi гаспадароў. I, натуральна, спалоханы, пан Марцiно ўзяў у рукi рэвальвер...'

Словы, лiтары расплывалiся. Прагнучы ведаць, чым усё скончылася, Жэрмэн усё ж была вымушана, каб дайсцi да сэнсу, перачытваць кожны радок па два-тры разы. Хлопчык-афiцыянт паставiў на яе стол мандарынавы лiкёр.

'У вестыбюлi стаяў на крэсле невядомы з кiшэнным электрычным лiхтаром. Убачыўшы пана Марцiно з рэвальверам у руцэ, ён выключыў лiхтар, скочыў на падлогу i збiў графiнiнага дзядзьку з ног ударам кулака.

Устаўшы, пан Марцiно стрэлiў, будучы, як ён кажа, у стане афекту. А куля выпадкова трапiла ў злодзея, бо i на дыване, i на лесвiцы былi знойдзены сляды крывi.

Наколькi цяжка быў ранены нападчык? Немагчыма меркаваць аб гэтым цяпер, але, бясспрэчна, яго арышт - пытанне сама блiзкага часу. Вечарам вы, напэўна, ужо даведаецеся пра тое. Пан Марцiно, чалавек у гадах, да таго ж яшчэ i збянтэжаны незвычайным здарэннем, не мог дагнаць злодзея.

Напэўна, iм быў або дэбютант у гэтай справе, або аматар-выпадковец - але толькi не рэцыдывiст- прафесiянал. На гэтую думку наводзiць той факт, што шум, якi пачуў дзядзька Маленькай Графiнi, быў выклiканы падзеннем вялiзнай сэўрскай вазы, рэчы сапраўды гiстарычнай, вельмi вялiкай каштоўнасцi: датуецца яна напалеонаўскай эпохаю. Стаяла ваза пад адмысловай карцiнай Рэнуара ружовага перыяду 'Купальшчыца', якую, бадай, усхваляваны прафан-няўдалiца выпусцiў з рук, ледзь зняўшы.

Вось i ўсе нашы здагадкi, якiмi мы можам падзялiцца з чытачом. Але ў зале 'Ваграм' было, заўважым, некалькi тысяч гледачоў - i...'

Жэрмэн машынальна выпiла лiкёр, склала газету i паклала яе ў сумку.

Нягледзячы на ўсё, што здарылася, вочы ў яе, калi яна выходзiла з кавярнi, свяцiлiся радасцю. Яна была ўпэўнена: Марсэля яшчэ не ўзялi! Хвалявалася i таму яшчэ, што некалькi гадзiн назад сама аб усiм здагадалася.

Яна прайграла загадзя ў сваiм уяўленнi ўсю гэтую гiсторыю дзякуючы толькi званку Марсэля а палове адзiнаццатай i знойдзенаму ў кiшэнi ў мужавым палiто бясхвостаму фарфораваму парсючку. Яна ўжо бачыла i постаць невядомай тады яшчэ ёй арыстакраткi, якая ўпусцiла ключ, i пра Рэнуара згадала - сама.

А што больш за ўсё было ёй прыемна ўведаць, дык гэта тое, што ён быў няспрытны! Выпусцiў карцiну на сэўрскую вазу. Можа, рукi ў яго дрыжалi? Ва ўсякiм разе, яму было страшна. Ён паводзiў сябе, быццам пачатковец або нявопытны дылетант, якi кажа сабе:

'Яшчэ раз... Толькi раз!..'

Кажа гэта сабе, адчуваючы, што бярэцца не за сваю справу, што i праўда не будзе больш ёю займацца...

- Iдыёт, - ледзь чутна сказала яна сама сабе ў натоўпе, калi выйшла на Вялiкi бульвар.

Але дарагi ёй iдыёт! Што ён рабiў, паранены, на вулiцы, пакiдаючы за сабою сляды крывi? Трэба было адбегчыся ад дома графа Ньёля. Толькi б ён не дадумаўся ўзяць таксi!.. Тады яго непазбежна знойдуць: палiцыя ж, вядома, апытае ўсiх шафёраў таксi. Ужо апытвае. Але нават усхваляваны, Марсэль мусiў быць хiтрэйшы.

- Iдыёт! - зноў паўтарыла сама сабе.

Але, iдыёт, што не прыйшоў адразу ж дадому. Яна б дагледзела яго, вядома ж! Знайшла б знаёмага доктара, любога доктара, якi б перавязаў яго i зрабiў усё неабходнае, не выдаючы палiцыi. Каго хочаш можна знайсцi, як спатрэбiцца.

Напэўна, яму было сорамна перад ёю.

'Урэшце, я не якi-небудзь жулiк', - зноў успомнiла яна яго словы.

Iдучы, Жэрмэн размаўляла з Марсэлем - i нi разу яшчэ не была яна з iм такая лагодная. Гэты хлапчук, але, нягодны хлапчук, што так гарэзлiва ўсмiхаўся, меў цяпер як нiколi патрэбу ў ёй: яго трэба было выцягнуць з бруднай гiсторыi, у якую ён трапiў.

Iдыёт, так!.. Хлапчук, смелы на словах, нават у нейкiх учынках, але зусiм яшчэ баязлiвы ў душы.

Хацеў - пан такi! - звазiць яе на адпачынак у горы i пакатаць на аўтамабiлi! А яна i не пярэчыла, не заiкнулася нават: адкуль жа мы возьмем на гэта грошы? Усмiхалася адно. А трэба было сказаць:

'Ты з глузду з'ехаў, дурненькi... Пра гэта падумаем неяк пазней... А пакуль што пiшы свае рэпартажы пра бокс ды рэгбi...'

Вядома, уначы яна не памылiлася, калi адчула раптам, што ён яе клiча. Як яна была яму тады патрэбная! Толькi духу ў яго не хапiла паклiкаць яе на дапамогу.

- Пан вельмi горды, - з'едлiва сказала яна сама сабе.

Ну i дурань, ну i iдыёт!.. Але ж якi дарагi ёй!.. Дагэтуль яшчэ не набраўся розуму...

Толькi ж не застаўся ён на вулiцы на ўсю ноч?.. Дзе ён мог спынiцца, каб прывесцi сябе ў парадак?..

Цi ж думаў ён пра тое, што перажывае цяпер яна? Ну, вядома! Мабыць, уяўляе яе ўсю ў слязах. Думае, ягоная Жэрмэн баiцца, што ён кiнуў яе, падмануў!..

Дурненькi...

Толькi таму i не паддалася роспачы, што, нягледзячы нi на што, адчувала радасць: цяпер яна ведала, што ён яшчэ зусiм маленькi i мае патрэбу ў ёй.

Напачатку баялася яна. Думала, што прыйдзе неяк дзень i Марсэль даведаецца, хто яна такая, чым займаецца яе бацька, дрыжала, бо ў параўнаннi з мужам, журналiстам, яна была зусiм нiхто...

А ён, аказваецца...

Яна iшла i ўсё яшчэ думала, думала - толькi ўжо старалася не гаварыць сама з сабою, бы старая дзеўка.

Трэба было спяшацца, каб паспець Марсэлю на выручку. Хто-небудзь мог прыкмецiць яго ў зале 'Ваграм', якраз тады, калi ён падбiраў з падлогi ключ Маленькай Графiнi.

Цяпер ужо роўна гадзiна, як Марсэль павiнен быў з'явiцца ў рэдакцыi. Яна зноў зайшла ў кавярню. Божа мой, i тут мандарынавы лiкёр! Падышла да тэлефона, набрала нумар.

- Алё, мадэмуазэль, будзьце так ласкавы, дайце мне рэдактара. Гэта панi Блан...

Так, спакойна, не хвалявацца. Жэрмэн не ведала, цi правiльна яна рабiла, што званiла, але трэба было захоўваць абсалютны спакой.

- Алё? Пан Манш?.. Гэта панi Блан... Муж просiць у вас прабачэння... Калi ён вярнуўся ноччу, пасля таго, як паслаў вам рэпартаж, я ўжо чакала яго з тэлеграмай ад цёткi з правiнцыi: у яе толькi што памёр муж... Марсэль выехаў першым ранiшнiм цягнiком... Некалькi дзён яго не будзе...

Яна адчувала ўздым усiх сваiх сiл. Пазванiўшы рэдактару, адразу ж згадала пра Жуля.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×