франкаў.
Марцiно злавiў камiсараў позiрк. Хаваць грошы было позна. Надламаны стомаю, што агарнула яго, апусцiўся на край ложка i ўтаропiўся абыякавымi вачыма ў падлогу.
- Гэта вы прывезлi яму грошы?
I зноў маўчанне, у каторы ўжо раз у гэтым следстве! Маўчала Жулi. Не сказалi нi слова ў адказ Гранмэзон i Вялiкi Луi на мэравай вiле, калi камiсар заспеў матроса якраз у той самы момант, як ён лупцаваў гаспадара. Нi ў чым не адкрылiся мiнулай ноччу i сябры экiпажа 'Сэн-Мiшэля'.
Ну i ўпартасць! Нiводнага слова, якое б дапамагло хоць што-небудзь прасвятлiць!
- Мяркую, вы збiралiся адрасаваць гэты лiст дырэктару калежа 'Станiслаў'? Ваш сын вучыцца там, i пiсьмо, напэўна, датычыць яго... А грошы... Ну вядома! Спяшаючыся, Марцiно быў вымушаны пакiнуць шхуну, якая села на мель, i дабiрацца да берага плывам... Там ён, як я разумею, i згубiў кашалёк... А вы прывезлi яму грошы, каб...
Раптоўна змянiўшы i тэму i тон, ён спытаўся:
- А астатнiя, Марцiно? Усе цэлыя?
Марцiно нейкi час вагаўся, алё ўрэшце кiўнуў галавою.
- Я не пытаюся ў вас, дзе яны хаваюцца. Ведаю, што гэтага вы не скажаце...
- Праўда.
- Што - 'праўда'?
Гэта гучаў голас раз'юшанага мэра - дзверы былi шырока расчыненыя. Яго нельга было пазнаць. Ён проста задыхаўся ад нянавiсцi. Сцiскаў кулакi, гатовы кiнуцца на ворага. Пераводзiў позiрк з жонкi на Марцiно, з Марцiно на стос банкнот, якi ўсё яшчэ ляжаў на стале.
Погляд у яго быў пагрозлiвы, але раз-пораз мiльгалi ў iм не то жах, не то адчуванне краху.
- Што - праўда?.. Што ён сказаў?.. Што ён вам яшчэ наманiў?.. А яна? Яна, якая... якая...
Ён больш не мог гаварыць. Мэгрэ стаяў побач, гатовы ўмяшацца.
- Што - праўда?.. Што тут адбываецца?.. Што за балбатню вы тут развялi?.. I чые гэта грошы?..
Чуваць было, як у суседнiм пакоi старая шоргала нагамi i клiкала з ганка куранят: 'Цып-цып-цып-цып!..'
Кукурузныя зярняткi градам сыпалiся на каменныя прыступкi ганка. Старая адганяла нагою суседскую курыцу:
- Кыш, кыш, пайшла вон, Чарнушка!..
А ў спальнi - нi гуку! Глыбокая цiшыня! Яна прыгнятала, як неба ў гэты дажджлiвы ранак.
Гэтыя трое нечага баялiся... Вядома, баялiся!.. Усе трое!.. I Марцiно, i мэр, i яго жонка!.. I кожны баяўся па-свойму... У кожнага быў свой страх!..
Мэгрэ напусцiў на сябе ўрачысты выгляд i паволi, быццам суддзя, пачаў:
- Пракуратура даручыла мне знайсцi i арыштаваць забойцу капiтана Жарыса, раненага стрэлам з пiсталета ў галаву, а праз месяц атручанага стрыхнiнам у сябе дома. Цi не хоча хто з прысутных заявiць што-небудзь з гэтай нагоды?
Дагэтуль нiхто не заўважыў, што печ у пакоi была няпаленая, - i раптам усе адчулi, як тут было холадна. Кожнае слова гучала гулка, як у царкве. Здавалася, што ўсё яшчэ чуецца: '...атручанага стрыхнiнам...' Асаблiва стаялi ў вушах апошнiя словы: 'Цi не хоча хто з прысутных заявiць што-небудзь з гэтай нагоды?'
Марцiно першы апусцiў галаву. Панi Гранмэзон кiнула позiрк на мужа, пасля на нарвежца. Вочы ў яе блiшчалi.
Але нiхто не вымавiў нi слова. Нiхто не мог вытрымаць цяжкага позiрку Мэгрэ.
Дзве хвiлiны... Тры... Чуваць было, як старая падкiдвала ў печ дровы...
Зноў камiсараў голас, наўмысна сухi, без нiякага пачуцця:
- Жан Марцiно, iмем закона вы арыштаваны!
Крык жанчыны. Усёй сваёй iстотаю панi Гранмэзон падалася была да Марцiно i адразу ж страцiла прытомнасць.
Раз'юшаны мэр павярнуўся да сцяны.
А Марцiно, нiбыта скарыўшыся, стомлена ўздыхнуў. I нават не падышоў да жанчыны.
Мэгрэ нахiлiўся над ёю, пашукаў вачыма шклянку вады.
- Воцат ёсць? - спытаўся ён, адчынiўшы дзверы, у старой.
I без таго цяжкае паветра халупы змяшалася з пахам воцату.
Неўзабаве панi Гранмэзон апрытомнела. Узнервавана ўсхлiпнуўшы некалькi разоў, яна спынiла позiрк на нейкiм узоры на дыване.
- Вы можаце iсцi.
Яна слаба кiўнула галавою, паднялася i пайшла да дзвярэй няроўнай паходкаю.
- Прашу вас iсцi за мною, панове! Спадзяюся, гэтым разам я магу разлiчваць на тое, што вы будзеце памяркоўныя?
Разгубленая старая моўчкi глядзела iм услед. I толькi калi ўжо ўсе выйшлi на двор, яна кiнулася да дзвярэй i крыкнула:
- Пан Раймон, вы вернецеся абедаць?
Раймон! Ужо другi раз гучала гэтае iмя. Марцiно адмоўна пакруцiў галавою.
Усе чацвёра пайшлi па вясковай вулiцы. Перад тытунёвай крамай Марцiно спынiўся i сказаў Мэгрэ:
- Выбачайце, але я не ведаю, цi вярнуся яшчэ сюды, i мне не хацелася б пакiдаць за сабою даўгi. Я павiнен заплацiць тут за тэлефон, грог i пачак цыгарэт.
Заплацiў Мэгрэ. Выйшлi з вёскi. У канцы няроўнай дарогi iх чакала машына. Камiсар запрасiў усiх сесцi ў яе i, падумаўшы крыху, сказаў шафёру:
- У Вiстрэам! Але спачатку спынiцеся каля жандармерыi.
Усю дарогу праехалi моўчкi. Па-ранейшаму iшоў дождж, неба было ўсё такое ж шэра-халоднае, вецер спакваля ўзмацняўся i пагойдваў мокрыя дрэвы.
Перад жандармерыяй Мэгрэ папрасiў Марцiно выйсцi з машыны i загадаў начальнiку аддзялення:
- Пасадзiць яго ў камеру... Вы адказваеце за яго. Тут нiчога новага?
- Буксiр прыйшоў. Чакаюць, калi павысiцца ўзровень мора.
Паехалi далей. Мэгрэ трэба было пабываць у порце, i камiсар яшчэ раз спынiў машыну, выйшаў з яе на хвiлiнку.
Быў поўдзень. Шлюзаўшчыкi чакалi на сваiх месцах параход з Кана. Мора падыходзiла ўсё блiжэй да берага, белыя хвалi набiралi ўсё больш моцы.
Справа стаяў вялiкi натоўп. Людзi з цiкаўнасцю разглядвалi буксiр з Трувiля, што стаяў на якары за паўмiлi ад берага. Да 'Сэн-Мiшэля', якi з прылiвам ужо напалову выраўняўся, наблiжалася невялiкая шлюпка.
Глянуўшы на машыну, Мэгрэ заўважыў, што мэр таксама назiрае за выратавальнымi работамi. З шынка выйшаў капiтан Дэлькур.
- Атрымаецца? - спытаўся камiсар.
- Думаю, што ўсё будзе нармальна. Вось ужо дзве гадзiны яны вызваляюць шхуну ад баласту. Толькi б швартовы не парвалiся. - Спрабуючы ўгадаць, якi будзе вецер, ён паглядзеў на неба, бы на карту. - Трэба адно зрабiць усё гэта да канца прылiву.
Начальнiк порта заўважыў, што ў машыне сядзяць мэр i яго жонка, пачцiва павiтаў iх, але больш у iх бок не глядзеў.
Падышоў Люка, адвёў камiсара на колькi крокаў ад Дэлькура.
- Узялi Вялiкага Луi.
- Гм!
- Сам папаўся!.. Сёння ранiцай жандары з Дзiў заўважылi сляды на полi... Сляды чалавека, якi iшоў напрасткi, перамахваючы праз агароджы... Сляды вялi да ракi, да мясцiны, дзе адзiн рыбак пакiдае звычайна на беразе лодку... А тут яна была на другiм беразе...
- Жандары перабралiся туды?
- Але... I выйшлi акурат насупраць шхуны. Там, каля дзюнаў, ёсць...
- Развалiны каплiцы!