- Не буду вас больш затрымлiваць. Думаю, вы зможаце сесцi на цягнiк...
- Праз трыццаць пяць хвiлiн.
Яна паглядзела на гадзiннiк, узнялася, але не пайшла адразу, а затрымалася на iмгненне.
- Да пабачэння, - сказала яна нарэшце.
- Да пабачэння, панна. Дзякую вам.
Мэгрэ праводзiў дзяўчыну i зачынiў за ёю дзверы.
2. ПАННА 'IЛЬВIЦА'
Мэгрэ, сам не ведаючы чаму, заўсёды вылучаў участак Вялiкiх бульвараў памiж плошчаю Рэспублiкi i Манмартрам. Уласна кажучы, гэта быў ягоны квартал. Сюды, у кiнатэатр на бульвары Бон-Нувэль, непадалёк ад тупiчка, дзе забiлi Луi Турэ, ён пешшу, пад руку са сваёй жонкаю, заходзiў амаль кожны тыдзень. Побач, якраз насупраць кiнатэатра, была пiўная, дзе ён любiў перакусiць сасiскамi з капустаю.
Далей, у накiрунку да Оперы, бульвары рабiлiся свабаднейшыя, але тут, памiж Сэн-Мартэн i плошчаю Рэспублiкi, яны хутчэй нагадвалi нейкiя змрочныя траншэi, у якiх, бы ў мурашнiку, вiруе жыццё - часам ажно галава кружылася ад усёй гэтай мiтуснi.
Ранiца была шэрая i халодная, але не такая сырая, як напярэдаднi. Мэгрэ выйшаў з дому а палове дзевятай i за чвэрць гадзiны, не спяшаючы, дайшоў да вулiцы Бондзi. Недзе тут, у фiрме 'Каплан i Занэн', i працаваў Луi Турэ ўсё сваё жыццё, у тым лiку, мабыць, i ў дзень сваёй гiбелi.
Пошукi патрэбнага нумара прывялi Мэгрэ да старой, занядбанай будынiны. Уваходныя дзверы былi адчынены насцеж, па абодвух баках вiселi розныя шыльдачкi: 'Урокi машынапiсу', 'Продаж пёраў', 'Набiўка матрацаў', 'Юрыдычны кансультант', 'Дыпламаваная масажыстка'.
Кансьержка раскладвала пошту па скрынях.
- Дзе тут фiрма 'Каплан i Занэн'? - спытаўся Мэгрэ.
- Шаноўны пан, праз месяц будзе ўжо тры гады, як фiрма перастала iснаваць.
- I вы ўвесь гэты час жылi тут?
- Я жыву тут ужо дваццаць шэсць гадоў.
- А цi ведалi вы Луi Турэ?
- Яшчэ як! А што з iм здарылася, вы не скажаце? Ён не заходзiў да мяне ўжо некалькi месяцаў.
- Ён памёр.
- Божа лiтасцiвы... Такi здаровы мужчына! Што з iм здарылася? Сэрца, мабыць?..
- Яго забiлi ўчора пад вечар ударам нажа ў спiну.
Кансьержка ажно здранцвела.
- Я яшчэ не чытала сёння газет...
Пра гiбель Луi Турэ ў газетах было згадана ўсяго ў некалькiх радках, як пра банальнае здарэнне.
- I хто гэта мог забiць такога добрага чалавека?.. Дваццаць тры гады ён хадзiў мiма майго пакоя пад лесвiцай, праходзiў па чатыры разы на дзень i кожны раз казаў мне што-небудзь прыемнае. Калi пан Каплан закрыў сваю фiрму, пана Луi нiбыта падкасiла...
Кансьержка выцерла слёзы i высмаркалася.
- Пан Каплан яшчэ жывы?
- Я вам магу даць яго адрас. Ён жыве на плошчы Маё. Выдатны чалавек, але зусiм iншы. Яго бацька, напэўна, таксама яшчэ жывы.
- Чым яны гандлявалi?
- Як, вы не ведаеце гэтай фiрмы?!
Яна так здзiвiлася, што можна было падумаць, увесь свет павiнен ведаць фiрму 'Каплан i Занэн'.
- Я з палiцыi, - растлумачыў Мэгрэ. - Мне трэба ведаць усё, што датычыць пана Турэ.
- Для нас ён быў проста панам Луi. Усе яго так i звалi, многiя нават не ведалi ягонага прозвiшча. Пачакайце, калi ласка, хвiлiнку...
Яна таропка рассоўвала астатяiя лiсты па скрынях, прычынiла дзверцы ў грубцы i накiнула на плечы шаль.
- Пан Луi забiты! Хто б мог падумаць! Такi чалавек... Хадземце. Я пакажу вам дом. Яго павiнны былi знесцi яшчэ тры гады назад i пабудаваць на гэтым месцы кiнатэатр. Жыхароў загадзя папярэдзiлi, я нават з'язджала да сваёй дачкi ў Ньеўр. Таму пан Каплан i закрыў сваю фiрму. А можа, яшчэ i таму, што апошнiя гады справы ў яго былi няважныя: ягоны сын, пан Макс, глядзеў на жыццё зусiм не так, як бацька... Хадземце сюды...
Яны прайшлi ў вялiкi ўнутраны двор, i камiсар убачыў павiльён са шкляным дахам, падобны на вакзальнае памяшканне. Над уваходам можна было яшчэ прачытаць колькi лiтар на аблезлай шыльдзе 'Каплан i Занэн'.
- Калi я пасялiлася тут, Занэнаў ужо не было. Справы вёў стары Каплан. Ён быў так падобны на Дзеда Мароза, што дзецi на вулiцы спынялiся i глядзелi яму ўслед.
Замок на дзвярах у павiльён быў вырваны. Усярэдзiне - рэзрух. Якi быў гэты свет, дзе яшчэ тры гады назад жыў Луi Турэ, уявiць было цяжка.
Велiзарная зала з разбiтым шкляным дахам, уздоўж сцен, як у фешэнебельнай краме, адна над адной - галерэi; прылаўкi i палiцы былi знятыя, але на сценах яшчэ заставалiся сляды ад iх.
- Кожны раз, калi пан Луi заходзiў да мяне...
- А ён часта гэта рабiў?
- Раз у два-тры месяцы. I заўсёды прыносiў што-небудзь смачнае... Я адчувала, што на душы ў яго цяжка... Памятаю, у пана Каплана працавала да дваццацi ўкладчыц, а то i болей, перад святамi даводзiлася працаваць i ўначы. Пан Каплан вёў аптовы гандаль, прадаваў тавар дробным гандлярам. Чаго толькi ў яго не было! Прыстаўныя бароды, кардонныя свiстулькi, шары, карнавальны серпанцiн, маскi, сувенiры з марскога ўзбярэжжа... Не было як прайсцi праз залу... Часта адзiн толькi пан Луi i мог знайсцi патрэбны тавар...
- Ён быў кладаўшчыком?
- Кладаўшчыком. Ён заўсёды хадзiў у шэрым халаце. Справа, вось у гэтым куце, стаяў за шкляной перагародкаю стол пана Каплана, маладога, бо пасля першага ўдару стары ўжо больш не прыходзiў у краму. З панам Максам сядзела сакратарка, панна Леон, а бухгалтар быў там, на першым паверсе. Нiхто тады i не думаў, што ўсяму гэтаму хутка настане канец. I вось аднаго дня, у кастрычнiку цi ў лiстападзе, не магу сказаць больш дакладна калi, памятаю адно, было ўжо холадна, пан Макс сабраў усiх i аб'явiў, што закрывае фiрму i прадае тавар iншаму аптавiку. Усе тады думалi, што дом будзе знесены i тут пабудуюць кiнатэатр. Усе жыльцы атрымалi паведамленне аб зносе. Многiя выехалi. А iншыя не сталi спяшацца i не памылiлiся: жывуць сабе тут спакойна дагэтуль. Але дом усё-такi прададзены, i новыя ўладальнiкi адмаўляюцца рабiць рамонт. Жыльцы ўсё судзяцца з iмi, сюды ледзь не кожны месяц з суду прыходзяць. Я сама двойчы збiрала рэчы...
- А вы знаёмы з панi Турэ?
- Нiколi не бачыла. Яна жыла ў прыгарадзе, у Жувiзi...
- Яна там i цяпер жыве.
- Вы яе бачылi? Якая яна?
Мэгрэ адно скрывiўся.
- Так я i думала. Пан Луi не меў дома шчасця. Толькi тут ён яго i знаходзiў. I ўдар ён перанёс цяжэй за iншых: ён ужо быў у такiх гадах, калi цяжка мяняць лад жыцця.
- Колькi яму было тады?
- Сорак пяць цi сорак шэсць.
- Вы не ведаеце, чым ён займаўся потым?
- Не. Ён нiколi мне пра гэта не казаў. Вiдаць, цяжка яму бывала. Доўгi час ён зусiм не заходзiў. А аднойчы ўранку я iшла па бульвары - раптам бачу яго на лаўцы. Мяне ажно скаланула. Не такому ж чалавеку, як пан Луi, сядзець на лаўцы ў гэткую пару! Я ўжо хацела падысцi да яго, але падумала, што яму будзе няёмка, i прайшла мiма.
- Праз колькi часу пасля закрыцця фiрмы гэта здарылася?
У павiльёне было вельмi холадна, i кансьержка прапанавала:
- Хочаце зайсцi да мяне пагрэцца?.. А колькi часу прайшло, цяжка сказаць. Вiдаць, гэта было ў канцы зiмы, бо бралася ўжо на цяпло, але дрэвы яшчэ не зазелянелi.
- А калi вы яго зноў убачылi?