- О, прайшло шмат часу!.. У самы разгар лета. Найбольш мяне здзiвiла тое, што на iм былi чаравiкi... колеру дзiцячага паносу... Чаму вы так глядзiце на мяне?
- Так проста. Працягвайце.
- Гэта не ў ягонай звычцы. Я заўсёды бачыла на iм толькi чорныя чаравiкi. Ён зайшоў да мяне i паклаў на стол маленькую скрыначку, белую, з залатой стужкаю - у ёй былi шакаладныя цукеркi. Сеў на гэтае крэсла. Я згатавала яму фiлiжанку кавы, потым збегала ў краму, купiла пляшку кальвадосу, а ён застаўся пасядзець за мяне ля ўвахода.
- Што ён расказваў вам?
- Нiчога асаблiвага. Адчувалася, што яму прыемна дыхаць паветрам нашага дома.
- Так нiчога i не сказаў пра сваё новае жыццё?
- Я запыталася, цi задаволены ён сваiм цяперашнiм жыццём, ён сказаў, што задаволены. Ва ўсякiм разе, ён больш не сядзеў ва ўстанове, бо была ранiца, дзесяць-адзiнаццаць гадзiн. Другi раз ён прыйшоў пасля абеду, i на iм быў вельмi яркi гальштук. Я трохi пасмяялася з яго, што ён стараецца маладзiцца, але ён зусiм не пакрыўдзiўся - пан Луi мала калi сердаваў. Потым я загаварыла пра ягоную дачку - я яе нiколi не бачыла, але ён паказваў мне яе здымак, калi ёй было ўсяго некалькi месяцаў. Нячаста сустракаеш чалавека, якi так ганарыцца сваiм дзiцём. Ён усiм расказваў пра дачку i заўсёды насiў з сабою яе картку.
Мэгрэ згадаў: у кiшэнi ў Турэ нiякiх iншых фатаграфiй Монiкi, апроч здымка зусiм маленькай дзяўчынкi, не знайшлi.
- Што вы яшчэ можаце пра яго сказаць?
- А я i не ведаю. Я ж тут з ранку да вечара, у гэтых мурах... Як Капланы закрылiся ды яшчэ цырульнiк з другога паверха з'ехаў, дык тут зусiм цiха стала. Жыльцы многiя з'ехалi, суды гэтыя пачалiся, архiтэктары сноўдаюцца з планамi iхняга кiнатэатра, а дом патроху развальваецца - вось i ўсё маё тут жыццё...
Але вялiкай горычы ў голасе ў кансьержкi не чулася. Мяркуючы па ўсiм, яна збiралася з'ехаць з гэтага дома апошняя.
- Як гэта здарылася? - спыталася кансьержка. - Ён мучыўся?
Нi панi Турэ, нi Монiка не спыталiся пра гэта.
- Доктар кажа, што не, памёр iмгненна.
- I дзе ж яго забiлi, нябогу?
- Ды зусiм побач. У тупiчку на бульвары Сэн-Мартэн.
- Каля ювелiрнага?
- Так. Нехта падлавiў яго там i ўсадзiў нож у спiну.
Наконт нажа Мэгрэ тэлефанаваў у экспертызу, i яму сказалi, што нож сама звычайны, шырока распаўсюджанай маркi, якi можна купiць практычна ў любой краме. Ён быў новы, адбiткаў пальцаў на iм не выявiлi.
- Бедны пан Луi! Ён так любiў жыццё!
- Ён быў вясёлы чалавек?
- Ва ўсякiм разе, сумным яго назваць было нельга. Не ведаю, як вам растлумачыць. Ён з усiмi быў ветлiвы i ўважлiвы, кожнаму стараўся сказаць што-небудзь прыемнае. I нiколi не iмкнуўся набiць сабе цану.
- А жанчынамi ён цiкавiўся?
- О не, што вы! Хоць мог iх мець колькi хацеў бы. За вылiкам пана Макса i старога бухгалтара ён быў адзiны мужчына ў краме, а нашыя ўпакоўшчыцы дужа цнатлiвымi не выдавалi.
- Ён пiў?
- Шклянку вiна ў дзень, як i ўсе мы. Зрэдку кiлiшак лiкёру.
- А дзе ён абедаў у час перапынку?
- Ён заўсёды палуднаваў на працы. Пакладзе на край стала свой 'тармазок', - ён яго ў кавалачак цыраты загортваў, я гэтую цырату як цяпер памятаю, - i есць стоячы. А потым iшоў на двор выпалiць люльку. I зноў за працу. Праўда, iншы раз некуды выходзiў, казаў тады, што ў яго спатканне з дачкою. Але гэта было вельмi рэдка, у самым канцы, калi дачка стала ўжо паненкаю i працавала ў Парыжы. Я пыталася ў яго: 'Чаму вы яе нiколi нам не пакажаце? Я б так хацела зiрнуць на яе!' Ён усё абяцаў, што неяк на днях пакажа. Але так i не паказаў. Не ведаю чаму.
- А вы ведаеце, дзе цяпер сакратарка, панна Леон?
- А як жа! У мяне ёсць яе адрас. Яна жыве са сваёй мацi, у яе цяпер свая крамка на вулiцы Клiн'янкур, на Манмартры. Яна, мабыць, зможа расказаць вам больш за мяне. Пан Луi заходзiў i да яе. Неяк мы загаварылi з iм пра яе, i ён сказаў, што яна прадае розныя рэчы для немаўлят. Смешна.
- Што смешна?
- Што яна, старая дзеўка, такое прадае.
Мiма праходзiлi жыльцы i, выбiраючы пошту са скрынак, падазрона пазiралi на Мэгрэ, мяркуючы, мабыць, што гэты таксама прыйшоў з нагоды iхняга высялення.
- Ну, дзякую. Я яшчэ зайду да вас.
- У вас ёсць якая-небудзь здагадка наконт забойцы?
- Нiякай, - прызнаўся камiсар.
- Кашалёк у яго ўкралi?
- Не. I гадзiннiк не ўзялi.
- Ну, тады яго, мабыць, пераблыталi з кiмсьцi iншым.
Каб трапiць на вулiцу Клiн'янкур, Мэгрэ трэба было прайсцi праз увесь горад. Ён зайшоў у бар i патэлефанаваў у камiсарыят.
- Жанв'е слухае.
- Нiчога новага?
- Хлопцы ўсе разышлiся згодна з вашымi загадамi.
Уранку Мэгрэ загадаў сваiм пяцi iнспектарам размеркаваць мiж сабою кварталы Парыжа i абысцi ўсе крамы, каб высветлiць, дзе забойца або ягоны памагаты мог купiць нож. Сантонi атрымаў заданне сабраць iнфармацыю аб Монiцы Турэ.
Калi б у панi Турэ быў тэлефон, Мэгрэ неадкладна пазванiў бы ёй, каб даведацца, цi браў нябожчык з сабою апошнiя тры гады абед, загорнуты ў цырату.
- Жанв'е, прышлi па мяне машыну. Я на вулiцы Бондзi. Буду чакаць насупраць кiнатэатра 'Адраджэнне'.
Потым камiсар даручыў Жанв'е распытаць у крамах на бульвары Сэн-Мартэн, цi ведаюць там Луi Турэ. Праўда, такое заданне ўжо атрымаў iнспектар Нэвэ, але ў такiх справах, дзе прыходзiцца спадзявацца на шчаслiвы выпадак, лiшняя праверка нiколi не зашкодзiць.
- I дай фота ў газеты. Няхай яны i далей паведамляюць аб справе Турэ як аб сама банальным забойстве.
- Зразумеў. Высылаю машыну.
Было холадна, i, згадаўшы, як кансьержка з нагоды вiзiту Турэ бегала ў краму па кальвадос, Мэгрэ выпiў кiлiшак. Потым, засунуўшы рукi ў кiшэнi, перайшоў цераз бульвар i зазiрнуў у тупiк, дзе забiлi Турэ.
Мабыць, нiхто не звярнуў асаблiвай увагi на газетныя паведамленнi аб забойстве: Мэгрэ вельмi доўга стаяў ля вiтрын ювелiрнай крамы, але нiводны чалавек так i не зазiрнуў у тупiчок пацiкавiцца.
У краме працавалi пяць цi шэсць прадаўцоў. Надта дарагiх вырабаў не было. На большасцi тавараў вiселi этыкеткi 'Рэкламная цана'. Было багата брыльянтаў, пераважна фальшывых, сустракалiся, напэўна, i сапраўдныя. Заручальныя пярсцёнкi, будзiльнiкi, насценныя гадзiннiкi, не вельмi густоўныя.
Звярнуўшы на камiсара ўвагу, да дзвярэй з ветлiвай усмешкаю падышоў прадавец, збiраючыся запрасiць нерашучага, як ён, напэўна, падумаў, пакупнiка ў краму, але Мэгрэ рушыў далей.
Праз некалькi хвiлiн ён ужо ехаў у службовай машыне на вулiцу Клiн'янкур.
Раён быў цiхi, небагаты. Крама панны Леон, пад шыльдаю 'Усё для сама маленькiх', ледзь вiднелася, зацiснутая памiж мясной крамаю i шынком для шафёраў.
Увайшоўшы ў краму, Мэгрэ адразу ж сумеўся: нi тая старая жанчына, што сядзела ў фатэлi з кошкаю на каленях у суседнiм з крамным пакоi, нi гэтая, маладзейшая, што цiха выслiзнула насустрач яму, нiяк не адпавядалi ягонаму ўяўленню аб Капланавай сакратарцы, уяўленню, якое ён паспеў скласцi, пагутарыўшы з кансьержкаю. Вядома, камiсар разумеў, калi кiраваўся сюды, што сустрэне старую панну, аднак не настолькi