духу, у Замак! Ды дапiльнуй, каб там безь мяне чаго ня здарылася!... Прышынскага - пад варту!

* * *

Вестка аб тым, што Сыч злоўлены, з Камянца хутка разьнеслася па ваколiцы, i каля брамы Замку сабраўся вялiкi натоўп сялян. Людзi пахмура заглядалi на падворак, дзе маўклiва тоўпiлiся зьвязаныя апрышкi, абкружаныя суровай вартай. Учарашнiя вязьнi, вызваленыя Кандратам i Кiрымам з падзямельля, былi тут-жа. Нiхто не даваў iм веры, што яны не апрышкi...

Пагарэлыя стайнi й грыднiца дымiлi. Груганьнё хмарай кружылася над галавой, прыглядаючыся павешаным i забiтым.

Узброеныя коньнiкi й пешыя, шчыльна ахоўвалi подступы й муры Замку.

Ваявода Фёдар ехаў у санях, ня маючы яшчэ сiлы сесьцi ў сядло. Васiль i яго людзi конна ахоўвалi санi, ахапiўшы iх паўколам. Даша й Мiколка трымалiся блiжэй да Кандрата й Кiрыма. Рэшта апрышак i палонны чэляднiк засталiся ў лесе пры абозе.

Ад натоўпу сялянаў аддзялiлася невялiкая група старыкоў i, паважнай нясьпешнай хадой, накiравалася насустрач наблiжаючамуся Ваяводзе.

Коньнiкi Васiля, з пахiленымi дзiдамi, адразу шчыльнай лавай засланiлi дарогу.

- З дарогi! - закрычаў Васiль, выцягваючы меч. - Не затрымлiвай!

Дзядзькi паскiдалi шапкi, але засталiся на дарозе. Упарта глядзелi на Васiля, не зьвяртаючы ўвагi на вострыя наканечнiкi дзiдаў.

- Чаго хочаце, людзi?! - гукнуў Ваявода, знакам стрымлiваючы разгневанага сотнiка, гатовага зьмесьцi з дарогi гэтую неспадзяваную перашкоду.

- Да шляхетнага пана Рыцара мы, - указаў на Васiля пярэднi высокi дзед. Паведамляюць людзi, што злавiў ён Сыча. Дык мы ўсёй грамадой прыйшлi...

- Так! Праўду кажа... - загула рэшта барадачоў.

- Ну й чаго хочаце? - злосна ўскрыкнуў Васiль.

- Госпадам Богам просiм, - упаў на каленi дзед, - аддай нам яго, Сыча гэнага. Павесiць чалавека ня штука, то й пан Прышынскi ўмеў, колам яму зямля, без суду й праўды. А ты, ад Гаспадара нашага, Вялiкага Князя Вiтаўта, закону й праўды абаронцам пастаўлены... Аддай нам яго - Сыча, знацца - а мы капой i суд учынiм... Як Бог сьвят, разсудзiм... Нiкому крыўды дарэмнай ня зробiм. Пэўна, ты сiлу й моц маеш, але роду ты Лiтоўскага, i звычаю Лiтоўскага ламаць ня можаш! Ад дзядоў i ад прадзедаў ён!... Каб не ў Каменцы ты на яго натрапiў, дык i мовы не было-бы, а так, не дай граху на душу прыняць. Унукi й праўнукi каб не саромелiся за нас...

Ваявода Фёдар заўсьмiхаўся, але Васiль раззлаваўся яшчэ болей, i гукнуў:

- Дай дарогу! Сам Гаспадар судзiць яго будзе! Ня вашага розуму справа!

- Дык, сам ня будзеш яго вешаць?...

- Кажу, што не! Дай дарогу! - i Васiль крануў каня.

Дзядзькi нерашуча разступiлiся. Запярэчваць аўтарытэту Вялiкага Князя не адважвалiся.

- Слухай, стары! - раптам гукнуў Ваявода. - Цi вашых Камянецкiх тут у падзямельлi не было часам?

- Як не было... Чалавек зь пяток. Мая Аглая таксама...

- Хадзi-ка сюды, на санi, ды разкажы!

Дзед баязьлiва зiрнуў на грознага Васiля, ня ведаючы, хто гэты худы й бледны чалавек у санях.

- Iдзi, калi кажуць! - стрымлiваючы ўсьмешку, сурова падбадзёрыў Васiль.

Дзед асьцярожна прайшоў праз ланцуг капейшчыкаў i нясьмела прысеў на крайчык саней.

Рушылi.

- Ну а зараз, - уздыхнуў Фёдар - раскажы, чым твая Аглая ўгнявiла Прышынскага?

- А ты хто будзеш, добры чалавек?

- Кажы, кажы, ня бойся.

Адчуваючы сябе як-бы палонным, дзед не знаўшоў нiчога лепшага, як разпавесьцi:

- Угнявiла, кажаш, добры чалавек? А ты вось паслухай, тады й мяркуй, угнявiла, цi не. Яно, вядома, кожны сваё правiць... кожны сваю праўду шукае, але Гасподзь Бог усiм людзям аднолькавы закон даў... Мая Аглая - кабета жвавая, i на язык вострая. А нi супраць мяне, а нi супраць каго iншага не змаўчыць. Але, дзякаваць Богу, пражылi мы зь ёй свой век, не наракаючы... Унукаў дачакалiся, ды й праўнукi хутка пойдуць... Ад людзей злога слова ня чулi, толькi дзякуюць. Яна, бачыш, добры чалавек, суседзяў лекавала - каму пуп забалiць, у каго скула якая, цi часам у плячох ламота, рознае... Зёлкi ды карэньчыкi зьбiрала, а яно й дапамагае. Усё чыстае зельле, бяз чараў, ты ня думай... Люд з цэлае ваколiцы да нас iшоў... Казаў ёй, што не давядзе гэта да дабра, але-ж дзе ты кабету пераломiш - правiць сваё, i ўсё тут. Прачуў пра тое Прышынскi - пра лекаваньне, знацца - а ў яго на тое лiха сабака занядужаў. Ну прывёз ён яго, сабаку свайго, - вялiзарны такi, аж страх зiрнуць... Шум з мысы пускае, ды еньчыць, лапамi тузае. Думаю - за дзень-другi здохне. А яна ўзялася каля яго, i ўдзень, i ўноч, поiць розным зельлем... аж праз тыдзень ачуняў сабака. За Аглаяй ходзiць, хвастом матляе як памялом - палюбiў, знацца... Забраў Прышынскi сабаку, надзякавацца ня мог, тры чырвонцы заплацiў... Аж праз тыдзень скача, злосны як чорт, i гайдукi зь iм. Кажа: зачаравала майго Ваграя, чараўнiца, затое й загрызьлi яго ваўкi... Ды бiзуном Аглаю, бiзуном... А яна ў крык - вядома, кабета - ды й абзавi яго душагубам. Яно вядома, пасьля хваробы сабака слабы, не парадзiў ваўкам, ну й заелi... Якая-ж тут чараўнiца? Наскочылi гайдукi, скруцiлi, i ў Замак пацягнулi... Адтуль i ня бачыў яе... Зь леташняе зiмы...

Стары замоўк. Нязьмерны жаль выклiкала ягоная згорбленая, насьцярожаная постаць. Ваявода нават не знайшоў для яго словаў пацехi, i сумна адвярнуўся. Было страшэнна сорамна, што ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм могуць рабiцца падобныя рэчы. На адзiн момант пашкадаваў, што адвёў Вялiкага Князя ад вайны з Польшчай, бо з Польшчы йшло гэтае свавольле й разкiлзанасьць шляхты...

- Ваш Сьветласьць! - пачуўся голас Васiля. - Прыехалi!

Фёдар страпянуўся, агледзеўся. Санi стаялi ў падворку Замку.

- Сыча!

Капейшчыкi мiгам выканалi яго загад, i Ваявода ўбачыў перад сабою маладога, рослага мужчыну, са сьмелым i дзёрзкiм позiркам.

- Ты Сыч?

- Я, Ваша Сьветласьць!

Ваявода вылез з саней, i пераразаючы матузы на руках атамана апрышак, прамовiў:

- Дзякую! Шкада, што не ў маёй волi адпусьцiць цябе, аднак зраблю ўсё магчымае, каб палекчыць твой лёс!

- Дзякую, Ваша Сьветласьць, але я не адзiн...

- Ведаю! I што змагу, тое зраблю! - i, указаўшы на сычанятаў, загадаў: Зьняць матузы й павялiчыць варту! Дзе Прышынскi?

- Сюды, Ваша Сьветласьць, - указаў вартавы на панскi будынак.

Стары сялянiн, бачачы, зь якой пашанай i паслухмянасьцю ўсе выконваюць загады й жаданьнi 'добрага чалавека', якi раптам стаў 'Вашай Сьветласьцю', спалохаўся, а пры iменi Прышынскага перастрашыўся зусiм. Дасюль ён быў пэўны, што Камянецкi пан ужо не жыве. А тут на табе... I першым яго рухам было падацца ўбок, падалей ад лiха. Аднак ахова Ваяводы рашуча засланiла дарогу й даволi недвузначна дала зразумець, што без дазволу адыходзiць нельга.

- Прапаў цяперака й я... - прашапацеў перастрашаны дашчэнту дзед, iдучы сьледам за Фёдарам.

Папрабавала адлучыцца й Даша, а й у яе нiчога ня выйшла. Аднак яна выявiлася адважнейшай за дзеда й, злавiўшы Ваяводу за плашч, ускрыкнула:

- Ваша Сьветласьць, дазвольце Франьшiшка знайсьцi... Ён у манаха перабраны...

- Iдзi! - згадзiўся Фёдар. - Кiрым, дапамажы ёй!

- Ён, здаецца, вунь у той клунi! - крыкнуў Васiль аддаляючайся пары. Дзед з зайдрасьцю й зьдзiўленьнем пачухаў патылiцу й прамарматаў:

- А мне, бачыш, Аглаю й няможна пашукаць. Знаць, нагаварыў я задужа, лiха матары...

Прышынскi, пад аховай двох капейшчыкаў, нерухома сядзеў у той-жа залi, дзе яшчэ так нядаўна вячэраў у кампанii пана Януша й Лазiнскага. Чакаў Ваяводу, i ў глыбiнi душы спадзяваўся, што, можа, ён не прыедзе, што гэта ўсё проста так... Шкадаваў страшэнна, што не паслухаў Януша й ня ўцёк сваечасова, а цяпер ужо запозна... А можа, не запозна?.. Можа, яшчэ ня ўсё згублена? Што калi раптам схапiцца зь мейсца, сарваць са сьцяны меч цi сякеру й паспрабаваць вырвацца на волю, ды ўцякаць у Кракаў, пад апеку Караля? Але дзе

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату