Мэгрэ выпiў яшчэ крыху. Мала, але даволi, каб ударыла ў галаву кроў, асаблiва ў гэтай заблытанай сiтуацыi. Досыць, каб разамлець ад розных думак, звязаных з жыццём маракоў, што сядзелi насупраць яго...
Цяпер, калi ён добра ведаў усiх трох, ён без цяжкасцi ўяўляў сабе, як праходзiлi iх днi на борце 'Сэн- Мiшэля', што быў iм светам.
Адзiн - на ложку, амаль заўсёды адзеты. На стале - бутэлька i брудныя шклянкi. Другi - на палубе, чуваць, як ён ходзiць па ёй, стукаючы сабо... А яшчэ гэты глухi рокат мора, што нiколi не ацiхае... Ледзь свецiцца компас... Святло лiхтара, якi матляецца на фок-мачце... Вочы няспынна ўзiраюцца ў цемрадзь, шукаюць светлячок маяка... Дзень пры днi - пiрсы, пагрузка, разгрузка... Пасля - два-тры днi адпачынку, якiя з ранку да вечара праходзяць у шынках, такiх падобных адзiн на адзiн...
Наверсе пачуўся нейкi няясны шум. Вялiкi Луi, здавалася, таксама задрамаў. Маленькi будзiльнiк паказваў ужо тры гадзiны. Бутэлька была амаль пустая...
Вiдаць, у такую самую ноч i знiк капiтан Жарыс... У кубрыку было гэтаксама душна, пахла потам i спiртным, горача была напалена печ... Цi сядзеў тады ён разам з iмi, змагаючыся са сном?..
Раптам на палубе пачулiся нейкiя галасы. Вецер быў вельмi моцны, i да кубрыка даносiлiся толькi асобныя гукi.
Мэгрэ ўстаў, нахмурыў бровы, убачыў, як налiваў сабе джыну Ланэк. Нахiлiўшы галаву, драмаў Вялiкi Луi. Вочы ў яго былi ўжо прыплюшчаныя.
Мэгрэ намацаў у кiшэнi рэвальвер, узняўся па прыступках стромкай лесвiцы.
Люк быў якраз такой шырынi, каб праз яго мог пралезцi чалавек, а камiсар быў шырокi ў плячах.
Таму Мэгрэ нават абараняцца не змог: толькi ён высунуў галаву з люка, як на рот яму накiнулi павязку i завязалi яе на патылiцы.
Зрабiў гэта Сэлестэн i яшчэ нехта, той самы чалавек, якi быў да таго на палубе са старым матросам.
А знiзу ў яго выхапiлi рэвальвер i звязалi яму рукi за спiнаю.
Мэгрэ з усяе сiлы брыкнуў нагою i трапiў, здаецца, у чыйсьцi твар. Але прайшло якое iмгненне, i яму канатам звязалi ногi.
- Цягнi! - абыякава сказаў Вялiкi Луi.
А зрабiць гэта было нялёгка: Мэгрэ быў цяжкi. Знiзу яго падштурхоўвалi, зверху цягнулi.
Дождж падаў стромкай сцянаю. Вецер урываўся ў бухту з неверагоднай сiлаю.
Мэгрэ здалося, што людзей было чацвёра. Было зусiм цёмна: лiхтар патушылi. Да таго ж збiваў з панталыку i раптоўны пераход з цяпла i святла да ледзяной цемрадзi...
- Раз... два... Хоп!..
Яго раскачалi, як нейкi мяшок. Ён падляцеў даволi высока i ўпаў на мокрыя камянi пiрса. Вялiкi Луi падышоў да яго, аглядзеў вяроўкi, каб пераканацца, што звязаны камiсар надзейна. На нейкi час твар былога катаржнiка наблiзiўся да твару Мэгрэ. Камiсару здалося, што рабiў Луi ўсё гэта з вельмi змрочным выглядам, неахвотна.
- Трэба будзе сказаць сястры... - пачаў ён...
Што сказаць? Ён i сам не ведаў. На шхуне чулiся хуткiя крокi, скрып, каманды напаўголаса. Паставiлi ўжо клiверы, па мачце паволi падымаўся грот.
- Трэба будзе сказаць, але, трэба будзе сказаць ёй, што калi-небудзь мы яшчэ ўбачымся... I, магчыма, з вамi таксама...
Ён цяжка ўскочыў на судна. Мэгрэ ляжаў тварам да мора. Лiхтар на канцы фала даставаў да верху мачты. Каля штурвала вiднелася чыясьцi чорная постаць.
- Адчальваем!
Вакол кнехтаў заслiзгалi канаты, якiя цягнулi з судна. Залапаталi ветразi. Нос шхуны адышоў ад паляў, i судна развярнулася ледзь не на трыста шэсцьдзесят градусаў - такi моцны быў парыў ветру.
Але рулявы здолеў усё ж выраўняць шхуну. На iмгненне 'Сэн-Мiшэль' замёр на месцы - i паплыў памiж пiрсамi...
Яго чорная маса на вачах знiкала ў непрагляднай цемрадзi... На палубе свяцiлася нейкая кропка... Высока на мачце - другая... Яна здавалася зоркаю, што згубiлася ў штармавым небе...
Мэгрэ i паварухнуцца не мог. Ляжаў у лужыне, на краi бясконцага прасцягу...
Напэўна, яны разап'юць цяпер там, на шхуне, бутэльку джыну - для настрою. Хто-небудзь падкiне ў печ пару брыкецiн.
Адзiн стаiць каля руля... Астатнiя ляжаць у сырых. ложках.
Чамусьцi здавалася, што сярод кропляў, якiя сцякалi па твары, адна была саланейшая за iншыя.
Вялiкi i дужы чалавек, бадай, сама мужны ва ўсёй крымiнанальнай палiцыi Францыi, ляжаў каля кнехта, на краi пiрса - i разумеў, што знайсцi яго змогуць, вiдаць, толькi ранiцай.
Калi б ён мог павярнуцца, дык убачыў бы маленькi драўляны будыначак 'Марацкага прытулку', у якiм нiкога ўжо не было.
ХI. ВОДМЕЛЬ 'ЧОРНЫЯ КАРОВЫ'
Мора хутка адступала. Мэгрэ чуў, як бiлiся хвалi - спачатку ў канцы пiрсаў, потым далей, на пясчаным беразе, з якога сплывала вада.
Як заўсёды, з адлiвам ацiхаў i вецер. Стрэлы дажджу радзелi, i калi на досвiтку пачалi святлець сама нiзкiя хмары, начны лiвень ператварыўся ў iмжысты дождж, яшчэ больш халодны.
Пакрысе з цемры выступала ўсё, што патанула ў ёй ноччу. Угадвалiся касыя мачты рыбацкiх лодак, што ляжалi цяпер, у адлiў, на прыбярэжнай цiне.
Дзесьцi вельмi далёка ад берага мыкалi каровы. Царкоўны звон нягучнымi ўдарамi сцiпла заклiкаў да ютранi - значыць, было ўжо сем гадзiн.
Але трэба было яшчэ чакаць: дарога ў царкву праходзiла не цераз порт. Шлюзаўшчыкам да пачатку прылiву няма чаго тут рабiць. Хiба што мог завiтаць выпадкова якi-небудзь рыбак... Ды толькi наўрад цi нават i рыбакi вылазяць з ложка ў такое надвор'е...
Цяпер, думаў Мэгрэ, ён, мусiць, падобны на мокрую груду ануч... Камiсар уяўляў сабе ўсе ложкi Вiстрэама, самавiтыя драўляныя ложкi з вялiзнымi пухавiкамi, у якiх пад цёплымi коўдрамi лянiва песцяцца жыхары гарадка, непрыязна паглядаючы на бледны прамавугольнiк акна. I, бадай што, кожны з вiстрэамцаў усё адцягвае i адцягвае той момант, калi прыйдзецца ўсё ж нарэшце ступiць на халодную падлогу босымi нагамi.
Цiкава, цi спiць яшчэ Люка? Можа быць, яго таксама звязалi?.. Iнакш як растлумачыць тое, што ўначы на борце 'Сэн-Мiшэля' з'явiўся нейкi iншы чалавек - напэўна, Марцiно?.. Або... мэр?!. Цi ёсць яшчэ якi- небудзь удзельнiк гэтай заблытанай гiсторыi?..
Пакуль што камiсар абмалёўваў сабе сiтуацыю так: Жану Марцiно ўдалося нейкiм чынам вызвалiцца з- пад нагляду iнспектара. Пасля Марцiно падышоў да 'Сэн-Мiшэля' i пачуў яго, Мэгрэ, голас. Цярплiва чакаў, калi хто-небудзь выйдзе на палубу. А калi Вялiкi Луi высунуў галаву з люка, нарвежац даў яму знак - можа, шапнуў, можа, перадаў цыдулку - як паводзiць сябе далей.
Зрабiць астатняе было няцяжка. Шум на палубе. Пасылаюць наверх Сэлестэна. Той перагаворваецца з Марцiно. А пачуўшы галасы, нельга было не выбрацца з кубрыка.
I як толькi ён высунуўся з люка, двое наверсе заткнулi яму рот, а Ланэк i Луi звязалi рукi i ногi.
Цяпер шхуна, пэўна, далёка ад зоны тэрытарыяльных водаў, якую аддзяляюць ад берага толькi тры мiлi. Калi толькi яны не зойдуць у якiсьцi французскi порт, што малаверагодна, затрымаць iх будзе ўжо немагчыма.
Мэгрэ не варушыўся, бо пры кожным руху пад палiто цякла вада.
Прыцiснуўшы вуха да зямлi, ён чуў розныя гукi, пазнаваў iх адзiн за адным. Так ён пазнаў шум помпы ў Жарысавым садзе.
Значыць, Жулi ўстала. Надзела сабо i пайшла пампаваць ваду, каб памыцца. Але ўсё роўна дзяўчына нiкуды не пойдзе з дому.
Крокi... Нейкi чалавек перайшоў мост i ступiў на мураваны пiрс... Iшоў ён павольна... Кiнуў нешта ў лодку, мусiць, звязку вяровак...
Рыбак?.. Мэгрэ з цяжкасцю павярнуў галаву i ўбачыў яго метраў за дваццаць ад сябе. Чалавек збiраўся спусцiцца па жалезнай лесвiцы, што вяла ў мора. Нягледзячы на кляп, камiсару ўдалося цiха прастагнаць.
Рыбак азiрнуўся, убачыў чорную груду, доўга i недаверлiва пазiраў на яе, нарэшце рашыўся падысцi.