Хiба аднаму-адзiнаму чалавеку пад сiлу ўзяць такую крэпасць, як асабняк Бальтазараў? I хiба гэтак працуюць яны, 'вялiкiя', з групы шэфа? У iх распараджэннi ўсё неабходнае - дасье i картатэкi, супрацоўнiкi, памагатыя. Калi iм трэба высачыць дзесяць чалавек, яны без вагання пасылаюць па следзе дзесятак шпегаў.
Але цяпер Мэгрэ раптам адчуў задавальненне, што ён сам сабе гаспадар i можа ўласнаручна абмацаць усе закуткi.
Ён яшчэ i не падазраваў, што гэты метад з часам стане яго любiмым метадам, што нават калi ён зойме месца шэфа спецыяльнай аператыўнай групы i будзе мець у сваiм распараджэннi цэлую армiю палiцэйскiх, яму давядзецца асабiста наладжваць сочку, хадзiць за падазроным па вулiцах, гадзiнамi тырчаць у якiм- небудзь 'бiстро'...
Перад тым як пакiнуць 'Стары Кальвадос', дзе Памэль толькi што выказваў да яго поўную абыякавасць, ён яшчэ двойчы патэлефанаваў. Спачатку набраў нумар Упраўлення гарадскiм транспартам, бо фiякр, у якi села Элiз Жандро, меў апазнавальны знак гэтай кампанii. I вымушаны быў доўга чакаць ля апарата.
- Нумар сорак восем, - адказалi яму, - належыць парку Лявiйет. Рамiзнiка завуць Эжэн Карнi. Сёння ён выехаў пасля паўдня. Наўрад цi вернецца ў парк раней поўначы.
- Вы не маглi б сказаць, дзе я мог бы яшчэ сёння адшукаць яго?
- Звычайна ён спыняецца на плошчы Сент-Аўгусцiя, але гэта, канешне, залежыць ад маршрута. Недалёка ад плошчы маецца рэстаранчык, якi называецца 'На рандэву дзю Масiў Сантраль'. Здаецца, ён заўсёды, як толькi мае такую магчымасць, менавiта туды i заходзiць перакусiць.
Другi званок быў у аўтамабiльнае ўпраўленне прэфектуры. Тут яшчэ даўжэй не маглi адшукаць у даведнiках нумар аўтамабiля. А так як Мэгрэ сказаў, што звонiць з камiсарыята, то яму прапанавалi перазванiць.
- Я лепей пачакаю на провадзе.
Нарэшце яму паведамiлi прозвiшча i адрас: маркiз дэ Базанкур, авеню Габрыеля, дом 3.
Зноў багаты квартал, зноў, безумоўна, якi-небудзь прыватны асабняк з вiдам на Елiсейскiя палi. Ён не пасмеў заявiцца туды асабiста, вырашыў лепей пазванiць з тытунёвай крамкi.
- Папрасiце, калi ласка, да тэлефона маркiза дэ Базанкура.
- Па асабiстай справе? - данёсся хрыплы голас з другога канца провада.
I ў адказ на яго сцверджанне пачулася:
- Месье маркiз памёр тры месяцы назад.
- А... хто замест яго? - мiжволi вырвалася ў Мэгрэ.
- Выбачайце! Не зразумеў. Уся маёмасць маркiза распрададзена, застаўся толькi асабняк.
- Скажыце, а вы часам не ведаеце, хто купiў 'дыён-бутон'?
- Нейкi механiк з вулiцы Акацый, што ў раёне авеню Гранд-Армэ. Запамятаваў яго прозвiшча, але, калi не памыляюся, на той вулiцы толькi адзiн гараж i маецца.
У пяць гадзiн вечара Мэгрэ выйшаў з метро на плошчы Этуаль. На вулiцы, якую яму паказалi, ён сапраўды адшукаў гараж, але той быў на замку, а на шматку паперы, прымацаванай да дзвярэй, было напiсана: 'За даведкамi звяртацца побач'.
Па адзiн бок гаража стаяла майстэранька шаўца, па другi - 'бiстро'. За даведкамi належала звяртацца ў 'бiстро'. На жаль, гандляр вiном не мог сказаць нiчога пэўнага.
- Дэдэ сёння i не з'яўляўся тут. Мабыць, падзарабляе недзе. Ён падчас выконвае даручэннi сваiх клiентаў.
- А дзе ён жыве?
- У мэбляваных пакоях дзесьцi каля плошчы Тэрн, дзе дакладна - не ведаю.
- Ён жанаты?
Мэгрэ не адважваўся працягваць доўгiя роспыты, але ён, хоць i не дужа пэўны быў у сваiх меркаваннях, адчуваў, што Дэдэ - чалавек асаблiвай пароды, што калi Дэдэ i меў сяброўку, то найболей шанцу на сустрэчу з ёю можна было мець на панелi ў раёне памiж плошчамi Этуаль i Тэрн.
Рэшту дня Мэгрэ правёў у пошуках рамiзнiка Карнi. Урэшце ён адшукаў рэстаранчык 'На рандэву дзю Масiў Сантраль':
- Ён вельмi рэдка наведваецца сюды, - сказалi яму там.
На жаль, такое адбылося якраз сёння. Выпадковасць нi разу не наблiзiла маршрут Карнi да ягонага прыстанку на плошчы Сент-Аўгусцiн.
Мэгрэ вяртаўся, нарэшце, дадому. Калi ён увайшоў у пад'езд, у фортку, умайстраваную ў зашклёныя дзверы, выглянула канс'ержка i аклiкнула яго:
- Месье Мэгрэ!.. Месье Мэгрэ!.. Мне трэба перадаць вам нешта вельмi важнае...
Яна працягнула яму запiску, параiла прачытаць да таго, як паднiмецца ў кватэру.
'Не заходзьце дадому. Спачатку нам абавязкова трэба перагаварыць. Чакаў Вас вельмi доўга - колькi мог. Прыходзьце ў рэстарацыю 'Клiшы' - я там. Мадэмуазель у Вас, з Вашай жонкай.
Адданы Вам
Жустэн Мiнар'.
На дварэ ўжо зусiм сцямнела. Апынуўшыся на вулiцы, Мэгрэ ўзняў галаву, убачыў, што вокны ў яго кватэры заштораны, i ўявiў дзвюх жанчын у невялiчкай сталовай, якая служыла i гасцiнай. Пра што яны могуць размаўляць? Мадам Мэгрэ, наколькi ён яе ведаў, напэўна накрыла стол i частуе госцю вячэрай.
Ён спусцiўся ў метро, даехаў да вулiцы Бланш, зайшоў у прасторную залу рэстаранчыка, прапахлую пiвам i кiслай капустай. У зале iграў аркестрык з пяцi чалавек. Жустэн iграў не на флейце, а на кантрабасе, i, амаль закрыты агромнiстым iнструмэнтам, здаваўся мiзэрным i кволым.
Мэгрэ сеў за мармуровы столiк, перачытаў меню, не ведаючы, што ж выбраць, i заказаў порцыю кiслай капусты i куфаль пiва. Як толькi музыканты скончылi iграць, Мiнар падышоў да яго стала.
- Прабачце, што я вымусiў вас прыйсцi сюды, неабходна пагаварыць да таго, як вы яе пабачыце.
Ён быў вельмi ўзбуджаны, нават трошкi ўстрывожаны, i Мэгрэ мiжволi адчуў, што таксама пачынае хвалявацца.
- Я i не падумаў, што ў яе замужняй сястры iнакшае прозвiшча, не такое, як у Жэрмены. Давялося пашукаць. Муж сястры працуе на чыгунцы. Ён праваднiк i часта адсутнiчае па два-тры днi. Жывуць яны ў невялiкiм домiку на схiле ўзгорка; за кветнiкам - сад, агарод i белая каза пры калку на прывязi.
- Жэрмена была там?
- Калi я прыйшоў, яны абедзве сядзелi за сталом каля агромнiстай мiсы з крывянкай, ад якой страшэнна несла часнаком.
- Сястра яшчэ не нарадзiла?
- Яшчэ не. Чакаюць... Здаецца, гэта адбудзецца яшчэ няскора. Я прадставiўся як страхавы агент, кажу, быццам мне вядома, што маладая дама чакае дзiцяцi, дык зараз самая пара падпiсаць страхавы полiс.
Скрыпач - ён жа дырыжор - павесiў спецыяльную планку, на якой была пазначана назва чарговага эстраднага нумара, пастукаў па пюпiтры дырыжорскай палачкай, i Жустэн, папрасiўшы прабачэння, пабег на эстраду. А калi вярнуўся, адразу паспяшаўся запэўнiць:
- Вы толькi не палохайцеся. Вось пабачыце, усё ўладкуецца як найлепш. Я някепска разбiраюся ў пытаннях страхавання. А гэта яе канёк - я маю на ўвазе маю жонку. Яна ўсё прарочыць, што мне засталося жыць не болей трох гадоў i што... Але гэта не мае значэння! А тая Жэрмена - даволi прывабная дзяўчына, поўная, з высокай прычоскай, - толькi i ведае, што папраўляе яе. У яе такiя дзiўныя вочы! Самi ўбачыце. Як утаропiлася ў мяне!.. I адразу ж запыталася, ад якой кампанii я працую. Я наўздагад выпалiў, што прыйшло ў галаву, i тады ёй зарупiла даведацца, як завуць майго начальнiка. Яна лiтаральна закiдала мяне пытаннямi i нарэшце заявiла: 'Мой дружок - мы ўжо тры месяцы знаёмы - служыць у гэтай кампанii'. А потым без усялякай сувязi дадала: 'Вас паслаў Луi?'
Ён вымушаны быў зноў падняцца на эстраду i ўвесь час, пакуль выконваўся венскi вальс, кiдаў позiркi на Мэгрэ, нiбыта стараючыся супакоiць яго. 'Не палохайцеся! Пачакайце, я вам яшчэ не ўсё расказаў!' - чыталася ў гэтых позiрках.
I працяг быў наступны:
- Я заверыў яе, што прыехаў зусiм не ад Луi. 'У такiм разе i не ад графа!' - упарцiлася яна.
- Не ад графа.
- 'Што да месье Рышара... Паслухайце! А цi, часам, не месье Рышарам вы падасланы, га?' Вы бачыце,