там... Як прарвесься праз поўны падворак войска?! Iх там поўна й на мурох, i каля брамы, i за мурамi... Усюды...
Разчынiлiся дзьверы. Прышынскi ўздрыгануўся й безуладна сасьлiзнуў з крэсла на каленi... Заенчыў:
- Прабач... Ваявода!... Прабач, нехаця я... Пад прымусам... Ох, моцы маёй няма... Прабач... Вiнен я, вiнен... Халопам тваiм буду, конюхам... Прабач... Зьлiтуйся...
На парозе стаяў Ваявода Фёдар, грозны й няўмольны. Вочы яго гарэлi, шчокi - упершыню пасьля вызваленьня - пакрылiся бледным румянцам. Побач зь iм Васiль са злоснай i пагрозьлiвай усьмешкай, чырвоны рубец на шчацэ пабарвавеў i разьдзьмуўся. Далей бачныя - Сыч, Кандрат, i некалькi драпежна вострых дзiдаў.
Ваявода падыйшоў к палоннаму. Ад агiды й ненавiсьцi дрыжэлi рукi - так i хацелася з усяго размаху ўлiць ботам у гэты спатнелы, перастрашаны твар, з абвiслымi дрыжучымi вусамi. I толькi гонар Драба ўтрымаў Фёдара ад гэтага ганебнага ўчынку. Палонны ўжо пакараны тым, што ён палонны. А ўперадзе прадстаiць суд...
- Дзе Каралеўскiя граматы? - ледзь чутна запытаў Ваявода. Гнеў яму перашкаджаў гаварыць.
- Усё ёсьць, Ваша Сьветласьць... Усё схаронена... Наверсе ў каплiцы, там граматы, там i панцыр Вашай Сьветласьцi, i пас, i шпоры, i шчыт... I ўсё - па шчаках Прышынскага кацiлiся сьлёзы. - Прабач, Ваявода... Пашкадуй... Не губi...
Ад такога абароту справы, дзед адразу пасьмялеў, i, кашлянуўшы для большай адвагi, папрасiў:
- Ваша Сьветласьць, калi ласка, спытай, дзе мая Аглая. Ён ведае!
- Прабач, Ваявода... Гэта ня я вiнен... - малiў далей Прышынскi, не зьвяртаючы ўвагi на дзеда. - Пан Януш настаяў...
- Чуеш, быдлiна, што стары пытае? Адказвай яму! - зацiскаючы кулакi, загадаў Васiль.
Прышынскi пасьля арышту Сычанятаў, пасьпеў агледзець увесь замак, ды бачыў Аглаю, i таму, не адказваючы на пытаньне, падпоўз да Ваяводы й кiнуўся цалаваць яму боты.
Фёдар з агiдай адступiў i выразна зiрнуў на вартавых. Аднак воi не пасьпелi - Васiль злосна штурхнуў палоннага нагой, i, ня ў сiлах стрымаць накiпелы гнеў, раўнуў:
- Адказвай, падла! Дзе яго кабета?
- Яна... Яна тут недалёка... Каля вежы...
- Якой вежы?
- Там, дзе вязьнiца... Ох... Прабачце мне... Прабачце!...
Дзед паважна пакланiўся Ваяводзе й запытаў:
- Дазволь мне, Ваша Сьветласьць, пайсьцi да Аглаi? Знудзiўся я за ёю, дый да хаты йсьцi пара...
- Пачакай, стары! - запярэчыў Ваявода. - Зараз разам пойдзем. Я й сам на вязьнiцу зiрнуць хачу. - I, павярнуўшыся да Васiля, загадаў: - Каля каплiцы выставiць варту! Прышынскага ў кайданы!... Паедзе да Гаспадара на суд! - i рушыў к выхаду.
На хаду, яго ўвагу прыцягнуў хлапчук, якi, разкрыўшы рот, прагавiта ўглядаўся ў адзiн з малюнкаў на сьцяне. Хлапчука гэтага Ваявода ўжо ведаў зь лесу, але захапленьне, зь якiм ён прыглядаўся да кожнае рыскi на палатне, яго зацiкавiла. I, клiкнуўшы Кандрата, Фёдар запытаў:
- Чаго гэта ён так? Нават i ня чуе нiчога.
- А ён, Ваша Сьветласьць, хворы на маляваньне. Якi пень, цi кавалак бяросты, нiколi не прапусьцiць, увесь да чарнаты абмалюе. Торбачку з вугалём за сабою носiць... Нават есьцi забываецца, усё малюе.
- Мiколка, - ласкава гукнуў Ваявода.
Хлапец не варухнуўся.
- Мiколка! - гучней гукнуў Ваявода.
Хлапец уздрыгнуўся, як-бы прабуджаючыся раптоўна ад салодкага сну, i з выразам жалю зiрнуў на Фёдара.
- Мiколка, ты любiш маляваць?
- Так, Ваша Сьветласьць, вельмi...
- А пакажаш мне, як ты малюеш?
- Я ня ўмею, Ваша Сьветласьць... Хацеў дзядзьку Кандрата намаляваць, ды не магу...
- Зможаш, Мiколка, прыйдзе час... А зараз, хадзем!
Мiколка радасна ўсьмiхнуўся, i, рушыўшы сьледам за Ваяводай, паказаў Прышынскаму языка...
На Замкавым пляцы ўсё выглядала йначай, чым перад прыездам Ваяводы. Сычаняты, разьмясьцiўшыся на купах гальля й саломы, з апэтытам перакусвалi салам, каўбасамi й шынкамi, здабытымi ў Замкавых склепах. Адтуль-жа дасталi пiва, мёд i вiно. Варта, хаця й шчыльная, аднак прыязная, абменьвалася з апрышкамi жартамi, i над пляцам лунаў разкацiсты рогат.
Каля бярвеньчатай клунi стаяў зьбянтэжаны Кiрым, ня ведаючы, цi йсьцi шукаць Ваяводу, цi заставацца й надалей пры Дашы й Францiшку.
Чорная гармата панурай пашчай пазiрае на браму - ёй так i не ўдалося вырыгнуць зь сябе агонь i сьмерць.
Накiроўваючыся да вежы, Ваявода паклiкаў Кiрыма. Той з радасьцю падбег.
- Ну? Знайшлi?
- Так, Ваша Сьветласьць, але ён дрэнь, шабаш... Даша плакаць шмат... Францiшка - Ваша Сьветласьць пытае... Перад сьмерць мая, кажа, Ваяводу пабачыць хачу...
У гэты час падыйшлi да вежы. Хмурная яна, пачарнелая й жудасная. Чорнай плямай чарнее адтулiна дзьвярэй...
Ваявода ўздрыгнуў. На сьнягу разпласталася невялiчкая жаночая постаць. У руцэ зацiснуты ражон...
Выпярэджваючы Ваяводу й пачот, уперад кiнуўся дзед i ўкленчыў перад бабулькай.
- Аглая! Аглаша!... Як-жаж так?... А як-жа да хаты? - замармытаў бядак. Даў Бог, добрыя людзi прыйшлi, а ты... Аглаша... - дзед уздрыгваў, як у лiхаманцы, прыцiскаючы да грудзей скарчанелыя рэшткi сваёй жонкi. - Аглаша... Ня трэба... Унучаты там чакаюць... Ня трэба, Аглаша...
Па шчаках Ваяводы пакацiлiся буйныя сьлёзы. Васiль адвярнуўся й кусаў сабе вусны. Яму было бязконца сорамна гэтага сiвога дзеда, каторага ён зусiм яшчэ нядаўна наважваўся таптаць канём... Кандрат моргаў вачамi й сiлiўся праглынуць горкi камяк, зацiскаючы горла. Кiрым, Сыч i капейшчыкi голасна сапцелi насамi... Мiколка ўткнуўся тварам у Кандратаў плашч i плакаў наўзрыд. Яму раптам прыпомнiўся ягоны дзедка Макар - сьляпы гусьляр - такi-ж сiвы, як i гэтая бабулька. Толькi тады ў дзеда была разьсечаная галава, i нiхто над iм ня плакаў, а багаты Рыцар выкрыкваў праклёны...
Дзед замоўк. Ён прыгнечана згорбiўся, не спускаў вачэй са старэнькага закамянелага твару сяброўкi свайго доўгага жыцьця.
З-за рогу будынку, бразгаючы зброяй, выбег ваяр. Запыханы, ён падбег да Ваяводы й, перавёўшы дух, выгукнуў:
- Ваша Сьветласьць, зь лесу паказалася войска!
Ваявода, прыгнечаны горам, адразу й не зразумеў, што ад яго хочуць, i моўчкi зiрнуў на воя.
- Ваша Сьветласьць, зь лесу войска йдзе! Што рабiць скажаце?
- Войска? Якое?
- Няведама, Ваша Сьветласьць. Без Харугваў...
- Шмат?
- З паўсотнi будзе. Конныя.
Ваявода крута павярнуўся й закрочыў да брамы.
Конная паўсотня, не даяжджаючы да Замку, спынiлася, не рашаючы наблiзiцца. Было вiдаць, як пярэднi Рыцар засланiў рукою вочы ад сьнежнага блiску й прыглядаецца да Замкавых вартавых. Другi коньнiк - нешта горача яму даказвае, размахваючы рукамi.
Ваявода Фёдар выйшаў за браму й таксама зь цiкавасьцю стаў прыглядацца. Ён адразу пазнаў Рыцара ды яго суразмоўцу, але...
Раптам пачуўся ўскрык Сыча:
- Гэта ён! Ваша Сьветласьць, дазвольце...
- Хто ён?