прыслалi?

- Не, жонка зрабiла.

- Як падумаю, што гэта карга - я не пра вашу жонку - набралася нахабства выдаць сябе за мяне i спаць у маёй пасцелi!.. Вы сапраўды бачылi яе ў адной кашулi? Яна куды таўсцейшая за мяне. Калi б я толькi захацела - такое б расказала пра яе!..

- Такiм чынам, стары Бальтазар, гаспадар фiрмы 'Кава Бальтазар', адкупiў замак у д'Ансеваля. Ён быў жанаты?

- Быў, але жонка да таго часу памерла ўжо. У яго была дачка, не столькi прыгожая, колькi ганарыстая, i яшчэ сынок, месье Юберт, якi за ўсё жыццё нiчога талковага не зрабiў. Сястра яго - сапраўдная ведзьма, а ён - дабрун, ласкавы як цялё. I ўсё падарожнiчаў па свеце.

- Вас тады яшчэ i на свеце не было?

- Канешне. Але там i цяпер нiчагуткi не змянiлася!

Мэгрэ машынальна дастаў з кiшэнi запiсную кнiжку i пачаў занатоўваць прозвiшчы па парадку, як бы малюючы генеалагiчнае дрэва Бальтазараў. Ён адчуваў, што з такой дзяўчынай, як Жэрмена, неабходна пастаяннае ўдакладненне.

- Такiм чынам, спачатку быў Гектор Бальтазар, якога вы называеце дзедам. Калi ён памёр?

- Пяць год назад. Роўна за год да смерцi дачкi.

Мэгрэ, прыгадаўшы Фелiсьена Жандро, якi сам быў ужо далёка не малады, здзiвiўся:

- Ён, вiдаць, быў тады вельмi стары?

- Дзiва што! Яму восемдзесят восем было. Жыў адзiн як сыч у агромнiстым асабняку на авеню дзю Буа. I яшчэ ўласнаручна вёў усе справы, памагала толькi дачка.

- А не сын?

- Божа баранi! Яго сын не меў права нават нагой ступiць у офiс. Ён выдзяляў яму грошы на пражытак. Цяпер сынок жыве на набярэжнай непадалёк ад Пон-Нёфа. Шалапут!

- Хвiлiнку... Авеню дзю Буа... Дачка замужам за Фелiсьенам Жандро?

- Была. Але месье Фелiсьен - той таксама не смеў i носа сунуць у справы.

- Чаму?

- Кажуць, аднойчы яму паспрабавалi даручыць сёе-тое... А ён закляты iгрок... Яшчэ i сёння штодня прападае на скачках... Ходзяць чуткi, што ён нешта нядобрае ўтварыў з чэкамi цi вэксалямi, я там знаю?.. Дык цесць перастаў нават размаўляць з iм.

Пазней Мэгрэ давялося адведаць асабняк на авеню дзю Буа, адзiн з самых пачварных у Парыжы будынкаў з сярэдневечнымi вежамi i вiтражамi. Пабачыў ён i партрэт старога - васковы твар з выразна акрэсленымi рысамi, доўгiя сiвыя бакенбарды, наглуха зашпiлены сурдут, з-пад якога па абодва бакi чорнага гальштука выглядвалi палоскi жылета.

Калi б ён быў болей дасведчаны ў жыццi парыжскага свету, ён ведаў бы, што стары Бальтазар завяшчаў свой асабняк з усiмi карцiнамi, якiя ён сабраў там, дзяржаве. Ён хацеў, каб дом яго быў ператвораны ў музей. У свой час гэта выклiкала шмат плётак. Болей года эксперты вялi заўзятыя спрэчкi... i справа скончылася тым, што ў рэшце рэшт урад адмовiўся ад завешчанай маёмасцi, таму што большасць палотнаў аказалiся падробленыя.

Настане час, Мэгрэ пабачыць i партрэт дачкi - сiвыя валасы, сабраныя ў вузел на патылiцы, профiль 'а ля iмператрыца Яўгенiя', твар, гэткi ж ледзяны, як i ў заснавальнiка кававай дынастыi.

Што да Фелiсьена Жандро, то Мэгрэ ўжо меў магчымасць бачыць яго нафарбаваныя вусы, гетры i трысцiну з залатой булдавешкай.

- Кажуць, стары ненавiдзеў усю сваю сям'ю - i сына, i зяця, i месье Рышара, якога цудоўна раскусiў. Ён прызнаваў толькi дачку i ўнучку. Дзед убiў сабе ў галаву, што толькi гэтыя дзве асобы належаць да яго роду, i пакiнуў завяшчанне, у якiм сам чорт шыю зверне. Месье Бракеман не дасць схлусiць.

- Хто такi месье Бракеман?

- Яго натарыус. Яму таксама гадоў пад восемдзесят. Яго ўсе баяцца, бо аднаму яму ўсё вядома.

- Што iменна?

- А я скуль знаю? Усё павiнна высветлiцца, калi мадэмуазель Элiз споўнiцца дваццаць адзiн год. Таму яны i вар'яцеюць, жмiнды. Асабiста мне ўсё роўна, я нi за таго, нi за другога. Калi б я толькi захацела...

Яму раптам прыйшло ў галаву:

- Месье Рышар?.. - сказаў Мэгрэ, уступаючы ў гульню.

- Папавiўся ён каля маёй спаднiцы. А я секанула яму проста ў вочы, што не на тую натрапiў, i параiла лепш пайсцi да Мары. 'Я не такая дурнiца, як яна, каб дазволiць пакарыстацца сабой', - так вось i заявiла яму.

- I ён паслухаўся вашай парады?

- Скуль я ведаю? Што ён - шкляны, цi што? Калi хочаце ведаць, што я пра iх думаю - а я iх наскрозь бачу! - то ва ўсiх гэтых Бальтазараў не ўсе дома.

Жэрмена была ўзбуджана. Вочы яе зусiм скруглелi, а позiрк зрабiўся такi дапытлiвы, што Мэгрэ стала не па сабе. А яна ажно падалася да Мэгрэ здавалася, яшчэ мiг - i яна ўхопiць яго за каленi.

- А Луi таксама родам з Ансеваля?

- Ён сын нашага былога настаўнiка. Сёй-той, праўда, лiчыць, што ў сапраўднасцi ён сын папа, а не настаўнiка.

- Ён падтрымлiвае месье Рышара?

- Ды што вы?! Ён усё жыццё ходзiць за паненкай. Ён не пакiдаў старога да самай смерцi, на руках насiў яго, калi той занядужаў, i ўжо хто-хто, а ён павiнен ведаць, бадай, больш за ўсiх, больш, можа, нават за самога Бракемена.

- А Луi нiколi не заляцаўся да вас?

- Луi?

Яна разрагаталася.

- Ды куды яму! З яго парахна ўжо сыплецца! Па-першае, ён шмат старэйшы, чым можна падумаць. Прынамсi, яму не меней пяцiдзесяцi пяцi. I ўвогуле, капейчына цана яму ў базарны дзень, разумееце? Вось чаму мадам Луi i Альбер...

- Выбачайце, хто такi Альбер?

- Лёкай. Таксама з Ансеваля. Да дваццацi аднаго года быў жакеем.

- Выбачайце... Мяне вадзiлi па ўсiм доме, але я не бачыў пакоя, у якiм...

- Таму што Альбер начуе над стайняй, разам з Жэромам.

- З Жэромам?

- Вазаком месье Фелiсьена. Адзiн толькi Арсен, шафёр - ён жанаты i мае дзiцёнка - начуе дома.

Мэгрэ ў рэшце рэшт старанна занатаваў усе iмёны ў сваю запiсную кнiжку.

- Калi хто i стрэлiў у паненку, - а мяне гэта не здзiвiць, - то хутчэй за ўсё сам месье Рышар. Калi яны ўсчынаюць сварку...

- Яны часта сварацца?

- Каб не зманiць - штодня. Аднойчы ён гэтак сцiснуў ёй рукi, што яна цэлы тыдзень хадзiла з сiнякамi. Але i яна не промах, i яму таксама дастаецца будзь здароў. Але я гатова бiцца аб заклад, што стралялi не ў паненку.

- У каго ж тады?

- У графа!

- Якога графа?

- Вы ўсё яшчэ нiчога не цямiце? У графа д'Ансеваля!

- Сапраўды! Ёсць жа яшчэ адзiн граф д'Ансеваль!

- Унук таго, што прадаў замак старому Бальтазару. Мадэмуазель сама няведама дзе адкапала яго.

- Ён багаты?

- Ён? Ды ў яго нi капейчыны за душой!

- I ён бывае ў доме?

- Ён... Я хачу сказаць...

- Вас цiкавiць, цi ён спiць з ёю? Не думаю, што ён прагне гэтага. Цяпер вы разумееце? У iх ва ўсiх шарыкаў не хапае. Грызуцца як сабакi. Адзiн месье Юберт у баку ад усяго, а гэтыя двое, брат i сястра,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату